Таму вы мітусіцеся паблізу шлягбаўма са сваімі паперамі, а кучаравы капітан з прозьвішчам ці то Гурок, ці то Бурак, зазірнуўшы ў іх адным вокам, пагардліва кідае:
Пущай сам Шушкевич придет и мне скажет, тада пропущу.
Ягоны калега, зрабіўшы страшныя вочы, абяцае, што ўсё адно будзе правяраць «щацильна».
Каля шлягбаўма гамуе аўтобус зь дзявочай зборнаю па нейкім спорце. Пакуль трэнэр вядзе перамовы з начальствам, юныя спартоўкі просяцца ў паставога:
Товарищ милиционер, пропустите. У нас соревнования. Нам завтра вечером на помост в Париже выходить.
Знаем мы ваши соревнования, міралюбна адгукаецца «товарищ милиционер». Трахаться едете с французами за доллары. Будете с нами за рубли тогда пропустим.
Пэрспэктыва пакаштаваць нясьвіскага сала з чырвонай праслойкаю ды пачуць адну з вэрсіяў утварэньня колеравай гамы вашага сьцягу робіцца для кракаўскіх гейналістых усё больш туманнаю.
Ваш апанаваны апошнімі надзеямі аўтобус бярэ курс на Берасьце шукаць справядлівасьці ў высокіх кабінэтах. Надпіс на ўезьдзе ў горад папярэджвае: «Народы СССР едины». Мяркуючы па аўтобусных нумарах у чарзе за мяжу ды па агульнай эканамічнай прасторы прымежнага поля, па якім не адважыцца прайсьці басанож нават твой знаёмы серабранкаўскі пянтос Камінтэрн, лёзунг кажа шчырую праўду.
Беларускае мовы на берасьцейскіх вулках і ў берасьцейскіх кабінэтах людзі ці то ня хочуць разумець, ці то сапраўды не разумеюць.
Так вы, ребята, к нам из Белоруссии приехали? з ухмылкаю пытаецца абласны начальнік. Как у вас в Белоруссии погода?..
З аднаго кабінэта ў другі вы пераяжджаеце па вуліцы імя Касманаўтаў. Табе згадваецца, як гадоў пяць таму ты быў на сэмінары маладых талентаў у Воршы і прапанаваў сакратару гаркаму партыі, што вучыў вас розуму, назваць аршанскую вуліцу Касманаўтаў імем Караткевіча, які пісаў тут «Дзікае паляваньне караля Стаха». Функцыянэр быў абураны: «Мы на это никогда не пойдем. Такое решение будет идеологически неверным». «Чаму?» не здаваўся я. «Потому что эта улица названа в честь советских космонавтов». «Яны што, усе разам тут нарадзіліся й жылі?» Партыйны сакратар быў не пазбаўлены пачуцьця гумару:
«Они над Оршей пролетали».
Назвы вуліцаў Берасьця сьведчаць, што над ім праляталі Пушкін з Гогалем, Будзённы з цэлым эскадронам бальшавіцкіх башыбузукаў, а таксама Ленін з самім камунізмам.
Няблага вывучыўшы гарадзкую тапанімію «западных ворот советской страны», вы вяртаецеся на шашу і о, сьвятая наіўнасьць! спрабуеце заняць у чарзе ранейшае месца. Яшчэ на далёкіх подступах з аўтобуса зь віцебскім нумарам высыпаюцца, як блашчыцы з матраца, дзясяткі два разьятраных жанок ды іхніх няголеных спадарожнікаў.
Ваш аўтобус сутаргава плішчыцца наперад. Хмурныя мужчыны зь Віцебшчыны дакляруюць вам размалаціць каменьнем вокны. Жанчыны дзейнічаюць больш радыкальна. З крыкам «Проедете по нашим трупам!» яны кладуцца на мокры ад імжачкі асфальт проста пад колы.
Ты выбіраеш сярод залеглых прыгожую маладзіцу ў сьветлай куртцы й пачынаеш яе ўгаворваць зьмяніць пазыцыю. Ты цярпліва даводзіш, што брудны асфальт ня самае зручнае месца дэманстраваць бясспрэчныя вабноты. Ты пытаесься ў яе імя й тэлефон і, зьвяртаючыся да скарбаў айчыннай паэзіі, кажаш пра духмяныя стагі, дзе жанчыны, як радасны сон на зары.
Маладзіца зь віцебскага аўтобуса прыслухоўваецца да тваёй беларускай мовы, і раптам ейны гожы твар перасмыквае, і яна зь нянавісьцю верашчыць:
Уйди, хохол бородатый! Тут белорусы по десять суток мучаются, а еще вас понаехало!
Гэта гучыць як прысуд.
Унурыўшы голаў у плечы, ты выцягваеш з аўтобуса валізу зь «Белай Русьсю» й цешчыным салам, спыняеш спадарожны «масквіч», расштурхоўваеш на вакзале колькі падазроных асобаў «кавказской национальности» каля адзінай адчыненай касы, купляеш квіт у цягнік, што ідзе з таго боку, куды цябе не пускаюць, залазіш упершыню ў жыцьці ў абсалютна пусты мяккі міжнародны вагон і праз чатыры гадзіны падыходзіш да свае хрушчобы ў Серабранцы.
Як казаў, прыяжджаючы дахаты ў родную Нарвэгію Фрытяф Нансэн, «вяртаньне прыз кожнага падарожжа».
Твой прыз чакае цябе каля дому ў абліччы суседкі, якая, задраўшы галаву, абураецца, што нехта вывесіў «фашистские флаги». Ты бачыш, што адзін павесілі на гаўбцы твае сыны, другі археоляг зь літаратурным крытыкам з трэцяга падезду.
Толькі тут ты ўспамінаеш, што заўтра 25 сакавіка.
Твой прыз чакае цябе каля дому ў абліччы суседкі, якая, задраўшы галаву, абураецца, што нехта вывесіў «фашистские флаги». Ты бачыш, што адзін павесілі на гаўбцы твае сыны, другі археоляг зь літаратурным крытыкам з трэцяга падезду.
Толькі тут ты ўспамінаеш, што заўтра 25 сакавіка.
«Дожились», кажа суседка й зьбіраецца ісьці скардзіцца на фашыстаў народнаму дэпутату Пятру Садоўскаму.
Ты падказваеш, у якой кватэры той жыве і даеш арыенцір яшчэ адзін крамольны сьцяг. Уадначас ты дзелісься асьцярожнаю здагадкаю, што брудную правакацыю супраць народнага абраньніка ўчыніў хтосьці зь мясцовых фашыстаў, прыставіўшы знадворку драбіны.
Иди, иди Позьняк оброслый, падазрона гаворыць суседка. Сам, может, и лазил.
Апоўначы ты бярэш сынаву дудку і выдзімаеш на ёй «Саўку ды Грышку». У тую ж хвілю на вежы Марыяцкага касьцёлу падносіць да вуснаў трубу кракаўскі гейналісты.
Вашыя мэлёдыі зьліваюцца ў рэквіем па «Белай Русі» й бел-чырвона-белым нясьвіскім сале.
Сакавік, 1992Тунэль зь Серабранкі ў Бэрлін
Бывайце, заходнебэрлінскія дворнікі! Калі б ты гаварыў па-нямецку, дык растлумачыў бы ім, што больш за ўсё на сьвеце яны падобныя да беларускіх акадэмікаў і членкараў і, пакінуўшы за дзьвярыма канфэрэнц-заляў свае мудрагелістыя прычындалы, маглі б сьмела займаць месца ў прэзыдыюмах.
Бывайце, белазубыя гандляры-туркі з пляцу каля Брандэнбурскае брамы з вашымі мэдалямі «За взятие Берлина» (вас можна было б таксама ўзнагароджваць імі, бо Бэрлін зь ягонымі 250 тысячамі малаазійцаў трэці пасьля Стамбулу й Анкары турэцкі горад сьвету), са значкамі «Победитель соцсоревнования» і партабакамі з «Пагоняй» вытворчасьці Полацкага ліцейна-мэханічнага заводу па пяць марак за штуку.
Бывайце, бэрлінскія немкі! З кожным пражытым годам вы робіцеся толькі больш прывабныя, каб у старасьці ператварыцца ў прыгажуняў.
Бывайце, бэрлінскія турчанкі! Карыстайцеся са свае смуглявае маладосьці, бо з вамі з кожным пражытым годам адбываецца штосьці адваротнае.
Бывайце, бэрлінскія мурынкі! Здаецца, вы (хіба што за выняткам адной шарагоўкі US Army) пакуль што ціхамірна існуяце па-за эстэтычнымі крытэрамі беларускіх мужчынаў.
Бывай, галоўка Нэфэрціці з Эгіпецкага музэю! Адно тваё дасканалае вушка слухае дзесьці голас сахарскіх пяскоў, а ў ацалелае нехта асьцярожна шапянуў табе, што па менскіх вуліцах ходзіць жанчына з тваім профілем, і, можа, калі-небудзь хтосьці таксама аблашчыць ейнае вушка цёплым дыханьнем і адкрые ёй яе таямніцу.
Бывайце, паважныя бэрлінскія панкі з кармінавымі, вохрыстымі ды індыгавымі грабянямі на голеных да люстранога бляску галовах, падобных да яек, зьнесеных ацтэцкімі пачварамі з Далемскага музэю, перад якім бялеюць на газонах чародкі шампіньёнаў, а па-наску пячурак.
Бывайце, бэрлінскія дзеці! Незалежна ад колеру скуры ў вас такія здаровыя й чыстыя твары, якія ў беларускіх дзяцей можна ўбачыць адно на фатаздымках пачатку XX стагодзьдзя.
Бывай, італійскі рэстаранчык, дзе гасьцінныя гаспадары Ульрых, Вольф і Свэн да адвалу нагадавалі цябе стронгай і мясам акулы.
Бывай, сталоўка бэрлінскага аддзяленьня пасольства Расейскай Фэдэрацыі, дзе цябе нагадавалі баршчом і сечаным шніцлем.
Бывайце, па-цыганску маляўнічыя жабракі й жлукты са станцыі мэтро Заалёгішэр гартэн! Ніхто не забароніць вам, абліваючы бароды, смактаць сваё віно й піва, цалавацца ўзасос бяз розьніцы полу і проста на вуліцы, пад нагамі ў мінакоў, здымаць хірургічныя швы з раны, атрыманай тут у пянай бойцы.
Бывай, заходнебэрлінскі зьвярынец, пасьля якога хочацца наведаць усе зьвярынцы былога СССР з адной толькі мэтай дапісаць на кожнай шыльдачцы з назваю жывёліны два словы: «дробны» і «брудны».
Бывайце, прычасаныя, быццам на прыём дыпляматычнага корпусу, арангутангі, гібоны і гамадрылы! Бывайце, фрывольныя макакі з мадняцкімі фрызурамі! Вашыя дзеці маглі б штодня адпраўляць сваім аднагодкам у СНГ гуманітарную дапамогу ў выглядзе некалькіх скрынак памаранчаў, ківі, манга, а таксама трускавак, якія ў нас бываюць у чэрвені, а ў бэрлінскім зьвярынцы а восьмай раніцы.
Бывайце, бела-чырвона-сінія чыюкі памерамі з нашых буслоў! Вашая крыклівая валтузьня нагадвала б пасяджэньне парлямэнту суседняе дзяржавы, каб вы не дзяўблі двух жоўта-блакітных суродзічаў, што больш выдавала на дзяльбу Чарнаморскага флёту.
Бывайце, падобныя да некаторых клясыкаў нашае літаратуры сытыя мядзьведзі зь недаедзенымі паляндвіцамі на цёплых камянях пры басэйнах з вадою, чысьціня якой не прысьніцца нашым водаправодным кранам нават у самых празрыстых снах. Бывайце, акапі са зграбнымі дзявочымі дупцямі, абцягнутымі ўльтрасучаснымі зебрастымі ласінамі. Бывайце, чапурыстыя жырафы зь недажаванымі гронамі залацістых бананаў.