Затым мы яшчэ крыху паблукалі па дарогах Беласточчыны, навігатараў тады яшчэ не было, і неўзабаве патрапілі ў мястэчка зь немудрагелістай назвай Гарадок, побач зь якім, у невялікім ляску, і меўся адбыцца фэстываль.
Сярод таго ляску на палянцы знаходзілася невялікая просьценькая сцэна, поруч зь якой паўставала намётавае мястэчка. Тут ужо віравала жыцьцё. Час ад часу лясок уздрыгваў ад рэзкіх гукаў гукаапэратары наладжвалі апаратуру. Нашаму гурту выдалі вялікі армейскі намёт і мы, дарэшты стомленыя паездкай, пайшлі ладкавацца на начлег.
На зьдзіўленьне, гарэлка яшчэ не была ўся выпітая па дарозе, і «мроеўцы» запрасілі «мясцовачасаўцаў» адзначыць удалы прыезд.
Кузьмін адразу адмовіўся, сказаўшы, што ідзе спаць. Увечары, згодна з праграмай фэстывалю, «Мясцовы час» павінен быў удзельнічаць у першым канцэрце. Фула паклікаў да сябе Макса і папярэдзіў:
Глядзі за Сьвідрыцкім. Пад тваю адказнасьць. Сёньня мы выступаем.
Макс пачаў вазбухаць, маўляў, усе дарослыя людзі, кожны адказвае за сябе, маўляў, мы толькі на хвілінку, візыт ветлівасьці, усё будзе нармальна.
Ну глядзіце, Фула, здаецца, ніколі не губляў раўнавагі, заўсёды быў вытрыманы і не ўздымаў голасу: Бо без бубнача нам няма чаго рабіць на сцэне.
У намёце засталіся мы ўдвох з Кузьміным. І не пасьпелі прылегчы на матрацы, як адразу патанулі ў нірване сна.
* * *Юра Гумянюк выйшаў на полацкім аўтавакзале з аўтобуса «Гародня Полацак» нібыта з трапа Боінга на нью-ёркскім лётнішчы імя Джона Кэнэдзі. Юра быў апрануты ў сьветлы плашч, капялюш, у руках трымаў вялікі парасон. Мяне ён пазнаў адразу і паходкай сталага дэндзі накіраваўся насустрач. Мы паціснулі адзін аднаму далоні.
Вітаю ў стольным Полацку, прывітаў я дарагога госьця.
Вельмі прыемна, адказаў ён, сарамліва пасьміхаючыся, як гэта ўмеў рабіць толькі Юра Гумянюк, нахіліўся да поліэтыленавай торбы, якую трымаў у руках, дастаў адтуль нейкі пакунак і працягнуў мне. Гэта табе мая мама перадала, і праз паўзу дадаў: Грэцкія арэхі, з нашага саду.
Мы селі ў гарадзкі аўтобус і паехалі да мяне. Ужо сутоньвалася. Горад запаліў свае восеньскія агні.
Завочна мяне пазнаёміў зь Юрам Ігар Сідарук, якога я ведаў па літаратурнай нарадзе ў Доме творчасьці «Іслач». Ігар у адным зь лістоў напісаў, што Юра вельмі цікавы паэт, быў бы добрым аўтарам для «Ксэракса Беларускага», і надаслаў мне паштовы адрас Гуменюка. Я адразу ж Юру напісаў, і мы эпісталярна пасябравалі. Юра дасылаў мне па некалькі лістоў на тыдзень. Яго вельмі зацікавіла ідэя незалежнага друку. Ён узяў на ўзбраеньне тэрмін «нонканфармізм» і амаль у кожным лісьце разважаў пра свабоду творчасьці. Ён неяк адразу падтрымаў маю ідэю ўласнай незалежнай літаратурнай арганізацыі. Дзеля абмеркаваньня гэтага важнага пытаньня гарадзенскі паэт і прыехаў да мяне ў Полацак.