Вольга Бабкова
І цуды, і страхі. Эсэ па гісторыі штодзённасці Вялікага Княства Літоўскага XVIXVII стагоддзяў
Ганне і Багдане, з любоўю і ўдзячнасцю
© Бабкова В. У., 2010
© Выдавец Логвінаў I. П., 2010
© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016
Вольгі Бабковай
Гэтая кніга незвычайная На яе старонках ажываюць постаці беларускай гісторыі. І не тыя, каго ўжо ўшанавалі гісторыкі і палітыкі, хто ўжо мае помнікі ці то ў камні, ці то ў паперы, ці то ў легендах ды паданнях Чытач сустрэне звычайных людзей XVIXVII ст., якіх часта называюць маўклівай большасцю гісторыі. Пра іх зрэдку пішуць даследчыкі, больш заклапочаныя пошукамі заканамернасцяў і асаблівасцяў палітычнай, канфесійнай, эканамічнай і культурнай гісторыі. Абываталям няма месца на старонках падручнікаў і энцыклапедый, але менавіта іх жыццёвыя лёсы і вызначалі шляхі нашай даўніны.
Вольга Бабкова адшукала сляды гэтых людзей у судовых дакументах ранняга Новага часу, і гэтыя сляды загаварылі: З кожнай старонкі голас. Часам ціхі, часам гучны. Нават імёны ў кнізе гучаць як старадаўняя музыка Сцяпанец Дудка, Ян Дуброва, Яська Скрыпка, Іван Жынь, Кацярыніца Валынка, Ян Зімапад, Якуб Воўк, Максім Чмель Праз тоўшчу стагоддзяў прабілася чалавечая індывідуальнасць, і чорна-белая карцінка даўніны раптам расквецілася дзесяткамі фарбаў.
Славуты французскі гісторык Марк Блок калісьці заўважыў: Гісторыя ёсць навука пра чалавека ў часе. На жаль, менавіта Чалавека бывае цяжка адшукаць на старонках большасці навуковых манаграфій і дысертацый. Мы не ўглядаемся ў яго, не шукаем у ім суразмоўцу, часцяком ператвараем нават вядомую гістарычную постаць у нейкую ажыўленую надчалавечую функцыю ваеннага героя або здрадніка, стваральніка дзяржавы або яе разбуральніка, рэвалюцыянера або контррэвалюцыянера, ратавальніка нацыі, рэфарматара ўлады, навукоўца, паэта, першадрукара і г.д.
А вось у кнізе В.Бабковай жыве якраз Чалавек. Ён мае дом, напрыклад, на новым рынку Менску насупраць ратушы, набывае лекі ў аптэцы Матыса Чаховіча, сустракае на вуліцах слугу канцлера Льва Сапегі жыда Езафа Гафтара, перажывае трагічную смерць земскага суддзі Грыгорыя Макаровіча, задумваецца над таямнічым знікненнем служэбніка віцебскага ваяводзіча Станіслава Збуйнеўскага, плача над лёсам спаленай на вогнішчы падданай пана Мікалая Жыгімонтавіча Шостака чараўніцы Ягнешкі І ён жа пянее і дурэе на вяселлі разам з шляхціцам Цэзарам Грандэзолі
Старонкі гэтай кнігі дазволяць паблукаць па менскіх вулках пачатку XVII ст., выправіцца ў падарожжа па адным з тагачасных гасцінцаў, каб зведаць поўную меру ліха і прыгодаў, бо дарога ратавала, хавала, губіла, паглынала, вабіла. Была роспаччу і надзеяй Чытач адчуе той страх, які апаноўваў людзей пры сустрэчы з чарадзейтвам, у яго будзе магчымасць наведаць патаемны мацярык дзяцінства, які існуе па ўласных законах, адрозных ад свету дарослых: Дзеці яшчэ не сталі героямі дарослага жыцця, іх нібыта няма на тле пануючага свету бацькоў. Іхныя адчуванні палягаюць у іншай прасторы, на іншым узроўні дзе час ад Калядаў да Купалля, ад Раства да Вялікадня цэлая Вечнасць. Але ж не меншая Вечнасць час ад ранку да вечара, напоўнены падзеямі, як нерат рыбамі Нарэшце, аўтарка дазволіць зазірнуць у шляхецкія скрыні і дакрануцца да скарбаў, каб яшчэ раз пераканацца, што не ўсё тое золата, што блішчыць
Гістарычныя эсэ Вольгі Бабковай напоўненыя паэзіяй. Якраз яна робіцца тым мастком, які звязвае свет сучаснага чытача з жыццём даўно забытага мешчаніна і шляхціца, і гаворыць нешта важнае таксама для людзей ХХІ ст. Дзякуючы ёй індывідуальна-чалавечае набывае цалкам іншую якасць, і нараджаецца пачуццё дакранання да Вечнасці
Алесь Смалянчук, доктар гістарычных навукМае Архівы
Аднойчы мне прысніўся Несапраўдны Кніжны Скарпіён[1]. Ён перапаўзаў са старонкі адной рукапіснай кнігі да іншай і клікаў за сабой. Так у далейшым і атрымалася. Праца ў мінскім гістарычным архіве са старажытнымі дакументамі наклала адбітак на мае ўяўленні пра чалавека як зяву і пра прастору познесярэднявечнага свету, якая яго атачала. Менавіта ўяўленні, бо само жыццё падавалася і падаецца цяпер праявай, якая цяжка фіксуецца, нават запісаная ў дакументах.
Актавыя кнігі земскіх і гродскіх судоў сярэдзіны XVI пачатку XVII стагоддзяў, з якімі давялося працаваць, найперш уразілі сваёй мовай і ўсведамленнем таго, што за кожным з гэтых дакументаў стаялі жывыя людзі. Хлопята, братаньки, врядничка, боярка, тивунец, ойчычка, детки, нябожка, дитятко, дворчык, домок нязвыклы лексікон для судовай канцылярскай мовы. Ужо пасля з гэтых пісьмовых крыніц выплюхнулася цэлае мора імёнаў, прозвішчаў, найменняў, якія прыцягвалі ўвагу і прымушалі глядзець на звыклы свет іншымі, так бы мовіць, прамытымі вачыма. Цяпер я цвёрда ведаю, што час і прастора насамрэч маюць слаістую структуру. І там, дзе іх ужо няма, працягваюць адгукацца на покліч старыя імёны. Адно трэба мець доступ да коду, не памыліцца ў выбары ключа. Нялёгкая задача.
Зачараваная графічнымі выявамі даўняга почырку, сочачы ўважна за хітраспляценнямі асобных словаў, міжволі пачала бачыць тое, чаго ў дакуменце насамрэч не было. Прыкладам, на другі-трэці дзень пасля пачатку працы з тэкстам актавай кнігі мінскага гродскага суда, наткнулася на выраз, запісаны ў дакуменце крымінальнага характару, які прымусіў на імгненне вымкнуць з будзённасці. (Вядомы стан пры сустрэчы з трапнай метафарай ці празрыстым да вастрыні вобразам). Гаворка ішла пра золотую бшчалу. Не проста пчалу, а менавіта залатую! Пазней даведалася, што пчала сапраўды была ў дакуменце, але быў яшчэ і залаты, які згадваўся ў якасці грашовай адзінкі. Парэпанасць аркуша дазволіла злучыць два словы і атрымаць нечаканы вобраз. Памылка выправілася, але радасць ад першага ўражання засталася. Больш за тое, гэты вобраз міфалагічнай залатой пчалы суправаджае мяне і дасюль, не даючы заспаць якое трапнае слова ці выраз. (Пчолы, мёд, увогуле асобная тэма. Здаецца, над зямлёй Вялікага Княства павінен быў бы стаяць гуд ад безлічы пчолаў, якія раіліся над лясамі ды пушчамі, выбіраючы сасну ці дуб, дзе пазней дбайныя рукі прывесяць славутыя борці ды пазначаць натесами ды крыжами сваю ўласнасць. Адсюль і так званыя мядовыя руны подпісы мясцовай шляхты пад некаторымі дакументамі, дзе заміж прозвішчаў графічныя выявы клеймаў, якімі пазначалі дрэвы, і якія пасля сталі элементамі родавых гербаў. Адтуль, з тых рояў, верагодна, заляцела пчала і ў гравюру Скарыны).
Абмылкі здараліся і пазней. Аднойчы, прачытаўшы ў тэстаменце пана Ежы Завішы, што той перад смерцю ўласнай рукой выправіў у тэксце глосы і адрэдагаваў адзінаццаць вершов, прыйшла да высновы, што спаткала невядомага дасюль паэта, які паходзіць са славутага роду і пахаваны, да таго ж, у Вільні. І толькі пасля даведалася, што верш у польскай традыцыі азначае не толькі вершаваныя радкі, але і проста радкі тэксту, якія і правіў у акце сваёй апошняй волі пан Завіша.
Апошні з выпадкаў інтэрпрэтацыі вобразу, сустрэтага на старонках дакументу, адбыўся падчас наведвання Мастацкага музея. Напярэдадні, расчытваючы дакумент з кнігі Менскага гродскага суда сярэдзіны XVII стагоддзя, заўважыла ў слове oznajmuje ўпрыгожаную малюнкам праз пісара літару О з намаляваным ў яе сярэдзіне тварыкам з трохі нетыповымі, як на сёння, рысамі. У музеі сп. Надзея Высоцкая вадзіла ўздоўж партрэтаў з Радзівілаўскай калекцыі і з небывалым энтузіязмам апавядала пра кожную асобу на палатне. Звяртала ўвагу на характар пісьма тутэйшых майстроў і высокі ўзор школы замежнай. Апроч узроўню майстэрства кідалася ў вочы рознасць почырку пры маляванні твару. На беларускіх карцінах выразна праглядалася тая самая спецыфічная схема твару, што і на літары О з менскай актавай кнігі. Асаблівасць у вачах. На заходнееўрапейскіх палотнах вочы на тварах зусім іншыя. На тутэйшых зрэнкі маляваліся ў аблямоўцы выразных верхніх і ніжніх складак, што рабіла погляд партрэтаванага больш наіўным, па-дзіцячаму добрым. Пісар з менскай канцылярыі напэўна бачыў, назіраў тагачасныя карціны, што, відаць, і паўплывала на ягонае крэмзанне-маляванне падчас працы ў судзе.
На тле ваенных і грамадска-палітычных падзеяў, што трэслі Княства і Карону (змаганняў, узрушэнняў, вэрхалу), а таксама агня, паморку, градабіцця, няшчасных выпадкаў, убоства і свавольства падданых, судовыя запісы паверхня, край жыцця, адзін з яго шматлікіх бакоў, у якім галоўныя падзеі падаюцца ўскосна: ці то словам, ці то згадкай, ці то выпадковай датай Але ж гэтая паверхня была трывалым грунтам, які сведчыў, што жыццё працягваецца нягледзячы ні на што.