Але я зноў не пра тое Рэбэ Арон зрабіў таго пражскага голема для майго продка. Вонкава гэтая істота, вылепленая з белай гліны, была ну, зусім чалавек. Дзіўнага ў тым нічога няма: не так складана знайсці ў Празе скульптара. Думаю, не цяжэй, прынамсі, чым у сённяшняй Воршы рамізніка. Каб вонкава той голем не дужа адрозніваўся колерам ад скуры чалавека, ён быў увесь злеплены з белае гліны, адмыслова прывезенай з ваколіцаў самога Іерусаліма, з дна Мёртвага мора па меншай меры, менавіта так сказаў пражскі рабін свайму полацкаму хаўрусніку. Ляпілі яго Францішак і Арон удваіх кожны сваю частку. Аднаму на долю дасталася галава і тулава, другому уся частка ад пояса. Падрыхтаванай гліны, аднак, не хапіла на ўсю фігуру: змацаванне паміж абедзвюма часткамі давялося рабіць з гліны іншага колеру чырвонага. Для таго каб голем ажыў, рэбэ Арон укладаў яму ў рот паперку з напісаным на старагабрэйскай мове заклёнам. Стары кабаліст вывеў на паперцы літары «нун», «гімэль», «гэй», «пэй». З іх пачынаюцца словы фразы «нэс гадоль гая по» «цуд вялікі быў тут». Заклён той рабіў цуд: голем ажываў і выконваў работу, што яму задавалі. Каб знерухоміць істоту, трэ было толькі дастаць у яго з рота паперку. Механізм нескладаны значна прасцейшы, чым цяперашнія аўтамабілі.
Доктар Скарына скарыстаў зробленую істоту для цяжкой дапаможнай працы пры друкаванні кніг. Стаяць цэлы дзень за варштатам занятак не з самых лёгкіх. Тут і прыдаўся гліняны голем: стомы ён не адчуваў, бо не быў, як ні кажы, жывой істотай. Карміць-паіць яго таксама без патрэбы. Словам, ідэальны работнік. Такога немагчыма знайсці ні на брукаваных вуліцах старога горада, ні пад мяшчанскімі стрэхамі, крытымі чырвонай дахоўкай, ні нават у магнацкіх палацах, крытых золатам.
Кампаньёны спадзяваліся на ўдалы гешэфт і вялікія барышы. І нездарма: друк Бібліі (а выдаваць пачалі менавіта яе) занятак ці не самы прыбытковы. Справы і праўда пайшлі вой як добра! Неўзабаве мой прадзед цалкам разлічыўся з рэбэ Аронам і стаў паўнапраўным саўладальнікам друкарні нездарма ж ён вырас не абы-дзе, а ў купецкай сямі.
Вы глядзелі гэтую нядаўнюю фільму, прывезеную ў наш горад, «Ночы Кабірыі»? Не глядзелі? Ну што ж вы так! Вельмі рэкамендую, вельмі. Схадзіце абавязкова не пашкадуеце. Шыкоўная фільма, цудоўныя акцёры, усё так прыгожа, такая драма Напэўна, будучыня ўжо мроілася кампаньёнам у такіх самых маляўнічых дэкарацыях, як у гэтай фільме, прыгожая, поўная незямное асалоды, з гурыямі з блізкай Асманскай імперыі. Хто б мог падумаць, што такі бліскучы ўзлёт будзе перарваны такім гучным крахам? У далёкіх краях мой прашчур набыў не толькі вялікія веды, але і схільнасць да авантураў. Вы кажаце, што такая схільнасць магла ў яго быць і раней а то б ён не пусціўся ў далёкія краі па веды, а спакойна жыў бы ў Полацку, пераняўшы бацькаву справу? Можа, і так. Цяжка з сённяшняй званіцы ўгледзець, як там было насамрэч.
Авантурызм і падвёў доктара Францішка. Мой продак, як выявілася, не марнаваў час, паліруючы азадкам лавы ў Кракаўскім ды Падуанскім універсітэтах. Ён творча скарыстаўся з словаў, сказаных Ісусам: «Не чалавек для суботы, а субота для чалавека». Па суботах, калі рэбэ Арон не працаваў, доктар Скарына прыходзіў у друкарню і даваў голему сваю працу. Друкаваць цэлую кнігу за дзень не выпадала, таму вынаходлівы палачанін даваў голему ў працу асобныя аркушы. На іх была як бы гэта больш тактоўна абазначыць аголеная натура. Не-не, ніякай непрыстойнасці, усё было досыць цнатліва. На наш, сучасны погляд адукаваных культурных людзей.
Аднак жа не ўсе ў той час падзялялі такія погляды. Што і казаць, у Празе пачатку шаснаццатага стагоддзя малавата было культурных людзей у сучасным разуменні гэтага слова. Магчыма, іх і зусім не было калі не лічыць, вядома, майго продка. А на што можа разлічваць чалавек, які апярэдзіў свой час? Хіба яму выпадае прызнанне сучаснікаў? Не, не і яшчэ раз не! Яму дастаецца хіба што слава сярод нашчадкаў.
Карацей, мой продак быў вымушаны ўцякаць. Традыцыйная гісторыя для генія: яго звінавацілі ў злачынстве. Што праўда, уцякаць яму было не ўпершыню, у гэтым ён быў спрактыкаваны. Каралявецкаму герцагу прымроіцца, што доктар яго не тым лечыць і круціць шашні з фройлінамі, уцякай! Лютару падасца, што заезнага грамацея падаслалі езуіты, каб атруціць надзею ўсёй Рэфармацыі, зноў уцякай!
Гэтым жа разам усё выглядала больш пагрозліва. Некаму падалося, што Скарына разбэшчвае моладзь гэтымі сваімі карцінкамі. Хтосьці нават засумняваўся, ці можна карыстацца Бібліяй, выдрукаванай на тым самым варштаце, з якога сышлі такія непрыстойнасці. Маўляў, яна страціць частку сваёй святасці. Дзікуны!
Гэтым жа разам усё выглядала больш пагрозліва. Некаму падалося, што Скарына разбэшчвае моладзь гэтымі сваімі карцінкамі. Хтосьці нават засумняваўся, ці можна карыстацца Бібліяй, выдрукаванай на тым самым варштаце, з якога сышлі такія непрыстойнасці. Маўляў, яна страціць частку сваёй святасці. Дзікуны!
Крывыя брукаваныя вулкі Прагі яшчэ вельмі добра памяталі эпоху гусіцкіх войнаў. І такія падозранні папахвалі не дужа гасцінным дымком вогнішча. Яны даліся б у знакі нават карэннаму пражаніну, не тое што прыезнаму госцю.
Доктар Скарына ўцёк з Прагі, прыхапіўшы з сабой голема. Кампаньёна свайго ён папярэджваць не стаў. Не захацеў ці не паспеў невядома. Мабыць, сам ён сказаў бы, што не паспеў. Рэбэ Арон, відаць, думаў іначай. Калі яго тапілі як чараўніка, супроць якога ёсць засведчаныя ўлікі, ён пракляў палачаніна. «Каб ні табе, ні тваім нашчадкам не было спакою ад голема!» так занатаваў яго апошнія словы пісец у кнізе пражскага магістрата.
Тым часам доктар Скарына вярнуўся на радзіму, атайбаваўся ў Вільні. Там ён заняўся той справай, у якой так напрактыкаваўся за мяжой, заснаваў друкарню. Для рынку ў яго было велічэзнае поле дзейнасці: канкурэнтаў няма, ніводнай іншай друкарні на ўсё Вялікае Княства!
Але справа пайшла не надта добра. Прычынай зноў стала людская цемната: неахвотна куплялі кнігі, што зявіліся дзякуючы супрацы з нячыстай сілай. Ну, не станеш жа тлумачыць кожнаму неадукаванаму таўстамясаму бюргеру, што голем гэта не пякельнае спараджэнне, а вынаходства перадавой навукі.
Словам, прашчур мой вырашыў пашукаць, як цяпер кажуць, рынак збыту за ўсходняй мяжой у Маскоўскім Княстве. Аднак, паехаўшы туды, ён зрабіў вялікую памылку: прыхапіў з сабой голема. Тое, на што паблажліва глядзелі ў Літоўскім Княстве (тут і не такія дзівакі сустракаліся), не магло не выклікаць нараканняў у суседняй дзяржаве. Пражская гісторыя паўтарылася: доктара звінавацілі ў чарнакніжніцтве. Прысудзілі да спалення ўсе яго кнігі, а таксама яго самога ды ягонага «пякельнага памочніка». Палачанін уцякаў у вялікім спеху, кінуўшы ўвесь свой набытак, прывезеныя ў Маскву кнігі, а разам з імі і голема.
Ёсць, праўда, нейкія цьмяныя згадкі, што ў гісторыю магла замяшацца вялікая маскоўская княгіня, маці будучага Івана Жахлівага, які нарадзіўся акурат праз дзевяць месяцаў пасля Скарынавага адезду з Масквы. Але гэткая версія выглядае так фантастычна, што я б не стаў асабліва давяраць тагачасным плеткарам Усё гэта толькі намёкі ды чуткі.
А вось нашая сямейная легенда кажа, што акурат у Маскве продка нагнаў праклён пражскага рабіна. Таму і голем згубіўся. Дакладней, не згубіўся, а ўцёк у мітусні пры паспешлівым доктаравым адездзе з Масквы.
Ён доўга хаваўся, ішоў па слядах палачаніна. Урэшце высачыў. Было гэта ўжо праз шмат-шмат гадоў, у Празе, дзе мой прашчур апекаваўся каралеўскім садам на Градчанах. Голем, як я ўжо казаў, не ведаў стомы, не адчуваў часу. Можа быць, ён знарок хаваўся тыя гады чакаў, пакуль у доктара зявяцца дзеці Я часам думаю, што праклён быў не ў тым, каб вынішчыць наш род, а ў тым, каб над намі, Скарынавымі нашчадкамі, вечна вісеў страх. Боязь, што кожны дзень можа стаць апошнім. Боязь, што за табой вечна цікуе неўміручая істота, якая не ведае ніякіх эмоцыяў, не адчувае ніякай стомы. Палахлівасць нашае наканаванне. Мы не можам разлічваць на заўтра, бо жывём без надзеі на яго.
У Францішкавым пакоі, дзе знайшлі мёртвае цела, усё выглядала натуральна. Адно толькі здзівіла прыдворнага пражскага летапісца, які занатаваў згадку пра ягоную смерць: след белай гліны на падлозе. Гліны, падобнай да якой не было зусім ані на Градчанах, ані ва ўсёй Празе, ані ў яе ваколіцах
* * *Спаць Вітушынскі пайшоў не ў самым лепшым гуморы. Гісторыя, расказаная доктарам Скарынам, бянтэжыла, вярэдзіла думкі. Нешта ў ёй падалося Антону дзіўным. Аднак ён ніяк не мог вырашыць, што менавіта перашкаджала паставіцца да яе абыякава. Хіба тое, што доктар, які дагэтуль выяўляў сябе такім прыхільнікам навукі і прагрэсу, раптам расказаў настолькі містычны, поўны загадак аповед? Відаць, так: не стасавалася гэтая гісторыя з тым уяўленнем, якое склалася ў Антона пра доктара Скарыну.
З гэтай думкай ён і заснуў.
Ён сніў першадрукара Скарыну, які некуды ляцеў на самалёце з чужой жонкай; коней, што блукалі ў цвілых калідорах нейкага замка; іхныя крокі рэхам адбіваліся ад высокай столі, якая гублялася недзе ў цемры. Следам за коньмі па тым самым калідоры, асветленым дрогкім святлом паходняў, ехала аўто, дзе ролю шафёра выконваў дзіўны чалавек у белай маскараднай масцы. Маска прыкрывала толькі верхнюю частку твару, на ніжняй, бліскаючы залатой фіксай, расплывалася здзеклівая ўсмешка. Кіроўца аўтамабіля зняў маску: пад ёй паказалася нечалавечае страхотнае аблічча ненатуральна белага колеру.