Валянцін Акудовіч
Дыялогі з Богам
© Акудовіч В., 2012
© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2015
Кніжыца, якой не мусіла быць
Я краў тры разы. Першы і трэці выпадак не дзеля гэтага аповеду. А вось другім, здаецца, будзе ў самы раз распачаць гаворку пра кніжыцу, якой не мусіла быць
Я не памятаю дакладна, калі навучыўся чытаць, але, засвоіўшы гэтую справу, чытаў такім спехам, што, здаралася, бегаў у местачковую бібліятэку па два разы на дзень. Бібліятэкарка чамусьці не давала больш за тры кніжачкі ў адны рукі, а потым злавалася, што я адно гартаю іх дзеля малюнкаў і зноў скачу ў бібліятэку напускаць холаду.
Натуральна, у мяне не хапала адвагі нагадваць ёй, што хоць я яшчэ і маленькі, але ўжо чытаю некаторыя кніжкі і без малюнкаў, у чым нескладана пераканацца, пагартаўшы хаця б тыя, што цяпер у яе пад рукой Я адно вінавата ўгінаўся і думаў, што калі вырасту, дык ажанюся не з жанчынай, а з бібліятэкай. Бо не было ў мяне тады іншага жадання, акрамя як чытаць і самому пісаць кнігі.
Калі б у тую пару мне прапанавалі на выбар: быць Уладаром усіх Сонцаў і Сусветаў ці лядашчым пісакам, нейкі твор якога ў лепшым выпадку прачытае ўсяго толькі выпадковы чалавек, я б не вагаўся ні хвіліны, бо тады быў пэўны, што быццё і людства створаныя адно дзеля таго, каб было аб чым пісаць кнігі.
Што там казаць, мне вельмі карцела і самому як мага хутчэй далучыцца да гэтай справы. Аднак, перш чым улегчыся ў перастварэнне свету, патрабавалася вырашыць адну сурёзную праблему: чым пісаць? Недарэчна было нават думаць, быццам пісьменнікі пішуць пёркавай асадкай, якой раз-пораз мусова дзяўбсці школьную чарніліцу.
І тады я скраў у старэйшага сябра аўтаручку Але кнігу я тады не напісаў, бо бацькі майго старэйшага сябра (і сябры маіх бацькоў) неяк заўважылі ў мяне скрадзенае.
Было вельмі сорамна і мне, і маім бацькам. Зрэшты, без таго пякельнага сораму сёння я б ужо і не памятаў, што першую сваю кніжку выдаў амаль праз сорак год пасля таго, як пачаў яе пісаць.
* * *І была яна зусім не падобнай на тую, што я распачынаў у дзяцінстве. Хаця нікуды той хлопчык не знік, і самыя ўдалыя мае радкі ўсё яшчэ пішуцца ягонай, дасюль не ўпэўненай у пісьме, рукой.
Чалавек увогуле ніколі нікуды не знікае некуды знікае тое жыццё, якім ён жыве. І насоўваецца іншае (некалі апошняе), з новай вярэдай, якая захоплівае без астачы. Аднойчы пра гэтыя змены я выславіўся наступным чынам:
«Калі цябе вабіць жанчына ты пішаш вершы. Калі цябе трывожыць чалавек ты пішаш прозу. Калі цябе вярэдзіць быццё ты пішаш філасофскае эсэ».
Неяк само так атрымалася, што яшчэ да таго, як склаўся зборнік вершаў, чалавек агулам мяне пачаў вабіць значна болей за жанчыну. І я забыўся на вершы, каб цалкам улегчыся ў прозу. Але пакуль пісалася кніга прозы, чалавек мяне перастаў цікавіць зусім. (Ну што там цікавага? Нарадзіўся, апладніўся, памёр вось і ўвесь чалавек.) Праўда, цалкам магчыма, што чалавек апынуўся па-за маёй увагай не з мізэрнасці чалавека, а з вусцішы быцця, якое раптам зачаравала сваёй магутнай тайніцай і тым самым адсланіла ад мяне ўсё астатняе.
Вось чаму мая першая кніжка сабралася не з вершаў і нават не з прозы, а з эсэ. Хаця ў Літаратурным інстытуце ў Маскве я вучыўся «на празаіка» і яшчэ колькі год пасля вучобы ўяўляў сваё будучае цалкам «празаічным».
Вярнуўшыся на жытво ў Мінск, я наўмысна пайшоў працаваць вартаўніком, каб заставалася даволі часу пісаць аповесці і раманы. Але пісалася не надта. І толькі пазней, калі мяне ўцягнула ў сябе і закружыла стыхія беларускай мовы, я зразумеў, з чаго гэта мне ў вартаўніцкіх каморках «не пісалася».
* * *Стыхія беларускай мовы падобная да лавіны. Яна ляжыць маўкліва і непарушна але адно да таго моманту, пакуль ты яе не зварухнуў
Я нарадзіўся і трохі асталеў у памежным з Польшчай мястэчку Свіслач. У гады майго дзяцінства там размаўлялі на беларуска-польска-рускагабрайскай трасянцы. Прынамсі, так выглядала навонкі. Толькі насамрэч у Свіслачы тады размаўлялі выключна па-беларуску. Бо мова гэта не словы, мова перадусім тая ментальная структура, якая па-свойму ўпарадкоўвае і задзіночвае словы ў адметны праект быцця Карацей, структура мовы, на якой трымалася свіслацкая трасянка, была цалкам беларускай. Хаця агрэсіўная русіфікацыя, як шашаль, ужо распачынала яе падточваць з самай сарцавіны. Таму я нават не заўважыў, як пачаў размаўляць па-руску, калі праз год пасля школы апынуўся на Мінскім маторным заводзе. І мне не да галавы было пісаць па-беларуску турысцкія песні і першыя вандроўныя нарысы, якія некалькі разоў друкавала (о то было гонару!) самая папулярная тады ў Беларусі газета «Знамя юности».
Пяць год у Маскве завяршылі маю русіфікацыю. Праўда, калі мы бралі добрую чарку, дык расейскіх сяброў раз-пораз дзівілі незнаёмыя ім выразы, што з глыбіняў маёй падсвядомасці самахоць праслізгвалі ў разрывы пяной гамонкі. (Цяпер усё да смешнага наадварот. За той жа добрай чаркай з мяне, як чарцяняты з пекла, раз-пораз выскокваюць выдаленыя ў падсвядомасць рускія словы.)
Разам з тым канчаткова «обрусившая» мяне Масква стварыла перадумовы майго будучага «нацыяналізму». Напрыканцы вучобы я вырашыў, што калі вярнуся ў Мінск вартаваць сваю адзіноту, дык перачытаю ўсе мастацкія беларускія кніжкі (менавіта так усе!). Цяпер я ўжо нават не памятаю, скуль тое жаданне ўзялося. Бадай, мне проста аднойчы зрабілася няёмка, што, няблага засвоіўшы не толькі расейскую, але еўрапейскую і сусветную літаратуры, я, лічы, зусім не ведаю сваёй. Які ж з мяне тады прафесійны літаратар?
* * *Як я ўжо казаў, у вартаўніцкіх каморках мне амаль не пісалася, затое выдатна чыталася. Самае рознае, але перадусім беларускае. Толькі чытанне як чытанне было нядоўгім, бо раптам са мною нешта здарылася, і я захлынуўся беларускім словам. Далей мяне ўжо цалкам абыходзілі героі і персанажы, сюжэты і фабулы, драматургія і мараль засталіся адно словы. Кожнае з іх паасобку я смакаваў, як першую кроплю бярозавіку, а ўсе разам піў нагбом, не раўнуючы ўсмерць асмяглы, які ўжо і не чакаў напаткаць студню.
На апошнім трохі запынюся. У тую пару мне было за трыццаць, я меў жонку, двух дзяцей, трохі публікацый, званне «Майстру спорта СССР» (аблазіў амаль усе горы савецкай імперыі) і згубнае перакананне, што, па вялікім рахунку, усё ў мяне ўжо было: і каханне, і справа, і вышыня. А значыць, ад жыцця болей не варта чагосьці чакаць, і таму далей адно застаецца трымацца свайго лапіку быцця, пакуль яно ў нейкую хвіліну не выслізне ў цябе з-пад ног без астачы
І тут здарылася мова!
Я ашалеў. Я сноўдаўся самнамбулай як закаханы. Зрэшты, чаму «як»? Я і быў закаханы ў «матчыну» мову. (Ці не такім дзіўным чынам сублімаваўся і выявіўся ў мяне «комплекс Эдыпа», якога, засвоіўшы Фрэйда, ніяк не мог знайсці ў сабе адносна роднай маці.) Я без стомы прамаўляў розныя словы ды сказы (і ўголас, і сам сабе), і з гэтага ў мяне нават пачалі пабольваць тыя цягліцы твару, што варушаць вуснамі, бо ім давялося спехам перавучвацца расцягваць і скарачаць сябе па-беларуску.
У тым салодкім шаленстве мяне трывожыў хіба адзін момант. Чым болей я нагружаў сябе мовай, тым меншым рабіўся ментальны свет, у якім я знаходзіў сябе раней. Што за трасца? Зрэшты, досыць хутка я зразумеў, у чым тут справа. Гэта мова жывасілам выцягвала мяне з неабдымнай расейскай ментальнасці ў замкнутую сама на сабе нацыянальную Беларусь.
На тую пару я згодна з усімі лічыў, што вялікае заўсёды большае за малое. І калі з грамадзяніна свету я раптам апынуўся ўсяго толькі беларусам, мяне гэтая нечаканая метамарфоза не магла не ўстурбаваць. І ўстурбавала аднак не моцна. Бо гэтаксама раптам я адчуў, наколькі мне ўтульна тут, у беларускім, і як мне было няўтульна там у неабсяжным расейскім свеце.
Што з таго, што на табе шыкоўны гарнітур, калі ён на некалькі памераў большы, чым табе патрэбна?
Так, я пераапрануўся ў зрэбную світку, затое яна была майго памеру. Божачкі, як мне зрабілася хораша!
* * *Мне зрабілася ой як хораша ды не зусім. Бо хоць сам-насам я без стомы каўтаў родныя словы, але як на людзях размаўляць па-беларуску забыўся (калі яно было, тое свіслацкае дзяцінства!).
І аднойчы я рашуча сказаў самому сабе: з гэтым трэба нешта рабіць. Я перастаў глядзець расейскае тэлебачанне і слухаць расейскае радыё, кінуў чытаць расейскія кнігі, часопісы ды газеты (толькі ад «Литературной газеты» не змог адмовіцца) і нават дзе ні йшоў, дык рускія надпісы на шыльдах перакладаў для сябе на беларускую мову Нічога не дапамагала. Што і натуральна. Нельга навучыцца плаваць, не скочыўшы ў рэчку. І тады я абвясціў сваім сямейнікам: не дзівіцеся, заўтра пачну размаўляць у хаце па-беларуску.
Каб вы адно ведалі, як назаўтра яны рагаталі з маёй беларускай мовы Але не надта доўга рагаталі. Бо адна рэч дзіцяці навучыцца хадзіць упершыню, а другая хвораму на летаргію ўстаць на ногі. Тут галоўнае не саму хаду ўспомніць, а каб жаданне рухацца вярнулася.
Праўда, яшчэ ладны кавалак часу я хоць ужо і гаварыў на людзях «мовай», але насамрэч толькі перакладаў сам сябе з рускай. Напачатку гэта мяне не моцна турбавала, бо меркаваў, што жывая практыка ўласным чынам усё верне на свае месцы. Толькі час ішоў, а нічога не мянялася, пакуль я не зразумеў, што нічога і не зменіцца, калі я не схілю сябе думаць па-беларуску.