Адказу чакаць давялося нядоўга. Праз некалькі дзён у сваёй паштовай скрыні я знайшоў Не, гэтым разам быў не часопіс, а ліст. Звычайны ліст адно што выдрукаваны, а не напісаны ад рукі. Аўтары ліста пісалі, што ведаюць усё пра мае пошукі, што яны зацікаўленыя ў іх поспеху, бо таксама шукаюць яйкі птушкі Рух, і што яны прапануюць мне ўзнагароду. Калі я высветлю, дзе застаюцца паклады гэтых выкапнёвых яек, то мне дадуць энную суму за знаходку і маўчанне.
Акурат калі я дачытаў гэты ліст і яшчэ трымаў яго ў руках, не ведаючы, што з ім зрабіць, у мяне зазвінеў тэлефон. Незнаёмы густы голас спытаўся, што я думаю наконт іх прапановы. За мной сачылі нават дома! У спалоху я кінуў слухаўку і больш у той вечар не падыходзіў да тэлефона.
Наступныя пару дзён я не выходзіў з дому: пакуль было магчыма абысціся без закупкі прадуктаў, я стараўся не паказвацца на вочы маім пераследнікам. За гэты час я ўпарадкаваў свае запісы, і гэта нечакана мне дапамагло: я зразумеў, дзе трэба пачынаць пошукі яек птушкі Рух! Я спаліў свае паперы, каб па маіх слядах не змаглі прайсці гэтыя невядомыя мне людзі. Хто яны я не ведаў, але ўжо асабліва гэтым і не пераймаўся: калі б намеры іхныя былі чыстымі, мне б не сталі падкідваць ананімныя лісты.
Дзякуй Богу, мне не было патрэбы паліць абсалютна ўсе свае запісы гэта заняло б занадта багата часу. Я знішчыў толькі ключавыя. Агонь прагна паглынаў аркуш за аркушам, а я ў гэты час адчуў сябе маленькім дзіцем гэтак жа зачаравана я глядзеў на вогнішча ў дзяцінстве, спрабуючы зразумець душу агню. Я не зразумеў яе і цяпер, затое мне ўдалося спаліць усе масты, якія вялі ад мяне да таямнічых яек.
Як бачыце, я ўсё паспеў. Вашым гаспадарам не ўдалося нічога знайсці, іначай бы мы не размаўлялі тут так доўга І яшчэ. Ведаеце, я баюся болю. Дакладней, не так: я занадта шмат чытаў пра катаванні нават сярэднявечныя, каб не зразумець, што практычна для кожнага чалавека можна знайсці балючую кропку і зламаць яго. Я не супергерой, я не зроблены са сталі Але мне хапіла часу, каб не толькі спаліць паперы, але і зесці з дзясятак пігулак перад вашым уварваннем. Падзейнічаць адразу яны не маглі, але мы размаўляем ужо дастаткова доўга
* * *Мангол агаломшана глядзеў, як акулярнік зваліўся ў курчах на падлогу і пачаў хрыпець у агоніі. Потым ён падскочыў і стаў біць, біць, біць нагамі ў сляпой разюшанасці, аж пакуль цела не заціхла пад ягонымі ўдарамі.
Голем з Малой Марямпольскай
* * *Забойцу нічога не павінна было спыніць. Ён усё разлічыў, вывучыў дом як свае пяць пальцаў. Дзякаваць богу, часу на гэта было дастаткова. Вось тут трэба ступаць асцярожна: гэтая маснічына рыпіць. Пераступіў. Ён, вядома, зможа патлумачыць, чаму ходзіць тут у такі позні час. Але ўсё ж лепей не рызыкаваць. Іначай давядзецца адкладаць справу ды вынаходзіць новы спосаб: другі раз гэтак ісці ўжо не варта.
На вуліцы цяпер светла, амаль як удзень. Аднак зачыненыя аканіцы не дадуць прабіцца ў пакой нават месяцоваму святлу. Толькі вузенькі прамень пралез у шчыліну. Халодны спакойны прамень, што супакойваў думкі.
Ён лёгенька пастукаў пазногцем у дзверы. Яна адчыніла амаль адразу.
Ты? у голасе было непадробнае здзіўленне. Чаму так позна прыйшоў? Справа якая важная, каб апоўначы хадзіць?
Ён моўчкі хітнуў галавой. Тузануў за сабой дзверы: яны нягучна стукнулі аб вушак. Клямка шчыльна і надзейна прычыніла дзверы. І гэтак жа хутка, шчыльна і надзейна сышліся рукі на дзявочым горле.
Яна не паспела закрычаць. Сіпела, спрабавала расціснуць мёртвае кола, што ўсё мацней сціскалася, не давала ёй дыхнуць.
Забойца апусціў мёртвае цела на падлогу. Падышоў да вакна, расчыніў. Халоднае свежае паветра рванулася ў пакой, нервова здрыгануліся фіялетавыя фіранкі. Яны кінуліся ў твар забойцу, ён прытрымаў іх.
Ціхенька закрываючы за сабой дзверы, ён выйшаў з пакоя.
* * *Доктар Скарына адразу спадабаўся Вітушынскаму. Такім, як Сяргей Раманавіч, і павінен быць сапраўдны хірург высокім, шумным, упэўненым у сабе. Кожны ягоны прыход у палату дадаваў пацыентам аптымізму. Што праўда, выгляд доктара цяпер многія назвалі б старарэжымным: акуратная дагледжаная бародка-эспаньёлка, залатое пенснэ, гарнітуртройка светла-пясочнага колеру. Аднак доктару гэта пасавала і выклікала да яго большы давер у хворых. Дый у жанчын гэты кучаравы прыгажун, відавочна, карыстаўся папулярнасцю. Правінцыйны донжуан
Вітушынскі адклаў на прыложкавую тумбачку альманах. Старонку Антон закрываць не стаў, бо яшчэ не дачытаў: у тлуме абавязковага штодзённага агляду гэта ўсё адно не ўдасца.
Ну, як пачуваецеся? Як настрой? доктар зірнуў на адкрытую старонку. Можна паглядзець? О, «Краязнаўчы альманах»! Цікавіцеся тутэйшым друкам?
Ён зірнуў на зеленкаватую вокладку, што колерам нагадвала недаспелы яблык. Спехам перагарнуў колькі старонак.
Ведаеце, папрасіў сястрычку купіць што-небудзь пачытаць мне. Вось яна і прынесла, нібы апраўдваючыся, сказаў Вітушынскі.
Скарына кінуў яшчэ адзін чэпкі позірк на адкрытую старонку. «Рукапісны траўнік XVІІІ ст.» вялікія літары загалоўка здалёк кідаліся ў вочы.
А цяпер чытаеце пра травы. І як? Падабаецца? Тут жа, відаць, пра цемрашальства якое-небудзь.
Доктар уважліва паглядзеў на пацыента. Вітушынскі адчуў сябе так, нібы яму пачынаюць ставіць дыягназ. «Як карась на патэльні», недарэчна падумалася яму.
Ды не тое каб вялікае ўжо там цемрашальства было гэта ж навуковы артыкул. Пра знойдзены старадаўні рукапіс. Вось глядзіце, колькі нашыя продкі ўжывалі розных траваў для медычных мэтаў. Баркуном сцябалі па нагах, каб яны не балелі. Руту ўжывалі пры сардэчных, нервовых і жаночых хваробах. Трыпутнік пры запаленнях ды пашкоджаннях скуры. Святаяннік ад малакроўя, пры крывацёках, ад крывавай бягункі, для гаення ранаў, пры лекаванні апёкаў. Узвар ад яго, ад святаянніка, атрымліваецца чырвоны, «родны» з кроўю. Таму і карысталіся ім для «прыбаўлення крыві».
Скарына скептычна ўзяў альманах:
І вы верыце гэтаму траўніку-страўніку? Асабліва калі ўлічыць, што пры карыстанні ўсімі гэтымі травамі абавязкова трэба прыгаворваць што-небудзь гэткае: «На моры, на лукаморі стаіць вярба, на той вярбе сем сот галля, а ў том галлі звіта лапухова гняздо, а ў тым гняздзе ляжыць Евацарыца» Гэта ж чорт ведае што такое! Вы ж адукаваны чалавек Няўжо вы сапраўды верыце ў існаванне пералёттравы, якая выконвае ўсе жаданні? Ці ў разрыў-траву, якая адчыняе ўсе замкі ды засовы? Гэта ж усё казкі, прыдуманыя ад людской неадукаванасці. Вунь у вашым траўніку пішуць, што цыбуля ды часнык адганяюць ліхія чары ды нячыстую сілу У дваццатым стагоддзі жывём! Эпоха тэхнічнага прагрэсу!
Антон на скептычную доктараву ўсмешку не зрэагаваў, запярэчыў сурёзна:
Можна ж не браць пад увагу ўвесь гэты старэчы фальклор. А вось вам як доктару, пэўна, было б цікава пра ўсе гэтыя травы даведацца.
Мне? Нецікава! Я ж хірург, а не тэрапеўт, перавёў размову на жарт Скарына. Давайце агледзім вашу нагу.
Сённяшні агляд быў нядоўгім.
Ну вось, правая ў вас цяпер амаль такая ж, як і левая. Варта было б вас выпісаць, а то, лічы, здаровы чалавек ляжыць, займае месца.
Дык я б не супраць, Вітушынскі пажвавеў. А што, можаце выпісаць?
Доктар задуменна агледзеў яшчэ раз нагу Вітушынскага:
Выпісаць можна, але паназіраць за вашым станам я б яшчэ хацеў. Вы калі атрымалі гэтае раненне? На фронце? Франтавая разведка? Ах, яшчэ ў пятнаццатым годзе Ведаеце, я вам вось што прапаную. Вы ж у нас праездам, так? У нас у горадзе, як ведаеце, ёсць гатэлі «Адэскія нумары», «Кіеўскія нумары». Але я вам не раю туды сяліцца: прусакі, ведаеце, клапы, рэдка мяняюць пасцельную бялізну, дый увогуле Ёсць яшчэ гатэль «Брыстоль». Аднак, мне здаецца, чым больш гучную назву даюць гатэлю, тым менш дбаюць пра ўтульнасць і чысціню. Пажывіце тыдзень-другі ў мяне ў доме. Ён, праўда, амаль на самым краі горада. Але вялікай бяды тут няма: горад у нас невялікі, таму заўсёды зможаце дабрацца куды захочаце.
Нават не ведаю. Неяк гэта няёмка, пацыент сумеўся.
Няма тут нічога няёмкага. Лічыце, я забіраю вас пад свой нагляд. Пагатоў, у мяне вы зможаце паглядзець яшчэ процьму такіх кніг, пра якія вы тут толькі чытаеце. Можа, знойдзеце што-небудзь цікавае для сябе і для іншых. А не толькі «На моры, на лукаморі стаіць вярба»
Прамовіўшы гэта, Скарына лёгка ўзняў сваю выносістую фігуру. І пераходзячы ўжо да суседняга ложка, кінуў цераз плячо Вітушынскаму:
Збірайцеся, у абед паедзем да мяне.
* * *Дом Скарыны стаяў на вуліцы, парослай старавечнымі ліпамі. Усе тутэйшыя дамы невялікія. Доктарскі будынак хаваўся ад дарогі ў глыбіні, за невялічкім «паркам» высаджанымі ў шахматным парадку ясенямі. Там-сям паміж дрэваў былі відаць невялікія кветнікі з наготкамі, касачамі.
Найманы экіпаж давёз іх вельмі хутка. Павятовая Ворша наогул выглядала горадам невялікім: з брукаванай Пецярбургскай, дзе стаяла амбулаторыя, да ўтравелай Малой Марямпольскай вуліцы дабраліся менш чым за чвэрць гадзіны. Можна было б прайсціся пешшу, але доктар не хацеў пакуль празмерна перагружаць нагу Вітушынскага. Дарогай Антон звярнуў увагу на першыя знакі нядаўняга вяртання Воршы да Беларусі: раз-пораз ужо трапляліся шыльды па-беларуску. У моры расійскамоўных яны выглядалі рэдкімі экзатычнымі цікавосткамі.