Ордэн Белай Мышы (зборнік) - Уладзімір Аляксеевіч Арлоў


Уладзімір Арлоў

Ордэн Белай Мышы

© Арлоў У., тэкст, 2013

© Выдавец Логвінаў І.П., 2013

© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016

Ордэн Белай Мышы

Упершыню кніга Ордэн Белай Мышы выйшла ў 2003 годзе ў выдавецтве Мастацкая літаратура.

Ордэн Белай Мышы

У адной невялікай паводле еўрапейскіх сумераў канстытуцыйнай манархіі насельніцтва складалася з аднаго караля, аднаго прэмера, аднаго шэфа службы бяспекі, аднаго міністра паліцыі, аднаго пракурора У гэтай дзяржаве быў адзін крымінальнік, адзін палітвязень і адзін палітуцякач. Адзін генерал камандаваў адным палкоўнікам, адным маёрам і адным капітанам. На ўліку ў адзіным прафсаюзе стаялі адзін будаўнік і адзін падрыўнік, адзін прафесар і адзін студэнт, адзін акадэмік і адзін зусім непісьменны грамадзянін. Такое становішча існавала абсалютна ва ўсіх сферах. У краіне меліся ў наяўнасці адзін алкаголік і адзін наркаман, адзін сутэнёр і адна прафесійная выляжанка, адзін хворы на СНІД і адзін хворы на пранцы. У суседстве з адным уладальнікам шыкоўнай вілы ў смеццевым кантэйнеры жыў адзін бесхацінец. Сярод этнічных мяншыняў перапіс зафіксаваў аднаго габрэя, аднаго татарына, аднаго паляка, адну асобу каўказскай нацыянальнасці, аднаго расейца і аднаго албанца. Сексуальныя мяншыні нічым не вылучаліся: на аднаго гомасексуаліста прыпадала адна лесбіянка. Адпаведныя службы трымалі на воку аднаго грамадзяніна, якога падазравалі ў педафіліі, а таксама аднаго таемнага заафіла. Гэткі самы баланс захоўваўся і паміж прадстаўнікоў творчых прафесіяў: краіну цалкам задавальнялі адзін кампазітар, адзін архітэктар, адзін мастак, адзін актор, адзін журналіст і адзін пісьменнік.

Варта зазначыць, што хадзілі глухія чуткі, нібыта ў гэтай краіне не заўсёды ўсё было ўладкавана так дасканала. Да прыкладу, казалі, быццам калісьці ва універсітэце некалькі прафесароў чыталі лекцыі некалькім студэнтам, якім аднойчы заманулася разам са сваімі выкладчыкамі зачыніцца ў аўдыторыі і скласці бунтоўніцкую петыцыю. Але гэта ўжо іншая гісторыя. А наша адбывалася ў краіне, дзе ўсіх, паўтараю, было па адным, і гэтую акалічнасць неаспрэчна засведчылі сакрэтныя рэляцыі, таемна праслуханыя размовы, зробленыя схаванай камерай здымкі, перлюстраваныя лісты ды іншыя пісьмовыя, аўдыя і відэаматэрыялы, на аснове якіх аўтар і рэканструяваў падзеі.

Адзін раз на дзень з дакладам да караля зяўляўся шэф службы бяспекі невысокі таўстун з вусікамі і бародкай-эспаньёлкай, які больш нагадваў не чалавека сваёй суровай прафесіі, а лекара, што мае прыбытковую практыку і схільнасць да эпікурэйства.

З ранішняга дакладу нязменна вынікала, што ў краіне пануе стабільнасць і назіраюцца выключна пазітыўныя працэсы. А менавіта: растуць абёмы вытворчасці, адукацыйны ўзровень і спажыванне карысных для народа прадуктаў харчавання (у тым ліку алкаголю), а таксама няўхільна паўзе ўгору паказчык нараджальнасці, ад якой (што надзвычай важна ў справе стабільнасці) не адстае і смяротнасць.

Кароль зазвычай спыняў шэфа бяспекі, не даслухаўшы. Але аднаго разу звыклы парадак быў парушаны.

Рэч у тым, што адзіны ў краіне ювелір вырабіў на замову манарха адзіны ордэн, каб каралеўства нарэшце займела і аднаго кавалера найвышэйшай дзяржаўнай узнагароды.

Узнагарода называлася ордэнам Белай Мышы І ступені. Убачыць нешта незвычайнае ў такой назве мог толькі іншаземец, зусім не абазнаны ў мінуўшчыне гэтае краіны, бо ад школьных гадоў кожны яе грамадзянін ведаў, што мыш старажытны сімвал тутэйшай дзяржаўнасці. Гістарычныя крыніцы сведчылі, што выява грызуна з вострай пыскаю і доўгім хвастом зявілася на дзяржаўным гербе болей за пяцьсот гадоў таму, за часамі ўладарання аднаго з далёкіх і найвыбітнейшых продкаў цяперашняга манарха, які ўсе свае ўказы нязменна завяршаў традыцыйнай формулай: «а таксама сядзець усім ціха, як мыш пад венікам». Адзінае, што змянілася ў дзяржаўным гербе за пяць вякоў, гэта колер. Старажытная шэрая мыш пакрысе святлела і ўжо ў мінулым стагоддзі набыла шляхетную белізну, што ў геральдыцы, як вядома, адпавядае срэбру і азначае чысціню, дабро і незалежнасць.

Ордэн ляжаў перад каралём на пурпуровай ядвабнай падушачцы і вясёлкава ззяў усімі сваімі эмалямі і дыяментамі.

Кароль паводле даўняй завядзёнкі не даслухаў даклада, але не адправіў свайго візаві далей мацаваць бяспеку, а запытаўся, каго той бачыць кавалерам найвышэйшай узнагароды. Шэф галоўнай службы краіны колькі разоў пакратаў эспаньёлку, што магло азначаць лёгкую збянтэжанасць. Стары надзейны паплечнік манарха, пэўна ж, ведаў, хто заслугоўваў ордэна нязмерна больш за ўсіх астатніх, аднак вырашыў перамаўчаць.

А кароль або яшчэ не вызначыў найбольш заслужанага кандыдата, або сумняваўся, бо ўважліва праглядаў спіс насельнікаў падуладнай яму дзяржавы У глыбокім одуме ён нават ссунуў сызвалоснік, і яго плех заблішчэў у промнях ранішняга сонца, хоць і не так зырка, як ордэн. Трэба, карыстаючыся момантам, зацеміць, што кароль, неўважаючы на згаданы плех, быў чалавек яшчэ досыць малады, павабны і поўны сілаў. Ён рэгулярна гуляў у тэніс і, надзеўшы дзеля скідвання вагі бронекамізэльку, бега трушком вакол сваёй рэзідэнцыі.

Нарэшце кароль адарваў вочы ад паперы і ўголас падумаў:

 А што калі мы ўзнагародзім нашага пісьменніка?

Шэф бяспекі зноў пакратаў бародку. Аднак цяпер сітуацыя набыла канкрэтнасць, якую ён любіў і ў якой пачуваўся, як вугор у росным ранішнім гаросе.

 Гэта выдатная кандыдатура, ваша вялікасць,  сказаў уладальнік эспаньёлкі. Але

Кароль ускінуў брыво і атрымаў цвёрды працяг:

  у нас у краіне няма ніводнага чытача.

 Сапраўды?  не даў веры манарх. Ён зноў палез у спіс і знайшоў там аднаго астролага, аднаго канібала, аднаго чарнасоценца і аднаго чукчу, а вось чытача насамрэч не было.

Але жыхары краіны нездарма лічылі, што каралеўскае меркаванне цяжка пахіснуць.

 А чаму ты думаеш,  пачуў шэф бяспекі, што гэта істотна? Мы ж збіраемся ўзнагародзіць пісьменніка, а не чытача. І потым сам пісьменнік, пэўна ж, чытае свае творы. Прынамсі, у той час, калі іх піша.

Шэф бяспекі зірнуў на ордэн і зноў перамаўчаў.

 Сёння я запрашаю пісьменніка на вячэру,  падсумаваў кароль.

Увечары кароль і пісьменнік сядзелі адзін насупраць аднаго за вытанчана сервіраваным сталом. Яны былі прыкладна аднаго веку, дзесьці паміж сарака і пяццюдзесяццю гадамі, у пары мужчынскага росквіту, але калі кароль меў каштанавы сызвалоснік, то пісьменнік натуральную шыкоўную фрызуру такога ж колеру, хоць ужо і кранутую высакароднай сівізною.

У барокавым інтэреры залі для вячэраў з блізкімі гасцямі роўна гарэлі ў старадаўніх срэбных кандэлябрах вітыя свечкі з няўлоўным тонкім водарам. Камін дыхаў духмянай цяплынёю, а побач, на зграбнай мармуровай кансолі, чакаў свайго ўладальніка Ордэн Белай Мышы.

Утульнасці дадавала і прысутнасць маладой прыгожай жанчыны, якая сядзела за сталом не поруч з каралём і пісьменнікам, а воддаль так, што магла і чуць размову і губляць яе нітку, калі б гаспадар з госцем прыцішылі галасы. Густыя кучаравыя агнё-важарыя валасы прыгажуні, якія вольна падалі на аголеныя плечы, дзівосным чынам спалучаліся з глыбокім аквамарынам вачэй, прыводзячы на памяць гераіняў Праспера Мерымэ. Кароль дыпламатычна называў жанчыну «гаспадыняй», і пра яе сапраўдны статус заставалася толькі здагадвацца, прымаючы пад увагу тую акалічнасць, што манарх ужо колькі гадоў быў удаўцом.

 Я спадзяюся, ты падаруеш мне свае апошнія кнігі, сказаў кароль.

У звароце да пісьменніка на «ты» не было нічога абразлівага, бо кароль называў на «ты» ўсіх падданых і да ягонае завядзёнкі даўно прывыклі, як прывыклі да традыцыйных у гэтай краіне летніх неўраджаяў і зімовае хлюпоты.

 Не, ваша вялікасць, не падарую,  адказаў пісьменнік, з асалодаю дапіваючы келіх бардоскага.

 Чаму?  непарушна папытаўся кароль і даў пахолку знак напоўніць пісьменніку келіх.

 Мае кнігі ўжо шмат гадоў не выходзілі, азваўся пісьменнік, узняўшы келіх і па чарзе глянуўшы на манарха і жанчыну.

На языку ў караля напэўна круцілася пытанне, з якога часу пісьменнікавы рукапісы больш не ператвараюцца ў кнігі, але яго вялікасць быў надзелены дзяржаўнай мудрасцю, і таму ягоны суразмоўца пачуў іншыя словы.

 Але ты ўсё адно застаешся пісьменнікам.

 Магчыма,  сказаў пісьменнік.  Бо я па-ранейшаму пішу. Пішу ў стол

 Тым больш,  задаволена падхапіў кароль.  Так і павінен жыць сапраўдны пісьменнік. Як казалі рымляне: Habent sua, fata lіbellі. І кнігі маюць свой лёс. Я рады, што не памыліўся і хачу падпісаць указ пра ўзнагароджанне цябе Ордэнам Белай Мышы.

Апошнія словы кароль прамовіў урачыстым тонам і ўзняў келіх, чакаючы, што пісьменнік зробіць тое самае. Але той чамусьці марудзіў.

 Хачу табе канфідэнцыйна прызнацца,  панізіў голас кароль,  што твае зласліўцы не драмалі. Падсунулі мне, разумееш, спіс насельніцтва, знайшлі фармальную падставу

 Я хацеў бы ведаць якую,  цэдзячы віно, таксама прыцішана пацікавіўся пісьменнік.  Калі гэта, вядома, не таямніца.

Дальше