Сяброўства ордэна з Альбертам стала яшчэ мацнейшае, гучна адказаў немец.
Ягоныя словы патанулі ў рогаце. Дробненька смяяўся, закідваючы галаву ў клабуку, нават ігумен Лука.
Палюбіў воўк кабылу скрозь смех вымавіў пасаднік.
Твар у Тэадорыха пабялеў, вочы наліваліся шалам.
Якія яшчэ навіны пачуем мы з тваіх праўдзівых вуснаў? адсмяяўшыся, запытаў князь. Можа, раскажаш, як любяць біскупа і крыжакоў тыя, у каго вы адабралі зямлю?
Гэта зямля святой Дзевы Марыі. Яна апякуецца над усімі, хто нясе сюды слова сапраўднай веры. Нядаўна ў няроўнай бітве з эстамі загінуў пілігрым Іардан. Браты, што спяшаліся на падмогу, за сем міляў убачылі, як ягоную душу неслі анёлы.
Ці не чорныя былі тыя анёлы? спытаў Віславус.
Немец адказаў яму позіркам, поўным бяссілай злосці і пагарды.
У Полацк уцякло шмат людзей з земіголы. Князь Валодша ўсміхнуўся ў бараду. Яны расказваюць, што іхні біскуп Бернард на радзіме быў не святым чалавекам, а ўчыняў тацьбу, паліў і забіваў сваіх суседзяў. Калі ваша Дзева Марыя абараняе яго, мы не верым, што гэта сапраўдная Маці Божая.
Ты блюзнерыш, кароль, а табе трэба маліцца. Уладарка свету карае ўсіх, хто ідзе супраць славы яе сына. Жыццё яшчэ моцна сядзела ў Тэадорыху, і, перасмыкнуўшыся ад болю, ён здолеў узграбціся на ногі. Хіба яна не скарыла князя Герцыкі? Хіба нямецкі меч не адсек галаву падступнаму князю гольмскіх ліваў? Хіба не загінуў у сваім замку мяцежны старэйшына летаў Русін? Бойся міласэрнай Дзевы Марыі, кароль!
Не мне трэба баяцца, а табе, бо Прыснадзевая Багародзіца аддала твой жывот у мае рукі, сказаў Валодша, але ягоную душу на імгненне крануў нейкі цень, як быццам над ім праляцела вялікая злая птушка.
На памяць яму ўзбегла ўчарашняя размова з княгіняй. Увечары ён прынёс у пачывальню купленыя ў Полацку перлавыя каралі. Каб лепей разгледзець дарунак, Звеніслава падышла да вакна і раптам, ускрыкнуўшы, выпусціла каралі з рук.
«Ой, княжа, самая буйная перліна пацямнела, шаптала яна, тулячыся да мужавых грудзей. Благі знак. Пільнуе цябе хвароба, а можа» Звеніслава не дагаварыла. «Не трэба мніці пра такое. Загадай, каб чырвонаму пеўню праглынуць далі, і зноў пабялее», гладзячы цёмную княгініну касу, адказаў ён.
Князь даўно прывучыў сябе не надта верыць у благія прыкметы, бо ведаў, што гэтак можна загубіць любую справу. Цяпер, калі да паходу заставаліся лічаныя дні, даваць волю такім думкам нельга было і пагатоў. I ўчора, з жонкаю, і цяпер ён адразу нібы мячом адсек іх ад душы і адкінуў прэч. I ўсё ж немец нешта адчуў і ўзвысіў свой голас:
Неба адкрыла нам тваю вераломнасць! Мы ведаем, на каго ты сабраўся ўзняць меч. Ты думаеш, твой хлуслівы бог выбраў цябе, каб спыніць мой народ? Не, кароль, гэта мяне абраў Госпад і паслаў са мною свой праклён!
Князевым людзям здалося, што ў цёплыя сені ўварваўся вецер.
Загадай яго забіць! не вытрымаў Віславус. Загадай, бо ён накліча бяду!
Кметы на парозе нацягнулі лукі. Усе глядзелі на Валодшу. Ігумен двума пярстамі клаў на сябе крыжы.
Князь устаў і ўладна падняў руку.
Як ад аскоміны пакасць зубам і ад дыму вачам, так і ад беззаконня тым, што чыняць яго. Здавалася, ад зычнага князевага голасу затрымцелі цяцівы ў луках. Ты прыйшоў у мой горад, акі нань, назваўшыся чужым імем! Ты хацеў вызнаць, што думаюць і робяць палачане. Ты забіў кастаправа Данілу, які лекаваў мяне і маіх людзей. Ты заслужыў смерць, але не цяпер я буду судзіць цябе. Я буду судзіць цябе, калі вярнуся з паходу.
Забі мяне зараз! утрапёна закрычаў біскупаў пасланец. Ягоны белы, як сала, твар скрывіла нялюдская грымаса. Забі мяне зараз! Ты нікуды не пойдзеш і ніколі не вернешся! Ты пойдзеш туды, адкуль не вяртаюцца.
Забі яго, князь! Усе паўскоквалі з лаваў.
Не! перакрыў гблас Валодша. Вы бачыце, страх зацямніў яму розум. Кіньце нямчына ў поруб! загадаў ён кметам.
Калі тыя, накінуўшы на шыю Тэадорыху скураную пятлю, выцягнулі яго з сяней, князь абвясціў:
Заўтра падыдуць першыя палкі з удзелаў. Пешыя ратнікі, прашчнікі і лучнікі паплывуць далей на плытах і стругах. Конная дружына пойдзе сухаземем. Каля Герцыкі прымем дружыну князя Усевалада і літоўцаў. Прыспела пара пастаяць за зямлю і веру!
8
Дзень выхаду ў паход выпаў сонечны і цёплы. У пасадах цвілі сады, і па ўсім горадзе бруіў тонкі вясновы пах квецені.
Адстаяўшы з дружынаю ютрань у Сафіі, вялікі князь Валодша першы ўзбег па сходах на княжы струг і павярнуўся тварам да Полацка. Бераг быў чырвоны ад шчытоў. Травеньскае сонца грала на шаломах у ваяроў, што стаялі пад шматкалёрнымі сцягамі і белымі харугвамі. Князеву душу прасвятліла радасць. Чужынцы з крыжамі на плашчах ніколі не будуць гаспадарамі гэтай зямлі.
Адстаяўшы з дружынаю ютрань у Сафіі, вялікі князь Валодша першы ўзбег па сходах на княжы струг і павярнуўся тварам да Полацка. Бераг быў чырвоны ад шчытоў. Травеньскае сонца грала на шаломах у ваяроў, што стаялі пад шматкалёрнымі сцягамі і белымі харугвамі. Князеву душу прасвятліла радасць. Чужынцы з крыжамі на плашчах ніколі не будуць гаспадарамі гэтай зямлі.
«Слава князю Валодшу!» крычаў бераг. Але не паспела аціхнуць над Дзвіною водгулле, як полацкі валадар на вачах у Звеніславы з сынамі і ўсяго горада схапіўся аберуч за слямгу і пачаў асядаць на памост. Усё жыццё пранеслася ў князя перад вачыма, і ў астатнюю хвілю ён убачыў Барыску, да балючага выяўна ўбачыў, як сын водзіць пальчыкам па старонцы старой кнігі
Віславус стралой узвіўся на княжы струг і паспеў пачуць апошнія, вымаўленыя ўжо неслухмянымі вуснамі словы: «не аддайце»
Так абарвалася жыццё князя Валодшы, але імя ягонае не згубілася ў стагоддзях.
Летапісец рыжскага біскупа Генрых не насмеліўся запісаць у сваёй хроніцы, што полацкага караля пакарала неба. Відаць, біскуп сам страшыўся кары за грахі і не хацеў, каб згадка пра іх дайшла да будучых пакаленняў.
У лета 6724 крыжакі дамагліся свайго. Абезгалоўленае войска ў паход не пайшло. Дарэмна ў вотчыне за Барысавым каменем грузілі на караблі грозныя балiсты. Дарэмна чакаў Збыслаў з герцыкскай дружынаю. Марна ўглядаліся з наддзвінскіх хвояў у рачную далячынь лiтоўскiя дазорцы
Ужо ў год смерці полацкага князя вялікі атрад мечаносцаў і рыцараў біскупа Альберта напаў на Ноўгарадскую зямлю. Каб ударыць раптоўна, крыжакі пачалі набег у калядныя святы, а вялікі магістр перад гэтым адпусціў з дарамі дахаты палонных ноўгарадцаў.
Збыліся і іншыя Валодшавы прадгаданні. Праз дваццаць гадоў пасля бяссоннай ночы ў Бельчыцах прыйшла новая варожая сіла. Князь Конрад Мазавецкі падпісаў з Тэўтонскім ордэнам дамову аб скарэнні прусаў.
Аднак збылося не толькі благое. Спраўдзіліся і князевы надзеі. Не ўзяў сабе Барыска жонкі з Ноўгарада, але ноўгарадскі князь Аляксандр Яраславіч вянчаўся з Параскеваю, дачкой полацкага Брачыслава.
Цяпер два княствы радніліся не так, як у часы Рагвалода і Рагнеды, не пад звон мячоў, а пад радасныя званы храмаў. Разам з пасагам везла княгіня абраз Багародзіцы Эфескай, што прыслаў некалі ігуменні Еўфрасінні яе сваяк візантыйскі кесар Мануіл, унук кесара Аляксея Камніна, жанатага з дачкою вялікага князя полацкага Усяслава Чарадзея.
Пра гэты абраз казалі, што напісаў яго нібыта сам апостал Лука. Але Аляксандр Яраславіч, якога яшчэ не звалі Неўскім, відаць, больш разлічваў не на цудадзейны абраз, а на сілу полацкіх палкоў, што няраз хадзілі на рыцараў.
Апантанага немца Тэадорыха смерць знайшла ў той самы дзень, калі памёр Валодша. А ваявода Віславус жыў яшчэ доўга. На неўскіх берагах ён секся поруч з лоўчым князя Аляксандра палачанінам Якавам. На ягоных вачах паваліўся долу залатагаловы шацёр свейскага ярла Біргера.
Мінулася яшчэ два гады, і побач з ноўгарадцамі і пскавічамі полацкія ваяры насмерць стаялі каля Варонінага Каменя на Чудскім возеры. Пасля Лядовага пабоішча яны супольна гналі палонных тэўтонаў да Пскова, а адтуль павярнулі на радзіму, у Полацк.
У той дарозе, каля вясёлых вечаровых вогнішчаў, старэйшыя векам дружыннікі неаднойчы згадвалі любамудрага князя і прастадушна верылі, што князь бачыў перамогу з захмарных высяў і радуецца цяпер разам з імі.
1985Час чумы
Мы пад сякерай, дык хай жа пачуецца ў свеце Гусаўца голас
«Песня пра зубра»Рым, 1521
I
Гэта праўда, што вы нарадзіліся ў самым сэрцы варварства?
Жанчына хацела здавацца абыякавай, але ў трошкі прымружаных агатавых вачах пад негустымі цёмнымі бровамі свяцілася цікаўнасць.
Вясновы вецер варушыў празрыстыя запавесы, разпораз напаўняючы іх і робячы падобнымі да ветразяў. Са спічастага прачыненага вакна, што глядзела на кветнік, плыў водар размарыну. Удалечы жаўцелі тэрмы імператара Каракалы.
Мужчына маўчаў. Пытанне было не з тых, на якія можна адказаць адным ці двума словамі, і ён задумаўся.
Ён быў непаглядны, прынамсі, паводле канонаў гэтай краіны і свету, да якога належала жанчына. Невысокі і шырокі ў плячах, з выцягнутым тварам, адзінаю вартасцю якога знаўцы законаў прыгажосці назвалі б грубаватую правільнасць ліній, з доўгімі дужымі рукамі, ён быў падобны да просталюдзіна, але гэтаму ўражанню пярэчыла ўнутранае святло, што адбівалася ў шырока пасаджаных вачах, выдаючы чалавека не толькі разумнага, але і асвечанага. Пра гэта казала і адзенне: белая кужэльная кашуля і строгі глухі каптан з квадратным выразам, такі, што носяць бакалаўры або іншыя людзі, якіх кормяць вольныя мастацтвы. Незвычайныя ў італьянцаў звіслыя вусы, густыя валасы колеру жытняй саломы і нетутэйшы халаднаваты блакіт вачэй сведчылі, што чалавек гэты з далёкіх паўночных краёў. Мужчыну было блізу сарака, і ён пражыў на свеце ўдвая болей за сваю суразмоўніцу.