Добра мовіў. Валодша, зусім адтаяўшы, гладзіў далоняй мякчэйшую і святлейшую, чым валасы на галаве, бараду.
А пад якімі сцягамі ў паход пойдзеце? са смехам у сініх вачах запытаўся Віславус. Пад тымі, што біскуп даў?
Пад полацкімі! апярэдзіў кульгавага ваяводу Васілька. На круглявым твары ў падлетка зявілася першая, трохі вінаватая ўсмешка.
Літоўскі ваяр Рудзіс за ўсю размову не вымавіў ані слова. Але слухаў ён з чуйнаю ўвагай, і, хоць крыўдныя князевы словы абміналі яго, як абмінаюць стрэлы загавораны панцыр, відаць было, што руды волат спагадае сваім спадарожнікам.
Затчэна[7] карчага ды маўклівы чалавек невядома, што ў іх ёсць, павярнуўся князь да лiтоўца. Якія весці прынёс?
Тры леты мінула, як крыжакі схапілі кунігаса Даўгерута. Рудзіс някепска гаварыў па-крыўску. Мы будзем помсціць, пакуль помнім яго імя.
I Усеваладавы паслы, і полацкі князь з ваяводам добра ведалі, як Даўгерут паехаў на перамовы з ноўгарадцамі і на зваротным шляху трапіў у палон да мечаносцаў. Звыклага да лясных разлогаў кунігаса пасадзілі ў каменную цэлю з кратамі заместа столі. Яму днямі не давалі вады, а калі ён засынаў, вартавы калоў яго зверху дзідай. Сам ордэнскі магістр Волквін падпальваў Даўгеруту ў розных месцах валасы і бараду. Вольналюбівы Усеваладаў цесць не стрываў здзекаў і забіў сябе.
Мы аддаём нябожчыкаў агню, а немцы закапалі нашага князя, як сабаку. Голас літоўца зазвінеў. Даўгерут не трапіў на неба і нябачна блукае па нашай зямлі. Ён дае слабым сілу, а моцных робіць яшчэ мацнейшымі. Яны, Рудзіс выцягнуў перад сабою.
Летась было, па Дзвіне сплыло. Што ты скажаш цяпер?
Нашы людзi прыйдуць да нямецкіх замкаў. Мы кінулі дзіду ў раку. Гэта вайна. Мы дамо столькі сотняў войска, колькі пальцаў на руках у цябе з тваім ваяводам і ў мяне.
Які знак паслаць вам, калі я пайду ў паход? таймуючы радаснае хваляванне, спытаўся Валодша.
Будзем сачыць твае караблі на Дзвіне.
Князь абняў літоўца і, удыхнуўшы кіслявы пах ягонай аўчыннай безрукаўкі, краем вока перахапіў раўнівыя позіркі кульгавага Збыслава і Васількі. Выпусціўшы з абдымкаў Рудзіса, ён гэтаксама моцна абняў Усеваладавых паслоў. Падлетак ажно па-дзіцячаму войкнуў.
Стольніка з чашнікам сюды! загрымеў князь.
Грэх сёння бочку трайняку не разбіць!
6
Лекар вярнуўся ў Запалоцце, калі вадзянік ужо расклаў сваё халоднае вогнішча і над ракою папоўз туман. Дзітрых насвістваў крывіцкую песеньку.
Пастаялец чакаў на старым бервяне пад тынам, там, дзе падворак апускаўся да Палаты. Чалавека, што сядзеў тут, нельга было згледзець з вуліцы. Убачыўшы лекара, Тэадорых, не тоячы нецярплівасці, ускочыў на ногі.
Gott mit uns! прывітаўся кастапраў. Ад яго пахла брагай.
Яны зайшлі ў хату, і Тэадорых зачыніў дзверы.
Бачу, ты вясёлы. Напэўна, не толькі ад віна? Лекар, муркаючы пад нос сваю песню, адсунуў засаўку і прыцягнуў з клеці збан хмельнага мёду.
Калі Міхайла памёр, кароль Вальдэмар раззлаваўся і шукаў вінаватых, сказаў ён, наліваючы ў шкляніцы цёмна-бурштынавы трунак. Але баярскі сын паверыў, што бацьку звялі са свету па каралеўскай волі. Га-га-га Цяпер ён зробіць тое, чаго мы хочам.
Ты навучыў яго, калі трэба даць нашы лекі? Гаспадар кіўнуў.
Праўда, баярскі сын казаў, што кароль стаў падазроным. Ён часта здымае з пальца і кідае ў чару пярсцёнак, што прывезлі яму полацкія купцы. Камень з таго пярсцёнка забівае атруту.[8]
Мае лекі з краіны жаўтатварых людзей, якая ляжыць за гарамі і пустэльнямі. Дапасці той краіны можа адзін падарожнік з пяці, а вярнуліся толькі двое ці трое. Ад гэтых лекаў не ўратуе ніякі пярсцёнак, нават калі яго даў каралю сам Вельзевул.
З намі Бог. Кастапраў зноў напоўніў шкляніцы. Выпі, брат Тэадорых, і даставай сваё золата. Не, яно ўжо маё. Га-га-га Дзе маё золата, брат Тэадорых?
На стол з глухім стукам упаў цяжкі палатняны мяшэчак. Перакуліўшы шкляніцу ў рот, лекар выцягнуў з мяшэчка залаты і праверыў яго на зуб. Ужо не надта ўпэўнена трымаючыся на нагах, ён схаваў золата недзе за печчу.
Адну манету Дзітрых дасць удаве Агафіі з Млынавага завулка. Не, ён дасць ёй дзве манеты. За тое, што яна любіць старога кастаправа Данілу. I за тое, што цела ў яе белае, як пшанічная мука. А трэці залаты ён дасць ёй за тое, што Га-га-га Брат Тэадорых, ты любіш га-га-га ён зрабіў непрыстойны жэст.
Альбертаў пасланец глядзеў на лекара рысінымі вачыма. Ён падышоў да дзвярэй і зноў зачыніў іх на засаўку.
Ты шмат пеш, Дзітрых, а калі чалавек выпе, ён робіцца балбатлівы, як жанчына.
Рухі ў лекара запаволіліся. Ён важка апусціўся на лаву і паківаў перад носам у Тэадорыха кароткім мясістым пальцам.
Скажы біскупу, што Дзітрых ведае, што робіць. У яго не развяжацца язык нават пад агнём. Дзітрых не будзе карміць рыбу ў Дзвіне, як недарэка Зігфрыд, хоць ён і прыхапіў з сабой на той свет аднаго з гэтых схізматаў. Га-га-га
У гожым твары Тэадорыха нешта зыначылася.
Табе я веру, як самому сабе. Ты не выдасі.
Вось гэта праўда, цяжка варочаючы языком, азваўся лекар. Збан не слухаўся ягоных рук, і мёд ліўся на стол, расплываючыся цёмнымі плямамі.
Неўзабаве лекар апусціў голаў на рукі і, здавалася, заснуў. Тэадорых уважліва паглядзеў на яго. Але раптам кастапраў прахапіўся, павёў вакол асавелымі вачыма і, аберуч прыціскаючы да жывата парожні збан, пабрыў да дзвярэй. Каля печы ён пахіснуўся і, выпусціўшы пасудзіну з рук, ухапіўся за канявы слуп. Паспрабаваў ускараскацца на палаткі, ды не змог забурыўся проста на чарапкі і імгненна захроп.
Даволі доўга ў хаце быў чуваць адно густы храп з прысвістам.
Кароль Вальдэмар памрэ, напаўголаса загаварыў пасланец біскупа. Бог выбраў мяне, свайго слабога слугу, і даў мне сілы, каб я ўчыніў суд. У ягоных вачах загарэўся ліхаманкавы бляск. Кароль памрэ, і яго забудуць, бо тут будуць наша вера і наша ўлада. А слава пра нас, Божых слуг, дойдзе да нашчадкаў. Дзеля гэтага я пакінуў сваю радзіму, дзеля гэтага жыў сярод ворагаў і гаварыў на іхняй мове.
Перахрысціўшыся, ён наблізіўся да лекара і некалькі імгненняў глядзеў на насаты твар з адкрытым ротам. Па шчацэ ў Дзітрыха паўзла муха.
Недзе паблізу вылі сабакі.
7
У першую нядзелю па Вялікадні на полацкім кірмашы ўдава рыбака Агафія, кінуўшы на прылаўку рашоты з пячыстамі, як каршун наляцела на рослага сухарлявага чалавека з дарожнаю кайстраю на плячы. Той спрабаваў бараніцца кульбай, ды разятраная баба прыціснула яго да зямлі сваім мажным целам і не адпусціла, пакуль не падбеглі пасаднікавы цівуны. Спярша людзі рагаталі з неспадзяванае пацехі і падюджвалі ўдаву, але яна на паў-Полацка ўсчала лямант, што гэты чалавек зарэзаў запалоцкага каста права Данілу. Удава бажылася, што праз шчыліну ў плоце бачыла ліхадзея на Данілавым падворку перад той самай ноччу, калі душа лекара адляцела ў рай.
Сёй-той з кірмашнікаў пазнаў у злоўленым чалавеку аршанскага майстра Богуша. На роспыце аршанец лаяўся і крычаў, што ў Агафію ўсяліўся чорт. Калі ў роспытнай хаце на дзядзінцы кат прыпаліў Богушу ступакі, той усё роўна стаяў на сваім. Раззлаваны кат адцяў аршанцу мезенік на левай руцэ. Богуш адно стаў яшчэ страшней лаяцца, праклінаючы ўдаву самымі вусцішнымі праклёнамі. Тады пасаднік загадаў распаліць і прыкласці Богушу да лоба каменную плітку з аленем, якую знайшлі ў аршанца ў кайстры. Пачуўшы гэта, Богуш увесь закалаціўся і, не стрываўшы страху перад новым катаваннем, прызнаў сябе нямчынам з Рыгі.
Каб не смярдзела паленым, нямчына абкурылі на двары сухой мятай, і цяпер ён, прываліўшыся да сцяны, сядзеў на падлозе ў шырокіх і светлых княжых сенях. У дзвярах застылі два лучнікі, гатовыя па першым знаку выпусціць стралу.
Валодша кагадзе вярнуўся з ратнае забавы і быў у кальчузе і з мячом на поясе. Апроч нязменнага Віславуса ў сенях сядзелі таксама пасаднік і пяць старэйшых баяраў. Тырчала тут і казліная ігуменава барада. Лука прыладзіўся з краю, як найдалей ад немца.
Князь сабраўся загаварыць, але Тэадорых апярэдзіў яго.
Калі хочаш насыціць злосць свайго сэрца, забі мяне! выгукнуў ён.
Не спяшайся памерці, нямчын, спакойна азваўся Валодша. Не забіваць хачу, а гутарыць з табой. Скажы нам, як здароўе нашага сябра біскупа Альберта.
Я адкажу табе, хоць ты і гаворыш, як Іуда, вуснамі, а не сэрцам. Тэадорых, чапляючыся за сцяну, намогся падняцца на ногі, аднак не патрапіў. Святы айцец на страх шматлікім ворагам нашай царквы ў добрым здароўі.
Хто многім страшны, той будзе многіх баяцца, прамовіў князь, і па сенях праляцеў ухвальны шум.
Хай скажа, ці паладзіў біскуп з братамі-рытарамі, падаў голас Віславус.
Сяброўства ордэна з Альбертам стала яшчэ мацнейшае, гучна адказаў немец.
Ягоныя словы патанулі ў рогаце. Дробненька смяяўся, закідваючы галаву ў клабуку, нават ігумен Лука.