Гісторыя нумар адзін пра старога вясковага настаўніка біялогіі. Настаўнік меў слабы зрок, а таксама пункцік нястомна бараніў мурашак, бо лічыў іх найкарыснейшымі істотамі. Ідзе, значыцца, настаўнік лясной дарогаю і бачыць, як нейкі боўдзіла варушыць мурашнік. Стары паводле сваёй завядзёнкі наважыў таго боўдзілу ўлякнуць, каб і дзесятаму заказаў, падкраўся ззаду ды як раўне: «Ты што, урадзіцель ё ны, робіш?!» і нагой пад азадак. «Урадзіцель» брык і не варушыцца, ды яшчэ ў паветры неяк нецікава запахла. Настаўнік працёр акуляры і сам ледзь у штаны не нарабіў: ляжыць побач з мурашнікам у кучы г вялізны мядзведзь з лапаю ў роце і ўжо не дыхае. Паласаваўся, называецца, кісленькім
Або другая гісторыя. Ходзіць чалавек па грыбах і чуе раптам, як у нетрах штосьці дзеецца. Падышоў бліжэй, а там мядзведзь хавае пад ламаччам задзёртую казу, каб сок пусціла, бо ён, гурман, любіць мяса з душком Грыбнік і вокам не зміргнуў, як апынуўся на дрэве. Мядзведзь, пакуль тое, казу схаваў, паюндзіў ад задавальнення на малады баравік ды рушыў па сваім звярыным клопаце. А чалавек ужо трохі агойтаўся і касалапаму з дрэва наўздагон: «Мэээ» Той вярнуўся, адкапаў «заначку», панюхаў, пакруціў і так і гэтак ды, супакоіўшыся, закідаў хлуддзём назад. Толькі сыходзіць, а тут аднекуль: «Мэээ» Мішка вярнуўся, зноў, але ўжо палахліва азіраючыся, паўтарыў свае манеўры з козачкай, зноў пасунуўся паціху ў лес, а грыбнік трэці раз: «Мэээ!» І тады мядзведзь як падмазаў пяты толькі лес трашчаў.
Трэба сказаць, што размовам пра мядзведжую палахлівасць ты не надта даеш веры. Найхутчэй гэта дзеля свайго заспакаення, прыдумалі вы, людзі. А калі і сапраўды трапляюцца сярод тваіх будучых братоў баязліўцы, дык хапае і надзеленых не абы-якой мужнасцю і вытрымкай такіх, як герой трэцяй гісторыі.
Выходзіць у адной вёсцы пад Лепелем гаспадар на ганак, а ў садзе, проста перад хатаю, сядзіць на яблыні мядзведзь ды есць спелыя малінаўкі. Мужык трапіўся няўломак і замест хавацца як гаркне: «Пайшоў на х!» Але не на таго нарваўся: касалапы адно трохі здзівіўся, а малінаўкі як цюмрыў, так і цюмрыць. Ужо ўся сямя з ганка мацюкала ляснога госця, а той, каб не заміналі вячэраць, усяго што задам да іх павярнуўся. І толькі калі гаспадар пальнуў угару з дубальтоўкі, адно тады твой верагодны лясны суродзіч дазволіў сабе ўлучыцца, так бы мовіць, у дыялог з чалавекам: зароў, абтрос, схапіўшыся за галіны, усю яблыню, а потым саскочыў долу ды давай шпурляць яблыкамі па хаце, пакуль не павыбіваў усе вокны, што, дарэчы, абвяргае пашыраную думку, быццам мядзведзі дрэнна бачаць. Мізансцэна з мужным мядзведзем на яблыні такая выразная, што ты з цяжкасцю сціраеш яе з сеткавіны вачэй.
Тым часам з дзяцінства выплывае яшчэ адна гісторыя, праўда, цалкам кніжная, як і «Локіс», але нязмерна жудлівейшая за расказаную Прасперам Мерымэ, бо ў таго дзейнічалі звяры звыклыя і родныя, няхай і з невялікімі адхіленнямі ад нормы: ну маглі там заняцца любоўю з графіняю або перакінуцца ў чалавека і назад, што на гэтых тэрыторыях, спрадвеку ўпадабаных ваўкалакамі, навіна невялікая.
У восьмым класе ў зашмальцаваным зборніку фантастыкі ты прачытаў аповед, які ўразіў цябе так глыбока, што ты зноў, як маленькі, не хацеў заставацца дома адзін, баяўся цемры, але, на шчасце, не пачаў зноў сікацца. У аповедзе вялося пра сакрэтную лясную лабараторыю, дзе вучоныя стварылі мядзведзяў, надзеленых магутным інтэлектам. Тыя, быццам семкі, лускалі задачы з вышэйшай матэматыкі, распрацоўвалі абаронныя праграмы, а ў рэдкія хвіліны адпачынку з гройсмайстарскай лёгкасцю ставілі маты сваім прафесарам, а пасля і самім шахматным мэтрам, якіх прывозілі ў лабараторыю на трэнінгі. Потым ад вялікага розуму ў эксперыментальных мядзведзяў стала выкочвацца поўсць, на лбах зявіліся амаль чалавечыя плехі, а крыху пазней, калі чацвераногія інтэлектуалы асвоілі людскую мову, яны зелі ўсіх высакалобых прафесараў, выпілі за іхнюю светлую памяць у лабараторным бары ўсё віскі і закусілі аховаю, а ў час дэсерту акурат падехалі на чарговы турнір гросмайстры, якім мядзведзі сумленна прапанавалі згуляць на жыццё, і, хоць шахматысты згадзіліся, шанцаў ніхто з іх не меў.
Пераможцы турніру разбегліся па навакольных лясах дзеля бліжэйшага знаёмства з мясцовым жыхарствам, але адразу адчулі сябе дыскамфортна, бо тубыльцы кепска гулялі ў шахматы, не ведалі найвышэйшай матэматыкі і не маглі забяспечыць інтэлектуальныя запатрабаванні былых паддоследных, што выклікала ў апошніх абгрунтаваную ўквеленасць і не спрыяла рацыянальнаму харчаванню.
Пакуль згадваеш дзіцячыя страхі, у атмасферы звярынца штосьці адбываецца: ты фізічна адчуваеш разлітыя ў паветры хваляванне, трывогу, напятае да тонкага звону чаканне.
Зверыну пачынаюць карміць.
Твой сусед, абскубаны паўлін, атрымлівае тры жмені крупаў. Мядзведзям прыносяць брудны тазік рыбы. Выгляд і памер пайкі непазбежна наводзяць на думку пра злоўжыванні службовым становішчам.
Мядзведзі прыніжана падымаюцца, адзін гаспадар вальеры гідліва паварочвае галаву ў процілеглы бок. Ты таксама адварочваешся, аднак з іншае прычыны: яда працэс зусім не публічны, а выключна асабісты. Як, напэўна, пакутуюць звяры, змушаныя штодня карміцца навідавоку ў зайздрослівага натоўпу гледачоў! (У выпадку з Машай было тое самае, адно што ўдалося зменшыць цікаўную зграю на аднаго гледача.) Пітону лягчэй: добра падсілкуешся і да наступнага абеду цэлы месяц.
Яда, безумоўна, рэч інтымная. Невыпадкова мужчына запрашае жанчыну разам павячэраць: ад супольнай трапезы недалёка да супольнага ложка. Калі ты ясі з кім-небудзь, робішся яму амаль як брат. Каб ты разам з мядзведзямі зеў Машу, мог бы цяпер гэтаксама выцягнуцца пад скалой, бо стаў бы для іх сваім. Або каб у касалапай кампаніі пераведаў адвячоркам на Радаўніцу вясковыя могілкі, дзе на кожным грудку стаіць чарка з размаітымі закускамі, якімі спрадвеку любяць у гэты дзень частавацца пасля людзей полацкія мядзведзі, памінаючы чалавечых, а мо і сваіх продкаў.
Дарэчы, на тваім жыццёвым шляху ўжо была магчымасць раздзяліць з мядзведзямі харч.
Калі заплюшчыць вочы і падставіць твар сонцу, вельмі лёгка аднавіць палескі ландшафт, хуткую Гарынь і ваш памаранчавы намёт на беразе. Надвечар на тым баку глыбокай, але вузкай ракі з лесу выйшаў мядзведзь. Буйны, ахайны і бадзёры, ён годна рэпрэзентаваў сваю папуляцыю, а накіроўваўся, найверагодней, на недалёкі пчальнік, з гаспадаром якога меў гешэфты.
Аматар мёду ў роздуме пазіраў на намёт і нетутэйшую публіку, што заступіла яму дарогу. Роздум доўжыўся, пакуль з-за павароту не паказалася, выючы сірэнай, баржа-самаходка, якія тады яшчэ нястомна шнуравалі па Гарыні. Мядзведзь нехаця адступіў у прыбярэжны падлесак, аднак у сутонні зявіўся зноў і, дэманструючы паважнасць намераў, наблізіўся да самае вады, прычым нават пакратаў яе лапаю.
Замест таго каб пранікнуцца клопатам ляснога брата, вы расклалі каля намёту вялікае вогнішча, але імпэту збіраць і падкідваць у агонь дровы вам хапіла ўсяго да другой гадзіны ночы, а тады, захмялелыя ад крынічна чыстага паветра, а таксама ад аднаго чысцюткага, як сляза, прадукта аўтахтоннага вырабу, вы дружна ўзяліся важыць носам табаку. Мядзведзь стаічна чакаў і быў узнагароджаны: перш чым залезці ў намёт ды адключыцца, вы яшчэ здолелі скаардынаваць бураму падарожніку маршрут, пакінуўшы яму на пні за сотню метраў убаку бохан «Нарачанскага» хлеба і пару бляшанак згушчонкі. Раніцой пачастунак знік, а вільготны прыбярэжны пясок збярог выразныя, надзіва падобныя да чалавечых пяціпалыя сляды. Нехта з вас, памятаецца, узгадаў з гэтае нагоды тамтэйшае паданне, што даўней мядзведзі былі людзьмі, а можа, і наадварот.
Пад ракурсам сённяшніх падзеяў тая прыгода выглядае зусім іначай. А што, калі ты страціў унікальную магчымасць твар у твар сустрэцца са сваім будучым увасабленнем, пасля чаго твой лёс мог бы крута змяніцца і, верагодна, ты даўно ўжо перажыў бы рэінкарнацыю
Наастачу апошняя з вядомых табе «мядзведжых» гісторыяў зноў, як і першая, пра педагога, гэтым разам пра настаўніцу расейскай мовы, прысланую ў заходнебеларускую каталіцкую вёску. Тая сціплая працаўніца на ніве народнай асветы несла цёмнаму тамтэйшаму люду святло свайго «великого и могучего языка», несла ахвярна і самааддана, але нядоўга: у сцюдзёную калядную ноч на снезе ў беларускім лесе ад жанчыны-педагога засталіся толькі спярэшчаныя «двойкамі» вучнёўскія сшыткі ды арэнбургская пуховая хустка. Пазней мужная выкладчыца стане гераіняю балады папулярнага айчыннага барда, але там, як і ў кожным мастацкім творы, ёсць прынамсі дзве невялікія недакладнасці: насамрэч настаўніцу прыслалі не з Бійска, а з Валакаламска, а зелі яе на святочную вячэру не нацыяналістычна настроеныя санітары лесу ваўкі, а мядзведзі-патрыёты, што ты мусіш канстатаваць з пачуццём глыбокага чалавечага смутку, мімаходзь заўважаючы паміж настаўніцай расейскай мовы і расейскай дзяўчынкаю Машай нейкую лёгкую містычную сувязь.