Дыялогі з Богам (зборнік) - Валянцін Васільевіч Акудовіч 7 стр.


 А чаму цябе навучылі?

 Хадзіць па дарогах і без дарог.

 Хада гэта не работа, хада гэта шлях да работы. А калі ты прыходзіў, дык што там рабіў?

 Калі я прыходзіў, то ішоў далей.

 Дык ты пасвіў вецер,  здагадаўся варштат.

На падворку суседа бязладна скакала сякера. Ён падумаў, што яму не абысціся без сякеры, і пайшоў праз дарогу да суседа.

Пасярод занядбанага двара стаяў маленькі вазок з брызентавымі крыламі. Дробны, як згублены грошык, гаспадар кінуў абчэсваць бярозавы калок і з ахвотай патлумачыў:

 Раней я хацеў змайстраваць драбіну на неба, але пасля ўзважыў: ну, усцягнуся туды, і што? Буду сядзець на драбіне, як жаба на карчы.

 Калі паляціш, накінь кажух. На небе халадней, чым на зямлі.

 Я сена нацерушу і посцілкай падаткнуся.

 А куды табе трэба?

 Абы ад зямлі адарвацца. Каб ты адно ведаў, як яна мне апрыкла.

 Ці вернешся?

 Не ведаю. Дзяцей у мяне не было, а жонка памерла. Цяпер куды закарціць, туды і палячу. Ніхто за крысо не трымае.

 Сякеру з сабой возьмеш?

 На халеру яна здалася? Яшчэ зваліцца каму на галаву.

 Ну, тады ляці.

 Можа, дзе жонку сустрэну

 Жанчыны на неба рэдка трапляюць.

 Хто ведае? Людзі чаго толькі не чаўпуць, а як яно на самай справе бывае, хто ведае?

Сонца было лагодным, а далеч празрыстай. У накірунку выраю шуганула ладная сціжма ластавак і зноў запанаваў спакой.

«Каб восень была заўсёды, паміраць было б лёгка»,  думаў ён, напрасткі прамінаючы пожню.

Ад хутара дзеда засталіся толькі састарэлая дзічка і мураваны склеп. Падчас вайны ў ім хаваліся людзі з суседніх вёсак, а ў мірную пару на доўгіх паліцах берагліся да вясны антонаўкі і каштэлі.

 Бомбы гэта яшчэ не самае горшае,  сказаў склеп.

 Ці бывае што горшае за вайну?

Не дачакаўшыся адказу, ён па ацалелых сходах сышоў у нетры. У даўкай цемры пахла не яблыкамі, а невараццю.

Ён запаліў сярнічку, каб агледзецца і прайсці аж да тыльнай сцяны, дзе звычайна клаліся каштэлі. Падшыванцам ён заўсёды чакаў зручнага моманту, каб крадком праслізнуць туды і з пахкай цемры выхапіць салодкі, як грэх, яблык.

 Не хадзі туды,  сказаў склеп.

І ён паслухаўся, ды і сярнічка ўжо згасла.

На сонцы ціха назвоньвала цішыню срэбра павуты. Удзірванелая зямля была спрэс усланая драбнюткімі грушамі. Ён падумаў перапытацца пра вайну яшчэ ў дрэва, але адразу расхацеў. Калі восенню на гарышча не ссыпаюць дзічкі, а ў склеп яблыкі дык што там у каго пытацца. Ён толькі назбіраў поўную торбу дзічак і пайшоў. Але ўжо не напрасткі праз пожню, а па ледзь прыкметнай сцежцы да гасцінца.

Яна карміла курэй, ён стаяў пад яблыняй і спадылба пазіраў на нізкае сонца. Неўзабаве сонца асела ў гушчар старых могілак, а куры разбрыліся па завуголлі. Трэба было развітвацца, аднак яны марудзілі. Жанчына азірнулася і знайшла сабе зграбаць бацвінне, а ён глядзеў на яе і думаў, што іхнія хаты амаль кранаюць адна адну стрэхамі і гэта, напэўна ж, не выпадкова.

 Вам трэба паставіць плот,  сказала яна.  Неабгароджаная хата як голая дзеўка

 Тады давядзецца хадзіць да вас праз вуліцу.

 Можна зрабіць брамку.

 Брамка будзе рыпець.

 У дбайнага гаспадара брамка не рыпіць. Раптам зашумела неба, і над імі прыпыніўся вазок. Сусед схіліўся долу і радасна паведаміў:

 Цяпер я ведаю, чым ёсць вецер. Гэта такія дробненькія вусякі, можа ў сто разоў драбнейшыя за вош. Яны збіраюцца натоўпамі і лётаюць абыкуды, а мы кажам, што гэта дзьме вецер. Раней я ўсё дзівіўся, як можа дзьмуць тое, чаго няма, бо калі вецер не дзьме, дык яго няма

 Ты часам не бачыў там двух анёлкаў?  перапыніла яго жанчына.  Такія ружовенькія, з маркотнымі вачыма

 Там шмат хто сноўдаецца, хіба ўсіх згадаеш?  сцепануў плячыма сусед і пакіраваў на свой падворак.

Над імі зноў расхінулася настылае шэрае неба, і яны доўга ўглядаліся ў гэтую шэрань, спрабуючы разгледзець прыкметы тамтэйшага жыцця. Але адсюль нічога не было відаць. Яны ўнурыліся кожны ў сваё і моўчкі разбрыліся па хатах.

Каторы дзень таўсматыя хмары наплывалі на мястэчка, каб тут апрастацца ад сцюдзёнага друзу. Гурбы снегу падымаліся на вачах і ў нейкі момант перапынілі ўсялякі рух. Нават трактары кінулі грукатаць, каб не захлынуцца снегам. Свет знерухомеў, і што ні рэч, што ні істота усё апынулася сам-насам, як быццам ужо выспела вечнасць. Быццё страціла свой пакрыёмы змест, які раней трымаўся на повязях усяго з усім, і прысутнасць кожнага цяпер высвятлялася адно яго ўласным сэнсам. «А калі ўва мне ніякага сэнсу няма,  сам у сябе запытаўся чалавек,  а яго напэўна няма, дык што можа акрэсліць мой змест? Хіба толькі вось гэтыя дзверы, гэтая лава, гэтая столь над галавой. Ці не таму чалавек выгароджвае сабе месца ў прасторы плотам, сценамі, фіранкай, што без хоць якой агароджы ён адно рухомая цень на пялёстках быцця?»

Чалавек глядзеў на засмечаную снегам шыбу і слухаў, як запавольваюць хаду ходзікі. Неўзабаве яны зусім спыніліся. У хаце запанавала цішыня. Сэрца таксама ўтаймавалася. Гэтай хвіліны ён чакаў шмат гадоў, на яе прышласць абапіраўся, прымаючы будучыню. І вось яна настала. Свет белы ад снегу, і ён у сваёй хаце лашчыцца спінай да выпаленай печы.

Вецер вымеў з нябёсаў увесь ледзяны хлуд, і жанчына з мужчынам зноў перастрэліся ля студні.

 Вы яшчэ тут?  як бы здзівілася яна.

 Можа і няблага, што я вярнуўся на зіму. Пакуль растане снег і высахнуць дарогі, можа, абвыкнуся. Зімой хочацца быць там, дзе ты ёсць, а ўлетку там, дзе цябе няма.

 У нас тут добра.

 Адзін чалавек раіў: ніколі не вяртайся туды, дзе табе некалі было добра. Цябе там сустрэне нуда.

 Я гэта таксама ведаю, бо змушаная хадзіць па сцежках маладосці. Але гэта калі ідзеш без клопату.

 Дзе прыдбаць такі клопат, ад якога чэзне нуда?

 Клопат прыдбаць лёгка. Спачатку трэба ўзяць сабаку, потым знайсці жанчыну, а па вясне пасадзіць бульбу і купіць парася. Але найперш вам след павесіць фіранкі на вокнах. Хто ні ідзе па ходніку, зазірае ў хату. Гэта як жыць на шашы.

 Мне звыкла жыць у дарозе.

 Я вам пашыю фіранкі.

 Дзякуй. Сёння чырвонае сонца, і падвячоркам мароз асядзе на вокнах. Вось і будзе мне заслона ад чужога вока.

 Маразы ў нас доўга не трымаюцца.

 А што на свеце доўга трымаецца?

 Вашая праўда. Але якраз таму і патрэбныя фіранкі. Яны, як запруда на рэчцы, затрымліваюць струменьчык часу, і тады яго збіраецца даволі, каб нарадзіць дзяцей і дачакацца ўнукаў.

Як быццам іх шпурлянулі, пападалі на сцежку верабі.

Ён стаяў на ганку, і ганку было прыемна, што на яго абапіраецца гаспадар.

 Пастой ля дзвярэй,  схітраваў ганак.  Дзверы любяць быць зачыненымі.

 Мы любім, каб нас зачынялі. А гэта зусім іншае.

З розных куткоў зімы вярталіся на ноч людзі і машыны. Ён глядзеў на людзей і машыны, слухаў галашэнне варон, якія чорным кропам засмецілі барву неба, і казаў ці то ганку, ці то дзвярам:

 Добра бярэцца на мароз. Не адзін верабей акалее да ранку, калі не ўвабецца ў застрэшша.

 Халера іх не возьме. Такая шкодная птушка, дзе крок зробіць, там і нагадзіць,  сварліва заўважыў ганак.

 Не ўсё адно, хто па табе топчацца, чалавек ці птушка? А дзверы толькі для чалавека.

 Ды хопіць вам сварыцца, разумнікі, памяркоўна сказаў чалавек, аббіў боты ад снегу і ўвайшоў у хату.

У сенях зняў ватоўку, скінуў на цвік шапку і пасунуў твар да люстэрка.

 Здымі бараду,  параіла люстэрка.  Жанчыны любяць маладых.

 Жанчыны любяць тых, хто іх любіць,  запярэчыў ён і нахіліўся распаліць пліту.

 Ну, як табе сёння на бацькаўшчыне?  адно ўсчаўшыся, запытаўся агонь.

Ён нічога не адказаў і прычыніў засланку.

Як толькі ў вакне суседкі гасла святло, ён падсоўваў да ложка табурэтку, ставіў на яе попельніцу, кубак з моцнай гарбатай і залазіў пад коўдру.

Ён муляў бакі, паліў цыгарэты, зрэдку глытаў гарбату і думаў усё пра адно. Ён вярнуўся на бацькаўшчыну жыць ці паміраць? Калі жыць, дык трэба павесіць фіранкі на вокнах і шукаць нейкую сталую працу.

Аднак жыць не вельмі хацелася. Ён ужо раней перабраў усё, што ў жыцця было загатавана для чалавека, а паўтарацца, пэўна ж, не мела сэнсу.

Жыць не вельмі хацелася, паміраць таксама. Як ні круці, выходзіла зноў праставаць у дарогу. Там хутчэй стаптаць рэшткі гадоў.

Але, перш чым звягнуць брамкай, трэба было ўспомніць, чаму ён вярнуўся дахаты.

Назад Дальше