З гэтай думкай ён і заснуў.
Ён сніў першадрукара Скарыну, які некуды ляцеў на самалёце з чужой жонкай; коней, што блукалі ў цвілых калідорах нейкага замка; іхныя крокі рэхам адбіваліся ад высокай столі, якая гублялася недзе ў цемры. Следам за коньмі па тым самым калідоры, асветленым дрогкім святлом паходняў, ехала аўто, дзе ролю шафёра выконваў дзіўны чалавек у белай маскараднай масцы. Маска прыкрывала толькі верхнюю частку твару, на ніжняй, бліскаючы залатой фіксай, расплывалася здзеклівая ўсмешка. Кіроўца аўтамабіля зняў маску: пад ёй паказалася нечалавечае страхотнае аблічча ненатуральна белага колеру.
Вітушынскі адкрыў вочы, сэрца ненармальна хутка стукалася ў рэбры. Згадаўшы даўні забабон, чуты ў дзяцінстве, ён перавярнуў падушку на другі бок. Як ні дзіўна, гэты сродак барацьбы супраць кашмару дапамог: Антон праваліўся нарэшце ў сон.
І не чуў крокаў забойцы на калідоры. Бо забойца ішоў ціха. Ён вывучыў дом як свае пяць пальцаў. Дзякаваць богу, часу на гэта было дастаткова. Вось тут трэба ступаць асцярожна: гэтая маснічына рыпіць. Пераступіў. Ён, вядома, зможа патлумачыць, чаму ходзіць тут у такі позні час. Але ўсё ж лепей не рызыкаваць. Іначай давядзецца адкладаць справу ды вынаходзіць новы спосаб: другі раз так ісці ўжо не варта.
На вуліцы цяпер светла, амаль як удзень. Аднак зачыненыя аканіцы не дадуць прабіцца ў пакой нават месяцоваму святлу. Толькі вузенькі прамень пралез у шчыліну. Халодны спакойны прамень, што супакойваў думкі.
Ён лёгенька пастукаў пазногцем у дзверы. Яна адчыніла амаль адразу. Тузануў за сабой дзверы: яны нягучна стукну лі аб вушак. Клямка шчыльна і надзейна прычыніла дзверы. І гэтак жа хутка, шчыльна і надзейна сышліся рукі на дзявочым горле.
Яна не паспела закрычаць. Сіпела, спрабавала расціснуць мёртвае кола, што ўсё мацней сціскалася, не давала ёй дыхнуць.
Забойца апусціў мёртвае цела на падлогу. Падышоў да акна, расчыніў. Халоднае свежае паветра рванулася ў пакой, нервова здрыгануліся фіялетавыя фіранкі. Яны кінуліся ў твар забойцу, ён прытрымаў іх.
Ціхенька закрываючы за сабой дзверы, ён выйшаў з пакоя.
* * *Ранак быў імжыстым і шэрым. Такімі безнадзейнымі мусілі б быць ранкі не ў першай у свеце краіне, якая будуе светлую будучыню ўсяго чалавецтва, а дзе-небудзь у капіталістычнай Брытаніі, дзе пануе прымус чалавека над чалавекам. Але чалавек пакуль яшчэ не знайшоў улады над капрызамі надворя, і таму даводзіцца трываць і такія непрыемныя дні. Калі-небудзь, так, калі-небудзь вызваленае чалавецтва возьме ў свае рукі лейцы нябеснага кіравання. Тады ўжо людзі не стануць чакаць падачак ад прыроды, а забяруць у яе сілай усё, што самі захочуць. Вось яно, будучае валадарства чалавечае!
Відаць, у такіх фарбах апісала б гэтую раніцу на сваіх шэрхлых старонках перадавіца газеты «Набат», калі б была ў тым патрэба. Аднак патрэбы такой не было: для перадавіцы ў акруговай газеце тэмаў не бракавала і без апісання надворя. Надыход светлай будучыні быў падзеяй настолькі зразумелай і вырашанай, што марнаваць каштоўны час на апісанне ніцых вольхаў вартаўнікоў пустых вуліцаў, воглых туманоў, што спрабавалі зачапіцца за страху сінагогі, і ўсялякай іншай такой драбязы ніводзін нармальны будаўнік камунізму не стаў бы.
Аднак Вітушынскі не лічыў сябе будаўніком камунізму. Яму бліжэй была пазіцыя абываталя, удзячнага кожнаму дню. І таму кожны дзень ён (з пэўнага часу) сустракаў з удзячнасцю і праводзіў без асаблівага шкадавання. Не было па чым шкадаваць. І па кім таксама.
Выбраўшыся на веранду, дзе ўсе насельнікі дома зноў мусілі сабрацца разам на сняданак, Вітушынскі заспеў нейкае ўзрушэнне. Доктар Скарына стаяў каля акна, нервова пастукваючы пальцамі левай рукі па шыбе. Мяркуючы па рытме, гаспадар дома мусіў найграваць марш.
Шумскі сядзеў, абыякава ўтаропіўшыся ў нейкую кропку на сцяне. Раз-пораз ён кідаў нецярплівыя позіркі на ўваходныя дзверы.
Прыход Вітушынскага вывеў іх са стану чакання. І расчараваў:
А-а-а, гэта вы А ці не бачылі там Алену? Нешта яна сёння кардынальна запазняецца.
Вітушынскі адказаў, што не бачыў. Рэзка крутнуўшыся на абцасах, Скарына рушыў у дзверы, каб прыспешыць сястру.
Як спалі на новым месцы? Кажуць, у такіх выпадках чалавек бачыць прарочыя сны. Што снілі вы? Шумскі быў сама далікатнасць. Нават відавочна думаючы пра нешта сваё, патаемнае, ён усё ж спрабаваў заняць госця свецкай размовай.
Антон збіраўся адказаць, аднак не паспеў: па барабанных перапонках ударыў дзікі мужчынскі крык з глыбіні дома.
Нібы толькі і чакаўшы гэтага сігналу, яны з Шумскім сарваліся з месца. Да пакоя, з якога даносіўся крык, асістэнт дабег першым. Вітушынскі са сваёй хворай нагой тут яму не мог стаць сапернікам. Шумскі зазірнуў і вокамгненна адхіснуўся, не стрымаўшы ўскрыку. Антон глянуў па-над ягоным плячом: гэта быў жаночы пакой, калі меркаваць па шматлікіх невялічкіх падушачках, пакінутых там і сям, карункавых фіранках, процьме вязаных упрыгожанняў. Каля ложка стаяў Скарына, трымаючы на руках цела сястры.
Выклікайце міліцыю, скамандаваў цераз плячо Шумскі. Я пабуду тут з ім.
Вітушынскі няўклюдна павярнуўся і, прыкульгваючы на правую нагу, пайшоў на выхад.
Міліцыянты прыбылі хутка: прыехалі на адным з пяці аўтамабіляў, якімі магла пахваліцца акруговая Ворша. Чорны студэбекер з лакавымі бакамі надаваў прыезду міліцыянтаў урачыстасць. Большай помпы іхнаму прыбыццю надаў бы хіба што духавы аркестр, які па нядзелях граў у гарадскім парку.
Невысокі кірпаты міліцыянт, галоўны ў групе, распараджаўся рашуча, без ценю сумневу ва ўласнай слушнасці. Ён уважліва агледзеў пакой, дзе адбылася смерць, падышоў да бюро, што стаяла ў куце, і пачаў перабіраць змесціва ўсіх шуфлядаў: лісты, нейкія цэтлікі, паперкі з запісамі для памяці, пару нататнікаў, тоўсты сшытак, пудраніцу, маленькія керамічныя фігуркі жывёлаў, яшчэ нейкую жаночую драбязу. Пад паперамі адной з шуфлядаў апынуўся альбом з эцюдамі пейзажаў, зробленымі алоўкам.
Божа мой, вохнуў Скарына, я думаў, яна ўжо даўно выкінула гэты альбом.
Міліцыянт уважліва паглядзеў на яго:
Чаму вы так думалі?
Ну, бо яна шмат часу не малявала. Перастала пасля таго, як прысніла нейкі страшны сон, звязаны з маляваннем.
Міліцыянт пахітаў галавой і зноў вярнуўся да перагляду шуфлядаў. Ён вывучаў іх так, нібы спадзяваўся менавіта ў шуфлядзе знайсці невядомага злачынцу, які пазбавіў жыцця маладую жанчыну.
Ён ужо амаль закончыў пераглядаць бюро, калі да яго падышоў адзін з падначаленых і ціхенька нешта сказаў. Кірпаты адразу адсунуў ад сябе недагледжаную шуфляду і пайшоў следам за падначаленым. Разам яны наблізіліся да акна і сталі нешта вывучаць на прываконні. Нарэшце адарваліся ад свайго захапляльнага занятку і павярнуліся да астатніх прысутных. Твар кірпатага праменіўся шчасцем, нібы ён толькі што атрымаў ордэн.
Па-апрашу ўсіх прадявіць падэшвы абутку!
Агляд, відавочна, нічога кірпатаму не даў: ні на абутку Скарыны, ні Шумскага, ні Вітушынскага ён не знайшоў таго, чаго хацеў. Лёгкі цень азмрочыў яго твар. Праўда, ненадоўга хутка ён папрасіў Скарыну паказаць яму ўвесь абутак, які ёсць у доме. Праз нейкі час яны вярнуліся з пустымі рукамі. Кірпаты выглядаў азадачаным, але яшчэ не разгубленым. А вось калі і агляд абутку Шумскага і Вітушынскага таксама не даў яму жаданых вынікаў, ён выяўна страціў раўнавагу.
Ды што вы такое шукаеце, можна даведацца? занерваваўся Скарына.
Заміж адказу кірпаты падвёў іх да акна. На прываконні добра адбіўся след рыфлёнае падэшвы. Памеры адбітку выдавалі, што нага, якая пакінула след, належала мужчыну. Вітушынскі заўважыў, як Скарына закусіў вусны і вырачыў вочы. След быў з засохлай белай гліны.
* * *Спытаўшыся ў кірпатага дазволу, Вітушынскі сышоў бадзяцца па горадзе. Заставацца ў доме Скарыны не хацелася: надта ж пякучай была атмасфера гора. Антон адчуваў сябе лішнім у такой сітуацыі і таму вырашыў пашукаць жытло, куды можна было б зехаць.
Характарыстыку, якую доктар даў мясцовым гатэлям, Вітушынскі запомніў вельмі добра. Таму і на пошукі пакоя выбраўся ў раён прыватных дамоў.
Аднак знайсці жытло аказалася не так лёгка. Ці то аршанцы занадта падазрона ставіліся да незнаёмца і не спяшаліся пусціць яго ў падсуседзі нават на некалькі дзён, ці то Вітушынскаму не трапляліся гаспадары, якія маглі б пахваліцца лішкам жылплошчы.
Ён туляўся па пакручастых вулачках між драўляных дамоў, што патаналі ў зеляніне яблынь і грушаў, сліваў ды вішняў. Гэтыя вуліцы моцна розніліся ад цэнтральных, дзе дрэваў бадай і не было не тое што яблыняў, але нават таполяў ці клёнаў.
Нечакана для сябе Антон выйшаў на пустку. Перад ім ляжалі вялізазныя равы, відавочна выкапаныя чалавечымі рукамі. Фантастычнае відовішча зачароўвала. Даўжэзныя глыбокія ямы нагадвалі магілы старажытных казачных асілкаў. Дый нават для тых легендарных волатаў выглядалі яны завялікімі: у такой велічэзнай яміне можна пахаваць не толькі аграмадзіну-асілка, але яшчэ і на кані. Ды нават і не аднаго: цэлае войска ў поўны рост спакойна здолее змясціцца тут.