Карацей кажучы, ён быў не тым, чым (кім) быў, а тым, што ведаў (як вагі, якія ведаюць вагу таго, што важаць, і не ведаюць уласнай вагі). Адсюль і прынцыповая няздольнасць антычнага я-чалавека да вылучэння сябе з універсальнага цэлага ў нешта асобнае, асобавае.
Зрэшты (ці адпаведна), ён і не бачыў у гэтым патрэбы, паколькі ідэалагемы ўсіх мэтаў тады былі скіраваныя на ўлучэнне сінгулярнага ва ўніверсальнае, з чаго татальнасць гармоніі чалавека і ўніверсальна цэлага бачылася абсалютным ідэалам.
У адцягнена-тэарэтычным плане такая ідэалогія светагляду, магчыма, выдае на найдасканалую, але, здаецца, менавіта ўтойванне я-чалавека ў тоеснасці з універсальным цэлым сталася прычынай заняпаду антычнасці ва ўсіх яе значэннях.
Нараджэнне я-чалавека
Самаанігіляцыя антычнай цывілізацыі адна з найвялікіх тайніцаў Тэкставай эры. Не выдавала б на нешта дзіўнае, каб антычнасць трансфармавалася ў нешта іншае, прарасла новымі формамі сацыяльнасці ды мыслення, нават, хай сабе, абярнулася нечым супрацлеглым, нейкай апазіцыяй самой сабе. Аднак нічога гэтага не сталася, антычнасць, лічы, без рэшткаў знікла з кантэксту еўрапейскай цывілізацыі.
Зноў жа, чаго толькі не знікае дазвання з гэтага свету, але за тое, што антычнасць мела ў сабе магутны патэнцыял для наступнасці, сведчыць яе татальнае вяртанне (герменеўтычна сканструяванае з ацалелых рэшткаў) ужо ў сусветны культуралагічны дыскурс.
Антычнасць вярнулася, і нават сваім вяртаннем пазначыла цэлую эпоху (Рэнесанс), і з таго часу застаецца сярод загалоўных чыннікаў ды дзейнікаў прынамсі еўрапейскай культуры Дык што здарылася тады? Чаму вялікая і, як на тую пару, дасканалая цывілізацыя з безліччу адмысловых міфаў, магутнай філасофіяй, упарадкаванай сацыяльнасцю неўпрыкмет змарнела ў нішто?
На гэтае пытанне існуе шмат адказаў, але іх занадта, каб хоць нейкаму даць веры, нават найбольш папулярнаму, які ў самых розных мадыфікацыях абапіраецца на адну і тую ж версію: маўляў, чалавеку нарэшце адкрыўся сапраўдны Бог і тым самым быў «пастаўлены крыж» на паганскіх кумірах і паганскім ладзе жыцця.
Антычная міфалогія ведала даволі багоў і герояў, якія пераўзыходзілі Хрыста ў пакутах за людства, антычная філасофія мела колькі заўгодна інтэлігібельных канструкцыяў, кожная з якіх пры неабходнасці магла актуалізавацца ў монатэістычнага Бога, антычная этыка ў сваіх маральных тэзах нічым не саступала этычнаму імператыву Нагорнай казані (згадаем хаця б «Залатыя вершы» піфагарыйцаў) Дык чаму антычнасць не змагла вымкнуць з сябе нешта падобнае да хрысціянскага Бога, які б з сярэдзіны перарэфармаваў яе структуру і лад адпаведна наспелым патрэбам, а чакала (дачакалася!) прышлага, што яе, урэшце, і згубіла?
Бадай, адна з асноўных прычынаў татальнага адыходу еўрапейскага людства ад антычнай стратэгіі быцця палягала не ў тым, што хрысціянства запрапанавала яму «лепшы» міф, «лепшую» этыку, «лепшага» Бога (усё гэта «лепшае» падкрэслім яшчэ раз мелася і ў інтэлігібельным дыскурсе антычнасці), а ў тым, што ў хрысціянскай мадэлі быцця знайшлося персанальнае месца асобнаму чалавеку.
Хрысціянства вылучыла кожнага асобнага чалавека з эйдасу чалавека і адкрыла яму: ты ёсць як Ты. Але яно не толькі пазначыла персанальную наяўнасць я-чалавека ў каардынатах рэальнага быцця, яно яшчэ і паабяцала яму месца ў быцці ірэальным. Займеўшы магчымасць быць не толькі тут і цяпер, але яшчэ там і потым, я-чалавек не схацеў болей быць як не-быць энтылехіяй эйдасу чалавека тут і ўласна эйдасам там. Таму ён без асаблівай шкадобы да назапашаных багаццяў пакінуў залатыя харомы антыкі ды схаваўся ў смуродлівыя прыцемкі катакомбаў, каб там намацаць самога сябе як найвялікшую з магчымых для сябе каштоўнасцяў быцця.
Заакцэнтуем увагу на слове «пакінуў», бо ў маім разуменні яно зяўляецца лёсавызначальным, што да антычнай цывілізацыі: ніхто гэтую цывілізацыю не бурыў, не знішчаў, не заваёўваў (хаця, натуральна, і бурылі, і зніштажалі, і заваёўвалі ды не пра тое тут гаворка) чалавек яе проста пакінуў, пакінуў з ўсёй матэрыяльнай і духоўнай раскошай дзеля раскошы мець самога сябе.
Інакш кажучы, у антычнай цывілізацыі, здаецца, было ўсё, што трэба чалавеку, акрамя патэнцыі да актуалізацыі я-чалавека як адзіна перспектыўнай для яго падзеі быцця адкуль і вядомы вынік, які сама яна нават не здолела асэнсаваць: неўпрыкмет сканала, шчасліва не разумеючы, што здарылася і з чаго так здарылася?!
Трансцэндэнтны гарант я-чалавека
Вышэйсказанае ўтрымлівае як бы відавочную хібу: адзіна перспектыўнай і першай, ва ўсіх сэнсах, падзеяй быцця ў хрысціянскую эпоху быў не я-чалавек, а Бог. Фармальна, пагодзімся, гэта безумоўна так. Але разам з тым заўпарцімся: сутнасным зместам монатэістычна сфармалізаванай трансцэндэнцыі стаўся менавіта я-чалавек, які праз персанальны хаўрус з Богам рэалізаваў наспелую патрэбу абгрунтаваць сваю значнасць як субекта ісціны быцця.
Скуль раптам узнікла менавіта такая патрэба? Прычына быццам нечаканага скоку з універсальнага для ўсяго існага дыскурса ў сінгулярную тоеснасць з Богам мне бачыцца ў наступным. Тэкст пашырыў расцярэблены ў эру Міфу лапік а-рэальнасці да памераў практычна неабмежаванай прасторы, якая з прычыны сваёй неабмежаванасці змагла запрапанаваць персанальнае месца ў быцці кожнаму асобнаму чалавеку, з чаго ў я-чалавека зявілася магчымасць займець індывідуальныя стасункі з самім сабой як з персанальнай ісцінай быцця.
Да таго ж Тэкст, рассунуўшы прастору ёсць у бязмежжа было і трывала замацаваўшы версію верагоднасці будзе, адначасна з «вонкавай» прасторай (двукоссі тут таму, што а-рэальнасць паходзіць з інтэлігібельнага патэнцыялу чалавека і хаця наяўна фіксуецца ў тэхнагібельным рэльефе цывілізацыі, але быційна адбываецца ўнутры я-чалавека) змяніў і «ўнутраную», экзістэнцыйную прастору я-чалавека, якая павялічылася праз параметры было і будзе да той бязмежнай меры, што ўжо дазваляла я-чалавеку змясціць усюдыіснага Бога ў апрычоную тэрыторыю самога сябе. (Інакш кажучы, цяпер чалавеку спатрэбіўся такі Бог, які б улічыў гэтую перамену, улучыўшы яе эмбівалентны сэнс у сваю трансцэндэнтную сутву.)
Сярод паганскіх багоў не знайшлося такога, які б здолеў, не пакідаючы ўніверсальнага космасу, засвоіць сінгулярны космас я-чалавека, абжыць яго як свой уласны дом і тым самым гарантаваць кожнаму я-чалавеку статус агента ісціны. Як ні блізка да я-чалавека мясціліся ранейшыя багі (Ра на падворку Сонца, Зеўс на гары Алімп, Ярыла за бліжэйшай хмурынкай), аднак ім было не па сілах пераадолець тую дыстанцыю абыякавасці, што адмяжоўвала іх ад ячалавека, і хаця субстанцыянальна паганскія багі нібыта ўдзельнічалі ва ўсіх чалавечых справах, але гэты ўдзел меў адно значэнне пры-сутнасці ля сутнасных акцыяў я-чалавека і не прадугледжваў магчымасці трансфармацыі ў бок экзістэнцыйнага збліжэння з я-чалавекам, тым болей таясамасці з ім у адзінай сакральнай прасторы
Новы Бог, які адкрыўся еўрапейскаму чалавецтву, быў гранічна чалавечым Богам. Ён перадусім апекаваўся чалавекам, і таму ў яго атрымалася забяспечыць я-чалавеку наспелую перамену статусу: пад апякунствам гэтага Бога я-чалавек з меры існага стаўся тым, што вымяраецца існым, як ягоная, існага, ісціна.
У Богу я-чалавек знайшоў найбольш важкі аргумент на карысць каштоўнасці самога сябе. Калі Бог стасуецца непасрэдна да мяне, калі ён заангажаваны мною, дык пэўна я патрэбны Богу як тое, без чаго яму цяжка абысціся. Адсюль вынікае, што ў нейкім сэнсе маё «я» апірышча Бога, і, значыць, у прасторы а-рэальнасці яно ўяўляе супольную з Богам падзею быцця.
Бог, як я-чалавек, адсунуты ад самога сябе ў неверагодную далеч і я-чалавек, як Бог, ссунуты з гэтай неверагоднай далечы ў прыхапкі я-чалавеку такой была асноведзь новай сітуацыі, якая далей абектыўна вымагала натуралізацыі бога-чалавека ў значэннях чалавека-бога.
Персаналізаваўшы Бога ў Ісусе, хрысціянскі чалавек канчаткова паставіў знак тоеснасці паміж сабой і Богам і тым самым улучыў сябе ў ісціну быцця. Разам з тым гэтая працэдура сталася і вырашэннем праблемы я-чалавека ўвогуле, бо дзякуючы антрапамізацыі Бога, чалавек амаль на тысячагоддзе пазбег пытання: хто я?
Урэшце, феномен Бога быў ні чым іншым, як татальным адказам на ўсе верагодна магчымыя запытанні я-чалавека пра змест існага і сэнс прысутнасці яго, я-чалавека, у бытнаванні быцця.
Бог гэта Адказ. А ўсе астатнія яго функцыі прыкладныя.
Хрысціянства эпоха вялікага запытання. Бог роўнавялікі адказ на яго.
Словабог
Хрысціянскі Бог нарадзіўся ва ўлонні Тэксту і Тэкстам быў узгадаваны як Бог. З удзячнасці за гэта Бог заканстытуяваў Тэкст (Біблію) у якасці новай рэальнасці (а-рэальнасці) быцця.
Зрэшты, апошняе зусім натуральна. Змешчаны пад вокладку Бібліі, Бог проста такі мусіў пастуляваць Тэкст у якасці сакральнай прасторы, каб надаць Тэксту тую значнасць, якая б адпавядала Ягонай самапрэзентацыі.