Губернскі дэтэктыў. Справа аб крывавых дукатах - Ксенія Ільінічна Шталенкова 5 стр.


 Даволі смела дзяліцца з незнаёмымі людзьмі сваімі сентэнцыямі, парыравала яна.

 Мяркую, што для таго я маю некаторыя падставы, бо мы, відаць, усе трое цёзкі, дзёрзка абвясціў малады чалавек і звярнуўся цяпер да татухны: Андрэй Вікенцьевіч Падгорскі.

 Які ж вы ў такім выпадку цёзка?

 Маё поўнае імя Андрэй Тадэвуш Банавентура, таксама названы ў гонар героя, праўда, я аддаю перавагу ўсё ж першаму імені. Мне думаецца, яно пазбаўлена непатрэбнага кансерватызму.

 Пракшын, Канстанцін Мікалаевіч, заспяшаўся прадставіцца татухна, пакуль яго дачка не адхіліла маладога чалавека, які падаўся пану Пракшыну, нааадварот, вельмі прыемным. А гэта мая дачка, Яўгенія. З нашым гадаванцам вы ўжо знаёмыя. Ці магу я вас запрасіць далучыцца да нас у знак выбачэння за дзёрзкасць маіх сямейнікаў?

 Баюся, я не змагу прыняць вашых выбачэнняў з прычыны, што ні ў якім разе не лічу сябе абражаным. Аднак запрашэннем скарыстаюся з вялікай радасцю, адказаў новызнаёмец.

Яўгенія Канстанцінаўна з незадавальненнем заўважыла ў татухнавых вачах жывы інтарэс да незвычайнага суразмоўцы і вырашыла зноўку паглыбіцца ў свае запісы. Зрэшты, некалькі разоў цішком яна ўсё ж на яго зірнула, выключна каб скласці канкрэтнае меркаванне.

Не-не, вядома ж, ён таксама быў не Тым, і нават не мог прэтэндаваць на гэтае званне. Ды і ўвогуле, як ёй магло прыйсці да галавы меркаваць аб ім у гэтакім сэнсе? Яўгенія Канстанцінаўна страсянула галавой і ўтаропілася ў акно, дзелавіта папіваючы кофей, які прыйшоўся як ніколі дарэчы. Бясспрэчна, ёй варта было б адшукаць якія-небудзь непрыемныя рысы. Вось узяць хаця б гэты нахабны позірк ну трэба ж, зусім не саромеецца час ад часу паглядваць на панну Пракшыну, быццам бы апелюючы ў яе бок. Яўгенія Канстанцінаўна дазволіла сабе накіраваць у адказ не менш пільны і ацэньвальны пагляд, аднак пан Падгорскі зноўку не разгубіўся, толькі ветліва ўсміхнуўся, нягоднік.

Яшчэ ён насіў пышныя русявыя вусы, якімі, відаць, да ўсяго іншага парадкам ганарыўся. Трэ адзначыць, што яны і сапраўды былі яму да твару, аднак жа ён занадта часта іх падкручваў, што выдавала ў пане Падгорскім тыпа самазадаволенага і празмерна ўпэўненага ў сабе. Ужо надта дзёрзкі, чым толькі татухну счараваў? Ды і ўвогуле, панне Пракшыной заўжды падабаліся брунэты, скарыць яе выгаралым на сонцы чубам было цалкам немагчыма.

А Канстанцін Мікалаевіч, наадварот, быў надзвычай захоплены размовай. Яно і зразумела: новы знаёмец таксама аказаўся the man of business. Сфера яго інтарэсаў палягала ў цукровай вытворчасці, аднак татухну гэта падалося вельмі займальным. Настолькі, што, выпіўшы некалькі філіжанак кофею, ён запрасіў пана Падгорскага працягнуць гутарку ў іх вагоне. Яўгенія Канстанцінаўна вырашыла не даваць ажыццявіцца гэтым намерам і нагадала, што ў іх другім класе на рэдкасць нязручна ды зацесна, на што татухна палічыў неабходным патлумачыць спадарожніку, што другім класам яны едуць зусім не з-за абмежаваных акалічнасцяў, а праз reasons of economy[24], бо падарожнічаць ім не болей за тры гадзіны, навошта ж неапраўданы шык?

 Як разумна! не прамінуў выказаць захапленне Андрэй Вікенцьевіч, канчаткова сапсаваўшы ўражанне ў вачах панны Пракшыной. Прызнацца, я б і сам узяў другі клас, падарожнічай я адзін, але што зробіш, даводзіцца ісці на дадатковыя выдаткі

«З кім гэта ён падарожнічае?» раптам падумалася Яўгеніі Канстанцінаўне, але яна адагнала ад сябе залішнюю цікаўнасць і, падняўшы кошык з Тэдзі, рушыла следам за татухнам.

 Дазволіце? не дачакаўшыся ўхвалення, пан Падгорскі адразу ж адняў у яе кошык і прапусціў наперад.

 Тэдзі не любіць быць у чужых руках, зедліва заўважыла яна.

 Я думаю, мы з ім зладзім, па-змоўніцку падміргнуўшы ў кошык, адказаў Андрэй Вікенцьевіч.

«Невыносны чалавек», пастанавіла панна Пракшына, але ўпарціцца з-за такой дробязі не стала, разам з тым са здзіўленнем адзначыўшы, што, аказваецца, Андрэй Вікенцьевіч, хаця спачатку і не падаўся ёй занадта высокім, амаль на галаву вышэйшы за яе. Ростам нашая дзявіца пайшла ў татухну і, стоячы і на невялікіх абцасіках, звычайна высілася з Канстанцінам Мікалаевічам ледзь не ўпоравень. Цяпер Яўгенія Канстанцінаўна са шкадаваннем разважала, што не можа пры пэўным выпадку спапяліць пагардлівым позіркам зверху ўніз надакучлівага, па яе меркаванні, новага знаёмца, каторы вось і зараз не адчэпліваўся з нейкімі роспытамі пра Тэдзі і любоўю да сабак увогуле. Але тут яны апынуліся ў калідоры, дзе на іх знянацку наляцелі знаёмцы старыя, а дакладней учарашні пыкала разам з кампаніяй сябрукоў. Рука яго і праўда была перавязаная, ну а ўжо аблічча пры зяўленні панны Пракшыной выявіла шчырую буру эмоцый. Аднак пакуль яна нават і прыдумаць не паспела, які ж выраз надаць уласнаму твару з нагоды нечаканай сустрэчы, Андрэй Вікенцьевіч, нават не зважаючы на купку маладых людзей, адцёр іх ад сваёй спадарожніцы і праводзіў следам за татухнам, які ўжо чакаў іх наперадзе.

Рэшту дарогі панна Пракшына правяла, адгарадзіўшыся ад татухны і пана Падгорскага сваім нататнічкам, у якім ужо раз дзясяты перачытвала свае conclusions[25] ды solutions[26] у падыходзе да яе будучых літаратурных твораў крымінальнага жанру, каб толькі не слухаць пра тое, што Андрэй Вікенцьевіч да сваіх трыццаці як жа, няўжо яму і праўда ўжо столькі? бліскуча скончыў адзін з найпрагрэсіўнейшых замежных універсітэтаў, але і стаўся някепскім прадпрымальнікам у сваёй галіне і нават спрабуе сябе ў іншых напрамках вытворчасці ды шукае выйсці да міжнародных гандлёвых зносін, таксама большасць свайго часу праводзіць у дзелавых падарожжах, захапляецца боксам ды механікай відаць, знарок намагаецца спадабацца татухну, як бы не стаўся якім прамысловым шпіёнам! а яшчэ, належачы да тых самых «новых людзей» заадно, відаць, і паспешліва вырашыўшы, што пан Пракшын зяўляецца тыповым расейцам, не інакш, ён не мае залішніх illusions[27] датычна як былой, так і сапраўднай мясцовай шляхты.

 Але ж прозвішча вашае мае відавочна мясцовае паходжанне, знарочыста холадна заўважыла панна Пракшына, не вытрымаўшы апошняй заявы, якую яна разлічыла як асабістую абразу.

Аднак на гэта Андрэй Вікенцьевіч толькі паглядзеў крыху занадта доўгім позіркам ды хітра пасміхнуўся, падкруціўшы вус. Татухна паспяшаўся працягнуць размову з патэнцыйным партнёрам і нават запрасіў пана Падгорскага завітаць пры зручным выпадку да яго лесапілкі. Яўгенія Канстанцінаўна на гэтым дазволіла сабе непрыкметна фыркнуць і занялася Тэдзі, абдумваючы, хто ўсё ж такі выйшаў пераможцам з іх кароткай дыскусіі наконт паходжання ды звязаных з тым перспектываў. Бо, як стала падавацца панне Пракшыной, апошняе слова не заўсёды зяўляецца вырашальным. Гэтакае прыкрае ўсведамленне вельмі яе непакоіла і прымушала працягваць унутраную спрэчку.

Калі нарэшце цягнік падязджаў да станцыі, дзе Яўгенія Канстанцінаўна разам з татухнам мусілі сысці, пан Падгорскі абавязаўся іх правесці. Пакуль Канстанцін Мікалаевіч распараджаўся наконт багажу, новы знаёмец зноўку выхапіў з ейных рук кошык з Тэдзі і, саскочыўшы з прыступкі, паставіў яго на зямлю. У наступнае імгненне панна Пракшына нават і не заўважыла, як і сама была перанесеная на выцягнутых руках і акуратна апушчаная на перон. Толькі яна збіралася заявіць, што апошнія пятнаццаць гадоў ніхто не дазваляў сабе хапаць яе так бесцырымонна, быццам якую-небудзь ляльку, як з акна цягніка паказалася пульхная жаночая далонька, што ўладна махнула ў бок пана Падгорскага, а затым пачуўся не самага чароўнага ладу голас:

 Анджэй, мілы, я не збіраюся чакаць цябе цэлы век у гэтым пыле і духмені!

 Ад абавязку нікуды не дзенешся, пакорліва ўздыхнуў Андрэй Вікенцьевіч і, схіліўшыся над рукой панны Пракшыной, каторую яна, здаецца, не працягвала, ледзь крануўся яе вуснамі ды прамовіў: Спадзяюся, мы яшчэ сустрэнемся?

 А вы бываеце ў Менску? прамямліла Яўгенія Канстанцінаўна, кепска разумеючы, што кажа.

 Ані, хітравата ўсміхнуўся пан Падгорскі.

«І навошта ж тады пытацца пра сустрэчу?» моўчкі абурылася панна Пракшына, назіраючы за тым, як новы знаёмец раскланьваецца з яе татухнам. Як толькі зухаватая постаць Андрэя Вікенцьевіча схавалася, а цягнік пачаў пыхкаць, каб зноўку рушыць наперад, Канстанцін Мікалаевіч сказаў:

 Н-да, прыемны малады чалавек. І як справу весці, у адрозненне ад многіх, разумее, аднак шкада, што паходжанне не дваранскае. Новыя людзі! Што скажаш, Джынні?

Аднак дачка яго не здолела адказаць яму штосьці пэўнае, бо яе зараз значна больш займала пытанне, каму ж належала тая ручка, ды ці мае яна сама, у гэтакіх абставінах, права ўвогуле разважаць пра пана Падгорскага? Трэ адзначыць, што гэтыя роздумы не былі занадта доўгімі. Варта было Пракшыным павярнуцца спінай да чыгуначных шляхоў і азірнуць станцыю, што насамрэч уяўляла сабой невялічкую платформу ды крываваты домік наглядчыка, як Канстанцін Мікалаевіч сярдзіта выгукнуў:

 Гэта яшчэ што такое?

Каля перона, замест належнага экіпажа, які заўжды сустракаў іх з цягніка, па невядомых прычынах чакала адкрытая каляска, запрэжаная ўсяго толькі адным маркотнага выгляду конікам. Яшчэ адной нечаканасцю сталася і тое, што на козлах сядзеў звычайны мужык, хаця сялянам звычайна не давяралася кіраваць гаспадарскімі сродкамі перасоўвання.

Назад Дальше