Мясцовы час - Алесь Аркуш 5 стр.


Затым мы пагрузілі тэлевізар на дзіцячыя саначкі і пакацілі набытак ад крамы «Арбіта» да нашага з Тацянай інтэрната. Цэлы вечар глядзелі целік. Ясная справа, пад выпіўку, закуску, жарты і сьпевы Сержука.

* * *

Прыходзілі да мяне Кузьмін са Сьвідрыцкім, прыносілі тэксты да новага альбому, напісаныя па-расейску. Папрасілі перакласьці на беларускую. Тэксты мяне зьдзівілі. Нейкай сваёй духоўнасьцю, як бы гэта ні гучала дзіўна ў адносінах да рок-паэзіі. Нячаста пачуеш, каб рокеры сьпявалі пра сэнс жыцьця, пра шлях дамоў, пра сваю любімую ўскраіну, пра тое, каб было ня сорамна сказаць: я жыў! Паабяцаў, што зраблю пераклад.

Праз пару дзён аказалася, што перакласьці трэба як мага хутчэй: Кузьмін патэлефанаваў і папрасіў прысьпешыць працу, бо музыкі мусяць на наступным тыдні ехаць у Мазыр на студыю гурта «Адлюстраваньне», каб запісаць свой чацьверты альбом.

Празь некалькі дзён Кузьмін прыехаў забіраць пераклады. З сабой ён меў «рыбу» зусім сьвежай песьні. Тэкста практычна не было. А песьню трэба запісаць заўтра. Кузьмін зь вінаватым выразам на твары працягнуў мне аркушык з вучнёўскага сшытка. На ім было накрэмзана ўсяго некалькі радкоў.

 І гэтую песьню вы заўтра будзеце запісваць у студыі?  са зьдзіўленьнем усклікнуў я.

 Спадзяюся, да вечара гэта будзе сапраўдная песьня.

Кузьмін мне падаўся авантурыстам. Як можна запісваць тое, што толькі нарадзілася і яшчэ не абкатанае, не праверанае часам.

 І што, мне проста вось зараз трэба напісаць тэкст?  гэта было ўжо рытарычнае пытаньне.

 Так,  Кузьмін лічыў такую сытуацыю цалкам нармальнай, маўляў, усё вартаснае нараджаецца экспромтам.

 І колькі я маю часу?  гэтае пытаньне было наогул шызафрэнічным.

 Ня больш за гадзіну. Бо празь дзьве гадзіны мусім пачаць рэпэтыцыю.

Мы разам селі на канапу, і я на каленях пачаў пісаць.

За лясамі, ўзгорамі,
За сівымі зорамі
Ягадай нясьпелаю
Сьпіць краіна белая.

З поўняй разьмінулася,
Хмарай загарнулася,
Голас пахаваўшая,
Волю не пазнаўшая.

А была шляхетнаю,
Гонарам адметная,
Моцная і вольная,
Да навукі здольная.

Нашай ускраіна была!

Аблокі гоне вецер-гун,
Забыўся ён, што ёсьць
Пярун, Забыўся, што чакае нас
Сурмы працяглы сьпеўны час.

Мой сын маўчыць, маўчу і я:
Навокал скрозь калёнія.
Калее ў студзеньскай вадзе
Пярсьцёнак згубленых надзей.

Праз паўгадзіны тэкст быў гатовы. Я працягнуў яго Кузьміну. Той узяў аркушык і пачаў чытаць, напяваючы радкі. Я думаў, што апошні слупок Кузьмін забракуе, бо задужа ён атрымаўся палітычным, але, на маё зьдзіўленьне, Фула сказаў, што ўсё вельмі добра і заўтра яны гэта запішуць у студыі.

Песьня атрымала назву «Ускраіна», а сам альбом «Наша ўскраіна».

* * *

Званок быў ад незнаёмага чалавека. Ён прадставіўся. Сказаў, што чытае мае артыкулы ў «Віцебскім куреры» і хацеў бы са мной сустрэцца. Мне час ад часу званілі розныя дзівакі. Адзін мясцовы Кулібін аднойчы некалькі гадзін апавядаў пра тое, што вынайшаў вечны рухавік, але чыноўнікі ня хочуць яго слухаць, а сусьветнае аўтамабільнае і нафтавае лобі нават плануе яго забіць. Ён паказваў мне нейкія разьлікі, рысункі і шматтомную перапіску з рознымі навуковымі інстытутамі. Я сказаў, што ў гэтым абсалютна ня цямлю, таму не магу пісаць пра тое, што для мяне «цёмны лес».

Але гэтым разам мне падалося, што чалавек, зь якім размаўляю, хоча мне распавесьці нешта істотнае. Адчувалася, што суразмоўца хвалюецца, і на тое ёсьць сурёзныя падставы. У ягоным нетаропкім маўленьні сталага чалавека гучала вялікая стомленасьць і ў той самы час нейкая таямнічасьць. Нібыта незнаёмец хацеў мне паведаміць страшэнны сакрэт, але пакуль яшчэ вагаўся, ці варта перада мной адкрывацца.

Мы дамовіліся сустрэцца ў сквэры на праспэкце Карла Маркса. Ён мне патлумачыў, на якой лавачцы будзе мяне чакаць.

Адмаўляць у сустрэчы было не ў маіх правілах. Бо журналіст у нейкім сэнсе лекар або апошняя інстанцыя, асабліва ў грамадзтве, дзе ўсё кантралюецца спэцслужбамі і толькі публічнае агучваньне пэўнай інфармацыі можа выратаваць нечы лёс.

Я прыйшоў на пяць хвілінаў раней, але ён ужо мяне чакаў. Гэта быў хударлявы чалавек досыць сталага ўзросту, на выгляд я б яму даў гадоў шэсцьдзесят. Сустракаючы мяне, ён падняўся, працягнуў руку і яшчэ раз прадставіўся: Павал Іванавіч.

Мы селі на лаўку, і я запытальна паглядзеў у твар незнаёмца. У ім адчувалася духовая моц. Вочы сьведчылі пра розум і нейкую зацятасьць. Ёсьць такія людзі, што ўсё жыцьцё слугуюць адной ідэі або перакананьням. І ўсё іх жыцьцё падпарадкавана абранаму шляху.

Мы селі на лаўку, і я запытальна паглядзеў у твар незнаёмца. У ім адчувалася духовая моц. Вочы сьведчылі пра розум і нейкую зацятасьць. Ёсьць такія людзі, што ўсё жыцьцё слугуюць адной ідэі або перакананьням. І ўсё іх жыцьцё падпарадкавана абранаму шляху.

 Вы хочаце разгадаць, хто я насамрэч?  ціха спытаў незнаёмец.

 Я думаю, вы мне самі пра гэта паведаміце,  хваляваньне, якім быў апанаваны суразмоўца, перадалося і мне.

 Адразу хачу папярэдзіць: не спрабуйце пра пачутае ад мяне напісаць у сваёй газэце. Для вас гэта будзе небясьпечна. Яны вам адпомсьцяць,  гэтыя словы выклікалі ў мяне лёгкае раздражненьне і ў галаве мільгнула думка: няўжо зноў натрапіў на варята.

 Вы гаворыце нейкімі загадкамі. Хто яны? І навошта тады хочаце гэта распавесьці?

 Сілы дябла. Яны і зараз сочаць за намі. Вунь бачыце, у тым куце, пад бэзам, сядзіць рэспэктабельны «дзядок»? Газэту чытае. Гэта якраз ён арыштоўваў мяне і катаваў. Думаеце, ён выпадкова тут апынуўся? Цікава іншае Гэты «дзядок» даўно на пэнсіі, але, паглядзіце, усё роўна пры выкананьні. Хаця, можа, тут у яго ўласная справа, бо трэба замятаць сьляды.

Незнаёмец пасьміхнуўся куточкамі вуснаў і прымружыў вочы.

 Вы не адказалі на другое пытаньне: навошта хочаце мне гэта распавесьці?

 Сёньня пра гэта пісаць нельга. Так будзе лепш і для мяне, і для вас. Але прыйдзе час і вы напішаце Прынамсі, я веру ў гэта.

Частка другая

Патэлефанаваў Алесь Кузьмін і паведаміў неверагодную навіну: «Мясцовы час» запрасілі на рок-фэст у Польшчу. Фэстываль ладзілі ў Беластоку, ён меў дзіўную назву «Басовішча» і яго арганізатарам выступіла Беларускае абяднаньне студэнтаў. Гэта было першае «Басовішча».

 Ну і як мы туды трапім?  адразу пасьля пачутага спытаў я Кузьміна.  Гэта ж трэба, напэўна, процьму дазволаў атрымаць.

 Усе бюракратычныя пытаньні бярэ на сябе Наваполацкі гаркам камсамола. Мы нібыта ад яго едзем у творчую камандзіроўку. Нам і камандзіровачныя пасьведчаньні выпішуць. Я аб усім ужо дамовіўся. Так што давай свой пашпарт, зараз ім занясу.

Кузьмін проста сьвяціўся ад шчасьця. На пачатку 90-х мы пасябравалі зь менскай камандай Лявона Вольскага «Мроя», якая таксама была запрошаная на фэстываль. Сярод запрошаных быў і Сяржук Сокалаў-Воюш. Таму атрымлівалася добрая кампанія.

«Мясцовы час» паціху набіраў папулярнасьць некалькі разоў выйграў радыйныя хіт-парады «Беларускай маладзёжнай», постары полацкага гурта надрукавалі газэта «Чырвоная змена» і дзіцячы часопіс «Бярозка». Дзьве песьні гурта «Вартаўнік» і «Будзе так» трапілі на складанку хіт-параду «Беларускай маладзёжнай», якую фірма «Мэлёдыя» выдала на вініле. І вось запрашэньне на сапраўдны рок-фэст, які праходзіў, праўда, не ў Вялікай Брытаніі, а ў Польшчы, але ўсё роўна за мяжой.

Амаль усе запрошаныя на «Басовішча» зь беларускага боку рокі поп-музыкі, барды, журналісты выправіліся на фэстываль на адным турыстычным аўтобусе. Ужо за менскай кальцавой музыкі пачалі адзначаць падзею. Мяне прыемна ўразіла, што Алесь Кузьмін абсалютна не ўжываў алькаголю. Я таксама не ўжываў моцных напояў, і катэгарычнасьць у гэтым пытаньні Фулы стала для мяне сапраўдным уратаваньнем.

Але празь некалькі гадзін агульны ўзьнёслы настрой зьнік, як тая гарэлка зь беларускіх крамаў на пачатку крызысных 90-х. Найбліжэйшы шлях да Беластоку быў праз Гародню. Мы так і накіраваліся. Але гарадзенскія памежнікі катэгарычна заявілі, што не прапусьцяць наш музычны каўчэг. Маўляў, яны не абслугоўваюць аўтобусы, толькі грузавікі і прыватныя аўтамабілі. А таму трэба ехаць на Берасьце. Колькі мы ні ўпрошвалі памежнікаў, колькі ні паказвалі свае запрашэньні і камандзіровачныя пасьведчаньні, нічога не дапамагала. Увечары а 22-й гадзіне прынялі рашэньне ехаць на Берасьце.

Тое, што мы пабачылі ў Берасьці, нагадвала нейкую татальную эвакуацыю цэлай краіны: аў тобусы на памежным пераходзе стаялі даўжэзным шыхтом. У засмучэньні музыкі пачалі зьнішчаць апошнія свае алькагольныя запасы. Адчувалася, што тут мы захрасьлі надоўга, і добра яшчэ, калі прыедзем на фэстываль у заключны дзень.

І толькі некалькі самых зацятых музыкаў не здаліся і пайшлі на перамовы да памежнікаў. І здарыўся цуд: «зялёныя фуражкі» з аўтаматамі за плячыма зрабілі нам калідор у чарзе. У паўжывых сядзельцаў нашага аўтобуса, перадусім ад інтэнсіўнага ўжываньня алькаголю, ад такога цуду наварочваліся сьлёзы на вачох.

Назад Дальше