Дыялогі з Богам (зборнік) - Валянцін Васільевіч Акудовіч 8 стр.


Валянцін Акудовіч

Дыялогі з Богам

© Акудовіч В., 2012

© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2015

Кніжыца, якой не мусіла быць

Я краў тры разы. Першы і трэці выпадак не дзеля гэтага аповеду. А вось другім, здаецца, будзе ў самы раз распачаць гаворку пра кніжыцу, якой не мусіла быць

Я не памятаю дакладна, калі навучыўся чытаць, але, засвоіўшы гэтую справу, чытаў такім спехам, што, здаралася, бегаў у местачковую бібліятэку па два разы на дзень. Бібліятэкарка чамусьці не давала больш за тры кніжачкі ў адны рукі, а потым злавалася, што я адно гартаю іх дзеля малюнкаў і зноў скачу ў бібліятэку напускаць холаду.

Натуральна, у мяне не хапала адвагі нагадваць ёй, што хоць я яшчэ і маленькі, але ўжо чытаю некаторыя кніжкі і без малюнкаў, у чым нескладана пераканацца, пагартаўшы хаця б тыя, што цяпер у яе пад рукой Я адно вінавата ўгінаўся і думаў, што калі вырасту, дык ажанюся не з жанчынай, а з бібліятэкай. Бо не было ў мяне тады іншага жадання, акрамя як чытаць і самому пісаць кнігі.

Калі б у тую пару мне прапанавалі на выбар: быць Уладаром усіх Сонцаў і Сусветаў ці лядашчым пісакам, нейкі твор якога ў лепшым выпадку прачытае ўсяго толькі выпадковы чалавек, я б не вагаўся ні хвіліны, бо тады быў пэўны, што быццё і людства створаныя адно дзеля таго, каб было аб чым пісаць кнігі.

Што там казаць, мне вельмі карцела і самому як мага хутчэй далучыцца да гэтай справы. Аднак, перш чым улегчыся ў перастварэнне свету, патрабавалася вырашыць адну сурёзную праблему: чым пісаць? Недарэчна было нават думаць, быццам пісьменнікі пішуць пёркавай асадкай, якой раз-пораз мусова дзяўбсці школьную чарніліцу.

І тады я скраў у старэйшага сябра аўтаручку Але кнігу я тады не напісаў, бо бацькі майго старэйшага сябра (і сябры маіх бацькоў) неяк заўважылі ў мяне скрадзенае.

Было вельмі сорамна і мне, і маім бацькам. Зрэшты, без таго пякельнага сораму сёння я б ужо і не памятаў, што першую сваю кніжку выдаў амаль праз сорак год пасля таго, як пачаў яе пісаць.

* * *

І была яна зусім не падобнай на тую, што я распачынаў у дзяцінстве. Хаця нікуды той хлопчык не знік, і самыя ўдалыя мае радкі ўсё яшчэ пішуцца ягонай, дасюль не ўпэўненай у пісьме, рукой.

Чалавек увогуле ніколі нікуды не знікае некуды знікае тое жыццё, якім ён жыве. І насоўваецца іншае (некалі апошняе), з новай вярэдай, якая захоплівае без астачы. Аднойчы пра гэтыя змены я выславіўся наступным чынам:

«Калі цябе вабіць жанчына ты пішаш вершы. Калі цябе трывожыць чалавек ты пішаш прозу. Калі цябе вярэдзіць быццё ты пішаш філасофскае эсэ».

Неяк само так атрымалася, што яшчэ да таго, як склаўся зборнік вершаў, чалавек агулам мяне пачаў вабіць значна болей за жанчыну. І я забыўся на вершы, каб цалкам улегчыся ў прозу. Але пакуль пісалася кніга прозы, чалавек мяне перастаў цікавіць зусім. (Ну што там цікавага? Нарадзіўся, апладніўся, памёр вось і ўвесь чалавек.) Праўда, цалкам магчыма, што чалавек апынуўся па-за маёй увагай не з мізэрнасці чалавека, а з вусцішы быцця, якое раптам зачаравала сваёй магутнай тайніцай і тым самым адсланіла ад мяне ўсё астатняе.

Вось чаму мая першая кніжка сабралася не з вершаў і нават не з прозы, а з эсэ. Хаця ў Літаратурным інстытуце ў Маскве я вучыўся «на празаіка» і яшчэ колькі год пасля вучобы ўяўляў сваё будучае цалкам «празаічным».

Вярнуўшыся на жытво ў Мінск, я наўмысна пайшоў працаваць вартаўніком, каб заставалася даволі часу пісаць аповесці і раманы. Але пісалася не надта. І толькі пазней, калі мяне ўцягнула ў сябе і закружыла стыхія беларускай мовы, я зразумеў, з чаго гэта мне ў вартаўніцкіх каморках «не пісалася».

* * *

Стыхія беларускай мовы падобная да лавіны. Яна ляжыць маўкліва і непарушна але адно да таго моманту, пакуль ты яе не зварухнуў

Я нарадзіўся і трохі асталеў у памежным з Польшчай мястэчку Свіслач. У гады майго дзяцінства там размаўлялі на беларуска-польска-рускагабрайскай трасянцы. Прынамсі, так выглядала навонкі. Толькі насамрэч у Свіслачы тады размаўлялі выключна па-беларуску. Бо мова гэта не словы, мова перадусім тая ментальная структура, якая па-свойму ўпарадкоўвае і задзіночвае словы ў адметны праект быцця Карацей, структура мовы, на якой трымалася свіслацкая трасянка, была цалкам беларускай. Хаця агрэсіўная русіфікацыя, як шашаль, ужо распачынала яе падточваць з самай сарцавіны. Таму я нават не заўважыў, як пачаў размаўляць па-руску, калі праз год пасля школы апынуўся на Мінскім маторным заводзе. І мне не да галавы было пісаць па-беларуску турысцкія песні і першыя вандроўныя нарысы, якія некалькі разоў друкавала (о то было гонару!) самая папулярная тады ў Беларусі газета «Знамя юности».

Назад