Мясцовы час - Алесь Аркуш 2 стр.


 Фулу гадоў дзесяць ня бачыў. Хацеў быў перарабіць апошні альбом «Халі-Халі», падняць вакал, але бяз Фулы ня буду чапаць.  З твару Дракешы не зьнікала ветлівая ўсьмешка. Ці то ён радаваўся сьвяту горада, ці то яму было прыемна са мной сустрэцца. Тут яго гукнулі дзьве дзяўчыны, што чакалі зводдаль, відавочна, адна зь іх была яго дачка, Дракеша разьвітаўся і пашыбаваў даганяць сваіх спадарожніц.

* * *

Кватэра Сержука Сокалава-Воюша нагадвала офіс якой-небудзь апазыцыйнай партыі. Увесь час у яе нехта заходзіў, нехта выходзіў. Дзьверы кватэры не зачыняліся на замок, таму наведнікі не чакалі запрашэньняў і вітаньняў гаспадароў. Распраналіся і ішлі ў сьвятліцу. Нярэдка Сяржук быў заняты пісаў нешта за сваім пісьмовым сталом. Але гэта не азначала, што наведнік мусіў пакінуць гаспадара ў спакоі і як найхутчэй сысьці. Госьці звычайна сядалі на канапу, побач зь якой вісеў вялікі алейны партрэт Івана Луцкевіча, і нешта паміж собку абмяркоўвалі. Часам яны перабіраліся ў кухню і там палілі ды пілі гарбату. Спрачаліся, штосьці апавядалі адзін аднаму, часам нехта чытаў свае творы.

Калі я першы раз трапіў у гэт ую дзіўную кватэру, усе прысутныя ў ёй займаліся калектыўнай творчасьцю. Любімым заняткам Сержука было складаньне слоўніка рыфмаў. Працуючы над ім, ён эксплюатаваў сваіх гасьцей. Балазе, амаль усе яны былі літаратары. Вось і на гэты раз гаспадар сядзеў за пісьмовым сталом, трымаў на каленях сваю фанэрную бібліятэчную скрыню з карткамі і гучна прамаўляў слова, на якое трэба было знайсьці рыфму.

Рыфмы сыпаліся як зерне зь мяхоў на млыне. Але на кожную прапанову Сяржук казаў: «ёсьць» альбо «маю». Знайсьці сьвежую, невядомую Сержуку рыфму было цяжка.

 Во, новыя сілы прыбылі на дапамогу.  Гаспадар, якога я ведаў раней, прадставіў мяне іншым гасьцям.  Гэта паэт Алесь Аркуш. Цяпер будзе жыць на Полаччыне. Прашу любіць і шанаваць.

Сяржук паказаў на фатэль, маўляў, сядай, выцягнуў са скрыні чарговую картку і прамовіў:

 Ураджай.

 Край,  выгукнуў нехта.

 Ёсьць.

 Пашукай.

 Маю.

 Бай.

 Казачнік-бай,  удакладніў Сяржук.  Ёсьць.

 Каравай.

 Ёсьць. А што нам скажа Алесь?

 Паранджа,  падумаўшы колькі сэкундаў прапанаваў я.

 Што значыць сьвежыя сілы! Няма. Дзякуй. Запішам.

 Гэта не беларускае слова,  зазначыў хтосьці зь мясцовых пурыстаў, напэўна, гэта быў Вінцэсь Мудроў.

 А як будзе па-беларуску?  спытаў у пурыста Сяржук.

 Намітка,  мовіў пурыст.

 Э, гэта не зусім тое, што паранджа,  уступіў у дыскусію мясцовы гісторык.  Намітка не закрывала цалкам твар.

 А ў нас ніхто твар не хаваў, пачынаў дыскусію пурыст.

 Дык што гэта за мова будзе, калі толькі пра сваё,  не здаваўся гісторык.

 Паранджа нармалёвае слова,  вынес вердыкт Сяржук.  Таму заносім у нашыя аналы.

Ён узяў у руку самапіску і дэманстратыўна запісаў слова.

 Усё, перакур. Ідём частаваць госьця гарбатай. Усе падаліся на кухню.

 Чытаў твой артыкул пра рок-музыку ў «Чырвонай Змене»,  сказаў мне па дарозе Сяржук.  Ёсьць тут у нас для цябе праца. Неўзабаве пазнаёмлю з хлопцамі. Добра граюць. Але яшчэ б лепш зайгралі, калі пачалі б сьпяваць па-беларуску.

* * *

Памяшканьне наваполацкай гарадзкой газэты «Хімік» знаходзілася ў адным будынку з наваполацкай друкарняй. Для журналістаў гэта было вельмі зручна, асабліва для адказнага сакратара, які два разы на тыдзень рабіў макет новага нумару і здаваў у набор матэрыялы. Трэба было толькі ўзьняцца на другі паверх і перадаць наборшчыкам свае паперы. І калі раптам узьнікала патрэба нешта зьмяніць у свежым нумары,  а такое ў газэтнай справе здараецца нярэдка,  то зрабіць гэта можна было апэратыўна і пад асабістым кантролем.

На першым паверсе друкарні знаходзіліся друкарскія варштаты, якія амаль бесьперапынна грукаталі, друкуючы сьвежыя нумары навакольных раёнак і шматтыражак.

Атрымлівалася два ў адным і рэдакцыя газэты, і друкарня. Гэта месца мяне прыцягвала як магніт. Балазе, у газэце працаваў ужо вядомы малады празаік Уладзімер Арлоў.

Але самае цікавае, што адбывалася ў рэдакцыйным будынку,  гэта паседжаньні літаратурнага абяднаньня «Крыніцы», слава пра якое грымела на ўсю Беларусь. Абяднаньне працавала пры газэце і штомесяц рыхтавала літаратурную старонку. Традыцыйна літабяднаньнем займаўся нехта з супрацоўнікаў рэдакцыі, які меў дачыненьне да прыгожага пісьменства. Перад маім прыездам на Полаччыну «Крыніцамі» кіраваў Арлоў. Бадай, гэта быў зорны час абяднаньня, калі на яго паседжаньні прыяжджалі госьці зь Менску, а літаратурныя пэрыёдыкі гасьцінна запрашалі крынічанаў на свае старонкі. І якія госьці прыяжджалі! Рыгор Барадулін, Янка Брыль, Генадзь Бураўкін, Алесь Разанаў, Міхась Ткачоў, Анатоль Грыцкевіч

Прычым, крынічане займаліся ня толькі літаратурнымі справамі. Яны заўжды былі ў гушчыні сацыяльных і палітычных падзеяў у сваім рэгіёне. Пісалі лісты да ўладаў у абарону помнікаў архітэктуры, вялі працу за пашырэньне беларускамоўнага навучаньня, удзельнічалі ў археалягічных раскопках і суботніках на архітэктурных помніках, здымках фільмаў, наладжвалі вандроўкі па родным краі.

Варта мне было на пачатку жніўня прыехаць на Полаччыну, як я ўжо меў расклад свайго ўдзелу ў мерапрыемстваў амаль на ўвесь месяц: 5 жніўня археалягічныя раскопкі на плошчы Свабоды ў Полацку; 6 жніўня паседжаньне «Крыніцаў»; 7 жніўня удзел у сьвяце адной з вуліц Наваполацка Практычна кожны дзень нешта адбывалася.

Я хадзіў зь іншымі крынічанамі па кватэрах бацькоў першакляшак і ўгаворваў аддаць іх у беларускамоўныя клясы. Цягаў насілкі зь зямлёй на археалягічных раскопках. Вычышчаў ад сьмецьця былы будынак Брацкай школы, які затым стаў музэем беларускага кнігадрукаваньня. Удзельнічаў у шматлікіх сустрэчах з чытачамі. Езьдзіў на абласныя і рэспубліканскія нарады творчай моладзі. Здымаўся ў масоўках гістарычных фільмаў Віктара Шавялевіча.

Падпісваўся пад рознымі адозвамі, зваротамі, калектыўнымі скаргамі.

Час быў надзвычай імклівы, цікавы і зьмястоўны. Трэба было пасьпець шмат зрабіць.

* * *

Полацак прыканцы 80-х выглядаў на дэмаралізаванага былога шляхціца. Гэта калі ў шляхцюка, амбітнага і ганарлівага, забраць маёнтак, зямлю і ўсё астатняе, акрамя жыцьця, то вельмі хутка ён дэградуе. Былыя амбіцыі штодзень жорстка канфліктуюць з навакольнай рэчаіснасьцю. Нэрвовасьць узрастае да крытычнага ўзроўню. У такой сытуацыі ратуе або гарэлка, або сыход з жыцьця. Прасьцей было перажыць савецкае ліхалецьце якому-небудзь мястэчку, напрыклад, Глыбокаму, якое ціха-мірна жыло ў сваіх правінцыйных клопатах. Складаней было Полацку гораду, зь якім непарыўна зьвязана гісторыя ўсёй Усходняй Эўропы.

Полацак выглядаў так, нібыта былога шляхціца апранулі ў нейкае рызьзё у абліччы адчувалася былая веліч, але «вопратка» была жахлівая. Змрочнае ўражаньне ўзмацняла гарадзкая тапаніміка: усе гэтыя звыродлівыя назвы вуліц Савецкая, Фрунзэ, Леніна, Камуністычная, Карла Маркса, Войкава. І гэта ў самым гістарычным цэнтры горада.

Зрабіць з Полацка ўбогі райцэнтр ці не найлепшы плян, каб канчаткова даканаць беларусаў.

Бадай, адзіным пазытыўным знакам для Полацка быў адрэстаўраваны Сафійскі сабор, які годна і высока трымаў свае званіцы над Дзьвіной.

Дамовіліся, што знаёмства адбудзецца ў нядзелю. Я спусьціўся на першы паверх свайго інтэрнату, каб патэлефанаваць. Вырашыў удакладніць, ці не зьмянілася што ў нашых плянах. Для тэлефоннага аўтамата адмыслова зьбіраў двушкі, каб не шукаць пры патрэбе. Яны ў мяне захоўваліся ў маленькай кішэні джынсаў. Воюш звыкла бадзёрым голасам паведаміў, што ўжо мяне чакае.

Да Воюшавага дому было хвілін дзесяць пехатою. У Сержука было амаль бязьлюдна. На канапе сядзелі толькі два хлопцы і гарталі нейкія кніжкі. Яны былі нечым падобныя да вучняў-старшаклясьнікаў, якія час ад часу таксама наведвалі гэтую дзіўную кватэру.

 Вось, знаёмцеся, гэта і ёсьць той паэт, пра якога я вам казаў, Воюш падвёў мяне да «вучняў»: Алесь Аркуш.

Абодва аказаліся таксама Алесямі Алесь Кузьмін і Алесь Сьвідрыцкі. У знак знаёмства я паціснуў цёзкам рукі.

 Цяпер вы ўзброены як мае быць,  пажартаваў Воюш.  Алесь вам дапаможа з тэкстамі.

 Увогуле, мы самі пішам, вось толькі яшчэ зь беларускай мовай крыху праблема,  патлумачыў Алесь Кузьмін.

Хлопцы былі падобныя да шкаляроў, якія вырашылі далучыцца да чагосьці эзатэрычнага і ня ведалі, зь якога боку падступіцца.

 Алесь выдатна сьпявае.  Воюш кіўнуў на Кузьміна.  Мае неверагодны фальцэт. Яны тут прынесьлі стужку. Можам паслухаць.

Воюш падышоў да магнітафона і націснуў клявішу. Запіс быў прымітыўны, але патэнцыял вакаліста ўсё ж дэманстраваў. Песьні нагадвалі ангельскі панк-рок 70-х зь відавочным уплывам «новай хвалі». Пазьней некаторыя з гэтых песень хлопцы перапісалі па-беларуску і яны трапілі ў альбом «Слота».

 Усё добра, толькі мова ня наша,  сказаў Воюш, праслухаўшы адну зь песьняў. Вось засьпяваеце па-беларуску будзе тое, што трэба. Па-беларуску вам нават лацьвей будзе сьпяваць, бо наша мова больш мілагучная.

Воюш быў аматарам распавядаць пра вялікія перавагі роднай мовы.

 Але тэксты вы нармалёвыя пішаце. Не банальныя і не прымітыўныя. І, галоўнае, ня ў лоб,  пахваліў я хлопцаў.

Назад Дальше