Па гамбургскім рахунку, скарачаць сваё жыццё гэтаксама цікава, як і яго расцягваць. А ўсё ж як наконт кампраміснага варыянта? На пятнаццатым годзе волі, пакаштаваўшы ўсяго на свеце (у тым ліку, вядома, і карыснай для львінага арганізма чалавечыны), можна самахоць здацца ў заапарк і, бязгрэшна гледзячы людзям у вочы, атрымаць яшчэ адзін жыццёвы тэрмін з гарантаванаю пайкай. Які з трох шляхоў абяцае найбольш прыстойную рэінкарнацыю?
Побач з ільвом самец малпы, гібон, які, песцячы позіркам вабных жанчын, натхнёна займаецца мастурбацыяй, што выклікае здаровую цікавасць у юных аматараў прыроды, якіх бацькі мусяць жывасілам цягнуць да іншых клетак. Кім быў у мінулым існаванні ён? Сексуальным маньякам? Хлопчыкам з чарнобыльскай зоны, які ціха сканаў ад лейкеміі, так і не паспеўшы зрабіцца мужчынам?
А твой зялёны рахманы брат кракадзіл, што ў зімовай кватэры камеры не можа нават выпрастаць хваста і гібее, уяўляючы сабой жывы пытальнік без кропкі?
У адоранага амаль чалавечай прыгажосцю, але нязмерна больш дасканала складзенага пітона прасторы болей, хапае і тром жвавым белым курапаткам, ягонаму падвячорку. Хто ведае, ці не былі гэтыя грацыёзныя бесклапотныя істоты ў ранейшым жыцці прафесійнымі выляжанкамі і венерычкамі, а мо выдатніцамі і сакратарамі камсамольскіх камітэтаў
Між іншым, часам табе самому таксама маніцца пасля смерці вярнуцца птушкаю. Нездарма ты некалі ўяўляў свае пераўвасабленні ў грака і яго самотныя палёты над горадам з прызямленнямі ў самых нечаканых месцах ад варятні да падвокання кух ні адной здрадлівай знаёмай.
Чаму грак, а не якісь там бусел? Мо таму, што тады не трэба будзе адлятаць на зіму, а ты адчуваеш, што з гадамі можаш зрабіцца лайдакаватым і цяжкім на падём персанажам, які лічыць, што, маючы розум, са свайго вакна можна ўбачыць болей, чым абехаўшы цэлы свет?
Але вось галоўная праблема: ці будзеш ты ў іпастасі грака памятаць, што ты гэта ты? А калі не, калі не будзе прынцыповай розніцы паміж табой у новай цялеснай «апранасе» і табой, хворым, крый Божа, на хваробу Альцгеймера, пры якой чалавек страчвае сваю памяць, а значыць і сваё «я», калі так, дык ці не ўсё адно, вернешся ты або не, а калі і вернешся, то хіба істотна у чыім абліччы: халаднакроўнай вужакі, перапоўненага каханнем марцовага ката, балотнай пявіцы або блакітнага матылька аднадзёнка? Не, мабыць, кот усё ж мае перавагі перад вужакай. Але ты рызыкуеш апынуцца ў зачараваным коле, бо мяркуеш пра свае новыя верагодныя ўвасабленні выключна з чалавечага гледзішча. А дзе, скажы, гарантыя, што ў момант свайго смяротнага ўкусу вужака не перажывае асалоды і шчасця, стакроць мацнейшых і шматстайнейшых за твае адчуванні пры самым фантастычным аргазме?
Дарэчы, пра аргазм. З якой прычыны табе ў гэты момант зазвычай прагнецца хоць на імгненне стаць жанчынаю, каб даведацца, што адчувае таямнічая істота, з якой ты дзеліш ложак? Можа, ніякай мексіканскай танцоркі напраўду ніколі не існавала, бо ў адваротным выпадку ты ну хоць нешта, нейкае каліва, але мусіў бы памятаць. Нельга ж пагадзіцца, што тая белазубая смуглявачка з пышным бюстам і ўсім астатнім сваім тваім жаночым багаццем служыла эталонам фрыгіднасці і за свае пяцьдзесят тры (як паказалі эзатэрычныя табліцы) вірлівыя гады так нічога і не адчула.
Адзінае, на што ты катэгарычна не пагаджаешся вярнуцца раслінаю. Ты згодны з філосафамі: любая, няхай сабе найпрыгажэйшая кветка ўсё адно асуджаная на сляпое, паўсоннае, прыкутае да зямлі існаванне. А вось непрыкметны камарык насаты тварык свабодны: звоніць у свой невідочны званочак, вырабляе складаныя піруэты ў сонечным промні, сам вызначае сабе шлях і выбірае ахвяру. Жывёла мае выбар, і ў гэтым сэнсе нябачная воку інфузорыя, якая займае сабой нейкую тысячную долю кроплі, сапраўды незалежная ад усяго астатняга Сусвету, а велічэзны клён, на галінцы якога яна вісіць, несвабодны. Вырасці клёнам, каб нейкі апівуда пускаў на цябе свой пенлівы струмень і яму нельга было даць выспятка, ты не згодны. Няхай ужо тады будзе мікракосм інфузорыі (Цікава, колькі інфузорыяў затаілася ў сусвеце тваёй біклажкі?)
Блукаючы ад клеткі да клеткі, ад глытка да глытка і ад рэфлексіі да рэфлексіі, ты настолькі заблытваешся ў іхнім багавінні, што ледзьве не прапускаеш падзеі, якая нядаўна крыху ўзбунтавала ціхамірную плынь аднастайных тутэйшых дзён, напоўніўшы сэрцы жыхароў і наведнікаў звярынымі і чалавечымі пачуццямі.
Зрэшты, у здарэнні няма нічога неардынарнага: белыя мядзведзі зелі дзяўчынку Машу.
Гэтую афарбаваную светлым фаталістычным сумам гісторыю ты чуеш адразу ў некалькіх сагрэтых чалавечай спагадаю інтэрпрэтацыях.
Паводле першай, брацік неабачліва паставіў сястрычку на верх агароджы, а малой заманулася пагуляць з «мядзведзікамі». Праз хвілю аматары прыроды ўбачылі, што ласкавыя, амаль плюшавыя «мішуткі» хацелі есці. (Некаторыя заўсёднікі звярынца ўдакладняюць, што дзяўчынка Маша летась прыехала з бацькамі з Расеі.)
Другая версія сцвярджае, нібыта дзеці раслі ў моцна пітушчай сямі і брацік асэнсавана падштурхнуў любую сястрыцу, як часам птушаняты выкідаюць слабейшых з гнязда, каб самім мець лепшы наедак.
Апалагеты трэцяга варыянта перакананыя, што Маша, ад якой засталіся адны пажаваныя ружовыя майткі, была не такая ўжо малая і паспела запусціць свае вострыя зубкі ў сакавіты яблык зямных спакусаў, бо хварэла на СНІД і заразіла блізу сотні мужчынаў і пару дзясяткаў жанчын і дзяўчынак. Прыгнечаная сумленнем, пачвара татальнага сексу і выправілася ў ружовых майтках на гасціны да дружнай сямі мядзведзяў, эгаістычна не думаючы, што можа заразіць яшчэ і іх.
У апошняга варыянта ёсць падварыянт, згодна з якім перадаць невылечную пошасць хворая ад нараджэння Маша, не ведаючы пра тое, здолела адно свайму каханаму Гошу. Пасля жахлівага прысуду медыкаў юная пара проста на ганку дыспансера паклялася разам звесці падрахункі з жорсткай рэчаіснасцю, аднак у астатні момант Гоша выявіў агідную слабасць характару і цяпер да скону дзён будзе сніць пагардлівую ўсмешку на вуснах каханай, пасланую яму ўжо з пашчы паўночнага драпежніка.
Значна менш прыхільнікаў маюць іншыя версіі. Напрыклад, што Маша ані не хварэла на СНІД, а легкадумна закахалася і страціла нявіннасць у пяшчотных абдымках мясцовага плэйбоя, гнюснага вашывага прадпрымальніка, які нават у непаўторныя хвіліны пяшчоты тэлефанаваў кудысьці праз мабільнік і замаўляў вагон рыбы. Гэты монстр ніколі не дазваляў сабе быць з адной жанчынаю болей за адзін раз, а крыху экзатычны спосаб самагубства пакінутая Маша абрала з тае прычыны, што пісала вершы, а значыць, была натураю артыстычнай і нават у драбязе не цярпела банальнасці.
Ты аўтаматычна шукаеш рыфму да слова «мядзведзь»: «ледзь-ледзь», «смярдзець» Далей выплывае нешта спрэс непрыстойнае.
Пакуль тое, нейкая цётухна прапануе іншы жаласны сюжэт. Маша чакала дзіця; адпаведная апаратура ўжо паказала, што народзіцца хлопчык, і шчаслівая маці выбрала яму імя Саша. Але імя выявілася нешанцоўным, бо развіццё падзеяў атрымала незапланаваны паварот: Сашаў бацька, які рыхтаваўся стаць Машыным законным спадарожнікам жыцця, прадэманстраваў усім зацікаўленым бакам завераныя гербавай пячаткаю дакументы, адкуль вынікала, што ён інвалід савецкай арміі, дзе хапянуў дозу радыяцыі, якой з гакам хапіла, каб стаць поўным імпатэнтам і ніколі не мець дзяцей. «Вось табе і Саша!» пераможна заявіў інвалід савецкай арміі і, весела насвістваючы расейскую песеньку пра тое, што «Сладку ягоду рвали вместе, горьку ягоду я одна», развітаўся з будучай маці, якая на апошнія грошы набыла квіток у звярынец.
Гэты досыць трывіяльны сюжэт табе чамусьці не падабаецца: магчыма, шкада Сашу, якога драпежнікі зелі разам з Машай, спыніўшы працэс ягонае рэінкарнацыі на самым пачатку.
Больш сімпатычнай выглядае версія, паводле якой ахвяра мядзведжага апетыту была транссексуалкай, што пасля аперацыі ператварылася ў Мішу, але аднойчы, і, трэба сказаць, у самы пікантны і напружаны момант, у скляпаным дактарамі шчаслівым арганізме неспадзявана пачалася рэакцыя адчужэння, і трансплантаваны орган адваліўся, што і змусіла агорнутага роспаччу Мішу, зноў перавернутага ў Машу, аддацца на разарванне белым мядзведзям.
І, бадай, самае неверагоднае, што ты выслухаў каля вальеры, нібыта Маша не мела аніякага дачынення ні да малалетніх дзяўчынак, ні да няшчасных закаханых і хворых на СНІД, а жыла на вуліцы Калектарнай у тым доме, дзе прымаюць шклатару, і была сямідзесяцігадовай бабуляю, якую дзеці і ўнукі выгналі з дому за тое, што ўначы яна моцна храпла і будзіла канарэйку. Вось бабуля і пайшла да мядзведзяў, бо любіла жывёлаў і рэгулярна падкормлівала галубоў каля помніку Ф. Дзяржынскаму. У такі варыянт, пры ўсёй ягонай вонкавай абгрунтаванасці, паверыць архіскладана: пералезці высокую жалезную загарадку вальеры няпроста нават спрытнай жыццярадаснай дзяўчыне ў ружовых майтках, а спагадлівыя наведнікі звярынца напэўна засаромеліся б падсаджваць бабулю, уважаючы наейны век і ўсеагульную павагу, бо Маша штодня па шмат разоў займала чаргу да вакенца прыёму шклатары і брала за паслугу амаль сімвалічныя ганарары. Наўрад ці бабулі дапамаглі караскацца на агароджу і родныя ёй людзі, таму што, як ты разумееш, яны не ставілі задачы кардынальнай ліквідацыі бабы Машы. Праблема палягала адно ў моцным храпе, і не выключана, што, жывучы ў натуральных прыродных умовах і на адпаведнай дыеце, бабуля магла хутка перавыхавацца і трыумфальна вярнуцца ў свае пенаты на Калектарнай.