Судовыя кнігі даюць рэдкую мажлівасць пачуць неадрэдагаваны запіс жывога аповеду той катэгорыі людзей, якія амаль не пакінулі пасля сябе ніякіх дакументаў. Большасць архіўных матэрыялаў гэта матэрыялы ў найлепшым выпадку пра іх. У гэтым сэнсе судовыя актавыя кнігі унікальная крыніца таго, як думалі і гаварылі рэальныя людзі. Праз дыялогі паміж людзьмі, праз іх простую мову праяўляе сябе чалавечая індывідуальнасць. Бо словы скіраваныя непасрэдна да канкрэтнага чалавека і толькі да яго. Не безаблічная маса, але індывіды. А праз гэтую размову, якую даюць мажлівасць пачуць дакументы, паўстае мажлівасць убачыць і адчуць эмоцыі ды ўяўленні, уласцівыя тагачаснаму чалавеку. Павінна ўзнікнуць і ўзнікае гэтак званае экзістэнцыйнае рэха паміж часам цяперашнім і часам мінулым. Паміж даследчыкам і гістарычным персанажам. Гэта можа быць размова мужчыны з кабетай, што выпадкова спаткаліся на дарозе, сына з паміраючым бацькам, прамова перад запрошанымі гасцямі абражанай нявесты Зафеі з роду князёў Слуцкіх у дзень вяселля з князем Янушам Радзівілам, якое так і не адбылося.
Тагачасны чалавек выдатна ўсведамляў, што памяць чалавечая вельмі кароткая, калі б писмом падпирана не была. Таму для прудшое справедливости важныя для жыцця падзеі запісвалі ў кнігі, пераносілі з гроду ў земства дзеля тых, каму аб гэтым належала ведаць, нинешнем и напотом будучого веку людем. Варта згадаць, што відымусы (копіі) з патрэбных дакументаў у актавых кнігах нашчадкі ці тыя, каму гэта было патрэбна, здымалі ажно да ХІХ стагоддзя. Калі ж патрэба знікала, дакумэнты касавалі, умаралі ды внивеч оборочали. Бо інакш атрымалася б, як у сярэдзіне ХХ стагоддзя са старой кабетай з Рагачоўшчыны, маці васьмёх дзяцей, якая, згадваючы сваё жыццё, казала: Памятаю, калі ражала, стажкі плылі, але каго ражала, не памятаю
Час і прастора вельмі істотныя параметры чалавечай свядомасці, якія ўплывалі на жыццёвую арыентацыю, на светаўяўленне тагачаснага чалавека. Прастору, у якой ён існаваў, чалавек дзяліў, пазначаў, даваў ёй найменні, тым самым набліжаючы да сваіх памераў, то бок ачалавечваючы яе. Укараняўся, урастаў у прастору, маркіруючы яе пад сябе, да сваіх патрэбаў. Такім чынам засвойваў, каб пачувацца тут, на лапіку зямлі, сярод бясконцых замглёных пушчаў і балот, сярод роўнядзі і ўзвышшаў сваім і адчуваць яе удоўжкі ды ўшыркі, як сваю. Кожны насіў унутры сябе тапаграфічную мапу сваёй зямлі, бо ствараў яе сам, адно што не на паперы.
Адмежаваны часцяком ад астатняга свету ўскрайкам лесу на даляглядзе, тагачасны чалавек меў сваю храналогію часу, арыентаванага збольшага па нябесным і царкоўным календары. Поранку, пополудню, нешпорная гадзина, на заходе слонца, ончас, вечор, година в ноч, свитане, добре у вечор, до нешпору далеко, по полудню година або две, в коротком часе, Юры святы зимни, Микола вешни, дзень св. апостолов Шымона и Юды, в року дасть Бог прышлом, день который был и вжо минул, тут на том свете, тепер и завжды.
У той самы час тэрмін ў 10 гадоў быў перыядам, калі захоўвалася памяць, заставаліся свежымі ўспаміны, нягледзячы на адсутнасьць інфармацыйнай прасторы, што бачна ў выпадку з пасмяротнай памяццю пра Льва Сапегу, зафіксаваным ў актавых кнігах. У 1643 годзе каралеўскі зямянін Крыштаф Віцкі мусіў атрымаць грашовую пазыку ад зямяніна Вацлава Шэмета ў пэўныя дзень і месца на свята Св. Піліпа і Якуба ў Вільні, у двары ў камяніцы памерлага віленскага ваяводы, гетмана ВКЛ Льва Сапегі на вул. Святога Духа. Гэта значыць праз дзесяць гадоў пасля смерці гетмана памяць пра яго захоўвалася ў штодзённасці горада і месцічаў.
Няспешнасць ды нетаропкасць, чуйнасць ды асцярожнасць суправаджалі людзей у будзённасці. Якія гукі чуліся найчасцей у дзень? А ў начы? Пэўна маўкліня. Таму, мажліва, прастора праз ўяўленні запаўнялася іншымі галасамі. Здаўна існавала павере, што перад наступленнем вялікіх бедаў сама зямля стогне перад узыходам сонца. Людзі з чуйным слыхам і чарадзейскай ведай чулі гэты стогн і маглі прадказваць розныя напасці голад, вайну, паморак. Перад неўраджаем ды голадам да стогну прымешваўся плач дзяцей, перад паморкам пахавальныя галашэнні, перад вайной тупат мноства ног і капытоў. Некаторыя пасля апавядалі і пра моравую панну, якая час ад часу зяўляецца ў паветры і махае чорнай хусткай. І пры гэтым людзі бачные, то бок мудрыя, ведалі ...Вось гэта новае, але гэта ўжо было у стагоддзях ранейшых. Бо ў любых старых песнях ці паданнях ёсць словы і вобразы, якія здольныя перанесці нас да самых пачаткаў. Да каранёў. Да адлюстравання часу і смерці.
Присмотревшися одменности часов и веков сего света, тагачасны чалавек, жывучы ў сваім часе, поўным турботаў ды небяспекі, выдатна ўсведамляў, што наперадзе галоўнае выпрабаванне, якое трэба сустрэць падрыхтаваным. Бо гэта рэч годная и потребная. Культура тэстаментаў, якая існавала ў шляхецкім і мяшчанскім асяроддзі, пачынаючы з ранняга сярэднявечча, была зафіксаваная ў актавых кнігах, у форме аднаго з найважнейшых натарыяльна-прававых дакументаў, праз які найгучней чуецца голас канкрэтных людзей. У якім чалавек, як, прыкладам, віцебскі гараднічы Багдан Янушкоўскі ў 1597 г. пісаў у сваім акце апошняй волі ад імя кожнага чалавека ўвогуле, абы будучи здоров, паметал на час смертельный и на то, иж не ведаем, што ютрешний ден принесе, а жебы яко злодей пански не пришол и нас неготовыми не зостал. Засненнем называлі смерць у старабеларускай традыцыі. Бо пакідаючы свет мизерны, адменны, прывидны, надзны, аблудны, нерозны, чалавек свята верыў у абуджэнне, у вясёлае Змёртвыхвстанне, у сустрэчу адроджанага цела і вечнай душы. (Цікава, што панятак душа знайшоў зафіксаванне і ў судовай дакументацыі пры апісанні возным чарговага пацярпелага, маўляў убоства его забрали и пашарпали так, што сам ледь з душой утек).
Матэрыяльны бок жыцця тагачасных людзей быў прадстаўлены такой размаітай палітрай, што, пэўна, пісарам часам не ставала сілаў перапісваць тыя рэестры і пералікі рэчаў з дакумента ў дакумент. Нерухомая маёмасць, як бы моцна ні была яна ўгрунтаваная на зямлі і занатаваная правам ў натарыяльных дакументах, усё адно рухалася ды змянялася ў планах, якія зараджаліся ў галовах яе ўладальнікаў, гарэла ды спусташалася, прыходзіла ў заняпад. Рухомасць жа рознага гатунку, высыпаная з уяўнага рогу дастатку ды з торбаў галечы, засыпала б пярэстым кілімам тэрэны Вялікага Княства ўздоўж ды ўпоперак
Зборнік эсэ спроба прадставіць тагачасны свет такім, якім я ўбачыла і адчула яго дзякуючы непасрэднай працы ў гістарычным архіве з дакументамі актавых кніг. Унікальная мажлівасць штодня дакранацца да рукапіснай спадчыны калісьці жывых людзей нарадзіла жаданне адгукнуцца сваім уласным голасам.
У тэкстах былі скарыстаныя матэрыялы з актавых кніг Менскага гродскага суда канца XVI сярэдзіны XVII стст. (НГАБ, ф. 1727), Слонімскага гродскага (НГАБ, ф.1737) і Слонімскага земскага (НГАБ, ф. 1785) судоў, Берасьцейскага (НГАБ, ф. 1741) і Віцебскага (НГАБ, ф. 1751) земскіх судоў другой паловы XVI ст. А таксама кніга У. Васілевіча Зямля стаіць пасярод свету Мн. 1996 і Пережитки древняго міросозерцанія у белоруссовъ Этнографическій очеркъ А. Богдановича. Гродна 1895.
Мінулае звязанае з дзеямі (і пакутамі) людзей, блізкіх нам, і таму іх жыццё мусіць быць выратавана ад забыцця, яно патрабуе, каб пра яго было падрабязна расказана. Але ўсё тое, што застаецца ад гэтых мінулых падзей, адно сляды, якія гісторык разглядае як дакументы, збіраючы і вывучаючы іх. Што датычыць мінулага, то яго ў гісторыі няма (Поль Рыкёр).
Стары Менск
Стары Менск блукае па цемры архіўнай паперы
Л. Дранько-МайсюкВуліца Дамініканаў, Габрайская вуліца, Ганчарны завулак
Дзе тут затойваецца жыццё?
Дзе тут затойваецца смерць?
Алесь РазанаўМінулым можна ганарыцца, мінулае можна ненавідзець, мінулым можна трызніць Навошта? Зусім не дзеля таго, каб даводзіць яго вартасці і перавагі ці яго прымітыўнасць, мажліва, не толькі каб вышукваць свае карані. Мінулае насамрэч навокал. І гэта не толькі рэшткі бруку ды сілуэты і цені помнікаў, праз якія мы крочым, гэта нашыя твары, рухі, галасы і нават маўчанне. Бо мінулае адраджаецца з кожным новым народжаным, таму што ў яго наперадзе тое ж, што мелі ўсе ягоныя папярэднікі: маленства, юнацтва, сталасць і смерць Гэты парадак не скрануць з месца Новаму Часу і Новаму Чалавеку.
Набліжаючыся ўпершыню да горада па лясных ці палявых дарогах, падарожны найперш чуйна ўслухоўваўся ў наваколле: ці не памыліўся ён часам? Ці не абмінуў патрэбнае места? Але вось жа і не, бо хутчэй бяжыць конік, чуючы подых жытла, віляе хвастом рудая хорціца, што гэтаксама прадчувае набліжэнне прыгодаў. Змяняецца водар паветра. Цягне дымком, блізкай вадой. Далёкі стук ужо не пераблытаць з дзятлавым, і, нарэшце, вецер даносіць гук царкоўнага звона. Са стромкага пагорка адкрываецца доўгачаканы краявід. Гукі і пахі спакваля ўвасабляюцца ў дамкі і прыбудовы, камяніцы і бажніцы. Дарога, чым бліжэй да места, робіцца ўсё больш утаптанай, спрэс раскрэсленай слядамі ног і калёсаў. І вось, нарэшце, трапляюцца першыя людзі