Зрэшты, няма ніякай гарантыі, што ўсё гэта не больш чым брудныя інсінуацыі. Рэальнасць жа перад табою: засраная вальера і зграя прадстаўнікоў арктычнае фаўны калісьці, відаць, сапраўды белых, сытых і поўных мядзведжае годнасці.
Што ім мроіцца ў звыклым галаднаватым паўсне? Неабсяжная, зіхоткая ў месяцавым святле снегавая роўнядзь? Атамны ледакол «Ленін» на ахопленым паўночным ззяннем даляглядзе? Некалькі кашчавых нясмачных палярнікаў? Ясачка цікавасці і спадзявання прачынаецца ў зацягнутых каламутнай плеўкаю вачах адно тады, калі да сталёвых прэнтаў набліжаецца якая-небудзь таўсмаценькая бестурботная дзяўчынка, што, безумоўна, сведчыць на карысць версіяў пра браціка і сястрыцу.
Цалкам рэальны і развязны цынічны тып у модным чорным паліто і шэрай кепурцы, які дарма што вакол дзеці гучна прапануе паставіць на бетоннай скале ў вальеры помнік: вясёлага масянжовага мядзведзя з дзяўчынкаю ў зубах. Шэрая кепурка мяркуе, што мядзведзі заслугоўваюць на помнік ужо хаця б з тае прычыны, што не пагрэбавалі чалавекам. Чорная фантазія гэтага субекта прыводзіць на ўспамін інфернальных персанажаў Міхаіла Булгакава, але сам змрочны Азазела не дадумаўся б да таго, што лепей бы расейскую дзяўчынку Машу праглынуў пітон, бо пасля такога абеду ён сыты цэлых паўгода, а мядзведзі ўжо ўвечары таго самага дня са смакам схрумсталі б штук пяць свежых дзяўчынак. Апрача таго, каб Машаю заняўся пітон, нейкі час яе, ці, праўдзівей, ейныя дзявочыя абрысы яшчэ можна было б бачыць, што крыху супакоіла б боль незваротнае страты ў душах бацькоў і хлопчыка, якому Маша падабалася.
Публіка нервуецца (маўляў, адкуль толькі бяруцца гэткія вырадкі) і абсалютна дарэмна, бо, як вядома, чым вышэйшая генетычная разнастайнасць віду, тым вышэйшыя патэнцыяльныя магчымасці яго развіцця.
Субект у чорным паліто прапануе прысутным ушанаваць памяць дзяўчынкі Машы хвілінаю маўчання і першы здымае сваю шэрую кепурку. Гэта моцны ход, які адразу змушае абураныя галасы сціхнуць.
Але ты выдатна ўсведамляеш, што нельга дазваляць эмоцыям расцугліцца. Калі зыходзіць з магчымасці рэінкарнацыі, гісторыя з дзяўчынкай успрымаецца зусім не так трагічна і з яе лёгка пераключыцца на праблему наступнага Машынага ўвасаблення. Як і дзе яна вернецца да тваіх сучаснікаў ці нашчадкаў? Залатой рыбкаю дзе-небудзь у Тайландзе або галоднай белай мядзведзіцай у засранай вальеры пасярод тваёй краіны?..
Тым часам думка зрываецца са звыклай арбіты, і ты пачынаеш разважаць прыкладна так. Калі ў пэўным сэнсе можна казаць пра рэінкарнацыю жывых істотаў у герояў мастацкіх твораў, то чаму б не дапусціць, што праз нейкі час літаратурны герой, у сваю чаргу, уцелясняецца ў чалавеку або іншай Божай тварыне? Гаротны Муму за ягоныя пакуты няхай бы атрымаў кампенсацыю ў выглядзе попзоркі, а жорсткую барыню добра было б пусціць бегаць па памыйках аблезлай сучкай-бесхацінкай. Хто наогул возьмецца даказаць, што свет літаратурных вобразаў менш рэальны за наш? Пэўна, не адзін ты і не толькі прыкладаючыся да сваёй біклажкі заўважаеш, што часцей не мастацтва наследуе жыццю, а якраз жыццё мастацтву. Дастаткова згадаць авіятараны хмарачосаў у Нью-Ёрку, катастрофу з разраду тых, якія значна раней нам ужо паказвалі ў галівудскіх фільмах.
Але зараз цябе цікавяць не арабскія тэрарысты, а мірныя, вечна недакормленыя мядзведзі, якія за месяц апрыходавалі б усіх байцоў Бэн Ладэна.
Нейкае, яшчэ не да канца ўсвядомленае жаданне не адпускае цябе ад вальеры, прымушаючы наразаць вакол яе новыя і новыя кругі.
Паводзіны мядзведзяў, безумоўна, заслугоўваюць павагі. Яны, як і ты сам, відавочна стаяць на тым, што калі ў змаганні нельга перамагчы, то неабходна, прынамсі, не паддацца. Яны кінулі выклік сваім турэмнікам, зеўшы на падвячорак прадстаўніцу іхняй пароды, якая, стаўшы дарослай, наўрад ці змагалася б за правы абяздоленых жывёлаў, бо, кажуць, займалася ў школьным гуртку юных натуралістаў, дзе вучні звычайна мучаюць небараку вожыка, здадзеную кім-небудзь старую чарапаху ды пару анемічных вавёрак. Ты сам быў такім гурткоўцам і добра памятаеш, як лагодную зялёную чарапаху Тарцілу вы кармілі газетамі з партрэтам Хрушчова (што, як ні дзіўна, пайшло ёй на карысць), а лядашчую вавёрачку пачаставалі аднойчы адмысловымі арэхамі, якія праз шпрыц начынілі гарчыцай.
Мядзведзі пра згаданыя эксперыменты, трэба спадзявацца, не ведаюць. Іх чацвёра: бацька, маці і два маладзёны. Ужо па іхніх паставах і выгоднасці месца, занятага дзеля дзённае дрымоты, ты бачыш, што рэй у сямі вядзе стары бялун, у якога жыццё ў няволі так дарэшты і не знішчыла прыроднае велічы. Ты з усё большай павагаю прыглядаешся да патрыярха, бо гэта відавочна ён у крытычны момант, маланкава ацаніўшы сітуацыю, прыняў адзіна правільную пастанову: «Есці!»
Паводзіны мядзведзяў, безумоўна, заслугоўваюць павагі. Яны, як і ты сам, відавочна стаяць на тым, што калі ў змаганні нельга перамагчы, то неабходна, прынамсі, не паддацца. Яны кінулі выклік сваім турэмнікам, зеўшы на падвячорак прадстаўніцу іхняй пароды, якая, стаўшы дарослай, наўрад ці змагалася б за правы абяздоленых жывёлаў, бо, кажуць, займалася ў школьным гуртку юных натуралістаў, дзе вучні звычайна мучаюць небараку вожыка, здадзеную кім-небудзь старую чарапаху ды пару анемічных вавёрак. Ты сам быў такім гурткоўцам і добра памятаеш, як лагодную зялёную чарапаху Тарцілу вы кармілі газетамі з партрэтам Хрушчова (што, як ні дзіўна, пайшло ёй на карысць), а лядашчую вавёрачку пачаставалі аднойчы адмысловымі арэхамі, якія праз шпрыц начынілі гарчыцай.
Мядзведзі пра згаданыя эксперыменты, трэба спадзявацца, не ведаюць. Іх чацвёра: бацька, маці і два маладзёны. Ужо па іхніх паставах і выгоднасці месца, занятага дзеля дзённае дрымоты, ты бачыш, што рэй у сямі вядзе стары бялун, у якога жыццё ў няволі так дарэшты і не знішчыла прыроднае велічы. Ты з усё большай павагаю прыглядаешся да патрыярха, бо гэта відавочна ён у крытычны момант, маланкава ацаніўшы сітуацыю, прыняў адзіна правільную пастанову: «Есці!»
Твой унутраны краявід ачышчаецца ад туману, і ты разумееш, што прымагнічвае цябе да вальеры: імкненне ўступіць са старым мядзведзем у кантакт. Табе ўяўляецца, што дзеля гэтага не абавязкова лезці да яго (з усімі непрадказальнымі вынікамі такой экспедыцыі). Мо хопіць таго, што ты на імгненне спаткаешся з ім вачыма і, як часам здараецца ў свеце людзей, галоўная інфармацыя будзе счытаная важна толькі гранічна сканцэнтравацца і настроіць свой унутраны прыймач на адпаведную хвалю.
Што ты прагнеш даведацца найперш, дык гэта тое, кім ён хадзіў па зямлі ў мінулым жыцці. Ты мусіш ухапіць нейкую зачэпку, нітачку, якая дапаможа раскруціць клубок аналогіяў і асацыяцыяў. Аднак злавіць позірк уладара вальеры надзвычай няпроста, бо ён цяпер у абдымках свайго мядзведжага Марфея: заснуў на санцагрэі пад штучнай скалой з падазронымі цёмнымі плямамі.
З паўночнага боку вальеры адтуль, дзе рэзідэнцыя паўліна з выскубаным на сувеніры хвастом да скалы можна падысці бліжэй. Але чым парушыць ціхамірны сон белага патрыярха? У кішэні твайго паліто жменя цукерак «Чырвоная Шапачка». На абгортках якраз тое, што трэба, апетытная дзяўчынка з кошыкам. (Праўда, на месцы ваўка ты б пакрыўдзіўся, бо яго адсутнасць на малюнку пахне дыскрымінацыяй, і застаецца суцяшацца думкаю, што акурат у гэты час ён, воўк, змястоўна бавіць час з бабуляю.)
Першая і другая цукеркі не далятаюць, але прыстрэльванне ідзе ўдала, і ўжо трэцяя «Шапачка» трапляе ў брудна-белы азадак, а чацвёртая і пятая кладуцца на цэмент перад самай пысаю соннага драпежніка. Той падымае галаву і вось ён, чаканы момант! Вашыя позіркі сустракаюцца, і паміж імі напраўду ўзнікае невідочны, але жывы, пульсоўны ток, канал сувязі і яно невыпадкова, бо гэтыя вочы, дзве спелыя чорныя слівіны фантастыка! нібыта знаёмыя табе, ты ўжо калісьці глядзеў у іх, а таму з падвойнай энергіяй намагаешся выцягнуць з прыцемкаў свядомасці свайго белага візаві хоць якуюсьці звестку пра ягонае ранейшае, дамядзведжае жыццё.
Неверагодна, але, здаецца, нешта выходзіць, і ты, зняможаны сеансам сувязі, сядаеш на лавачку каля паўліна і, апусціўшы павекі, пракручваеш сам сабе атрыманы інфармацыйны ролік. Чаму б не прызнаць «карцінку» сігналам, пасланым тваім маўклівым суразмоўцам з тых сховаў, дзе дрэмле пад попелам незлічоных гадоў непрадказальная памяць продкаў?
Вогнішча, яркая нетутэйшая зеляніна, цёмныя расфарбаваныя постаці аголеных людзей, правадыр на ўзвышэнні таксама голы, адно са скураным паскам на таліі, адкуль, прыкрываючы мужчынскае багацце, звісае лахман з нейкім цьмяна знаёмым з твайго дзяцінства значком, які зачаравана разглядвае малы мурза з сінім пяром у жорсткіх чорных кучарах. Ты падкручваеш колца павелічэння і бачыш акцябрацкі значок з амаль дзявочым тварыкам яшчэ бяскрыўднага Валодзі Ўльянава
Але пры чым тут незабыўны амфітэатр вашай студэнцкай аўдыторыі і прафесар з цудоўным рэдкім імем Гілер Мардухавіч, які аднойчы самахоць стаў ардынарным Генадзем Міхайлавічам, за што яму напэўна давядзецца заплаціць падатак пры рэінкарнацыі.
Аўдыторыя, Гілер Мардухавіч і твой аднакурснік з яшчэ больш дзівосным імем Мбамба (што з афрыканскай перакладаецца прыкладна як «аматар чалавекаў»), з якім ты па чарзе смокчаш праз саломінку «Портвейн розовый крепкий» (0,7 л), захінуўшы зялёную пляшку чырвоным падручнікамгісторыі КПСС. А побач, таксама з саломінкаю ў зубах, пасмоктвае «Лідскае» вялікая аматарка піва Маша Тарабанава, што не толькі круціла з Мбамбам раман, але і збіралася да твайго чорнага сябра на летнія вакацыі, а потым у ЗАГС, балазе вірусу СНІДу тады яшчэ не існавала (прынамсі, у вашых шыротах пра яго не чулі), а грошай яе каханы не лічыў і штосуботы паіў упокат увесь ваш інтэрнатаўскі пакой армянскім каньяком, а танны партвейн вы з ім цадзілі з тае прычыны, што гэты суворы напой быў для загартаванага сына экватарыяльных лясоў нечым накшталт мінералкі. Аднак у апошні момант Маша, на жаль, перадумала ехаць, бо папаўзлі недарэчныя, яўна запушчаныя зайздросніцамі чуткі, быццам у таго племя, што ўзгадавала Мбамбу, існуе мудры, асвечаны стагоддзямі звычай зядаць нявестаў, якіх не ўпадабаюць бацькі закаханага юнака.