За вас, генэрал!
Людміла Віктараўна таксама адмаўляецца ад цынандалі, і яны аддаляюцца ўздоўж шампаністага прыбою. Іхні ўлюбёны адпачынак дваццацікілямэтровая прыморская прагулянка.
За вас, Алег Данілавіч і Людміла Віктараўна!
Як кажуць у вас у Расеі, скатертью дорога!
Я гляджу на мора. Таямнічая рэч, якую несьлі хвалі, ужо блізка. Гэта абшарпанае драўлянае крэсла. Напэўна, яго таксама прыслалі турэцкія пралетары, прачытаўшы ў газэце, што ў нас крызіс з мэбляю. Я выцягваю аблупленае крэсла з вады і кладу яго на жвір сушыць.
У крэсла толькі тры нагі, але на ім можна сядзець, што я й раблю, дапіваючы за турэцкіх пралетараў апошнія глыткі. На ўсялякі выпадак я пералічваю грошы ды гляджу на Бору. Крэсла, як быццам прадчуваючы хуткае расстаньне, ня хоча адпускаць мяне.
Паміж мною й Борам адбываецца трэці дыялёг.
Кто этот человек? Ён ківае ў той бок, куды пайшоў генэрал.
Это Калугин, адказваю я. Ну тот, генерал КГБ.
и КГБ брудна лаецца Бора.
За час, пакуль я гаварыў з генэралам і сушыў турэцкае крэсла, у «Бары» прычынілася падвышэньне коштаў на цынандалі й хачапуры, аднак мне як старому кліенту Бора адпускае тавар па старым кошце. Ягоны позірк раптам робіцца загадкавым і скіраваным некуды паўзьверх майго пляча.
Я адварочваюся ад стойкі і бачу побач з сваім крэслам нейкага чалавека.
Эй! вясёла крычыць ён. Это твоя стула?
Моя!
Можно, я заберу?
Нельзя!
Спасибо! крычыць незнаёмы грамадзянін Абх. ССР (ці незалежнай РГ), пасылае мне сарамяжлівы позірк і, прытуліўшы да грудзей турэцкае крэсла, шпаркай ступою кіруецца ў кіпарысавыя прысады.
На шчасьце, захапіць з сабою маё цёплае бервяно ён ня здолеў. Я прыхінаюся да яго, расьсьцілаю газэту «Вечерний Тбилиси», кладу побач з партрэтам Гамсахурдзіі свой трэці хачапуры, дзякую Бору й асабіста дарагому прэзыдэнту і пагружаюся ў залацістую смугу.
Перада мною мора, усьцяж якога шпацыруе генэрал Калугін. За мною горы, за якімі сядзіць генэрал Дудаеў. Галаваломнае пытаньне Абх. ССР і незалежнае РГ абрастае новымі варыяцыямі: Грузія ўваходзіць у Абхазію, СССР выходзіць з Грузіі, я выходжу з СССР, СССР выходзіць зь мяне
Чамусьці ад усяго гэтага мяне наведвае востры прыступ самоты. Сьвет здаецца страшэнна няпэўным і крохкім. Ён гатовы абрынуцца на мяне й пахаваць пад сваімі руінамі. Шукаючы духоўнага апірышча, я гляджу на філіжанку з адбітым вушкам. Яшчэ імгненьне, і ад роспачы я загавару зь ёю па-беларуску, спраўдзіўшы адрэдагаванае абяцаньне Лёні Дранька-Майсюка.
I тут з залацістае смугі колеру разбаўленага цынандалі імя Боры Гальперашвілі прыходзіць паратунак. З гэтае смугі выплывае выснова, якая ўкладваецца ў тры словы: Гамсахурдзія наш чалавек.
Каб не забыцца, я пішу іх на вільготным пяску буйнымі літарамі:
ГАМСАХУРДЗІЯ НАШ ЧАЛАВЕК.
Праз хвіліну мне здаецца, што гэта ня надта патрыятычна, і побач я дапісваю:
ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!
Сьвет вакол мяне зноў набывае ўстойлівасьць і надзейнасьць.
Гамсахурдзія наш чалавек! уголас прамаўляю я, дажоўваючы рэшту гумовага хачапуры й запіваючы яго апошнім глытком Боравага цынандалі, у непаўторным букеце якога відавочна прысутнічае хлёрка.
Няроўны белы язык хвалі ліжа мой надпіс. На пяску застаецца толькі:
НАШ БЕЛАРУСЬ!
Даволі доўга я гляджу на гэтыя шматзначныя словы з каўкаскім акцэнтам. Потым падымаюся і кірую да Боры.
Надыходзіць чульлівая хвіліна разьвітаньня. Я люблю Бору Гальперашвілі й адчуваю патрэбу сказаць яму нешта цёплае. Наш чацьверты дыялёг зусім кароткі.
Калі ты прыедзеш на Беларусь, кажу я, цябе будуць зваць Гальпяровіч.
Не азіраючыся, каб не пусьціць скупую мужчынскую сьлязіну, я іду ў авіякасу.
Лістапад, 1991У нас у Серабранцы
Пераехаўшы ў Менск, я жыў спачатку ў падвале бяз адрасу.
Вядома, я мог напісаць на канвэрце назву вуліцы й паставіць нумар дому, але пошту ў падвал усё адно не насілі, і ў гэтым сэнсе жылося зацішна.
Хто завітваў да мяне на гасьціны, можа засьведчыць, што падвал быў з усімі выгодамі й нават бяз вокнаў. Праўда, адтуль трэба было раз-пораз выходзіць на працу, дзе міліцыя й склала тры пратаколы за пражываньне без прапіскі.
Пасьля гэтага ў Саюзе пісьменьнікаў запыталіся ў мяне, дзе я жыву. Я шчыра прызнаўся: у падвале. Адказныя таварышы пранікліся шкадобаю і праз год далі мне кватэру.
Пасьля гэтага ў Саюзе пісьменьнікаў запыталіся ў мяне, дзе я жыву. Я шчыра прызнаўся: у падвале. Адказныя таварышы пранікліся шкадобаю і праз год далі мне кватэру.
Так я і апынуўся ў нас у Серабранцы, і цяпер за пражываньне на маёй плошчы без прапіскі маю законнае права скласьці пратакол на хамяка Хамейні ды на котку Басю (у афіцыйным дакумэнце будзе фігураваць поўнае імя: Басота).
Апрача асобаў сумнеўных і непрапісаных, у нашым доме ў розны час жылі й жывуць людзі прапісаныя, вядомыя ды заслужаныя.
Па-першае, у нашай кватэры атайбаваўся калісьці пісьменьнік Вячаслаў Рагойша, а да яго заходзіў Уладзімер Караткевіч, які, кажуць, браў тут чарку ды сьпяваў песьні ня горай, чым ён гэта робіць у забароненым некалі фільме паводле ягонага раману «Хрыстос прызямліўся ў Гародні».
Цяпер у нас у доме жыве крытык і перакладчык Галіна (ашчаджаючы яе спакой, абыдземся бяз прозьвішча). Жыве таксама паэтка Валянціна, якая зрэдзьчас падпісваецца псэўданімам Віта Гнаная. Атрымліваецца сапраўдная літаратурная віктарына, да якой можна дадаць пытаньне: які вядомы беларускі археоляг стаўся героем мастацкага твору ў сувязі з тым, што ў яго ў археалягічнай разьведцы ўтапіліся штаны?
Гэты археоляг, купіўшы новыя штаны, таксама на законных падставах пражывае ў нашым доме.
Тут жывуць Алесь, ажно два Данчыкі і Дануся.
А калі дадаць яшчэ й небясьпечнага ў нядаўнім мінулым нацыяналіста, а сёньня народнага дэпутата Пятра Садоўскага, дык нехта абавязкова скажа: гняздо.
Паблізу нашага дому ёсьць канал, на якім вядуцца качкі. Раней па канале плаваў лебедзь, але ня вытрымаў «перестройки» і адляцеў кудысьці ў эміграцыю.
А вось яшчэ адзін знаны нацыяналіст прафэсар Уладзімер Конан «перестройку» вытрымаў і па-ранейшаму глядзіць на сьвет зь верхатуры суседняга шматпавярховіка.
Часам прафэсар можа ўбачыць, як раніцой па беразе каналу бегае парлямэнтар Пятро Садоўскі. Мінакі з захапленьнем назіраюць, як бягун распранаецца й дае нырца. Як кажа адзін з выбаршчыкаў, на тое ён і народны дэпутат.
Прыбег, значыцца, аднойчы спадар Садоўскі раніцай на канал і у ваду. А на беразе сядзіць рыбак з вудаю. А мо й не рыбак, і ніякая ў яго ў руках ня вуда, а партатыўны перадатчык (як кажуць вэтэраны беларускіх выдавецтваў, «мает рацыю»). Сядзіць гэты вудаль і глыбакадумна так кажа:
Ну што, Пятро, дабегаўся?
Дэпутат зьдзівіўся, але плыве як нічога ніякага. А вудаль удакладняе:
Вылазь, Пятро. Пераварот.
Дэпутат зірнуў на дом, а адтуль жонка бяжыць.
Тут ён і зразумеў, што гэта ня жарцікі. Ды якія там жарцікі, калі пісьменьнік Барыс Сачанка гэты пераварот прадказваў ад самай зімы ўжо разоў зь дзесяць.
Народ вудзіў рыбу, а народны дэпутат апрануўся ды паехаў хутчэй у парлямэнт. А тым часам нехта з парлямэнтараў шукаў, куды б зашыцца, нехта, рыхтуючыся да адседкі, культурна складаў у партфэль камплект бялізны з зубной шчоткай, а нехта ехаў ужо ў цягніку ў Санкт-Пецярбург, каб пачынаць усё спачатку.
Карацей, 19 жніўня 1991 году. Гэта парлямэнтары.
У паспалітых людзей таксама ўзьніклі свае праблемы. Да мяне, напрыклад, падыходзіць на двары старшыня дамкаму ціхі такі пэнсіянэр і аматар паддаць, што разьмяркоўваў нам талёны на харч. Быццам падмянілі старшыню: вока гарыць, не раўнуючы, як у якога варашылаўскага стралка.
Ну, как там, Владимир Алексеевич, ваш Народный фронт?
А адкуль, прабачце, вы ведаеце, як мяне завуць?
Э-э, милок, я, к твоему сведению, человек не простой. Я когда-то комсомольский штаб всего Минска возглавлял.
Мяне неяк міжволі ад суровай прозы пацягнула на паэзію:
Цьвёрда трымаўся юнак на дапросе,
Тоячы словы і думкі свае
«Ня выдам нікога, апрача аднаго пісьменьніка, прысягнуў я сам сабе страшнаю прысягай. Яму ўсё адно нічога ня будзе».
I пайшоў слухаць далей радыё «Свабода».
З допытам, як вядома, атрымалася адтэрміноўка.
I тут я, слабы чалавек, узяў грэх на душу. Пазваніў дні праз тры да былога начальніка камсамольскага штабу ў дзьверы.
Выбачайце, хачу як суседа папярэдзіць. Народны фронт прыняў пастанову: усіх старшыняў дамкамаў арыштаваць.
Сьпярша, бо быў, як зазвычай, пад чаркай, ён і паверыў.
Спасибо, дорогой. Придется к брату в Донбасс рвануть.
Добра, што цяпер талёны выдаюць у домакіраўніцтве.
Яшчэ дні праз тры ў мяне быў дзень нараджэньня. Якраз тады, як Малафеева (не футбольнага трэнэра, а таго, што спрабаваў муштраваць усіх нас) сьцягнулі на сэсіі з трыбуны, а ягоны папярэднік пэнсіянэр усесаюзнага значэньня Ахрэм Сакалоў падруляваў на службовай «Волзе» да роднага ЦК, а там каля дзьвярэй труна, вакол плакальшчыцы, а на труне машастовая стужка: «Ум, честь и совесть».