Мінск назаўжды (зборнік) - Коллектив авторов 5 стр.


Выходзячы раніцай з чарговага бара, які быццам бы пячора, што паглынае людзей, у перадсвітальны змрок, ты апынаешся пасярод наступстваў карнавалу. Змрок сцірае яркасць колераў, ператвараючы ўсё ў выцвілую карціну Босха.

Быццам пярэваратні, якія не памятаюць, што робяць у звярыным абліччы, людзі не памятаюць, што яны рабілі, пагрузіўшыся ў багну.

Хітры балотны морак і перарывістае святло багны, што вядзе ў дрыгву, але не толькі на пагібель, але і каб весяліць балотныя істоты, для варяцкай асалоды.

Бо дрыгва, балота, багна гэта і ёсць наш родны дом.

Чайка

«Чайка» размяшчалася ў старым падвальным памяшканні былога більярднага клуба «Як 18» на вуліцы Якуба Коласа. Яшчэ студэнтамі мы часта завісалі ў гэтай більярднай згуляць пару партый у пул і выпіць. У адрозненне ад іншых більярдных, туды можна было прыносіць свой алкаголь. Грошай тады ў нас вадзілася не шмат, і піць у барах мы сабе не маглі дазволіць.

Дзіўнае спалучэнне часу, месца і назвы, бо тое было не столькі пра самалёт, колькі пра наш узрост, пра 18-годдзе, якое навісла над більярднымі сталамі, пра нас. А можа таму, што більярдны клуб знаходзіўся ў будынку  18 па вуліцы Я.К.

Аднак неўзабаве більярд зачыніўся, на яго месцы зявіўся бар. З танным алкаголем і вечна жывой музыкай. Там больш не было більярдных сталоў, затое засталіся з тых часоў барная стойка, зэдлікі і маленечкія сталы з лакіраванага дрэва. За гады лак пакрыўся драпінамі.

Восеньскімі і зімовымі вечарамі тут гучалі варяцкія імправізацыяі бопа, кул-джаза і бог яго ведае чаго яшчэ ад безыменных джазменаў.

Маленькая сцэна ў канцы залы. Змрочнае асвятленне. Цені крадуцца па сценах у цьмяным святле лямпаў. Музыкант з гітарай імправізуе на сцэне, глухія гукі барабанаў, хрыплыя галасы паўшэптам.

Павольна напіваючыся да фіналу, хістаючыся, музыканты сыходзілі са сцэны, саступалі месца іншым. Музыка не сціхала да самай раніцы. Размешчаны не ў жылым доме, бар мог сабе дазволіць бруіць усю ноч, да світання. А на досвітку тыя, хто застаўся да канца, выцякалі на вуліцу цёмнымі ручаямі.

* * *

Сюды сцякаліся самыя розныя людзі. Усе нібы ярка запаленыя свечкі ў начным акне. Варяты, бадхісатвы, гарадскія падпольныя дзэн-манахі, што дасягнулі прасвятлення праз джаз і віно. Нібы густы гарадскі булён, людзі варыліся і бурлілі ў невялікім падвальным памяшканні.

Сярод сотняў людзей, з ліха насунутымі капелюшамі, сярод нядбайна апранутых моднікаў  мільгалі гарадскія багі. Святыя трушчоб, што блукаюць днём па горадзе з апаленымі крыламі. З надыходам ночы ў святле падвальных лямпаў яны ажывалі.

«Хто адязджаў у Мінск, хто паміраў у Мінску, хто вяртаўся ў Мінск і дарэмна чакаў, хто прыглядаў за Мінскам і сядзеў задуменны і самотны і ў рэшце рэшт сыходзіў, каб даведацца што такое Час, і цяпер Мінск пусты і пазбаўлены сваіх герояў».

Там заўсёды было пракурана, заўсёды шмат людзей, асобы і імёны якіх сціраліся з памяці ў той момант, калі за спінай зачыняліся цяжкія чорныя дзверы бара.

Жыццё праходзіла звычайна чатыры дні на тыдзень, з пятніцы па нядзелю мы ішлі туды і бавілі час да закрыцця.

Людзі выпальвалі целы знутры ў варяцкіх танцах, перакульваючы чарку-другую, а хтосьці і больш. Часам спыняліся, стаялі, палілі, глядзелі, пераводзілі дух і зноў уключаліся ў Тэму.

Бармен, смуглы, з чорным шчаціннем, лысы, падобны на цыгана, з завушніцай, не наліваў нічога акрамя «чыстага» алкаголю. Але калі ты прымільгаўся, стаў «сваім», мог змяшаць які-небудзь просценькі кактэйль.

Калі ўсе вывальваліся ў цьмяную і хмурную раніцу, палілі апошнюю, «шчаслівую» цыгарэту. Пара, якая падымалася ад разгарачаных целаў, у святле згасаючых ранішніх ліхтароў была падобная на расплаўлены бурштын.

Раніцай пешшу спускаліся ўніз па вуліцы, у бок Перамогі, адтуль разязджаліся па дамах на ранішніх трамваях.

У траўні бар зачыніўся. Ніхто не ведаў з-за чаго. Проста ў нейкі момант яго не стала. Дзверы зачыненыя.

Ці быў ён насамрэч? А можа, мы яго прыдумалі?

Успаміны падводзілі нас. Знікалі. Спярша яны гублялі выразнасць, быццам ты зняў акуляры і ўсё стала размытым.

Потым дэталь за дэталлю знікалі зусім, сцёртыя пастаяннымі згадваннямі і «дакрананнямі».

Так рэч губляе завостраную выразнасць, калі да яе тысячы разоў датыкаешся і круціш у руках.

Адам Глобус


Асмалоўскія казкі

Так рэч губляе завостраную выразнасць, калі да яе тысячы разоў датыкаешся і круціш у руках.

Адам Глобус


Асмалоўскія казкі

Піва, віно, гарэлка

Калі тваё хлапчуковае дзяцінства прайшло ў двухпавярховым раёне мінскай Асмалоўкі, калі ты скончыў сярэднюю школу, адслужыў у войску і вярнуўся ў бацькоўскую кватэру, ніхто не здзівіцца твайму працаўладкаванню на піўзавод. Так тры таварышы Віця Грыб, Шура Шрот і Вадзік Перацяцька і апынуліся на заводзе, дзе сталі грузчыкамі. Грузілі, кралі, выпівалі. Грыб піў гарэлку, якую выменьваў у рабочых з завода «Крышталь». За два літры піва давалі паўлітроўку гарэлкі. Шрот піў віно. Рабочыя з вінзавода за літр піва выносілі паўлітровую бутэльку мацаванага віна. Перацяцька не займаўся абменамі, жлукціў крадзенае піва.

Самым слабым быў Віця Грыб. Ён хутка спіўся і ад гарэлкі памёр. Смерць таварыша так напалохала Шуру і Вадзіка, што яны дамовіліся кінуць піць. Каб спакусы выпіць было меней, мужчыны нават звольніліся з піўзавода і паўладкоўваліся грузчыкамі ў гастраном, які народ называе «Пад шпілем». Там сябры працавалі ажно да пенсіі. Яны расказвалі, што раз ці два на год да іх у краму заходзіў нябожчык Віця Грыб і прапаноўваў разам выпіць выменянай на «Крышталі» гарэлкі. Шура і Вадзік спужаліся толькі першы раз, а потым вельмі спакойна сустракалі прывід і тактоўна адмаўляліся ад яго прапаноў

Даўно няма ў Асмалоўцы ні Шуры Шрота, ні Вадзіка Перацяцькі, а цень Віці Грыба ўсё яшчэ зяўляецца на вузенькіх сцежках каля жаўтасценных двухпавярховых дамкоў і ўсё яшчэ прапаноўвае прахожым выпіць разам з ім бутэльку выменянай за піва гарэлкі.

Лес, папараць-кветка, золата

Жыла ў Асмалоўцы доўгі час бяздзетная пара Яўген і Рыта Дзічкі. Гадоў дзесяць пражылі, пакуль не нарадзілася ў іх дачка. Назвалі Златай. Звычайная сямя, звычайнае дзіцятка ў звычайным горадзе Пра што далей казаць? Пра дзівоснае.

Кожны год на Купалле Рыта і Яўген ездзілі ў лес, каб у зарасніку папараці знайсці чароўную кветку. Той, хто трымае ў руцэ папараць-кветку, бачыць месцы, дзе ў зямлю пазакопвана золата! Пасля нараджэння дачкі Яўген адзін паехаў шукаць папараць-кветку. Шукаў, блукаў і знайшоў. Загарнуў яе ў чырвоную хустачку і прывёз у Асмалоўку.

Зайшоў у кватэру. У дзвярах яго сустрэла жонка. Мужчына перадаў ёй знаходку і пайшоў прымаць душ. Ён страшэнна стаміўся ад начной вандроўкі. Думаў: памыецца, папе гарачай гарбаты з малінавым варэннем і разам з Рытай палюбуецца кветкай. Выйшаў мужчына з ванны, а ў кватэры ціха-ціха і зусім цёмна. Пайшоў у спальню. Дачка спіць і жонка спіць. Пабудзіў Яўген сваю Рыту, а тая і ведаць нічога не ведае пра дзівосную кветку. Чорт даў Яўгену пагуляцца з папараць-кветкай, а потым ператварыўся ў жонку і забраў забаўку.

Так усе ў Асмалоўцы думалі і казалі: «Чорт даў і забраў чорт». Я не спрачаюся. Ёсць у сямі Дзічак дзяўчынка, гэта не горш за падземныя скарбы з золатам. Нават лепш за іх. Цяпер Купалле Дзічкі святкуюць толькі ў горадзе, у лес па кветку не ездзяць, гадуюць Злату.

Вулічнік, бутэлька, Хатнік

У кожнай мясціне свае адметныя здані, духі і пачвары. Ёсць і ў Асмалоўцы цікавыя постаці, што прыходзяць у наш свет са свету іншага. Адну такую пачвару асмалоўцы клічуць Вулічнік. Ён носіць доўгі, ніжэй за калена, плашчык, на галаве ў яго шэры капялюш. На твары нос-бульбіна і песняроўскія сіваватыя вусы. Вочы ў Вулічніка чысцюткі блакіт і круглыя, як у Мулявіна. Сустрэнеш такога і падумаеш: пэўна, гэта артыст з опернага тэатра, балазе тэатр той побач стаіць. Лепей Вулічніка не сустракаць, бо зловіць твой позірк на сабе, зазірне ў вочы, падыдзе і прапануе разам выпіць. Вулічнік выцягне з рукава пляшку з гарэлкай і скажа, што трэба прайсці два крокі, там у яго ўтульная кватэрка, у якой можна будзе спакойна пасядзець, выпіць і пагаварыць пра жыццё-быццё. Па дарозе да кватэркі Вулічнік звычайна расказвае будучаму сабутэльніку смешныя показкі. Чалавек ідзе і ідзе за Вулічнікам, ідзе і не заўважае, што прайшоў не два крокі, а чорт ведае колькі. Можна так цэлую ноч прабадзяцца па горадзе. Адно добра, што показак наслухаешся і насмяешся на тры гады наперад.

Толік Бараноўскі з трыццатага дома прахадзіў за Вулічнікам ажно пяць гадзін. Алесь Лосік з дваццаць восьмага толькі а шостай раніцы дамоў вярнуўся, а Вулічніка ён сустрэў а восьмай вечара, калі з крамы «Суседзі» выходзіў. Васілю Казловічу з трыццаць другога пашанцавала, бо каля вайсковага вучылішча іх спыніў Хатнік. Ён прагнаў Вулічніка і завёў пянага Казловіча дамоў. Трэба сказаць, што ўсе мужчыны былі на моцным падпітку. Да цвярозых людзей Вулічнік не чапляецца. Каб ён вадзіў па Мінску жанчыну ці падлетка, пра такое ў Асмалоўцы ніхто не казаў. Вулічнік гуляе выключна ў мужчынскія гульні, мусіць, ён яшчэ не чуў пра гендарны баланс. Але гэты пачуе: такія пачвары маюць добры слых і хутка прыстасоўваюцца да новых варункаў у новым часе. І яшчэ Пазнаць Вулічніка прасцей простага, бо ў яго на руках не па пяць пальцаў, як у людзей, а па тры.

Назад Дальше