Франка зацягнуўся, і тытунь у люльцы загарэўся чырвоным колерам.
Дарэчы, доктар Штомпка вызваліўся, і мы ўжо можам ісці ў яго кабінет.
Так, вядома.
Ён вытрас рэшткі тытуню і попелу з люлькі, а затым паклаў яе ў спецыяльны футляр. Толькі цяпер Андрэй звярнуў увагу на тое, што ў Базалья Франка ўсё мае сваё месца. Кожны прадмет знаходзіўся ў рамках даўно заведзенага рацыянальнага парадку. Доктар падняўся, паказваючы жэстам, што можна ісці, ды накіраваўся да бліжэйшых дзвярэй з правага боку ад уваходу. Андрэй ішоў за ім і адчуваў, як зноў пачынае ўзмацняцца толькі нядаўна аціхлае хваляванне.
* * *Ужо каля году ён жыў у асобнай кватэры, якую набыў незадоўга да свайго пераезду. Такія «ўцёкі» з уласнага дому, а таксама ад усіх, з кім меў зносіны, былі выкліканыя тым, што Жыль больш не мог працяглы час знаходзіцца ў асяродку іншых людзей, весці нязмушаныя размовы, рабіць кампліменты. Шмат у чым, як яму здавалася, гэтаму спрыялі яго жонка і сябры. Чым больш знаходзіўся дома, чым часцей даводзілася сустракацца са старымі прыяцелямі, тым больш невыносным было жаданне куды-небудзь знікнуць. Усю гэту балбатню ён лічыў пустым марнаваннем часу і сіл. Падобныя вячоркі, аднолькавыя размовы, нясмешныя жарты, абмежаваныя людзі са сваімі клопатамі.
Адносіны з Мішэль, маці ягоных дзяцей, у апошнія гады знаходзіліся не на вышыні. Аднак раней, калі ў яго яшчэ меліся амбіцыі і энергія, а ўвага Мішэль у асноўным канцэнтравалася на дзецях, частыя паездкі, сустрэчы, праца дазвалялі менш знаходзіцца дома і давалі магчымасць адпачыць. Калі ж дзеці выраслі, пачалі вучыцца, працаваць, а ў рэшце рэшт разехаліся, жонка пачала патрабаваць больш увагі ад Жыля. Але ён намагаўся ад усіх адгарадзіць свой закрыты маленькі свет, які пачаў ужо фармавацца, які ён так асцярожна, так доўга выбудоўваў, і ў якім ні для каго, акрамя яго самога, не было месца.
Мішэль і блізкія сябры з раздражненнем пазіралі на гэты маленькі свет, як на праяву ягонага нарцысізму, выкліканага галавакружэннем ад поспеху, а затым як на сапраўднае варяцтва. Сам Жыль успрымаў усялякія знешнія спробы разбурыць ягоны маленькі свет як варожыя атакі не проста на тое, што ім створана і толькі яму належыць, але як атакі на яго самога. Атакавалі яго блізкія або зусім чужыя людзі значэння не мела, Жыль кожнаму даваў жорсткі адпор ды прыкладаў намаганні, каб яшчэ больш умацаваць абарону вакол сваёй прасторы.
У дзень перад сыходам ён мімаходзь папярэдзіў Мішэль, што пераязджае, не паведаміўшы ёй адрас новай кватэры. Яна ж успрыняла гэта як звычайную пагрозу, бо з сабой Жыль узяў толькі невялікі чамадан, дзе знаходзіліся некалькі кніг ды сшыткаў. Гэта былі ягоныя нататнікі, адны цалкам спісаныя, іншыя напалову запоўненыя, па якіх можна было прасачыць дынаміку ягонага свядомага жыцця па гадах. Звычка да пісьмовай сістэматызацыі ўзнікла ў яго яшчэ ў школе. Ён заўсёды пачынаў з таго, што на ўнутраным баку вокладкі адзначаў бягучы год і ўласныя ініцыялы. Для накідаў таго ці іншага рамана выкарыстоўваў асобныя сшыткі, у некаторых пісаў усё без разбору. Там былі планы на бліжэйшыя дні, малюнкі, адрасы і тэлефоны, новыя ідэі і проста цікавыя думкі.
Ён любіў пагартаць свае старыя нататнікі, параўнаць, наколькі змяніўся за апошнія год-два, альбо пяць гадоў, як змяніліся яго інтарэсы і планы. Часам настальгія прыводзіла ў меланхалічны стан, а часам зусім наадварот дазваляла знайсці цікавыя запісы, якія натхнялі на арыгінальныя ідэі. У любым выпадку, Жыль успрымаў гэтыя вяртанні ў мінулае як вельмі прадуктыўныя працэдуры рэфлексіі, якім планаваў надаваць асаблівую ўвагу пасля пераезду, калі ўвесь свой час зможа аддаваць выключна працы ды самаразвіццю. Пачынаючы ўжо з першых дзён у яго склаўся графік, з якога Жыль стараўся не выбівацца.
Набліжэнне
За дзвярыма была невялікая зала цёмна-чырвоных таноў, дзе стаялі дзве шырокія канапы, пяць крэслаў і столік на нізкіх ножках. Франка патлумачыў, што менавіта тут звычайна адбываюцца сходы персаналу клінікі, якія праходзяць у даволі нефармальнай і нязмушанай атмасферы. Структура залы была скразная, і акурат наступныя дзверы вялі ў кабінет чалавека, які ўзначальвае клініку. Яшчэ некалькі крокаў, і Андрэй нарэшце атрымае больш-менш канкрэтныя ўстаноўкі.
Да гэтага моманту склалася адчуванне, быццам ён прыехаў на адпачынак, да таго ж тут нічога не нагадвала пра медыцынскую структуру. Ён прывык да адзінай уніформы як персаналу, так і пацыентаў, строгіх правілаў, выразнага распарадку дня, халоднай атмасферы такога роду месцаў. У гэтым жа месцы ўсё зусім інакш: пафасная атмасфера з шыкоўным інтэрерам, дактары ходзяць у звычайнай вопратцы. Пацыентаў Андрэй яшчэ ўвогуле не бачыў. Хлопец пачынаў ужо забываць мэту прыезду ды магчымую ролю ў дадзенай установе, але слова «клініка» вяртала да рэальнасці.
Папярэдне пагрукаўшы, Франка адчыніў дзверы і прапусціў Андрэя наперад. «Заходзьце, заходзьце» пачуўся голас з кабінета. Добры твар Штомпка расцягнуўся ва ўсмешцы. Гэта быў невысокага росту чалавек з вялікім ротам і шырока пастаўленымі вачыма, бліскучай лысінай ды густой сівой барадой. Ён працягнуў сваю велізарную руку, якая жалезнымі абцугамі сціснулася ў прывітанні. Нягледзячы на вясёлую добразычлівасць гаспадара кабінета, Андрэя ахапіла моцнае хваляванне. Ён не ведаў, куды схаваць рукі, то складаў іх за спінай, то на грудзях, то хаваў у кішэні, погляд бегаў, словы запляталіся, голас змяніўся да непазнання. За акном бачыўся двор, і ў галаве паўстала думка, што за ім маглі назіраць падчас прагулкі каля возера.
Андрэй, знаёмцеся, дырэктар клінікі Уладзіслаў Штомпка, ён вас скаардынуе і ўсё растлумачыць. Цяпер я вас пакіну, але калі ўзнікнуць пытанні, звяртайцеся.
Добра.
Дзякуй вам, Базалья. Калі ласка, папрасіце Тадэвуша потым зайсці да мяне.
Канечне.
Франка выйшаў, а лагодны доктар прапанаваў прысесці. Толькі цяпер Андрэй паспеў мімаходзь агледзець кабінет. Уздоўж сцен стаялі высокія, да самай столі, шафы з кнігамі і тэчкамі. Стол быў завалены паперамі. На падаконні стаяў невялікі бюст у антычным стылі. Насупраць акна знаходзіліся яшчэ адны дзверы, якія, хутчэй за ўсё, вялі непасрэдна ў калідор.
Андрэй, ну як вам тут, якія першыя ўражанні?
Маляўнічае месца. Пакуль агледзеў не ўвесь палац, але тое, што паспеў ужо ўбачыць, мяне вельмі ўразіла.
Вас, пэўна, здзіўляе, чаму клініка знаходзіцца ў такім месцы, і чаму няма дактароў у белых халатах?
Так, ды і не толькі гэта. Дакладней кажучы, я практычна нічога не ведаю пра вашу клініку за выключэннем таго, што сёння бачыў.
Спадзяюся, вас такая невядомасць не адпудзіла. Справа ў тым, што гэтага патрабуе асаблівасць нашай установы. Мы знаходзімся ў прамежкавай пазіцыі, як бы паміж бальніцай, рэабілітацыйным цэнтрам і псіхіятрычнай клінікай. Думаю, не будзе перабольшаннем, калі скажу, што гэта ўнікальная клініка, якую складана, ды і не трэба ўпісваць пад якую-небудзь агульнапрынятую катэгорыю. Шмат у чым такое становішча звязана з асаблівасцямі нашых пацыентаў. Разумею, што псіхічныя адхіленні самі па сабе ўжо даюць падставы казаць пра некаторыя асаблівасці, незвычайнасць. Але тут мы маем выпадкі, з якімі яшчэ ніхто і ніколі не сутыкаўся, ва ўсякім разе, у псіхіятрычнай практыцы. Нашы пацыенты маюць фізічныя адхіленні або калецтвы, якія сталі вынікам іх псіхічнага захворвання. Аднак не хвалюйцеся, для персаналу клінікі гэта не ўяўляе аніякай пагрозы. Напэўна, пакуль што я кажу расплывіста і вы не зусім уяўляеце, з чым будзеце працаваць, але ў далейшым паступова ўвойдзеце ў курс справы і з усім асвоіцеся.
Магчыма, не зусім правільна, што мы загадзя не паведамілі пра ўмовы працы тут, і, хутчэй за ўсё, вы б адмовіліся, але інакш немагчыма. Існаванне дадзенай установы засакрэчана. Пра існаванне нашай клінікі, за выключэннем тых, хто ў нас працуе, вядома толькі некалькім чыноўнікам з міністэрства і абмежаванаму колу членаў ураду. Таму нават мой даўні і блізкі сябар Альгерд Францавіч нічога канкрэтнага не мог вам патлумачыць. Мы робім усё магчымае, каб пазбегнуць распаўсюджвання хоць якой інфармацыі пра гэтае месца. Чакаю ад вас таго ж.
Прадстаўнікі СМІ, грамадскасць, ніхто не павінен даведацца. Ні сябрам, ні сваякам, нават «па вельмі вялікім-вялікім сакрэце» недапушчальна гаварыць пра клініку. Яшчэ раз паўтаруся, гэтага патрабуе асаблівасць дадзенай установы і яе пацыентаў. Мы маем унікальныя выпадкі, раней не вядомыя, але вельмі сурёзныя па сваіх паказчыках. Усялякая інфармацыя здольная прыцягнуць увагу да нашай структуры. У такім выпадку ўся наша праца, усё дасягнутае будзе зведзена да мінімуму, у горшым жа выпадку Страшна ўявіць, якія могуць быць наступствы пры горшым развіцці падзей. Альгерд Францавіч вельмі вас рэкамендаваў, і ў мяне няма падстаў сумнявацца ў вашай сумленнасці. Але вы павінны разумець, што варта праяўляць скрытнасць. Таксама мы навялі пэўныя даведкі і пераканаліся, што як спецыяліст вы нам цалкам падыходзіце. Як я ўжо казаў, з працай нашай клінікі будзеце знаёміцца паступова. Засталося толькі адзначыць яшчэ некалькі асноўных аспектаў.
Мы займаемся распрацоўкай і апрабацыяй новых метадаў лячэння, якія адпавядаюць канкрэтным выпадкам. Аднак базавы, я б сказаў, «вузлавы» элемент нашага метаду адлюстроўвае сама назва клінікі «Amicus». У працэсе лячэння адна з галоўных задач заключаецца ў тым, каб пацыент не адчуваў сябе пацыентам. Ён мусіць забыцца, што мы хочам яго вылечыць ад нейкай хваробы. Кожны чалавек уяўляе сабой закрытую псіхафізічную сістэму. Спроба ў яе ўварвацца прыводзіць да свядомага або падсвядомага супраціву і адрыньвання, таму класічныя сістэмы лячэння застаюцца малаэфектыўнымі. Мы ж спрабуем аказваць уздзеянне нівелюючы, робячы незаўважным самое ўварванне, ствараючы для пацыента камфортную абстаноўку, характэрную для штодзённасці яго папярэдняга жыцця.