Дыялогі з Богам (зборнік) - Валянцін Васільевіч Акудовіч 2 стр.


Праўда, яшчэ ладны кавалак часу я хоць ужо і гаварыў на людзях «мовай», але насамрэч толькі перакладаў сам сябе з рускай. Напачатку гэта мяне не моцна турбавала, бо меркаваў, што жывая практыка ўласным чынам усё верне на свае месцы. Толькі час ішоў, а нічога не мянялася, пакуль я не зразумеў, што нічога і не зменіцца, калі я не схілю сябе думаць па-беларуску.

А як схіліў дык усё адразу і склалася.

Аднак, як высветлілася пазней, тады ў сваім аптымізме я трохі запабёг наперад. Мінула колькі год, я нязмушана думаў, пісаў, размаўляў і спрачаўся пабеларуску, і ўвогуле ўжо даўно забыўся на мову як на ўласную праблему

І вось аднойчы я прачнуўся яшчэ да відна і ніяк не мог заснуць, бо мяне непакоіў мой сон. Ён быў нічым не адметны, але спаць замінаў. Я доўга муляў бакі, спрабуючы зразумець, у чым тут прычына, пакуль не згадаў, што ў тым сне і я сам і мае інфернальныя хаўруснікі размаўлялі па-беларуску.

Я шчасліва заўсміхаўся ў цямрэчы. Вось і скончыўся твой шлях да мовы! Бо калі на ёй ужо загаварыла тваё падсвядомае дык далей няма куды.

Я апошні раз перакуліўся на другі бок і адразу заснуў.

* * *

Тое, што мова насамрэч месціцца не на языку і нават не ў галаве, а ў спратах падсвядомага, я ў каторы раз пераканаўся, калі, наноў збеларушчаны, атрос ад пылу і пагартаў свае апавяданні і аповесці, напісаныя яшчэ па-руску. Навонкі тыя пісанкі мелі, здаецца, усё, што патрэбна мастацкаму твору, толькі цяпер я ўжо бачыў: яны як фанера штучна склееныя, шурпатыя і плоскія. Яны не дыхалі, і ў іх не было глыбіні. Бо пісаліся мовай, якую засвоіла мая галава, але якой не было ў маім падсвядомым. Руская мова не мела сабе апірышча ў маёй генетычнай спадчыне, у глыбінях тых стагоддзяў, якія пералічылі мне на рахунак мае продкі. І таму ёю можна было толькі называць, але нельга было называцца. У чужой мове няма твайго імя

Кожны з нас, хто сам сябе вучыў беларускай мове, быў пакліканы да навукі з нейкіх апрычоных матывацыяў. І ніхто за іншага не скажа, чаму ён гэтак зрабіў і што з сваёй навукі мае. Асабіста я з яе прыдбаў сабе лёс (да гэтага меў адно долю). І не толькі таму, што лёс кожнага літаратара перадусім знітаваны з мовай (ужо ж напэўна зусім іншымі былі б шляхі Купалы ці Брыля, каб яны пісалі па-польску, а Някляеў альбо Дранько-Майсюк па-руску?). А найперш таму, што толькі праз мову я змог пачуць, куды хіліць мяне лёс. Вядома, лёс нікога не абмінае, але калі ты ў ягоным «шолаху моўчы» не расчуеш свой кон, дык табе застанецца адно доля.

Зрэшты, у апошніх маіх сказах відавочна зашмат рыторыкі, а сёння яна не ў пашане, таму хутчэй забудземся на сказанае і наўпрост вернемся да гэтай кніжыцы, якая пачалася з захаплення беларускім словам. Але слова становіцца словам адно тады, калі прыдбае сабе адпаведны кантэкст. З майстравання кантэксту для ўлюбёных слоўкаў і пачалі стварацца показкі, апавяданні, а затым і прыпавесць «Сум на тэму вяртання».

* * *

Між іншым, гэта толькі здаецца, што кантэкст для слова таксама тчэцца з словаў. Насамрэч кантэкст ствараецца з таго часу, у якім ты спеліш словы. А час тады (канец 80-х пачатак 90-х) быў бурапенны. Рэвалюцыі, як навальніцы ў ліпені, здараліся амаль штодня. І, быццам грыбы пасля тых навальніцаў, адна за адной вырасталі на парэштках імперыі нацыянальныя дзяржавы. Была сярод іх і незалежная Беларусь.

У кантэксце паўставання айчыннай незалежнасці і распачыналася мая ўжо ўласна «беларуская проза». І пісалася яна не столькі дзеля сябе самой, колькі з мэтай мацавання кантэксту волі, які яе ствараў. Бо ўсё, што ў тую пару ні рабілася,  рабілася дзеля гэтага. Дарэчы, ніхто тады нікога не штурхаў да вызвольнай працы, вярэда свабоды і незалежнасці вырастала знутры цябе самога, як жарсць. І ўсё, што не падпадала пад пакліканне гэтай жарсці, быццам не існавала.

Мінула колькі год салодкага і вясёлага шаленства. За гэтыя гады мы змацавалі незалежнасць, але згубілі свабоду. І тады пачалася іншая эпоха (Яна перакруціць нашыя жыцці гэткім адмысловым чынам, што іх ужо нішто і ніколі потым не выпрастае.) У адзін з пахмурных дзён той, ужо іншай эпохі я перачытаў усю сваю пісаніну і зразумеў, што яна створаная не столькі мною, колькі кантэкстам, і без яго (незваротна зніклага) не мае ніякага сэнсу.

 І хай сабе,  абыякава агучыў я сітуацыю і засунуў сваю пісаніну на спод самай апошняй шуфляды, каб потым не зазіраць туды шмат год.

* * *

Мая абыякавасць да таго, што некалі прынесла мне столькі асалоды, не была штучнай, паколькі тады я ўжо быў захоплены не тым, што ёсць, а тым, чаго няма. Нават не, не захоплены я быў зачараваны феноменам няма. І таму мяне цалкам абыходзіла ўсё, што было нароблена раней. Дый як магло быць іначай, калі я нарэшце намацаў свой аўтэнтычны дыскурс метафізіку адсутнасці. Побач з велічнай тайніцай Нішто ўсё астатняе выглядала такой драбязой, што нават недарэчна было звяртаць на гэтае «астатняе» хоць якую ўвагу. Праўда, адна ранейшая вярэда ніяк мяне не пакідала гэта Беларусь. Аднак і Беларусь цяпер турбавала не столькі як эмацыйная, колькі як інтэлектуальная праблема, якая для свайго развязання патрабавала не вобразаў, а рэфлексій.

Мая абыякавасць да таго, што некалі прынесла мне столькі асалоды, не была штучнай, паколькі тады я ўжо быў захоплены не тым, што ёсць, а тым, чаго няма. Нават не, не захоплены я быў зачараваны феноменам няма. І таму мяне цалкам абыходзіла ўсё, што было нароблена раней. Дый як магло быць іначай, калі я нарэшце намацаў свой аўтэнтычны дыскурс метафізіку адсутнасці. Побач з велічнай тайніцай Нішто ўсё астатняе выглядала такой драбязой, што нават недарэчна было звяртаць на гэтае «астатняе» хоць якую ўвагу. Праўда, адна ранейшая вярэда ніяк мяне не пакідала гэта Беларусь. Аднак і Беларусь цяпер турбавала не столькі як эмацыйная, колькі як інтэлектуальная праблема, якая для свайго развязання патрабавала не вобразаў, а рэфлексій.

Між іншым, яшчэ да таго, як я намацаў свой аўтэнтычны дыскурс, сам сабою знайшоўся цалкам тоесны мне жанр эсэ. Напаткаўшы эсэ, я адразу зразумеў: і кшталт майго жыцця, і спосаб майго мыслення заўсёды былі наскрозь эсэістычныя. Гэтая сустрэча сталася, безумоўна, удачай, бо далёка не кожнаму літаратару выпадае патрапіць менавіта на свой жанр.

Далей, што б я ні пісаў (артыкул, канферэнцыйны выступ ці філасофскі трактат)  у мяне ўсё роўна атрымлівалася эсэ. Яны і склалі мае першыя тры кнігі («Мяне няма. Роздумы на руінах чалавека», «Разбурыць Парыж» і «Код адсутнасці»). Больш за тое, апошнюю кнігу «Код адсутнасці».

Вось чаму ў мяне нават у думках не было хоць калі вяртацца да сваіх показак і прыпавесцяў, а тым болей пачаткаваць імі яшчэ адну кніжыцу. Але чалавек жыве залішне доўга, і з гэтага яму не хапае вачэй, каб пабачыць, што будзе з ім за даляглядам.

* * *

Чалавек жыве залішне доўга. Я паступіў у інстытут у дваццаць пяць год, пабраўся шлюбам, здаецца, у трыццаць тры гады, прафесійна пачаў працаваць у літаратуры пасля сарака. Цяпер мне пяцьдзесят пяць, а я паспеў ужо і нажыцца, і выгадаваць дзяцей, і зрабіць у літаратуры значна болей, чым калісьці марыў (апошняе зусім не азначае, што я зрабіў у літаратуры шмат, аднак стасоўна юнацкіх мараў і часткі майго сённяшняга наробку было б даволі, каб пачувацца конча шчаслівым бажаволкам).

Дарэчы, тут нехта напэўна запярэчыць: маўляў, юнацкая мара не можа быць крытэрыем ні пражытага, ні здзейсненага. Магчыма Але асабіста я не ведаю, што можна супрацьпаставіць гэтаму крытэрыю. Кажаце: ацэнкі крытыкаў, грамадства, урэшце, сябе самога сённяшняга Не, усё гэта не ўяўляецца мне вартай мерай, раўнуючы юнацкую мару.

Дык вось, калі заданне юнацтва было выкананае, я зразумеў, што далей усялякае астатняе не мае асаблівага значэння. Бо чаго б ты яшчэ ні нагрувасціў усё гэта ўжо факультатыў. Тое, што можа быць, але гэтаксама можа і не быць.

* * *

Як толькі я запэўніўся, што сваё юнацкае заданне ўжо выканаў, дык мне натуральна закарцела зазірнуць у спод апошняй шуфлядкі, дзе марнаваўся покатам той жыццядайны кантэкст, у якім спраўдзілася мая мара. Надзіва для самога сябе я пачуўся ўтульна ў тым, здавалася, назаўжды страчаным кантэксце, і больш за тое, гартаючы добра пажоўклыя старонкі, спакваля пачаў усведамляць, што, зрэпрэсаваны вонкі, ён зусім не знік дазвання, а ўсяго толькі перабёг з бурапенных вуліц, пляцаў і тагачасных праектаў у спраты маёй экзістэнцыі. І гэта менавіта ім (і адтуль, са спратаў) надыктаваныя многія з маіх значна пазнейшых інтэлектуальных рэфлексій (ды шмат чаго яшчэ).

Тады я і падумаў, што, можа, варта наноў пераніцаваць той даўні кантэкст трывогі і любові (сёння такія выразы і вымаўляць на людзях сорамна, бо ў эпоху нічыйнага мораку кожнае пафаснае слова абражае, як здрада добраму густу), каб нагадаць хаця б самому сабе, што некалі трывога за Беларусь і любоў да свабоды былі будзённай явай і табе ў той яве было ўтульна, як ніколі і нідзе.

З гэтага няўпэўненага роздуму я пакрысе пачаў збіраць да купы ўсё (часам ужо і друкаванае ў папярэдніх кнігах), што нагадвала мне пра тую бурапенную пару

* * *

Вось так і атрымалася гэтая кніжыца, якой не мусіла быць.

2005

Зачын

Цяжка быць дурнейшым за самога сябе, але суседзі мяне пераканалі:

 Інакш з цябе пісьменніка не атрымаецца.

І сапраўды. Ужо наступнае маё апавяданне без аніводнай заўвагі прынялі ў часопіс і нават ухвалілі:

 Ну вось, нарэшце вы знайшлі сябе! А суседзі зноў:

 Дурняў друкуюць пры жыцці, а варятаў і пасля смерці.

Я пазычыў пугу і цяпер шторанак выганяю аблокі на пашу. З пугаю на плячы я пільную далягляд, каб якая хмарка не вылузнула за небакрай. А ноччу, калі людзі і аблокі паснуць, я запальваю газнічку і, падхапіўшы матыля на гусінае пёрка, сягаю ў мроі. Аднак і там, лунаючы, я ніколі не забываюся на межы дазволенага апошнімі пастановамі ўрада. Яшчэ на падысподзе небяспекі я абрываю матылю крылы, бо дырэктар выдавецтва мусіць быць пэўны, што ад майго розуму яму не прыбудзе лішняга клопату. Вось чаму мне вельмі не падабаецца, калі сёй-той на вёсцы кажа: бачыш, які разумны ў Васіля сын. Мы з паперай за хлеў ходзім, а ён з яе грошы робіць

Назад Дальше