Згадка пра прыезджую здалёк выкладчыцу братняе мовы наводзіць на думку пра падарожжы, якія, пакуль ты ў чалавечай іпастасі, займаюць у тваёй іерархіі каштоўнасцяў надзвычай высокае месца напэўна, з тае прычыны, што адзін з тваіх продкаў належаў да вандроўнага цыганскага племя. (Між іншым, якраз цыганы, паводле згаданага нядаўна палескага падання, і былі раней мядзведзямі, або мядзведзі былі цыганамі.)
Нарадзіўшыся ў бурай шкуры, ты відавочна атрымаеш прынцыпова іншыя магчымасці вандраваць па свеце. З аднаго боку, здымаецца з парадку дня пытанне фінансаў, затое, з другога, падарожнічаць давядзецца на сваіх чатырох, што, зрэшты, больш пазнавальна і карысна для здароўя. Гэта значыць, вырушыўшы ўвесну з-пад Менска і перасоўваючыся пераважна начнымі перабежкамі, Каляды можна будзе сустрэць недзе пад Лісабонам. Паглядзіш, як жывуць твае заходнееўрапейскія суродзічы, а мімаходзь высветліш, на якой мове яны гавораць: ці то на адной незалежна, з-пад Докшыцаў паходзіш ці з-пад Жэневы ці то ў кожнай краіне мова свая, а для міжнародных сувязяў існуе нейкі мядзведжы «інгліш».
Але цікава, як ты збіраешся перасякаць дзяржаўныя межы і, найперш надзейна перакрытую заходнюю мяжу тваёй дзяржавы, патрыётам якой ты, верагодна, застанешся і ў мядзведжай іпастасі? Перспектыва быць расстраляным на кантрольнай паласе як пераапрануты вораг сваімі ж хлопцамі з зялёнымі пагонамі цябе прываблівае мала.
Застаюцца падарожжы праз слаба кантраляваныя ўсходнія рубяжы краіны, на якіх дзеля пачатку варта будзе наладзіць абследаванне вашага колішняга этнічнага абшару, што на ўсходзе сягае, як вядома, далёка за Смаленск. На поўнач дарога таксама адкрытая: з полацкіх лясоў за тыдзень ты, не надта спяшаючыся, дасягнеш запаведнага пушкінскага Міхайлаўскага, затрымаешся на колькі дзён у тых паэтычных мясцінах, каб сустрэць для натхнення якую-небудзь сваю Машу або, на горшы выпадак, Арыну Радзівонаўну, і рушыш далей, на Лугу і Санкт-Пецярбург шляхам, які не адолеў напалеонаўскі маршал Удзіно і які некалі ў адваротным кірунку мераў штолета сваімі шырокімі крокамі твой знакаміты суайчыннік і зямляк Ян Баршчэўскі, што меў сантымент да мядзведзяў, а таму, мяркуючы па шматлікіх паспяховых вандроўках праз лясы, карыстаўся выдадзенай імі «ахоўнай граматай».
Ну, здаецца, з праблемамі і рацыёну, і бязвізавых падарожжаў ты збольшага разабраўся, але непазбежна паўстае новая, не менш хвалюючая зімовая спячка.
Неабавязкова быць яйкам на патэльні, каб уявіць, як атрымліваецца яечня. Ты ведаеш рэсурсы свайго цела і духу і цешышся імі, як музыка-віртуоз радуецца роднаму інструменту, цалкам усведамляючы ягоныя магчымасці. Ты ўяўляеш, як надыходзіць верасень. Ты ўжо дасхочу наеўся суніцаў, чарніцаў, малінаў, тваіх улюбёных буякоў-дурніцаў. Натуральна, што, паводле спаконвечнай мядзведжай традыцыі, сам ты ягадаў не збіраў, а цярпліва чакаў, пакуль ягадніцы набяруць поўныя вёдры. Потым па-гаспадарску палохаў руплівых жанок і спакойна ласаваўся сумленна заробленым дэсертам, а калі хтосьці не пагаджаўся з законнай экспрапрыяцыяй, твой абед рабіўся больш разнастайным.
Назапашаны за лета тлушч адпаліруецца восеньскімі арэхамі і жалудамі, тузінам гладзенькіх грызуноў і, калі пашанцуе, кім-небудзь яшчэ, але гэта ўжо твая гастранамічная таямніца. Урэшце трэба ладзіцца на сон; як след адаспацца за зіму любата, і тут бурыя мядзведзі маюць велізарную перавагу перад сваімі белымі сваякамі, бо на радзіме ў апошніх такі калатун, што асабліва не разаспішся. А добры здаровы сон, як пісаў нехта з класікаў, найлепшая страва на банкеце жыцця, пагатоў гэтая страва павялічвае працягласць самога банкету. Мядзведзь у сярэднім жыве гадоў дваццаць, але калі шанаваць сябе і паўнавартасна адпачываць ва ўтульным высланым імхом бярлогу ад падарожжаў, дзяўчынак Машаў ды іншага летняга клопату, то можна, відаць, дацягнуць і да трыццаці.
У тваёй лясной старонцы кожны сабака ведае, што праціраць вочы і выходзіць пасля зімы на людзі ў мядзведзяў зазвычаена на Звеставанне, якое, паводле грыгарыянскага календара, прыпадае на 25 сакавіка. Такім чынам атрымліваецца падвойнае светлае свята, што проста вымагае зесці на полудзень каго-небудзь больш істотнага за сусліка.
Аднак вось што архіважна: ці спіць з табою твая мядзведзіца, а як спіць, то колькі прыкладна разоў вы прачынаецеся, каб за кошт запасных калорыяў аддацца любові і зноў, пяшчотна абняўшыся, адчаліць у спакойнае мора мядовага сну, дзе цябе чакаюць зялёныя выспы, густа населеныя разнастайнай спажыўнай фаўнай і нечаканымі прыгодамі.
Аднак вось што архіважна: ці спіць з табою твая мядзведзіца, а як спіць, то колькі прыкладна разоў вы прачынаецеся, каб за кошт запасных калорыяў аддацца любові і зноў, пяшчотна абняўшыся, адчаліць у спакойнае мора мядовага сну, дзе цябе чакаюць зялёныя выспы, густа населеныя разнастайнай спажыўнай фаўнай і нечаканымі прыгодамі.
Дык усё ж ці спіць разам з табою твая бурая, з белаю плямкай на грудзях сяброўка?
Зразумела, чаму глуха маўчаць пра гэта энцыклапедычныя даведнікі савецкага часу, калі сексу не было ні ў гарадах і вёсках, ні ў неабсяжных палях і лясах тваёй шчаслівай радзімы. Але ж неяк ты зазірнуў у энцыклапедыю часоў незалежнасці і высветліў, што там праблема па-ранейшаму пакідаецца за кадрам. Калі твая мядзведзіца і сапраўды ўзімку смокча лапу асобна яўны непарадак, і ты яшчэ падумаеш. Вядома, ад устрымання яшчэ ніхто не памёр, але ніхто і не нарадзіўся
Ты ўздрыгваеш, адчуўшы на плячы нечую цяжкую руку або лапу. Не, гэта не гаспадар вальеры, а ўсяго толькі працаўнік звярынца дзяцюк з круглымі шчокамі ды яшчэ не зусім шызым носам (фізіягноміка падказвае, што наступнага разу ён можа нарадзіцца хамяком).
Звярынец зачыняецца? Тады ў цябе адна невялікая просьба: вось грошы, няхай белыя мядзведзі зядуць заўтра лішнія дзесяць кілаграмаў добрага мяснога філе, толькі скажыце, калі будзе кармленне, каб прыйсці парадавацца разам з імі.
І апошняе: чаму пустуе клетка бурых мядзведзяў? Былі на кіназдымках? Чаму былі?
Верагодны хамяк напружана маўчыць. Здаецца, яшчэ крыху, і будзе чуваць, як у ягонай галаве варушацца думкі. Нарэшце ён збянтэжана мармыча пра няшчасны выпадак з рэжысёрам. Толькі рэжысёрам. Значыцца, аператара чатырохлапыя акторы пакінулі, каб той мог зняць фінальныя кадры жыцця свайго калегі?.. Лагічна.
Аднак табе ўжо бракуе часу ацаніць атрыманыя наастачу ўсцешлівыя звесткі. З няўхільнасцю навальнічнае хмары насоўваецца хвіля, якой ты чакаў і баяўся.
Трымаючы ў руцэ біклажку з пакінутым глытком, ты падыходзіш да тоўстых жалезных прэнтаў мядзведжае вальеры, і тваё сэрца падае ў глыбокую студню. Але не ад страху: стары белы мядзведзь падымаецца і, з годнасцю пацягнуўшыся, таксама ідзе да агароджы. Дзве спелыя чарнаслівіны знаходзяць твой замглёны блакітнай слязінаю позірк, і час спыняецца.
Бывай, стары бялун! Самае лепшае, што твой маўклівы суразмоўца мог бы зрабіць зараз для цябе пералезці цераз загародку, каб ты з сямёю яго зеў. Магчыма, калі-небудзь так і станецца, але пакуль у яго, уладальніка шэрай кепуркі і бліскучай біклажкі, яшчэ ёсць колькі справаў, што вымагаюць чалавечае іпастасі. І калі гэта не плён запаленай фантазіі, калі ў мінулым жыцці ты сапраўды вучыўся ў БДУ імя Леніна, ведай: гэты белы чалавек ніколі не забудзе ні смаку «Портвейна розового крепкого» праз саломінку, ні Машы, якая, пасля тваёй гераічнай смерці ў баі з афрыканскімі мааістамі, атрымала вольную, ні таго, што Мбамба быў добрым сынам і ніколі, нават пасля трэцяй пляшкі, не гуляў, як легкадумныя белыя аднакурснікі, у карты на штаны, бо трымаў у памяці запавет бацькі, героя барацьбы супроць каланізатараў і аматара вострых прыправаў, толькі штаны адрозніваюць адукаванага чалавека ад дзікуна
Жалезная брама звярынца з мілагучным рыпеннем зачыняецца за табой. Ты адчуваеш, што хочаш сказаць сваім двухногім братам-людзям нешта важнае. Ты хочаш сказаць ім, каб заўсёды памяталі: выходзячы са звярынца, радуйцеся, што можаце вярнуцца сюды не толькі наведнікамі.
2002Полацкія апавяданні
Малекула
Магчыма, вы таксама памятаеце навелу Сомерсэта Маэма пра рудога жабрака з выпаленых сонцам вулачак і пляцаў Веракруса. Сюжэты маюць уласцівасць паўтарацца, але ў маёй гісторыі не будзе ні цяжкіх чорных грыфаў, ні тугога партманета, ні ветлівай кастыльскай формулы адмаўлення «Dіsреnsе Ustеd роr Dіоs»* (Бог падасць (гішп.), а Маэм узгадаецца толькі таму, што працягнутая рука жабрачкі з полацкага Спасаўскага манастыра будзе дакладнай копіяй намаляванай ангельскім калегам кіпцястай птушынай лапы, у якую ператварылася рука няздзейсненага пісьменніка.
Бываючы ў Полацку, я звычайна наведваюся сюды, каб пераканаць сябе, што хоць нешта ў гэтым свеце мяняецца на лепшае, бо цяпер у манастырскім Крыжа-ўзвіжанскім саборы пахне ладанам, а ў часы майго дзяцінства навакольныя жыхары, парабіўшы перабойкі, трымалі ў занядбаным храме свінняў. Праўда, аргумент гэты не бездакорны, таму што тады на ўтравелых прыступках не дзяжурылі дзесяткі два жабракоў з пакладзенымі ля ног падранымі шапкамі ці расплюшчанымі скрынкамі з-пад абутку.