Час чумы (зборнік) - Уладзімір Аляксеевіч Арлоў 6 стр.


Лекар глядзеў на госця прысаромлена, але непаразумела.

 Ты ўпраўляеш косці лепей, чым варушыш сваімі старымі глуздамі. Калі кароль памрэ ў гэты дзень, мы зможам абвясціць усяму свету, што сам Усявышні пакараў яго за злачынства, задуманае супраць царквы. I гэта будзе праўда, бо ўсе мы ў руцэ Гасподняй. Храніст біскупа Генрых пакіне памяць пра гэта людзям, што будуць жыць тут праз стагоддзі, калі ўвесь гэты край даўно будзе нашым.

Вочы ў начнога госця апантана гарэлі.

 А зараз памолімся, каб не забывала нас у нашых клопатах Дзева Марыя.

Тэадорых апусціўся на калені. З бояззю паглядаючы на госця, лекар укленчыў побач.

5

А трэцяй гадзіне ад усходу сонца Валодша і ваявода Віславус прымалі ў княжай палаце паслоў з Герцыкі.

Колькі гадоў таму, здабыўшы бліжэйшы ад Рыгі Куканос, біскуп Альберт на чале вялікага войска падступіў да Герцыкі, дзе сядзеў Усевалад з роду Рагвалодавічаў. Крыжакі прыйшлі помсціць за вернасць Полацку, за тое, што Усеваладава дружына няраз шкуматала Лівонію. У набегі князь хадзіў зазвычай разам з лiтоўцамi, бо іхні магутны кунігас Даўгерут даводзіўся яму цесцем. У Рызе ваяўнічага памежнага князя пабойваліся, а Герцыка ды Полацк любілі яго не толькі за адвагу ў бітве, але і за часты шанцунак, за тое, што свяціла яму з неба шчаслівая зорка.

То ягоныя ваяры знянацку зявяцца пад самымі рыжскімі мурамі, захопяць гарадскі статак і двух лацінскіх святароў у прыдачу і беспакарана вернуцца ў свой удзел. То, надзеўшы нямецкія панцыры, без бою ўвойдуць у замак і палоняць тузін рыцараў і самога комтура. То як быццам ні з чога ні з якога загарацца сярод ночы нямецкія караблі ў завані

Відаць, і тады Усевалад верыў у сваю зорку, бо не зачыніўся ў замку, каб трываць аблогу, а вырашыў біцца ў полі. Аднак людзей у Альберта было болей, а паміж Усеваладавых ваяроў не кожны нават меў кальчугу. Разы са два герцыкскія ратнікі наляцелі на немцаў, ды адпалі, як выжлы ад мядзведзя, і кінуліся бегчы назад да брамы. Услед за імі крыжакі ўварваліся ў горад і пачалі сеяць смерць. Праўда, князь з дружынаю і многімі мужамі прабіўся да стругаў і ўратаваўся за Дзвіной, але жанкі і дзеці трапілі ў палон.

Два дні крыжакі рабавалі Герцыку, выганялі з хлявоў худобу, зносілі да княжага хорама золата, срэбра і пурпур. На трэці дзень, утапіўшы царкоўныя званы і пасекшы мячамі абразы, немцы падпалілі горад і берагам пагналі палон у Рыгу. Прывязаная да калёсаў са скарбам, басанож ішла разам з усімі і проставалосая Усеваладава жонка Альдона з дачкою на руках.

У чоўне-аднадрэўцы пераплыў раку адпушчаны палонны. Усевалад, ашчаперыўшы голаў, сядзеў на краі берагавога ўрвішча і моўчкі гайдаўся з боку ў бок. Пушчанік перадаў словы біскупа Альберта. Калі князь хоча вярнуць жонку з дзіцем і палон, няхай адзін едзе ў Рыгу. Усевалад кінуўся на вестуна з мячом, ледзьве не ўчыніўшы смертазабойства.

Але лютага каня аброць стрымае, а хуткі гнеў розумам утаймуецца. Праз сядміцу князь паехаў у варожае кубло. Перад рыцарамі, клірыкамі і купцамі ён назваў Альберта бацькам і перадаў яму Герцыку з зямлёй і вотчынамі, паабяцаўшы быць верным лацінскай царкве і не хадзіць з літоўцамі ў набегі. Зняважаны Усевалад ішоў адбудоўваць горад не толькі з вернутым палонам, але і з трыма прынятымі ад біскупа чужынскімі сцягамі.

Князь Валодша будзе гэта памятаць давеку. Таму і гаворку з людзьмі з Герцыкі пачаў сувора, хоць у душы і хаваў радасць. Яго цешыла, што не памыліўся, калі не адправіў паслоў да Усевалада. Валодша быў пэўны, што герцыкскі ўладар дачуецца пра паход ад літоўцаў і рана ці позна, наступіўшы на горла ўласнаму гонару, адзавецца сам. Князь ведаў: хай сабе і схіліў Усевалад шыю перад рыжскім пугачом, але ніколі ён не паставіць дружыну ў варожы шыхт, не ўчыніць крывіцкім мячам такой нязбыўнай ганьбы.

У княжую палату, дзе ў вясёлыя вечары збіралася бяседа на сто чараў, зазірала сонца. Яно запальвала агнём медныя бляхі на каваных шчытах, што віселі па сценах, чаргуючыся з раскідзістымі рагамі аленяў і ласёў. Адсюль, з другога паверха, была відаць мураваная царква пад свінцовым крыццём і выцягнутыя ўсцяж частаколу дахі жылых клецяў, на якіх падчас аблогі стаялі абаронцы. Сям-там на дахах зелянеў мох, а на ўгрэве паспела распусціцца залацістая багатка. I ад прыходу паслоў, і ад такой яснай раніцы князь чуў сябе надзіва ўпэўненым і дужым.

 Ну, распавядайце, ці добра жывецца пад нагой у біскупа,  пачаў Валодша. На ім ладна сядзела сіняя світа з чырвонаю аблямоўкай і залатымі закаўрашамі, на нагах былі расшытыя срэбрам боты з чырвонага юхту.

 Ну, распавядайце, ці добра жывецца пад нагой у біскупа,  пачаў Валодша. На ім ладна сядзела сіняя світа з чырвонаю аблямоўкай і залатымі закаўрашамі, на нагах былі расшытыя срэбрам боты з чырвонага юхту.

Людзей ад Усевалада прыйшло двое: кульгавы ваявода Збыслаў невысокі, увесь жылаваты і моцны, як смаловы корч, і старэйшы Усеваладаў сын Васілька, яшчэ падлетак, з дзіцячым румянцам на бязвусым і безбародым твары, але ўжо з шырокімі па-мужчынску плячамі, якім было цеснавата ў зялёным аксамітавым каптане. Разам з імі быў руды веснушкаваты волат літоўскі ваяр Рудзіс.

Князь чакаў адказу і міжволі параўноўваў свайго старэйшага сына з Васількам. «Такі, калі давядзецца, можа з бацькавых рук меч прыняць»,  зайздросцячы Усеваладу, думаў ён.

У палаце запанавала ціша. Было чуваць, як недзе далёка на прыдзвінскім поплаве клякоча бусел.

 Дык чаму не хваліцеся, як вас новы гаспадар шануе?  парушыў гэтае маўчанне Валодша.  Ці смачнейшы стаў ваш хлеб, ці саладзейшы мёд?

Васілька ад пякучай крыўды закусіў губу. На скроні ў ваяводы Збыслава набракла крывёю жыла.

 Не такія мы словы чуць хацелі, глуха сказаў стары ваяка.

 Не льюць міра духмянае ў паганы посуд.  Сярод кніг, а іх у хораме было шмат, Валодша найбольш гарнуўся да «Пчалы» і «Ізборнікаў», любіў уплесці ў гаворку чытаныя там словы святых айцоў і свецкіх філосафаў. Можа, гэта не ваш князь рыжскага біскупа за роднага бацьку прызнаў? Можа, не ваш Усевалад прысягаў адкрываць Рызе ўсе намеры і палачан і літоўцаў? Ёсць таму самавідцы.

 Ты, князь, не сядзеў на тым рубяжы. Твае жонка і дзіця не паміралі ад голаду, і немцы не кідалі ім, акі псам, скарынкі на зямлю. Але і ты падпісаў з біскупам вечны мір.

 Які гэта мір, ты, кульгач, ведаеш,  сказаў Віславус, стараючыся патрапіць у лад князю.  На той сядміцы двух нямчынаў-выведнікаў на гасціны да вадзяніка выправілі

 Дай мне мовіць,  спыніў яго Валодша і падняўся.  Мір мірам, а лацінцаў братамі не зваў і, пакуль жывы, не назаву!  Ён секануў рукою паветра.

Пасланы біскупам клірык і яго схіляў некалі прыняць новую веру. «Асвяці душу і розум ісцінным законам Божым,  пранікнёна казаў красамоўны рыжанін,  і Бог прыспорыць табе і твайму каралеўству велічы і моцы».

Пасля новага хрышчэння, абяцаў клірык, вучоны святар Генрых, што піша Лівонскі летапіс, праславіць імя полацкага караля на ўвесь хрысціянскі свет. Валодша ўспомніў, як адказаў тады. Адказаў гожа: «Ад Адама і Евы да патопу, ад царства Саламонавага да Аўгуста, ад страсці да ўваскрэсення пра ўсё я ведаю і вучэння ад вас не прыму. Дасць Бог, здабуду славу ад іншага чыну».

Тое мільганула цяпер у памяці, як пошуг бліскавіцы.

 Не лацінец мой бацька!  усхапіўся з лавы Васілька.  Па-старому моліцца! Рымская царква ўпусце стаіць! Вокны каменнем пабілі, а лацінскі поп у Рыгу ўцёк.

 Любіш бацьку,  пахваліў Валодша.  Толькі, княжыч, вокны ў пустой царкве біць вычын невялікі.

 Дазволь слова сказаць, княжа,  устаў кульгавы Збыслаў.

Валодша ў згодзе нахіліў голаў. Ён ведаў, пра што скажа стары ваявода, і чакаў ягоных слоў, бо час ужо быў пакідаць папрокі і кпіны і прыступацца да галоўнага.

 Як князь Усевалад біскупа слухае, ты чуў. Кульгач абапёрся на стол звітымі з жылаў рукамі. На дзясніцы не ставала сярэдняга пальца.  Ад той самай пары ў Альберта не быў і на граматкі ягоныя не адпісваў. Ты пра вялікі пажар у Рызе ведаеш. Нашы людзі з літоўцамі чырвонага пеўня пусцілі. Згарэла царква лацінскае Багародзіцы, згарэў дом біскупаў, згарэла царква братоў-рытараў

 Агню пад вугал пакласці няхітры чын,  бадай, ужо супраць волі, аднак сарваліся яшчэ з Валодшавых вуснаў насмешлівыя словы.

Але разумны Збыслаў, адчуўшы ў князю перамену, пусціў іх міма вушэй.

 I летась добра паслужыла Герцыка біскупу, калі пабілі рытараў з Куканоса.

Валодша і Віславус заківалі. Сапраўды, летась герцыкскія кметы няблага адмыліся ад ганьбы ў чужынскай крыві, а за дзесяць знаных нямчынаў Рыга пасылала на караблях багаты выкуп.

 Кажы, што князь Усевалад перадаваў!  загадаў Валодша старому ваяводу.

 Перадаваў: жадалі і жадаем быці з Полацкам. А другі раз у Рыгу хочам з табой схадзіць. Ад Герцыкі пойдуць твае стругі купна з нашымі.

 Добра мовіў. Валодша, зусім адтаяўшы, гладзіў далоняй мякчэйшую і святлейшую, чым валасы на галаве, бараду.

 А пад якімі сцягамі ў паход пойдзеце?  са смехам у сініх вачах запытаўся Віславус.  Пад тымі, што біскуп даў?

Назад Дальше