Гісторыі ў прыцемках (зборнік) - Зміцер Дзядзенка 2 стр.


Мангол моўчкі слухаў, зрэдзьчас згодна ківаючы. Інструкцыі, дадзеныя яму, былі дакладныя. Калі акулярнік захоча гаварыць хай гаворыць: усё сказанае ім запісваецца на ўключаны магнітафон. Пакуль акулярнік гаворыць, Мангол не павінен замінаць яму

* * *

Чытанне старадаўніх манускрыптаў апанавала мяне. Цяпер я чытаў уперамешку: мемуары магнатаў ішлі следам за судовымі справамі, алхімічныя зборнікі ляжалі ў адным стосе з кнігамі па вядзенні гаспадаркі, трактаты па мастацтве ў маіх руках змяняліся трактатамі для паляўнічых. Мне адкрываўся нечуваны сусвет! Я нават не ўяўляў, колькі астролагаў і алхімікаў жылі ў нашым краі. У іхных кампэндыумах і грымуарах я раз-пораз сустракаў згадку пра яйка птушкі Рух: разам з ім абавязкова згадвалася саламандра сімвал агню. У кнігах па гаспадарцы таямнічае яйка фігуравала толькі мімаходзь: маўляў, яно можа стаць цудоўнай аздобай шляхецкага палацыка альбо сядзібы і больш ані слова!

Самымі багатымі на згадкі былі, вядома ж, мемуары і судовыя кнігі. Не скажу, каб гэтыя дакументы нагадвалі даведнік па птушкагадоўлі, але прынамсі патрэбныя мне згадкі там можна было знайсці даволі часта. Якія гісторыі траплялі мне ў рукі! Напрыклад, Багуслаў Радзівіл ахвяраваў віленскім езуітам залаты каўчэжац італійскай работы і яйка птушкі Рух. Князі Друцкія-Любецкія судзіліся з магнацкім родам Стэткевічаў за валоданне яйкам птушкі Рух і лесам каля Баркалабава, прычым яйка ацэньвалася даражэй за лес. У скарзе каралю і вялікаму князю амсціслаўскі шляхціч Мядзвецкі даносіў на свайго суседа Сапешку, што той Сапешка гвалтоўным чынам на яго маёнтак учыніў наезд і пабраў майна каштоўнага багата. А між таго майна было яйка птушкі Рух, што перадавалася як радавая каштоўнасць ужо цягам некалькіх каленаў ад часоў Жыгімонта Старога, калі продак Мядзвецкага Юры тое каштоўнае яйка прывёз як паходную здабычу

Я дзякаваў Богу за тое, што беларуская шляхта так любіла судзіцца! Іначай бы мне ніколі не даведацца пра чарнакніжніка Бальтазара Буцкага, які жыў пры двары Агінскіх на пачатку XVІІІ стагоддзя. Яго звінавацілі ў чорнай магіі ды зласлоўі на Духа Святога дастатковы грэх, каб апынуцца на вогнішчы. На судзе збянтэжаны алхімік тлумачыў, што шукаў філасофскі камень, каб ператвараць металы ў золата, і нічога агіднага Богу ў тым няма. Ён казаў, што дябла не ўшаноўваў, а тая істота, якую напалоханыя шляхецкія служкі бачылі ў яго, называецца саламандра, яна жыве ў агні. Менавіта яе ён, названы Бальтазар Буцкі, кідаў у агонь дзеля сваіх алхімічных пошукаў. І менавіта дзякуючы ёй зявіліся тыя мармуровыя статуі, што аздабляюць палац ягамосцяў Агінскіх. Бо саламандра дапамагае падтрымліваць цягам некалькіх дзён бесперапынны агонь, нават калі сам алхімік ад стомленасці засне. А апаленыя на бесперапынным агні яйкі птушкі Рух, на якія так багатыя мсціслаўскія ўладанні Агінскіх, урэшце расколваюцца і спараджаюць на свет тыя статуі нечуванай анёльскай прыгажосці. Іншага спосабу атрымаць іх няма, бо расколатыя ўручную, без агню, яйкі рассыпаюцца дробным друзам пра гэта вядома здавён.

І далей казаў Бальтазар Буцкі, што не ўзносіў ён праклёны на імя Духа Святога і не выклікаў дяблаў, а сам сабе паўтараў услых рэцэпты рэчываў, які трэба дадаваць у агонь пад яйкам птушкі Рух, пакуль яно награецца. І няма ў тых словах нічога шатанскага: сульфур гэта сера, мэркурыё азначае ртуць, салетра Але вымушаны быў замоўкнуць на патрабаванне суда, бо суддзя палічыў гэта за магчымае чарнакніжніцтва.

Словам, не ўдалося алхіміку пераканаць суд у сваёй невінаватасці: расплаўлены свінец навек запячатаў горла, якое вывяргала агідныя блюзнерствы

Затое я з гэтай гісторыі атрымаў амаль цэласную тэхналогію на абыходжанне з яйкам птушкі Рух.

Прыкладна ў той жа час я адчуў, што за мной сочаць: разпораз я бачыў, як мяне зранку ад дома да архіва праводзіць адзін і той самы каржакаваты чалавек у скураной куртцы, а ўвечары ён жа ідзе за мной назад. Потым я заўважыў, што ў маю адсутнасць кватэру наведалі пабочныя госці: яны нічога не забралі, аднак мае выпіскі, датычныя яек птушкі Рух, былі перагледжаныя, бо складзеныя крыху не ў тым парадку, як гэта рабіў я. Я памяняў замкі дома, але мала ўстурбаваўся гэтым візітам: красці ў мяне не было чаго, а яйкі птушкі Рух маглі зацікавіць толькі такога ж фанатыка, у якога я на той момант ператварыўся. Візіцёры гэта, вядома, непрыемна, але я разумеў, што міліцыя імі займацца не будзе: у газетах столькі пішуць пра іхную марную барацьбу з арганізаванай злачыннасцю і рэкецірскімі групоўкамі, што дарма было б спадзявацца, быццам яны кінуць усё і стануць займацца маёй кватэрай, з якой нічога не знікла.

Потым здарылася штосьці незвычайнае. У адзін з красавіцкіх дзён у сваёй паштовай скрыні я знайшоў часопіс, які не выпісваў. Гэта было нейкае прамыслова-індустрыйнае выданне пра арганізацыю працы, назву якога ўжо і не згадаю. Я падумаў, што паштарка памылкова ўзбагаціла мяне за кошт кагосьці з суседзяў. Але гэтая думка цешыла мяне толькі да таго часу, пакуль я не зазірнуў усярэдзіну часопіса. На старонцы з глыбакадумнай пазнакай «Змест» назва аднаго артыкула была абведзеная чырвоным стрыжнем «Да гісторыі адной авантуры 1930-х. Прамысловая вытворчасць паркавых скульптураў па саматужніцкіх тэхналогіях».

Аўтар, чыё імя мне ні пра што не казала, распавядаў пра эксперымент, пастаўлены ў самым канцы 20-х гадоў. Паводле ягоных звестак, тады ў Смаленску спрабавалі наладзіць прамысловую вытворчасць скульптураў даўнімі метадамі. Сыравінай для гэтых паркавых статуяў акурат і былі яйкі птушкі Рух дакладней, аўтар называў іх яйкамі дагістарычных птушак. У тэксце распавядалася, як нейкі прайдзісвет і махінатар Абрыкосаў угаварыў чыноўнікаў з Наркамата асветы рабіць з гэтых яек статуі, якія мусілі ўпрыгожыць савецкія паркі. Ну, вы ж ведаеце ўвесь гэты бэстыяр розныя там дзяўчаты з вёсламі, піянеры з горнамі і барабанамі, рабочы і сялянка Для пачатку яму дазволілі адкрыць невялікую майстэрню, і ёй жа ўрэшце ўсё абмежавалася.

Абрыкосаўскія скульптуры, як ён ні стараўся, атрымліваліся не тое што нягеглымі Яны былі папросту антысавецкімі, яны былі пародыяй на абвешчаную задуму. Дзяўчына замахвалася вяслом, каб адвесіць свайму візаві добрага кухталя, піянер з горнам стаяў сагнуўшыся, быццам яму балеў жывот, а рабочы і сялянка з дапамогай сімвалаў пралетарскай еднасці відавочна меліся вырашаць сваю сямейную спрэчку. І пры гэтым ва ўсіх быў такі зверскі выскал на тварах, што ставіць гэтыя скульптуры ў парках, прызначаных для сямейнага адпачынку, было прызнана немэтазгодным. Невялікія блякла-шэрыя фотаздымкі на глянцавых старонках часопіса паказвалі, як выглядалі творы майстэрні. Скажу па праўдзе, яны мала чым саступалі кадрам з сучасных фільмаў жахаў.

У пастанове камісіі атрыманыя скульптуры былі названыя яркімі прыкладамі дэгенератыўнага буржуазнага мастацтва, чужога пазітыўнаму светагляду савецкіх людзей. Майстэрню закрылі, усе яе работнікі адправіліся ўзводзіць Беламорска-Балтыйскі канал, сам Абрыкосаў праз год быў расстраляны як трацкісцкі шпіён і брытанскі агент. Альбо трацкісцкі агент і брытанскі шпіён даслоўна я ўжо не памятаю. Дакументы ж, датычныя дзейнасці майстэрні, надоўга былі засакрэчаныя.

* * *

Мангол заўважыў, што гутарка акулярніка становіцца больш павольнай. Ён рабіў паўзы, спыняўся, цяжэй дыхаў. Часам здавалася, што словы спыняюцца ў яго на языку і не хочуць з яго саслізгваць. Акулярнік рабіў намаганні і выштурхоўваў непаслухмяныя словы

* * *

Аўтар артыкула да ідэяў Абрыкосава паставіўся адмоўна: маўляў, цемрашальства нейкае, угрунтаванае на алхіміі. Што праўда, дадаваў ён, гэта ўсё адно не нагода для рэпрэсіяў.

Але мяне больш за ўсё зацікавіла дэталь, якую аўтар падаваў між іншага, не надаючы ёй нейкай увагі. У артыкуле раскрывалася метадалогія, якой карыстаўся Абрыкосаў: гэта былі ўсе тыя самыя алхімічныя дзеянні, але наваяўлены творца-Франкенштайн абышоўся без чытання заклёнаў і кідання ў агонь саламандры палічыў гэта бабскімі забабонамі. Я адчуваў, што менавіта тут і была ягоная памылка! Ну, вядома, у чытанне заклёнаў я і сам не веру, але саламандра гэта ж абсалютна матэрыяльны складнік, рукамі памацаць можна.

Я быў так усхваляваны, што не адразу задумаўся, адкуль у маёй паштовай скрыні ўзяўся гэты часопіс і хто яго туды закінуў. Зрэшты, варыянтаў было няшмат: гэта той мой пераследнік у скураной куртцы або нехта з ягоных напарнікаў. Але навошта яны гэта зрабілі? І чаму так сочаць за мной і маімі пошукамі?

Адказу чакаць давялося нядоўга. Праз некалькі дзён у сваёй паштовай скрыні я знайшоў Не, гэтым разам быў не часопіс, а ліст. Звычайны ліст адно што выдрукаваны, а не напісаны ад рукі. Аўтары ліста пісалі, што ведаюць усё пра мае пошукі, што яны зацікаўленыя ў іх поспеху, бо таксама шукаюць яйкі птушкі Рух, і што яны прапануюць мне ўзнагароду. Калі я высветлю, дзе застаюцца паклады гэтых выкапнёвых яек, то мне дадуць энную суму за знаходку і маўчанне.

Акурат калі я дачытаў гэты ліст і яшчэ трымаў яго ў руках, не ведаючы, што з ім зрабіць, у мяне зазвінеў тэлефон. Незнаёмы густы голас спытаўся, што я думаю наконт іх прапановы. За мной сачылі нават дома! У спалоху я кінуў слухаўку і больш у той вечар не падыходзіў да тэлефона.

Назад Дальше