Мы займаемся распрацоўкай і апрабацыяй новых метадаў лячэння, якія адпавядаюць канкрэтным выпадкам. Аднак базавы, я б сказаў, «вузлавы» элемент нашага метаду адлюстроўвае сама назва клінікі «Amicus». У працэсе лячэння адна з галоўных задач заключаецца ў тым, каб пацыент не адчуваў сябе пацыентам. Ён мусіць забыцца, што мы хочам яго вылечыць ад нейкай хваробы. Кожны чалавек уяўляе сабой закрытую псіхафізічную сістэму. Спроба ў яе ўварвацца прыводзіць да свядомага або падсвядомага супраціву і адрыньвання, таму класічныя сістэмы лячэння застаюцца малаэфектыўнымі. Мы ж спрабуем аказваць уздзеянне нівелюючы, робячы незаўважным самое ўварванне, ствараючы для пацыента камфортную абстаноўку, характэрную для штодзённасці яго папярэдняга жыцця.
Перш чым пачынаць лячэнне, варта наладзіць блізкі кантакт з пацыентам. Ён мусіць адкрыцца вам, лічыць вас сябрам. Але калі быць надта настойлівым, патрабавальным, эфект атрымаецца процілеглы, і пацыент яшчэ больш заглыбіцца ў сябе, адгародзіцца ад свету. Для гэтага патрэбна самому адкрыцца, першым пайсці насустрач. Спачатку гэта будзе нялёгка, але ў далейшым паміж вамі павінен існаваць поўны давер, калі вы абсалютна ўсё даведаецеся адзін пра аднаго. Менавіта на гэтым этапе адносін стане магчымым выяўленне прычыны захворвання, а затым непасрэдны працэс лячэння: неназойлівага, непрыкметнага ўплыву.
Усе нашы пацыенты адзінокія людзі. Іх псіхічныя захворванні шмат у чым сталіся вынікам глыбокай ды працяглай адзіноты. Таму сяброўства паміж вамі і пацыентам не толькі спрыяе дасягненню пастаўленых задач, але мае значны тэрапеўтычны эфект. У сувязі са спецыфікай нашага метаду, як правіла, у аднаго доктара адзін пацыент. Толькі я і доктар Базалья Франка назіраем некалькі чалавек. У асноўным гэта самыя складаныя выпадкі. Ва ўсякім разе, не палохайцеся і не хвалюйцеся, мы будзем вам усяляк дапамагаць. Калі ўзнікнуць якія цяжкасці або пытанні, смела звяртайцеся. Думаю, цяпер вы разумееце, чаму мы ходзім у звычайнай вопратцы, а клініка выглядае як жылы дом.
Сёння дам вам азнаёміцца з копіяй справы вашага пацыента Жыля Арто. Калі ўсё больш-менш зразумела і няма пярэчанняў, то ўжо заўтра пазнаёмлю вас з ім, і можаце пачынаць. Альгерд Францавіч казаў, што вы валодаеце французскай. Які ў вас узровень гутарковай?
Так, я вывучаў французскую, таксама меў моўную практыку, калі стажыраваўся ў Ліёне. Дапускаю часам памылкі пры напісанні тэкстаў, але гутарковая досыць ніштаватая.
Выдатна! Арто трохі ведае польскую, але не вельмі добра. Таму лепш размаўляць з ім на роднай мове. Дарэчы, гэта будзе карысным у вашых узаемасувязях.
Добра, канечне.
Андрэй, вы крыху агледзелі наваколле. Але каб адаптавацца і лепш арыентавацца, я папрасіў аднаго з нашых калег, Тадэвуша Бой-Жаленскага, правесці вам імправізаваную экскурсію. Ён якраз ваш аднагодка, таму, думаю, з ім вам будзе цікава.
* * *Пасля падпісання дамовы ды іншых папер сталася магчымым паведаміць Андрэю больш падрабязную інфармацыю пра пацыентаў, якія знаходзяцца ў клініцы: імёны, кароткія біяграфіі, сімптомы. На дадзены момант іх было дзевяць. Тры назіраліся непасрэдна Уладзіславам Штомпкам і Базалья Франка. За астатнімі ж пяццю замацоўваўся асабісты доктар. Да шостага Жыля Арто з гэтага моманту быў прыпісаны Андрэй.
Першым па спісе значыўся Мілаш Любіч румынскі нацыяналіст, вельмі расісцкіх поглядаў. Чалавек з досыць няўстойлівай псіхікай. Узровень нянавісці ў крытычныя перыяды дасягае дзевяці з паловай пунктаў па шкале Релтіга. Для Любіча характэрныя рэгулярныя прыступы злосці, падчас якіх тэмпература цела пачынала падвышацца, што часам правакавала ўнутранае ўзгаранне з наступным выдзяленнем дыму. У выніку аднаго з такіх вострых прыступаў скура Мілаша набыла шакаладнае адценне, і цяпер яго складана было адрозніць ад мулата. Наступны прыступ ледзь не прывёў Любіча да смяротнага зыходу. Штомпка адзначыў, што калі б не прымусовае лячэнне, ад яго ў хуткім часе засталіся б адны вуглі. Таму можна лічыць, што Любічу вельмі пашанцавала. Гэта асабліва цяжкі пацыент, які патрабуе пастаяннага нагляду, бо трэба не прапусціць пачатак чарговага прыступу і своечасова пакласці яго ў ванну з лёдам, каб спыніць імклівае падвышэнне тэмпературы цела.
Магчыма, штуршком да ўзнікнення і развіцця псіхічных адхіленняў стала раскрыццё таямніцы яго нараджэння. З дзяцінства Любіч рос без бацькі. Маці Адрыяна Любіч сцвярджала, што бацька дзяржаўны служачы, які быў вымушаны час ад часу наведваць з дыпламатычнай місіяй іншыя дзяржавы, падчас адной са службовых паездак нібыта памёр ад невядомага захворвання. Пазней, калі Любіч вучыўся ў духоўнай семінарыі, ён выпадкова высветліў, што нарадзіўся праз два гады пасля смерці Міхая Любіча мужа Адрыяны. Маці спрабавала растлумачыць такую сітуацыю памылкай у дакументах, але ў рэшце рэшт не вытрымала ціску Мілаша ды вымушаная была прызнацца.
Магчыма, штуршком да ўзнікнення і развіцця псіхічных адхіленняў стала раскрыццё таямніцы яго нараджэння. З дзяцінства Любіч рос без бацькі. Маці Адрыяна Любіч сцвярджала, што бацька дзяржаўны служачы, які быў вымушаны час ад часу наведваць з дыпламатычнай місіяй іншыя дзяржавы, падчас адной са службовых паездак нібыта памёр ад невядомага захворвання. Пазней, калі Любіч вучыўся ў духоўнай семінарыі, ён выпадкова высветліў, што нарадзіўся праз два гады пасля смерці Міхая Любіча мужа Адрыяны. Маці спрабавала растлумачыць такую сітуацыю памылкай у дакументах, але ў рэшце рэшт не вытрымала ціску Мілаша ды вымушаная была прызнацца.
Пасля смерці мужа Адрыяна стала вельмі набожнай і часта хадзіла ў царкву. Аднойчы яна затрымалася дацямна пасля доўгай малітвы, а па дарозе назад, амаль каля самага дома, на яе напаў ды згвалціў цыган. Ён прыставіў ёй да горла нож, Адрыяна нават не магла крычаць. Праз некаторы час яна даведалася, што цяжарная, але як верніца прыняла рашэнне пакінуць дзіця. Гэтым немаўлём і стаўся Мілаш.
Такое адкрыццё шакавала Любіча. Таямніца нараджэння прывяла да глыбокага ўзрушэння, якое перавярнула ўсе ягоныя прынцыпы, перакананні і ідэалы. Ён сышоў з семінарыі, пакінуў родны дом, і Адрыяна больш ніколі не бачыла сына. Доўгі час Мілаш падпрацоўваў рознарабочым, пакуль не сустрэў Мікалая Кадрану, які пазнаёміў яго з румынскімі анархістамі. Яны праз некаторы час прыцягнулі Любіча да агітацыйнай дзейнасці. Але анархісты не зусім адпавядалі поглядам маладога чалавека. У далейшым ён змяніў яшчэ некалькі палітычных груповак, пакуль не ўступіў у «Вялікую Румынію». Дзейнасць і ідэалогія арганізацыі адпавядала ягоным нацыяналістычным і атэістычным памкненням. Добрыя арганізатарскія здольнасці, жывы розум і здольнасць да публічных прамоваў спрыялі таму, што Любіч імкліва падняўся па іерархічнай лесвіцы партыі. Праз два гады ўжо займаў вядучую пазіцыю ў гэтай структуры. Вакол маладога нацыяналіста сфармавалася вялікая група прыхільнікаў.
Адчуванне ўласнай улады і канфлікт з вышэйшым кіраўніцтвам неўзабаве прывялі да расколу.
У выніку Любіч сышоў з партыі і разам са сваімі паслядоўнікамі арганізаваў групу «Жалезны крыж». Падчас уступлення ў «Вялікую Румынію» прыступы злосці насілі лёгкую форму, іх яшчэ можна было схаваць, але цяпер яны сталі рэгулярнымі і прымалі ўсё больш складаныя формы. Пасля аднаго з прыступаў скура Любіча набыла ненатуральна цёмнае адценне. Па выпадковым збегу абставінаў члены групы «Жалезны крыж» ягоныя ўласныя паслядоўнікі прынялі Любіча за цыгана ды жорстка збілі яго і пакінулі паміраць у падваротні.
Магчыма, ён і памёр бы, але Любіча падабрала кампанія цыганоў, ды аказала яму неабходную дапамогу. Каб крыху суняць боль ад збіцця, адзін з іх паіў Любіча віном, прыгубляючы сам час ад часу. Спачатку лідар «Жалезнага крыжа» праявіў насцярожанасць і практычна не размаўляў. Але, ладна выпіўшы, Любіч і стары цыган разгаварыліся. Ледзь звязваючы думкі ў словы, стары цыган прызнаўся: «Я не веру ў бога. Неяк, гадоў трыццаць таму, я згвалціў адну кабетку. І што ж бог мяне так і не пакараў». Пачуўшы гэта, Любіч выгукнуў: «Цяпер у цябе няма нагоды не верыць у яго, а ў мяне яшчэ ёсць», ды схапіў са стала нож і ўсадзіў старому цыгану ў горла.
Збегчы ад сяброў сабутэльніка Любічу ўдалося, але праз некалькі дзён яго затрымала паліцыя. У турме прыступы пачасціліся, аднак усе лячэбныя ўстановы адмаўляліся яго прымаць, спасылаючыся на некампетэнтнасць у такім захворванні. Пасля доўгіх перамоваў Любіча пагадзіліся перадаць у «Amicus».
* * *Цела французскага філосафа Фелі Гвата шмат пацярпела ад разрадаў току, удараў, парэзаў і ампутацыі некаторых сваіх частак. Такое стаўленне да ўласнага цела сталася вынікам не столькі схільнасці да садызму, колькі распрацаванай ім філасофскай канцэпцыі.
Гвата нарадзіўся ў багатай сямі, наведваў школу-пансіён Карно, таксама правёў год у Ліцэі Генрыха IV, затым навучаўся ў Сарбоне. Пасля заканчэння Сарбоны быў адпраўлены выкладаць у Алжыр. У гэты перыяд ён пачынае цікавіцца целам чалавека з сацыялагічнай ды філасофска-антрапалагічнай пазіцый. У прыватнасці, стаўленнем да жаночага цела ў розных культурах. Асабліва на пачатковых этапах яго прыцягнулі такія феномены, як перавязванне жаночай нагі ў Азіі, мода на гарсэты ў Еўропе, павелічэнне шыі пры дапамозе кольцаў у Афрыцы.
Артыкулы Гвата на гэтую тэму прыцягнулі ўвагу акадэмічнай супольнасці Парыжа. Неўзабаве яго запрасілі выкладаць у адзін з парыжскіх універсітэтаў. Неадкладнае жаданне вывучаць дадзеную зяву ў рэальных умовах прымусіла Гвата пакінуць выкладчыцкую і навуковую дзейнасць у Парыжы ды адправіцца ў падарожжа па Азіі, Афрыцы і Лацінскай Амерыцы. Падчас падарожжаў на падставе багатага эмпірычнага матэрыялу ў Гвата фармуецца філасофская тэорыя адносна чалавечага цела, якую ён спрабуе прасунуць у акадэмічных колах праз тры гады пасля вяртання ў Парыж.