Аднаго разу бацькі, кудысьці зехаўшы, даручылі клопаты пра мяне дзядзіжэневай жонцы і, калі мы пайшлі палуднаваць у сталоўку гарадскога Дома афіцэраў і цётка Таня замовіла несусветна смачную, як мне здавалася, страву з экзатычнаю назваю «шніцэль», а потым сустрэла сяброў і тыя запыталіся, ці не ейны я сын, а яна адказала, што так, ейны, і пацікавілася, ці падобны я да яе, тады, памятаю, мне было ніякавата зусім не таму, што такім чынам я сам таксама трапляў у лік «жыдоў». Я чуў лёгкі сорам, што гатовы адмовіцца ад родных бацькоў, але зрабіць з сабою нічога не мог: калі ў паталагаанатамы бяруць толькі «жыдоў», я згодны быў запісацца ў «жыды».
Усё на свеце канчаецца, прычым у дзяцінстве гэта адбываецца хутчэй.
Ці то паўплывала празмерная сакрэтнасць прапахлай адэкалонам дзядзіжэневай прафесіі, ці то прарасло пасеянае фільмамі пра «нашых» разведчыкаў зерне савецкага патрыятызму, але аднойчы я прачнуўся з цвёрдым намерам пайсці ў шпіёны. Пем за нашых шпіёнаў!
Мяне вабіла не столькі рамантыка, як канкрэтнасць гэтага занятку.
У адрозненне ад духмяна-таямнічых сфераў дзейнасці паталагаанатамаў, тут усё выглядала ясна і проста, як яблык-антонаўка з нашага саду.
Мяне і маю радыстку павінны былі скінуць з самалёта над Амерыкай, каб мы прабраліся ў галоўны амерыканскі штаб і ўкралі галоўны план атамнай бамбёжкі Савецкага Саюза. Ваганняў наконт кандыдатуры напарніцы не існавала: радысткай будзе маё першае мужчынскае захапленне дачка дырэктара мамінай школы Людачка, з якой я ўпершыню сустрэўся чатыры гады таму на навагодняй ёлцы. Наша ўзаемная сімпатыя аказалася такой моцнаю, што мы дружна намачылі штонікі і потым цэлы год я вымагаў ад мамы завязваць мне хустачку і абвяшчаў, што хачу быць Людачкай. (Гэты момант варта адцеміць: перш чым зрабіцца вадалазам, я імкнуўся пабыць жанчынай.)
Апусціўшыся на парашутах, мы з Людачкай пасяляемся ў маленькім брудным пакоі халоднага і змрочнага амерыканскага хмарачоса. Мы, як дарослыя, абняўшыся, спім у адным ложку і дзеля маскіроўкі гаворым выключна па-амерыканску, а таксама не купляем ананасаў, каб амерыканцы не падумалі, што іх у нас няма. З дапамогаю аднаго галоднага беспрацоўнага мурына я пракрадаюся ў штаб і, перастраляўшы з кулямёта чалавек васемнаццаць амерыканскіх палкоўнікаў, выкрадаю план бамбёжкі Масквы і ўсёй нашай вялікай і магутнай Радзімы, пасля чаго вяртаюся ў халодны пакойчык хмарачоса. Мая радыстка Людачка ляжыць у ложку з незнаёмым мурынам; я не ведаю, навошта яны ўдзень накрыліся коўдраю, але адчуваю, што, хоць амерыканскія мурыны і за нас, тут нешта нячыстае, і таму з асалодаю ўсаджваю ў незнаёмага мурына кулямётную чаргу. З ложка ляцяць чырвоныя пырскі, але Людачка не плача, а перавязвае мне раны і складвае рацыю, бо пасланы па нас самалёт ужо знаходзіцца ў паветры.
Медалі і ордэны нам уручаў сам галоўны «наш» Хрушчоў, якога дарослыя фамільярна называлі Мікітам і лаялі за нейкую кукурузу і за тое, што ў крамах няма хлеба. Я ж, наадварот, быў удзячны Хрушчову, бо дастаткова было выйсці з весніц на вуліцу, як ад чаргі, што вілася вакол хлебнае крамы, умомант кідалася некалькі цётак, якія ўзахапы ўгаворвалі пастаяць у чарзе разам з імі. У выніку гэтага нескладанага манеўру крамніца давала цётцы лішні бохан хлеба, а я атрымліваў дзвесце грамаў злепленых у камяк ірысак альбо падушачак.
Ты, вядома, разумееш, што мне праглася быць шпіёнам выключна і безварыянтна савецкім.
Пэўныя сумневы на гэты конт варухнуцца ў душы толькі праз шмат гадоў у зацішным кутку берлінскага прадмесця, на мастку цераз ручай на мяжы ўсходняга і заходняга сектараў, дзе дзве сістэмы мянялі сваіх выкрытых агентаў.
Вось, бадай, і ўсё. Тое лета, калі я марыў стаць савецкім шпіёнам, было апошнім перад школаю, у якой нашы летуценныя цнатлівыя душы мусілі канчаткова заблытацца ў шырока раскінутым нераце ўжо зацверджаных без нас ідэяў і мараў. Але тут пачынаецца зусім іншая гісторыя. Ты кажаш, у цябе хлопчык. У такім разе можаш лічыць, што калі цяпер ён хоча быць вадалазам, паталагаанатамам альбо шпіёнам, у яго ёсць значныя шанцы зрабіцца беларускім пісьменнікам.
Урэшце, апошнім часам мне зноў заманулася падацца ў шпіёны. Як ты думаеш, да чаго б гэта?
1997Рыба ды іншыя
Ёсць мільён спосабаў пачаць гэты аповед. Я пачынаю яго так.
Уявіце гарадскую травеньскую раніцу з рэдзенькім туманам, што пахне чаромхаю і хімічнымі злучэннямі. У белай квецені на беразе ракі астатні раз усхліпвае ачмурэлы ад гэтых водараў салавей. Паблізу ягонага схову над аднапавярховымі мяшчанскімі мураванкамі канца мінулага стагоддзя падымаецца абшарпаны белы сабор з іржавымі купаламі, а трохі далей былая кірха з чырвонае цэглы. Яшчэ вельмі рана, і на прыбярэжнай вуліцы можна ўбачыць хіба што ацеслівую постаць нявыспанага вудаля.
Уявіце гарадскую травеньскую раніцу з рэдзенькім туманам, што пахне чаромхаю і хімічнымі злучэннямі. У белай квецені на беразе ракі астатні раз усхліпвае ачмурэлы ад гэтых водараў салавей. Паблізу ягонага схову над аднапавярховымі мяшчанскімі мураванкамі канца мінулага стагоддзя падымаецца абшарпаны белы сабор з іржавымі купаламі, а трохі далей былая кірха з чырвонае цэглы. Яшчэ вельмі рана, і на прыбярэжнай вуліцы можна ўбачыць хіба што ацеслівую постаць нявыспанага вудаля.
Калісьці па гэтай вуліцы прабягаў з вудаю малы Францішак Скарына. Умасціўшыся на цёплым, як чарэнь бацькавай печы, камені, ён пляваў на чарвяка або проста пляваў у ваду, задуменна гледзячы праз Дзвіну на кляштар бернардзінаў, дзе манахі вучылі яго лаціне. Калісьці недзе тут, перад выправаю ў вялікі свет па навуку, прыціскаў да плота дзяўчат безбароды хлапец, якога потым будуць з пашанотаю называць Сімяонам Полацкім.
Зрэшты, падлетак у зашмальцаваных штанах-дудачках і ў светлым курціку з невыразным партрэтам Джона Ленана, што брыдзе ў ранішняй смузе па пустэльнай вуліцы з зашчэпленымі нанач аканіцамі, не шукае сустрэчы з ценямі продкаў. Сёння ўначы ён не заснуў ні на волас з іншае прычыны. Ягоная рука, што сціскае сцізорык, ужо дрыжыць ад знямогі, а павекі ліпнуць на вочы, як мухі на жоўтую ліпучку ў школьнай сталоўцы, дзе ён аднойчы зеў у заклад трыццаць пончыкаў, запіўшы іх васемнаццаццю шклянкамі брыдкага шэрага кісялю.
Малюючы гэты ранішні абразок, я прапусціў адну істотную дэталь. Увесь горад абклеены абявамі з паведамленнем, што заўтра тут адкрываецца чэмпіянат СССР. Хлапчук са сцізорыкам пачаў свой мудрагелісты маршрут апоўначы і, крадучыся ад абявы да абявы, абышоў ужо амаль усе вуліцы. У кожнай абвестцы пра чэмпіянат ён акуратна выразае дзве літары.
Нястомная начная праца прытупіла пільнасць, і хлапчук не заўважае, што яго ўжо даўно засеклі. Ён трапіў на вока міліцыі яшчэ каля помніка Леніну, які тады і ў страшным сне не мог прысніць, што здарыцца гадоў праз дваццаць з ягоным носам.
Прачытаўшы першую адрэдагаваную хлапчуком абвестку, двое міліцыянтаў шматзначна пераглянуліся і дазволілі юнаму правапарушальніку дзейнічаць далей. Яны былі ў гуморы: у краіне разгортвалася змаганне з пянствам, і ўчора ўвечары начальнік гарадской міліцыі даверыў ім ганаровае заданне завесці на расстрэл у задзвінскі лес два дзесяткі тутэйшых жлукталёў. Міліцыянты вырашылі браць злачынцу на гарачым тады, як «расстраляныя» дабрыдуць да горада. Да таго часу, па іхніх разліках, ён павінен быў ухадзіцца з усімі абявамі.
Калі рыбакі выцягнулі першага соннага курмеля, а з таго боку, дзе за ракой, над лесам, тырчэлі трубы мясцовага гіганта нафтахіміі, зявіўся на мосце бязладны збой «расстраляных» пянюгаў, у гэтую самую хвілю хлапчук са сцізорыкам бездапаможна таргануўся і павіс на руках у міліцыянтаў каля апошняй апрацаванай афішы. «Укусіш, сука, урэжу па нырках, на ўсякі выпадак незласліва сказаў сяржант. Усё жыццё юшкай сцаць будзеш».
Праз колькі гадзін у адной з гарадскіх школаў быў скліканы агульны сход.
Герой мінулае ночы сядзеў на першым радзе побач з маладжавай кабетаю ў форме. Гэта была добра вядомая ў наваколлі інспектарка дзіцячага пакоя міліцыі Луіза Сцяпанаўна. Днямі яна выступала перад старшакласнікамі з лекцыяй аб прафілактыцы правапарушэнняў, і вучань дзевятага класа Валодзя Паповіч падняў руку і запытаўся, ці перадаецца трыпер праз пацалунак, за што быў неадкладна пастаўлены на міліцэйскі ўлік.
Цёплыя сонечныя промні падаюць на наглядную агітацыю з поснымі тварамі будаўнікоў камунізму. Па шэрагах піянераў і школьнікаў лётае туды-сюды навіна: «Рыбу павязлі». За што ніхто яшчэ дакладна не ведае. Адны кажуць, што Рыба а менавіта з такой мянушкаю ходзіць па зямлі начны ліхадзей напісаў на помніку Леніну кароткае мацернае слова, другія гатовыя прысягнуць, што гэта ён на мінулым тыдні павесіў на таполі пад вокнамі дырэктарскага кабінета ката з прымацаванай да хваста абвесткаю: «Он помогал партизанам». Сам Рыба важыць носам табаку. Яго вялікая, стрыжаная пад канадку галава падае на грудзі. З курціка пазірае на залу пераведзены праз трафарэтку пеўневы профіль Д. Ленана. «Хто гэта такі?» злавіўшы Рыбу на лесвіцы за вуха, запытаўся неяк дырэктар. «Ленан», лаканічна адказаў Рыба. «Нешта ён на Ўладзіміра Ільіча не падобны», засумняваўся дырэктар, але чалавек з пэўнай фантазіяй мог убачыць на выцвілым партрэце не тое што Леніна, а нават Мао Цзэдуна, і дырэктар адпусціў Рыбава вуха на волю.