Дык вось, гадоў з двух з паловай я быў перакананы, што ніякая сіла не змусіць мяне, як вырасту, зрабіцца следчым.
Следчым працаваў дзядзька Чаглей, які жыў у нашым драўляным доме праз сценку.
Дзядзька Чаглей прыехаў у Полацак з Сібіры, але ў той дзень, калі ён падхапіў мяне сваімі дужымі валасатымі рукамі пад пашкі і падкінуў над галавой, а я з гэтае верхатуры абсікаў яму бліскучы плех, у той дзень пра паходжанне нашага суседа, як і пра існаванне ягонай далёкае радзімы, я і не здагадваўся, а мой пругкі і трапны струменьчык нарадзіўся не ад нейкага перададзенага па генах асаблівага пачуцця да сібіракоў або да міліцэйскіх следчых, а ўсяго толькі ад лішку радасных пачуццяў, што перапаўнялі маю юную істоту.
Тым не меней пасля гэтага бяскрыўднага здарэння дзядзька Чаглей да скону дзён знелюбіў мяне. Ён ніколі дарма што сваіх дзяцей яны з цёткай Клавай, якую ўсе звалі Чаглеіхай, не дачакаліся не пачаставаў мяне ні цукеркаю, ні марозівам, наогул нічым, апрача нязменна насупленага калючага позірку, якім апошні раз адарыў з труны пасля сваёй ранняе смерці ад хваробы са смешнаю назваю «рак».
Малюючы гэтую псіхалагічную сітуацыю, можна знайсці безліч іншых дэталяў, аднак галоўную ролю ў маім рашучым нежаданні рабіцца следчым адыгралі не Чаглеевы пянкі і не абванітаваныя жоўтыя вяргіні пад нашымі вокнамі, а грыбы лісічкі, якія мама смажыла з цыбуляй і якія наш сусед прынцыпова не еў, заяўляючы, што ў іх у Сібіры такую смакату ўважаюць за паганкі і ўвогуле збіраюць адны баравікі. Помсцячыся сібірскім дзікунам за лісічкі, я і паставіў на прафесіі следчага вечны крыж.
Наступнай непрымальнаю ні пры якіх умовах была прафесія цырульніка. Тут мая непахісная наважлівасць вынікала з бацькавых аповедаў пра франтавога сябра, які ў нейкім венгерскім гарадку, пакуль мой тата-лейтэнант пазіраваў перад фотаапаратам, зайшоў у цырульню пагаліцца і прапаў. Потым тата разам з «нашым» патрулём знайшоў мёртвага сябра ў спіжарні над тазам крыві і з перарэзаным ад вуха да вуха горлам.
Да пятага класа я наадрэз адмаўляўся хадзіць у нашую цырульню «Ландыш», і бацькі мусілі купіць ручную машынку і карнаць мае шорсткія кудзеры каля кухоннае пліты. Напоўнены цёмнай крывёю таз, відаць, адклаўся ў самой геннай памяці, бо ў мяне ніколі не паўставала дылемы: насіць бараду альбо не, і ніводнага разу ў жыцці я так і не зведаў, што значыць пагаліцца ў цырульні.
Але найбольш зацята я не хацеў не здзіўляйся стаць кампазітарам. Я проста панічна баяўся гэтага, бо ў размовах бацькоў і іхніх знаёмых кампазітар быў нязменным пасмешышчам. На лавачцы каля дома ці ў нейкай застоліцы, паміж свежымі гарадскімі плёткамі і сакрэтамі марынавання гуркоў і памідораў, хтосьці абавязкова згадваў «нашага кампазітара», і хутка прысутныя клаліся ад рогату, зноў і зноў пераказваючы тую гісторыю і аздабляючы яе ўсё новымі маляўнічымі драбніцамі. Жанчыны паказвалі на дзяцей і трэслі на мужоў пальцамі, але засцярогі былі перастрахоўкаю: хоць малеча кшталту мяне і заходзілася ад смеху заадно з дарослымі, звязаць звесткі пра нейкую палюбоўніцу, пра пастаўленую ёй на адным месцы пячатку музычнай школы і пра мужаў пісталет, ад кулі якога кампазітар мог загінуць, аднак яму хапіла спрыту ўцячы і схавацца дзесьці ў Менску, звязаць усё гэта ў адзін ланцужок мы былі яшчэ не здольныя.
Ну вось нарэшце і віно. Такое? Тады за тваё ўменне слухаць.
Развіццё тых падзеяў ва ўсім іх ужо міфалагізаваным трагікамізме я ўявіў класе ў восьмым, калі ў музычнай радыёперадачы назвалі прозвішча даволі вядомага і цяпер кампазітара і праз незачыненыя дзверы я міжволі падслухаў, як пракаментаваў паведамленне мой бацька, чалавек наогул суровы і не надта гаваркі, але з несумнеўным талентам апавядальніка.
Той, каго называлі кампазітарам, у гады майго маленства працаваў дырэктарам гарадской музычнай школы, пісаў песні на вершы мясцовых паэтаў і круціў раман з афіцэрскаю жонкай. Як я зразумеў, звычайным месцам іх спатканняў быў дырэктарскі кабінет, у якім дзеля такіх выпадкаў стаяла, як выказаўся мой бацька, дзяжурная канапа. Аднойчы на гэтай канапе кампазітар і паставіў сваёй пасіі там, дзе спіна пераходзіць у больш спакуслівую частку цела, казённую пячатку.
Цяжка сказаць, якая логіка штурхнула яго на гэты неардынарны крок: ці то раптам разгуляліся ўласніцкія інстынкты, ці то пячатка, як тая знакамітая чэхаўская стрэльба, мусіла «стрэліць» ужо з прычыны адной сваёй прысутнасці на месцы дзеяння. Але што б там ні было, на тым самым адмысловым месцы ў кампазітаравай абранніцы зявіўся фіялетавы адбітак з надпісам: «Полацкая дзіцячая музычная школа». Надпіс, бясспрэчна, атрымаўся добра чытэльны, іначай муж-афіцэр не схапіў бы ўначы пісталет, і праштампаванай прыгажуні не трэба было б па тэлефоне папярэджваць каханка аб небяспецы, а таму ратавацца ўцёкамі, каб урэшце пераехаць у Менск, скончыць кансерваторыю, сапраўды зрабіцца кампазітарам і доўгі час не выступаць перад публікаю, пабойваючыся, што ў зале можа апынуцца афіцэр з пісталетам.
Карацей, кампазітарам у маленстве я не згадзіўся б стаць ні за якія грошы, нават за тыя, што бацькам ніколі не хапала, каб купіць мне ровар, на якім я, на свой сорам, так і не навучыўся ездзіць.
Затое мяне не трэба было ўгаворваць на вадалаза.
Згодны, давай выпем за маю першую мару.
Вадалазаў я ўпершыню ўбачыў, калі ў Дзвіне ўтапілася дзяўчына з суседняй вуліцы.
Яны прыязджалі ўранні на машыне «казле» і марудліва, як на запаволеных кінакадрах, выгружалі на бераг сваё мудрагелістае прычындалле. Найбольшае захапленне ў маёй душы выклікалі боты з таўшчэзнымі алавянымі падэшвамі, якія мы не маглі нават зрушыць з месца, і круглы шалом з вялізнымі вачыма-ілюмінатарамі.
На трэці дзень дзяўчыну выцягнулі з дна і, закруціўшы ў брызент, некуды павезлі.
Вартаўнік лодачнай станцыі дзядзька Мойша сцвярджаў, што за кожнага знойдзенага тапельца даюць вялікую прэмію. Прашамацела чутка, што дзеля гэтага вадалазы самі топяць людзей, чапляюць ім да ног камяні, а потым «знаходзяць» у прыкмечаным месцы.
Я не верыў. Я быў пэўны, што тапельцаў у Дзвіне не будзе бракаваць і без гэтага, і ўяўляў, як вырасту і буду гэтаксама абуваць цяжэзныя боты і шалом з ілюмінатарамі, да якіх пад вадой будуць падплываць і вочы ў вочы глядзець на мяне дзвінскія шчупакі. Я буду добра шукаць тапельцаў і часта атрымліваць прэміі, а пасля самавіта рассцілаць на траве газеціну, няспешна кроіць на ёй сала, не моршчачыся піць з пляшкі з малінавай галоўкаю гарэлку і мачаць зялёны цыбульны хвост у горбачку солі. Кульнуўшы апошнюю чарку і са смакам дажаваўшы цыбуліну, я буду закурваць і, як старэйшы вадалаз дзядзя Коля, напяваць загадкавую фразу: «Парапабабам, парапабабам»
Апрача тапельцаў, я павінен быў знайсці на дне ракі яшчэ і жалезную скрынку грошай. Цікава, што тапельцы мне ўпарта не сніліся, а вось скрынку я бачыў у сне шмат разоў і дакладна ведаў, як яна будзе выглядаць: аброслая перлавіцамі і спавітая багавіннем, з пудовым іржавым замком і белым чэрапам са скрыжаванымі косткамі, акурат такім, які быў на трансфарматарных будках і які ў нас чамусьці называлі іванам іванавічам.
Тапельцы прысніцца мне так і не паспелі, бо пасля таго, як дзядзьку Чаглея завезлі на могілкі, у нас зявіўся новы сусед, а з ім і мая новая мроя.
Суседа, які пасяліўся на кватэры ў жонкі следчага Чаглея, звалі дзядзькам Жэнем, і ён працаваў паталагаанатамам. Вымавіць гэткае складанае слова, як і не менш складаную першую літару ягонага імя, я, вядома, не мог і таму казаў, што, калі вырасту вялікі, буду, як «дзядзя Зеня».
У дзядзьку Жэню мне не падабалася толькі адно: абсалютна неспасцігальнае нежаданне хоць раз узяць мяне з сабою на працу.
Усё астатняе страшэнна падабалася.
Падабалася, што ад суседа заўсёды струменіў пах адэкалону, які наводзіў на думку, што там, дзе дзядзька працуе, якраз адэкалон і робяць.
Падабалася ягоная жонка, цётка Таня, якая ўлетку кожны дзень купляла мне марозіва.
Падабаліся нават і не надта прыхільныя размовы, што круціліся вакол іхняе сямі.
Дарослых немаведама чаму абыходзіла, што дзядзька Жэня і цётка Таня нейкія «нераспісаныя».
На маю думку, не было нічога кепскага і ў тым, што яны «нераспісаныя», і ў тым, што, каб ехаць на адпачынак у купэ ўдваіх, дзядзька Жэня купіў у купэйны вагон не два, а чатыры білеты.
Яшчэ падабалася, што, калі на святы цётка Таня клікала маіх бацькоў да сябе пасядзець, на стале ў нашых суседзяў стаяла не гарэлка, а віно.
Ты ведаеш, я не забыў, як яны паміж сабою чокаліся. Кожны раз тройчы: спачатку звычайна, потым вось так, яе келіх зверху, а потым зверху ягоны.
Яны абое былі высокія, станістыя і чарнявыя. Дзядзька Жэня насіў прыгожыя чорныя вусы, у цёткі Тані над верхняй вуснінай таксама прабіваўся цёмны пушок, які па часе абяцаў ператварыцца ў акуратныя вусікі. Я думаў, што, можа, з гэтае прычыны Чаглеіха і казала пра кватарантаў за вочы «мае жыды».
Аднаго разу бацькі, кудысьці зехаўшы, даручылі клопаты пра мяне дзядзіжэневай жонцы і, калі мы пайшлі палуднаваць у сталоўку гарадскога Дома афіцэраў і цётка Таня замовіла несусветна смачную, як мне здавалася, страву з экзатычнаю назваю «шніцэль», а потым сустрэла сяброў і тыя запыталіся, ці не ейны я сын, а яна адказала, што так, ейны, і пацікавілася, ці падобны я да яе, тады, памятаю, мне было ніякавата зусім не таму, што такім чынам я сам таксама трапляў у лік «жыдоў». Я чуў лёгкі сорам, што гатовы адмовіцца ад родных бацькоў, але зрабіць з сабою нічога не мог: калі ў паталагаанатамы бяруць толькі «жыдоў», я згодны быў запісацца ў «жыды».