Таго вечара сябры падаравалі мне кавалак граніту, адбіты ад цэнтральнай парцейнай будыніны, што стаяла насупраць гарадзкой прыбіральні, на якую касавурыліся, круцячы насамі, бюсты таварышаў Маркса й Леніна.
Такім чынам хоць частку былой парцейнай маёмасьці пашэнціла прыватызаваць і мне.
Так нашая Серабранка апынулася ў сувэрэннай Рэспубліцы Беларусі.
Жыць, праўда, паспалітаму чалавеку стала ня надта каб лепей і весялей. Нават бел-чырвона-белыя сьцягі вывешваць на гаўбцах ужо нецікава, а бэсэсэраўскіх назапасіць у нас у доме не даўмеліся.
Аднак, калі зробіцца зусім сумна, можна схадзіць на пошту.
Вось, дапусьцім, хачу я даць тэлеграму з сувэрэннага Менску знаёмаму ў сувэрэнны Нью-Ёрк.
Ні дурыце галаву, кажа паштарка. Ні ў какіі Нью-Ёркі нікакіі ціліграмы ні прынімаім.
А ў якія-небудзь Наваполацкі якія-небудзь тэлеграмы прымаеце?
У Наваполацкі прынімаім.
Пішу, высалапіўшы ад стараньня язык, друкаванымі літарамі, каб, крый Божа, чаго не пераблыталі.
Тэлеграфістка прачытала і пытаецца:
А што такоя «віншую»?
Поздравляю, перакладаю я на мову нашай нацыянальнай меншасьці.
Так бы і пісал. А Вінцэсь эта што? Фамілія?
Імя.
Да нет такова імя, гаворыць паштарка з сумесьсю ўквеленасьці й шкадобы. Дурут тока галаву.
Тэлеграму яна ўсё ж прымае, ды потым высьвятляецца, што мае высілкі пайшлі тунна, бо тэкст, каб не пакрыўдзіць нацменшасьць, пераклалі на «общепонятный». Дзякаваць Богу, што хоць ня сталася, як з адным мастаком, якому таксама пераклалі й замест паведамленьня пра хаўтуры атрымалася запрашэньне на «халтуру».
Праўда, гэткія пераклады рабіліся яшчэ ў БССРы. У сувэрэннай Рэспубліцы Беларусі новыя праблемы.
Напішы ўнізу ціліграмы адрас і фамілію, кажа паштарка.
Потым яна доўга й падазрона разглядвае блянк.
Как фамілія? Арлой?
Арлоў. На канцы у кароткае.
Нет такой буквы, акурат, як у тэлеперадачы «Поле чудес», адразае паштарка.
Я чалавек рахманы. Дастаю нататнік, малюю «й» і «ў» і даходліва тлумачу розьніцу.
Ня ведаю, дзе асела ў яе тая розьніца, але ў галаве надзейна зачапілася, што я ўспадчыў ад бацькі незвычайнае прозьвішча Арлой.
Заходжу наступнага разу ў аддзяленьне; паштарка ўсьміхаецца мне, як старому знаёмаму, ды гукае нейкую Надзю.
Арлой прышол, апяць журналы не данесьлі. Зь нетраў пошты выплывае раззлаваная Надзя.
Што вы ўсё ходзіце? Там у вас яшчо какой-та Садовскій жывёт. Тожа ходзіт. Навыпісывалі журналав пабіларускі, а ціпер варуют адзін у аднаво із яшчыкав
Недалёка ад пошты жыве крамяны дзядзька, зь якім нас збліжае тое, што ў яго таксама рэдкае мяно.
У гістарычныя 1930-я ідэёва загартаваныя бацькі ахрысьцілі сына Камінтэрнам.
Ня ведаю, як было зь лексыкай у фірме, у гонар якой яго назвалі (мо там сыпалі выключна антыдурынгамі ды пасылалі на эмпірыякрытыцызм), а ў нашага Камінтэрна ўлюбёнае слаўцо, перапрашаю, «блядзі».
Зноў адключылі на тыдзень гарачую ваду «Блядзі!»
Паднялі кошт на гарэлку «Што робяць, блядзі!» Абвясьцілі Каляды выхадным днём таксама «блядзі», але з адценьнем павагі.
Ня ведаю, што там чынілася ў бальшавіцкім Камінтэрне, а наш дзядзька Камінтэрн вечна нападпітку. Часам ён насмоктваецца да божае моцы і можа забурыцца проста пасярод дарогі.
Зноў Камінтэрн напіўся, кажуць тады жанчыны ў ягоным двары ды просяць мужыкоў завалачы жлукту дахаты, бо дзядзька мае адметную рысу: заваліўшыся на дол, уяўляе, што ён ужо дома, і, палохаючы мінакоў, пачынае распранацца да майткоў.
У нашай Серабранцы ня менш цікавага, чымся ў Фолкнэравай Ёкнапатофе.
Але на сёньня я закругляюся, бо да мяне зрабіў візыт знаёмы мастак, і мы зь ім глынем кавы, а потым ён натхніцца й што-небудзь намалюе ў «Нашай Ніве», і гэта разам з маёй пісанінаю выкліча ў часткі чытачоў новую порцыю здаровага абурэньня.
А таму, як звычайна кажуць у Нью-Ёрку, гуд бай!
Або, як звычайна кажуць у нас у Серабранцы, у Менску, у незалежнай Рэспубліцы Беларусі, до свидания!
Люты, 1992Рэквіем па нясьвіскім сале
Адам Міцкевіч страшэнна (яшчэ больш, чым Гётэ сабакаў і часныку) не любіў гарадоў, не пазначаных на мапах.
Гораду, куды ты едзеш, нялюбасьць аўтара «Дзядоў» ніколі не пагражала.
Гэты горад Кракаў.
Калісьці за кухлем кракаўскага піва адзін твой знаёмы выпускнік тамтэйшага ўнівэрсытэту разважаў пра тое, што «понеже от прирожения звери, ходящие в пустыни, знають ямы своя»
Рэквіем па нясьвіскім сале
Адам Міцкевіч страшэнна (яшчэ больш, чым Гётэ сабакаў і часныку) не любіў гарадоў, не пазначаных на мапах.
Гораду, куды ты едзеш, нялюбасьць аўтара «Дзядоў» ніколі не пагражала.
Гэты горад Кракаў.
Калісьці за кухлем кракаўскага піва адзін твой знаёмы выпускнік тамтэйшага ўнівэрсытэту разважаў пра тое, што «понеже от прирожения звери, ходящие в пустыни, знають ямы своя»
Цяпер у Кракаве жыве твой знаёмы рэжысэр Кшыштаф, які паставіў у вас у Менску спэктакль пра варята й манашку, і калі захопленая публіка запатрабавала яго на сцэну, выйшаў басанож, бо ніколі не дазваляў сабе зьневажаць сцэну чаравікамі.
Яшчэ ў Кракаве жыве беларускі гісторык Алег, які знайшоў там магілу Алеся Гаруна.
Табе здаецца, што ў Кракаве ўсе людзі такія, як Алег і Кшыштаф. Але тры пляшкі нашай новай сувэрэннай гарэлкі «Белая Русь» (адна законная й дзьве кантрабандныя), што ляжаць у цябе ў валізе, ты выпеш не са сваімі знаёмымі.
Ты зусім ня будзеш іх піць.
Ты ня будзеш піць «Белую Русь», бо ў Кракаве ёсьць Марыяцкі касьцёл. Некалі татарская страла зрэзала зь ягонае вежы дазорцу, што затрубіў, папярэджваючы места аб варожым нападзе. На памятку пра гэта на вежы штогадзіны граюць трубачы-гейналістыя.
Упершыню за 600 гадоў яны маўчалі тае начы, калі на вежу залез беларускі пісьменьнік Уладзімер Караткевіч.
Ты спадзяесься, што сярод гейналістых і сёньня няма непітушчых. Гэтым разам пад акампанэмэнт храпу гейналістых начны Кракаў (з тае прычыны, што гімну ў Рэспублікі Беларусі дасюль няма) пачуе, як «Саўка ды Грышка ладзілі дуду».
Магчыма, гэта здарыцца ўжо заўтра.
А пакуль ваш аўтобус падяжджае да памежнага берасьцейскага пераходу за Варшаўскім мостам. У вас у кішэнях ляжаць запрашэньні на сэмінар па гісторыі Рэчы Паспалітай, факсы й камандзіровачныя пасьведчаньні
Гейналістым ужо, напэўна, сьніцца Беларусь Аўтобус закалыхвае, і вакол цябе таксама тчэцца вопрадзень сьненьня. Ад думак пра сярэднявечнага трубача ў сон лезуць раскосыя твары, якія чамусьці просяць даляраў
Таргануўшыся, аўтобус спыняецца, і ты адплюшчваеш вочы. За вакном гараць у цемрыве вогнішчы, нешта булькоча ў задымленых саганах, бегаюць па смуглявых абліччах агнёвыя водсьветы. На мяжы явы і сьненьня табе здаецца, што ты глядзіш сон далей, што гэта ідуць на Кракаў праз Варшаўскі мост мангола-татарскія захопнікі.
Праўда, немаведама чаму татары гамоняць па-расейску і нецьвярозымі галасамі пяюць задушэўныя расейскія песьні. Прыемнае каляратурнае сапрана каля суседняга вогнішча выводзіць:
А вот намедни на крючок поймал русалку.
Я это помню, это было, как вчера.
Крючок я бросил, бросил леску, бросил палку,
А что словил? Да только три пера.
Як на сон, дык гучыць занадта саўкова, і ты прачынаесься. Ад Варшаўскага мосту, губляючыся ў бяззорнай цямрэ чы, цягнецца бясконцая гірлянда агнёў. Сонныя гейналістыя трывожна пераварочваюцца на другі бок, а ты змагаесься зь нядобрымі прадчуваньнямі й таксама клічаш на дапамогу Марфэя.
Там, у сьне, паміж аўтобусамі шнуруюць баскакі. Да хвастоў іхніх калматых конікаў прывязаныя берасьцейскія аўтамабільныя нумары, а на гнедых баках выведзена: «Милиция». З машынай-міргалкаю наперадзе ў бок мяжы паважна праходзіць караван сланоў і вярблюдаў, і за кадрам хтосьці тлумачыць, што гэта адбывае з афіцыйным візытам спадар прэмер
Раніцою ты ачынаесься пасярод голага поля. У рэдкім туманцы ў далечыню ад застаўленай аўтобусамі да самага далягляду шашы брыдуць ланцужкі людзей. Відовішча нагадвае кадры ваенных кінафільмаў: партызаны ідуць з заданьнем на «жалезку». Нават няўзброеным вокам відаць, што і бяз ранішніх дывэрсантаў поле замініравана так надзейна, што ніякай арганікі яму да XXI стагодзьдзя не спатрэбіцца.
Адрозна ад трох «шпакоўняў» (плюс адна калёнка з вадою), уторкнутых берасьцейскімі дойлідамі ў смуродныя лужыны на шэсьць кілямэтраў аўтачаргі, сьмецьцевых бачкоў у нашай незалежнай краіне пакуль што хапае.
Бачкі ледзь не штохвіліны правяраюць абходчыкі зь ёмістымі торбамі. У аднаго на торбе партрэт Міхаіла Сяргеевіча Гарбачова з падмаляванымі гітлераўскімі вусікамі, у другога лёзунг: «СССР оплот мира». Часам паміж абходчыкамі ўсчынаецца двубой за пустую пляшку.
Значна спакайнейшая й выгаднейшая іншая прымежная прафэсія гандаль месцам у чарзе. Адно аўтобуса месца каштуе сто рублёў, а аўтобусаў тут недзе пад паўтысячы. За дзень мытнікі прапускаюць штук трыццаць-сорак. Кажуць, што праблему здымаюць 500 «зялёных», але вы пакуль знаходзіцеся на стадыі пачатковага намнажэньня капіталу, і іх, гэтых «зялёных», ва ўсіх разам набярэцца разоў у дзесяць меней.