Адваротны бок люстра - Ксенія Ільінічна Шталенкова


Ксенія Шталенкова

Адваротны бок люстра

прыгодніцка-фантастычны раман

Фота на вокладцы Таццяны Капітонавай


© Шталенкова К. І., 2016

© УП «Мастацкая літаратура», 2016

Частка першая

Карацей, мноства цудаў утойваецца ў люстрах

Ян дэ Мен і Гійом дэ Ларыс

Раздзел 1

 Ну што, здаецца, усё-такі яна Значыцца, гэта твой выбар?  ціха прамармытаў ён сабе пад нос, пазіраючы ў акно скрозь вузкую шчыліну паміж занавескамі.

На залітым сонечным святлом тратуары стаяла дзяўчынка гадоў пятнаццаці, углядаючыся ў вітрыну антыкварнай крамы. Гэтая крама належала яму, і ён вельмі добра ведаў, што ў вітрыне няма нічога прывабнага для такой юнай асобы, акрамя адной рэчы, і гэтая рэч сама абірала сабе гаспадара. Аднак ці гаспадара?

Ён апусціў занавеску і нервова прайшоўся па кабінеце. На працягу ўсяго жыцця ён задаваў сабе гэтае пытанне. Хто яны: гаспадары ці паслухмяныя выканаўцы чыёйсьці невядомай волі? Ён раптоўна спыніўся пасярод пакоя і правёў рукою па лбе.

 Та-ак, пэўна, старэю, калі ўпадаю ў такі чорны містыцызм,  прамовіў ён з прыкрасцю.  А мабыць, гэта і лепш? Усё роўна рана ці позна мне спатрэбіцца нехта яшчэ.

Ён ізноў падышоў да акна і паглядзеў уніз.

 Яна ж яшчэ зусім дзіцянё. Я заўжды думаў, што гэта будзе нехта старэйшы і ніяк не дзяўчо. Спадзяюся, ты разумееш, што робіш. Хацеў бы я ведаць, што ты там ёй паказваеш,  ціха сказаў ён, пазіраючы на дзяўчынку, якая нібы зачараваная замерла перад шыбай.

Ён ведаў, што адбудзецца, калі выстаўляў гэтую рэч у вітрыну. Калі яму прывезлі гэта, ён праглядзеў усе свае запісы, але яно нідзе не згадвалася. Ён змарнаваў больш за тры месяцы, спрабуючы адчыніць яго. Але яно заставалася глухім і не выяўляла ніякіх прыкмет жыцця. У нейкі момант яму нават здалося, што яно несапраўднае, падробка. Але не, самае што ні на ёсць сапраўднае, ніякіх сумненняў: ён правяраў і некалькі разоў. Вось толькі яму яно не адчынялася. Яму, хто ўсё жыццё патраціў на іх вывучэнне! Ну што ж, заставалася ці пазбавіцца яго, ці адшукаць таго, каму яно прызначана. Стары разумеў, наколькі ўяўныя былі яго шанцы. Маглі ж прайсці гады, а чалавек не быў бы знойдзены. І як жа ён здзівіўся, калі ўбачыў, што яно зменьваецца. Ён пачаў назіраць. Колькі разоў ён бачыў, як прахожыя на імгненне спыняліся каля вітрыны, як жанчыны ўскідвалі руку, каб паправіць валасы, але, прыгледзеўшыся, паціскалі плячыма і адыходзілі. І вось аднойчы ён убачыў яе. Яна глядзела і бачыла. Тут патрэбна было не памыліцца. І ён вырашыў чакаць. На другі дзень яна прыйшла зноў. І праз дзень прыйшла. Ён ведаў, як гэта здараецца: калі яно абрала цябе, нават думаць ні пра што немагчыма, акрамя як пра яго. Вось і сёння дзяўчынка зноў стаяла перад вітрынай. Яна, напэўна, ужо і бацькам усе вушы прагудзела. Ды толькі хто дазволіць свайму дзіцяняці набыць такую каштоўную рэч? Трэба праверыць, дзе яна жыве. Як дамовіцца з бацькамі, ён здолее прыдумаць, а вось калі яна жыве не там, дзе патрэбна, то ўсё будзе дарэмна, ужо ніякія хітрыкі не дапамогуць.

Дзяўчынка кінула на вітрыну развітальны позірк і пацягнулася прэч ад антыкварнай крамы. Трэба спяшацца за ёй! Мабыць, даручыць каму-небудзь са служачых? Хаця не, справа адказная пакуль усё растлумачыць ім, час будзе змарнаваны і дзяўчынка знікне. Сам, усё сам! Пляваць на рэўматызмы, галоўнае паспець за ёй. Хоць бы толькі яна жыла дзесьці непадалёк, у Старым месцы, а не ў аддаленым раёне ў велічэзным шматкватэрным доме.

Неўзабаве дзяўчынка выйшла да дома са свежа-афарбаваным фасадам і, адамкнуўшы ключом веснічкі, знікла за брамай. Пастаяўшы яшчэ некалькі хвілін перад яе домам, ён у роздуме рушыў назад. Зараз ён ведаў, дзе яна жыве, але гэтага было недастаткова.

Вярнуўшыся ў краму, ён загадаў перавесіць люстра з вітрыны ў залу. Прадаўцы паспяшаліся выканаць загад гаспадара. Ён падышоў да яго, пільна разглядаючы цені, якія рухаліся па шкле.

 Ты свой выбар зрабіла. Я разумею цябе. Але не магу адправіць дзяўчынку ў невядомае, бо яе жыццё можа аказацца ў небяспецы, пра якую яна нават не падазрае. Я павінен быць упэўнены, што ёй нічога не пагражае.

Ён правёў рукою па раме, зноў намацаўшы павырэзваныя на дрэве лічбы, якія ўжо даўно не давалі яму спакою.

 Няўжо так проста? Ну а чаму ж не? Паспрабуем.

* * *

У гэты раз яна вырашыла прывесці сюды матулю. Пакуль яны ішлі да антыкварнай крамы, якая знаходзілася на вуліцы Сціклю, Бася распавядала ёй пра венецыянскае люстра і ўпрошвала купіць яго. Хаця матулі не асабліва спадабалася ўся гэтая ідэя з набыццём люстра, дзяўчынка спадзявалася, што калі яна яго ўбачыць, то адразу ж згадзіцца. Пакуль матуля даведвалася, колькі каштуе люстра, Бася стаяла перад ім і ўглядалася ў сваё адлюстраванне. Гэта была яна і нібы не яна адначасова. Дзяўчынка бачыла нейкія зыбкія цені, якія няўлоўна ператваралі яе, угадвала адлюстраванне думак, якія яшчэ не склаліся ў сапраўдныя выявы. Люстра нібы клікала яе, абяцаючы нешта і дражнячы фантазію.

 Бася, уяві, яны за яго такую цану заламалі!  усклікнула матуля, вярнуўшыся ад прадаўца.  Яно, вядома, прыгожае, але за такія грошы

Бася ўмольна паглядзела на матулю.

 Не, гэта задорага. Усё ж такі мы не настолькі багатыя людзі, каб дарэмна марнаваць грошы. Да таго ж, Басенька, навошта яно табе? У тваім пакоі ёсць вялікае люстра, а гэта у ім нават як мае быць нельга нічога ўбачыць!  працягвала матуля.

 Ну мам, яно так падабаецца мне! Паглядзі, якое яно!

 Якое?

 Загадкавае!  з захапленнем прамовіла дзяўчынка.

 Ох, Баська! Загадкавае  стомлена прамармытала матуля, пакруціўшы галавой.

Абедзве ў нерашучасці стаялі перад люстрам і разглядалі яго. Раптам у краму зайшоў франтавата апрануты пажылы пан, якога Бася ўжо аднойчы тут бачыла. Калі люстра перавесілі ў залу і яна ў першы раз адважылася зайсці ў краму, ён назіраў за ёю са свайго кабінета. На гэтым пане было дарагое адзенне, якое ідэальна сядзела на яго тоўсценькай фігуры, а з-пад каўнера кашулі была бачна шыйная хустка. Убачыўшы Басю і яе матулю побач з люстрам, элегантны дзядок задаволена ўсміхнуўся і падышоў да іх.

 Цікавіцеся?  спытаў ён з-за матулінага пляча, кіўнуўшы вострай бародкай у бок люстра.

Мама павярнулася да яго.

 О, у гэтай крамцы цэны адбіваюць усялякую цікаўнасць! Вы нават уявіць не можаце,  паведаміла матуля.

Бася тузанула яе за рукаў.

 Што вы кажаце!  зразумела прамовіў стары.

 Так! Цэны завышаюць настолькі, што я проста здзіўляюся, дзе яны знаходзяць пакупнікоў.

 Мам!  Бася зноў тузанула яе за рукаў.

 Ну што, Бася? Ці не так?

 Безумоўна, вы маеце рацыю,  пацвердзіў стары.

Матуля зноў павярнулася да люстра, акідваючы яго ацэньваючым позіркам. Бася бесцырымонна разглядала старога. Заўважыўшы гэта, ён раптам схамянуўся.

 Ах, дарэчы! Дазвольце прадставіцца. Гаспадар гэтай,  ён абвёў залу рукой,  крамкі, Альбрыхт Штоф.

Матуля пакрылася чырванню і з недаверам паглядзела на старога. Каб замяць няўдалую паўзу, Бася працягнула яму руку:

 Варвара Станкевіч.

 Дык Варвара ці Барбара?  прыўзняў бровы стары.

 Ну, наогул кажучы, паводле пашпарта Варвара. Але дома мяне клічуць Бася.

 Тады дазвольце мне клікаць вас мадэмуазэль Барбарá, паціснуў ён працягнутую руку.  Пазнаёмце ж мяне, калі ласка, з вашай прыгожай спадарожніцай!

 Гэта мая матуля,  сказала Бася.

Стары маляўніча закаціў вочы і пляснуў рукамі.

 Не можа гэтага быць! Вы мяне падманваеце, ніколі б не падумаў.

Матуля манерна працягнула руку для пацалунка:

 Паліна. Насамрэч Басіна матуля.

Дзяўчынка засунула рукі ў кішэні і, цярпліва ўздыхнуўшы, падумала: «Вось жа! Матуля заўсёды здавалася адэкватным чалавекам. Адкуль што бярэцца?»

 Дык значыцца, вас цікавіць гэтае люстра, так?  спытаў пан Штоф.

 Так, вельмі!  усклікнула Бася, са спадзевам пазіраючы на старога.

 Але яно вельмі дарагое,  паспяшалася ўставіць матуля.  Мы не можам сабе дазволіць яго купіць.

 Але, нягледзячы на гэта, мадэмуазэль Барбара жадала б набыць гэтае люстра?

Бася заківала ў знак згоды. Стары ўсміхнуўся і сказаў:

 Тады дазвольце мне прапанаваць вам наступнае. Сёння вечарам да вас прывязуць люстра, вы да яго прыгледзьцеся ды, калі вырашыце пакінуць, тады ўжо і заплаціце. Я думаю, што здолею прапанаваць вам разумную цану.

 Гэта так міла з вашага боку!  усклікнула матуля.

Пакінуўшы свой адрас, яны выйшлі з антыкварнай крамы і пакрочылі ў бок дома.

 Ну, Бася, ты і аферыстка!  шумна ўздыхнуўшы, сказала матуля.

 Чаму?  здзівілася дзяўчынка.

 Мала таго, што ты гэтае люстра атрымала, дык яшчэ і бясплатна.

 Па-першае, не бясплатна потым усё роўна трэба будзе заплаціць.

 Гэта яшчэ калі мы вырашым яго пакінуць,  удакладніла матуля.

 Зразумела, мы вырашым!  ультыматыўным тонам прамовіла Бася.

 Ну-ну,  хмыкнула матуля.  А што па-другое?

 Па-другое?  перапытала дзяўчынка.  А! Па-другое, ён сам прапанаваў нам так зрабіць.

 Гэта толькі з-за таго, што па тваім твары было зразумела, што ты ці пачнеш плакаць, ці зробіш нейкае злачынства, калі табе не даць люстра. Вось гаспадар крамы і вырашыў не рызыкаваць.

Бася нахмурылася.

 Увогуле, я не разумею, навошта яно табе?  спытала матуля.  У цябе ўвесь пакой сучасна абсталяваны, а тут гэты цуд. Яно табе туды ну ніяк не пасуе!

 Нічога, затое яно мне падабаецца,  адрэзала Бася. Мама асуджальна ўздыхнула.

Дальше