Аловак, майстэрня, возера
Кастусь Шаранговіч маляваць не любіў, але мастаком стаў. Трэба сказаць, што ў мастакі Кастусь пайшоў невыпадкова. Старэйшы брат хадзіў у мастаках, бацькі ўгаворвалі ісці за старэйшым братам, і самае галоўнае вадзяны чорт падараваў хлопцу чароўны аловак.
Здарылася тое на беразе Свіслачы. Кастусь сядзеў у парку каля самай вады і старанна маляваў. Рэчку і старыя вербы над вадою. Маляваў, бо старэйшы брат загадаў. Свіслач плыла павольна, над плынню ціха пагойдваліся тонкія срэбралістыя галінкі. Хлопца пацягнула на сон. Ён заплюшчыў вочы і схіліў галаву. Аловак выслізнуў з вялых пальцаў і боўтнуўся ў ваду. Гэта быў дарагі цяжкі металічны аловак з устаўным стрыжнем, таму ён імгненна пайшоў на дно. Кастусь пачуў, як боўтнуўся аловак, і прахапіўся. Каб Шаранговіч сядзеў над плыткім месцам, ён мог бы палезці ў Свіслач і пашукаць згубленую рэч, але таго разу Кастусь выбраў месца над глыбокай ямінай. Знайсці аловак шанцаў не было.
Хлопец ужо збіраўся пайсці дахаты, калі вада ў рачной яміне закалыхалася і з яе ўзняўся зялёнабароды Вадзянік. Ён паказаў Кастусю залаты аловак і запытаў: «Твой?» Шаранговічу страшэнна спадабаўся вялікі важкі залаты аловак з устаўным стрыжнем. Ён ледзь не сказаў, што гэта ягоны аловак, але стрымаўся і не схлусіў. Вадзяны чорт схаваўся ў Свіслачы, але праз імгненне ўсплыў і працягнуў Кастусю яго звычайны аловак: «Трымай свой аловак. А за тое, што не хлусіў, я падарую табе залатую рэч. Усё, што ты намалюеш залатым алоўкам, будзе ацэньвацца на выдатна і выдатна прадавацца»
Так і адбылося. Усё, што Кастусь Шаранговіч маляваў залатым алоўкам, падораным Вадзяніком, выдатна прадавалася і ацэньвалася на выдатна. Добра, што хлопец быў нясквапным чалавекам, маляваў і прадаваў роўна столькі, каб хапала на сціплае жыццё. Кастусь рабіў малюнкі да дзіцячых кніжак і за такім заняткам дажыў да пяцідзесяці гадоў. У пяцьдзясят дактары знайшлі ў Шаранговіча рак. Гэтую кепскую навіну Кастусь панёс на бераг Свіслачы. Там ён сеў над глыбокай ямінай і расказаў пра сваю хваробу рачной вадзе. З-пад вады ўзняўся доўгабароды чорт і папрасіў Кастуся вярнуць залаты аловак. Шаранговіч вярнуў Вадзяніку яго аловак і пайшоў у майстэрню, дзе ўсё акуратна ўпарадкаваў і прыбраў. З прыбранай майстэрні мастак Шаранговіч патэлефанаваў усім сябрам і знаёмым, каб развітацца. Казаў, што зязджае з мінскай Асмалоўкі, едзе жыць на возера Балатон. Але на Балатон Кастусь не паехаў. Ён паехаў на возера Нарач, дзе ў цішыні і спакоі пражыў свой апошні год.
Мурашкі, мышы, змеі
Пасярод Асмалоўкі стаіць дзіцячы садок. Шэры цагляны будынак не вельмі добра ўпісваецца ў пасляваенны стыль гэтага раёна. Не ўпісваецца, бо збудавалі садок значна пазней. А раней на яго месцы стаяў прыватны дамок Расціслава Кіпцюра-Лусты. Гад быў несусветны той стары Расціслаў. Каб Кіпцюр-Луста быў звычайным гадам, дык мужчыны не палілі б яго складзены з сасновых бярвенняў крываваты дамок. Расціслаў меў вялікія схільнасці да чорнага вядзьмарства. Ён чараваў і ліхадзейнічаў.
Пачалося з таго, што вядзьмак нагнаў у Асмалоўку процьму дробных рудых мурашак. Яны панабіваліся ў цукар, у печыва, у цукеркі. Мурашкі папсавалі ўсё салодкае. Людзям давялося павыкідаць не толькі печыва ды цукар, нават слоікі з варэннем давялося павывозіць на сметнік. За мурашкамі ў Асмалоўку прыйшлі мышы. Яны згрызлі і папсавалі тое, што мурашкі абыходзілі. Мышы грызлі сала і мяса, макароны і крупы, кардон і паперу. Двойчы ў Асмалоўку наведваліся брыгады з санэпідэмстанцыі. Мужчыны ў зялёных камбінезонах залівалі Асмалоўку атрутай. Першы раз супраць мурашак, другі супраць мышэй. Атрута дапамагла. Мурашкі і мышы пазнікалі. Шкоды яны нарабілі шмат, але ў Асмалоўцы іх павыводзілі.
Цяжэй за ўсё было са змеямі. Гадзюкі пачалі зяўляцца ў самых неверагодных месцах У ложку, пад прасцінамі. У каструлях. У кішэнях кажухоў і палітонаў. Людзі палохаліся да страты прытомнасці. Жудасць ахапіла ўсіх жыхароў Асмалоўкі. Усіх, акрамя ведзьмака Расціслава Кіпцюра-Лусты. Гад радаваўся. Хадзіў па Мінску падвяселены самагонам і выхваляўся, што трымае ў страху ўвесь свой раён.
Асмалоўскія мужчыны пачулі выхвалянні ведзьмака. Уночы на таемным сходзе мужчыны вырашылі спаліць жыўцом Кіпцюра-Лусту. Яны падпёрлі дзверы яго дома бервяном, каб вядзьмак не змог уцячы. Аблілі сцены газаю і падпалілі. На вокнах у дамку былі жалезныя краты. Так што вядзьмак мусіў загінуць у полымі. Павінен быў, але не загінуў, бо ператварыўся ў вялізнага гругана. Калі ахоплены агнём дах праваліўся, людзі пабачылі, як у слупе дыму падымаецца ў неба вялікі птах. Ён зрабіў кола над Асмалоўкай і паляцеў у бок плошчы Перамогі Недзе праз год на папялішчы збудаваўся самы звычайны мінскі дзіцячы садок.