Алесь Аркуш
Мясцовы час
© Аркуш А., 2014
© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2017
Частка першая
Павал Іванавіч патэлефанаваў мне недзе праз год пасьля нашай сустрэчы і папрасіў зноў пабачыцца на тым самым месцы на лавачцы ў сквэры праспэкта Карла Маркса. Калі казаць шчыра, я чакаў яго званка.
Мужчына амаль не зьмяніўся. Толькі твар яшчэ больш пакрыўся зморшчынамі. Як і ў першы раз, ён прыйшоў раней і чакаў мяне. Узьняўся з лаўкі і прывітаўся поціскам рукі. Даўно заўважыў, што старыя людзі заўжды, калі сядзяць, устаюць, каб парукацца пры сустрэчы.
Як у вас справы? гэтым разам першым пачаў размову Павал Іванавіч.
Нібыта ўсё нармальна. Выйшла мая трэцяя кніжка.
Віншую, віншую! Гэта важная падзея! ён яшчэ раз паціснуў мне руку. Рады за вас!
Шалёна пах бэз. Зь дзяцінства цьвіценьне бэзу ў мяне атаясамлялася з сапраўднай вясной. Да школы ў сваім родным маленькім гарадку я ішоў па алеі, якая абапал была абсажаная бэзам. Прыходзіла вясна, бэз выбухоўваў кветам, і гэта сьведчыла, што да школьных вакацыяў засталося зусім ня шмат часу. І тады я на крылах ляцеў са школы дахаты. І абавязкова адломваў галінку бэзу, якая потым стаяла ў вазе на пісьмовым стале, напаўняючы пакой саладжавым пахам.
Вы, напэўна, хочаце даведацца, навошта я вас яшчэ раз паклікаў? абудзіў мяне ад развагаў Павал Іванавіч.
Калі быць шчырым, я чакаў вашага званка.
Ня ведаю, колькі ўжо мне засталося Можа, вы маеце якія пытаньні да мяне?
Маю толькі адно пытаньне: як вы гэта ўсё вытрымалі?
Павал Іванавіч зірнуў мне ў вочы, пасьміхнуўся і прамовіў:
Звычайна. Няма тут ніякага геройства. Гэта нармальныя паводзіны нармальнага чалавека. Іншая справа, што нармальнасьць робіцца ўсё большай рэдкасьцю. Бо за нармальнасьць можна атрымаць па шыі.
Павал Іванавіч зірнуў у бок той лаўкі, дзе пры мінулай сустрэчы сядзеў «дзядок» з газэтай. Гэтым разам на ёй нікога не было.
Сёньня няма вашага куратара, пажартаваў я.
Недзе ёсьць іншы. Абавязкова, суразмоўнік засьмяяўся ціхім сьмехам. Затым стаў зноў сурёзным і амаль шэптам прамовіў:
Паабяцайце, што напішаце.
І я расказаў Паўлу Іванавічу сваю гісторыю.
Я вучыўся ў Інстытуце народнай гаспадаркі. Юнаком мне здавалася, што вучыцца там вельмі прэстыжна. Маўляў, з наргасаўскім дыплёмам будзеш добра ўладкаваным у жыцьці. Але на той час я ўжо гарэў паэзіяй. Зьявіліся мае першыя публікацыі, і мне стала не да вучобы. Найбольш страшнай для мяне дысцыплінай было матэматычнае праграмаваньне. Я абсалютна нічога ў ім ня цяміў. Выкладаў яе прафэсар Саковіч, вельмі суворы дзядзька, якога баяліся нядбайныя студэнты. І нечакана той прафэсар палюбіў мяне. На практычных занятках выклікаў да дошкі і замест нейкіх сваіх заданьняў прасіў пачытаць вершы. За вершы я атрымліваў выдатныя адзнакі. На іспытах таксама атрымаў «выдатна» сьпісаў з канспэкту. Прафэсар Саковіч, развітваючыся са мной, сказаў, што мне не патрэбныя ўсе гэтыя бухгальтарскія ўлікі і разьлікі ён гэта выдатна разумее, бо мой лёс абірае іншы шлях. І папрасіў, калі выйдзе мая першая кніжка, каб я яму абавязкова даслаў з аўтографам. Я паабяцаў. Але згадаў пра сваё абяцаньне вельмі позна. Калі пачаў расшукваць прафэсара Саковіча, яго ўжо не было на гэтым сьвеце. І гэтае спазьненьне дагэтуль вісіць камнем на маёй душы. Цяпер стараюся выконваць свае абяцаньні. Баюся спазьніцца.
І вось пішу.
* * *А давайце назавем гурт «Заёбісты час»! бубнач неяк нязвыкла шапялявіў, таму імкнуўся гаварыць выразна і на поўны голас, як чалавек, які ніколі не забывае пра сваю праблему і імкнецца трымаць яе пад кантролем.
Ну ты дэбіл! бас-гітарыст быў мальцам прамым і ніколі не выбіраў словаў для выказваньня сваіх нават самых складаных думак. І як ты сабе ўяўляеш афішу: у нашым горадзе з адзіным канцэртам «Заёбісты час». Або на радыё вядоўца кажа: а зараз паслухаем новую песьню «Заёбістага часу» «Поўны пісец».
Бубнач зарагатаў як дзіця-шкоднік, які толькі што напракудзіў. І сьмех ягоны быў зь нейкім дзіўным тэмбрам. Мне нават падумалася: трэба яму паспрабаваць засьпяваць, можа атрымаецца як у Філа Колінза, бо для рок-выканаўцы галоўнае нязвыкласьць і пазнавальнасьць.
Аніякае радыё нам ня сьвеціць. А так хоць назва будзе заёбістая. Бубнач не здаваўся і працягваў разьвіваць сваю думку. Будуць перапісваць на магнітафоны. Падпольны рок самае тое.
А запісвацца будзем на тваю «Ноту». Бас-гітарыст пасьпяваў першым рэагаваць на словы бубнача.
Годзе цырк ладзіць, мы сурёзнае пытаньне абмяркоўваем. Як карабель назавеш, так далей і паплывеш. Алесь Кузьмін, якога сябры звалі дзіўнай мянушкай Фула, вакаліст гурта, вырашыў навесьці парадак на сходзе калектыву. Засталося яшчэ алоўкам пастукаць па графіне.
Ну вось і я кажу: заёбіста паплывем. Бубнач зноў засьмяўся сваім дэфэктыўным сьмехам, адкідваючыся ўсім целам назад.
Ну дэбіл, што зь яго возьмеш. Бас-гітарыст устаў, падыўшоў да бубнача і выпісаў яму поўху.
Толькі бяз рукапрыкладства, працягваючы сьмяяцца, бубнач накрыў сваю галаву рукамі.
Макс, сядзь на месца. А ты, Сьвідрыцкі, харэ блазнавацца. Фула павярнуўся да лідар-гітарыста і сказаў: А ты чаго, Дракеша, маўчыш? Скажы хоць штосьці.
Сьвідрыцкі, і праўда, харэ хернёй займацца. Няма часу зубы сушыць. Давайце па-сурёзнаму.
Час гэта грошы, толькі чамусьці я гэтых грошай ніколі ня бачыў, Сьвідрыцкі перастаў сьмяяцца і змяніў тэму.
Заўважу, што мясцовы час ужо дваццаць сорак. Крамы вось-вось зачыняцца. Макс паглядзеў на гадзіньнік і пляснуў рукой па сьцягне. Затым дастаў з кішэні нагавіц гаманец, палічыў у ім стосік дробных банкнотаў.
А чаму б не назваць наш гурт «Мясцовы час»? неяк няўпэўнена, нібыта пускаючы пробны шар, прапанаваў Фула. З аднаго боку і патрыятычна атрымліваецца, маўляў, прыйшоў наш уласны час беларускі. І, зь іншага боку, ня ў лоб. Хто ня ў тэме, той не зразумее.
«Мясцовы час» дык «Мясцовы час» пара разьбягацца, Макс зноў дастаў з кішэні гаманец.
Сьвідрыцкі, палова назвы твая, палова Фулы. Таму вы і прастаўляеце, адчуўшы, што кампраміс блізкі, узрадаваўся Дракеша.
А ўсё ж «Заёбісты час» лепш. Але лады, супраць калектыву не пайду.
На твары Сьвідрыцкага зноў зьявілася блазнаватая ўсьмешка. Відавочна, бубнач быў задаволены, што ягонае выдурваньне завершылася канструктыўна.
Ну тады ў першым чытаньні прымаем пастанову пра назву гурта «Мясцовы час». Хто за падняць руку. Хто ўстрымаўся? Хто супраць? Прынята адзінагалосна! Фула ўстаў і запляскаў у далоні. Астатнія таксама паўскоквалі са сваіх месцаў.
Кожнага чакалі ўласныя справы. Толькі Сьвідрыцкі нікуды не сьпяшаўся. Ён сеў за свае бубны і талеркі і выканаў троххвіліннае сола.
* * *Я сустрэў яго выпадкова. У цэнтры Полацка віравала сьвята горада. Усё гудзела і рухалася ў нейкім млявым, павольным рытме. Са сцэны на плошчы кагосьці віншавалі. А аднекуль зь іншай сьвяточнай пляцоўкі далятала занудная, траскучая музыка, якая глушыла словы выступоўцаў, ператвараючы ўсё ў балаган.
Ён стаяў пасярод пляца Свабоды зь дзьвюма дзяўчынамі Дракешу я ня бачыў, магчыма, гадоў пятнаццаць. Лідар-гітарыст «Мясцовага часу» зусім не зьмяніўся. Толькі яго гнілыя пярэднія зубы сьведчылі, што час няўмольны. Мы цёпла павіталіся і нават абняліся.
Як ты? спытаць нешта больш сэнсоўнае ў мяне адразу не атрымалася.
Я па-ранейшаму пры музыцы. У Доме культуры Дракеша таксама ня ведаў зь якой старонкі постмясцовагачасу пачаць распавядаць.
Чуў, што няма ўжо Сьвідрыцкага. Я даведаўся пра гэтую трагедыю ад Руслана, клявішніка «Мясцовага часу», зь якім пэрыядычна кантактаваў праз Фэйсбук і скайп.
Ну так, няма Свідрыгона, Дракеша глыбока ўздыхнуў і заціх.
Я чакаў, што ён нешта распавядзе, удакладніць. Але Дракеша зь нейкай штучнай усьмешкай на твары маўчаў.
І што здарылася? усё ж я хацеў пачуць вэрсію трагедыі ад Дракешы.
Забілі. Знайшлі ў падезьдзе зарэзаным, сказаў і зноў змоўк. Распытаваць далей не схацелася. Трэба было зьмяніць тэму і я спытаў зусім пра іншае:
А праўда, што напачатку тэксты для песень пісаў Сьвідрыцкі?
Ну так. Галоўным чынам ён і пісаў. Гэта затым ужо Фула да гэтай справы далучыўся.
Дракеша быў нешматслоўным, што абсалютна нехарактэрна для музыкаў. Звычайна ўсе яны гаваркія, а пра свае музычныя посьпехі могуць расказваць гадзінамі. За свае журналісцкія гады я ўдосталь наслухаўся ўзьнёслых маналёгаў.
Недзе за сьпінай гучна зайграў аркестр. Барабан манатонна адбіваў пульс. Я пачаў згадваць, ці сьпяваў калі-кольвечы на гэтай галоўнай полацкай сцэне «Мясцовы час». Не прыпомнілася. У 90-х такіх маштабных гуляньняў на Дзень горада не наладжвалі.
Фулу гадоў дзесяць ня бачыў. Хацеў быў перарабіць апошні альбом «Халі-Халі», падняць вакал, але бяз Фулы ня буду чапаць. З твару Дракешы не зьнікала ветлівая ўсьмешка. Ці то ён радаваўся сьвяту горада, ці то яму было прыемна са мной сустрэцца. Тут яго гукнулі дзьве дзяўчыны, што чакалі зводдаль, відавочна, адна зь іх была яго дачка, Дракеша разьвітаўся і пашыбаваў даганяць сваіх спадарожніц.