І цуды, і страхі (зборнік) - Вольга У. Бабкова 5 стр.


У 1628 г. сямя Мойжэша Давідавіча і Любы Юзэфаўны набыла дом ў мяшчанаў Чаргановічаў, продкі якіх спрадвеку жылі на Нямізе. Дом стаяў адным бокам да сядзібы менскага бурмістра Івана Якімовіча, другім да дома Грышкі Краўца, тылам выходзіў на іншую вуліцу. Пасля набыцця грунту да жыдоў пераходзіў абавязак плаціць павіннасць і выстаўляць па чарзе падводы для шматлікіх паслоў і ганцоў.

На Нямізе стаялі не толькі драўляныя дамы, але і камяніцы. Адну такую камяніцу менскі жыд Юда Якубовіч прадаў у 30-х гадах ХVІІ стагоддзя Іллі Гершонавічу і Залману Якубовічу за 5 тысяч злотых. Тэрыторыя каля Замка была не зусім зручная для жытла. Некаторыя пляцы то затапляліся вадой, то некаторы час стаялі пустыя. Адзін такі кавалак зямлі менскі староста і ваявода Пётр Тышкевіч падараваў жыду Марку Яхімовічу і адначасова вызваліў яго на дзесяць гадоў ад усіх гарадскіх павіннасцяў з адной толькі ўмовай пабудаваць на тым самым пляцы дом. А пасля плаціць адно па 12 літоўскіх грошаў на Замак. Дарэчы, на самой тэрыторыі Замка, на вуліцы насупраць царквы Святое Прачыстае, жылі разам, побач з дамамі Станіслава Залатара і Юрыя Бальвера, жыд Ізраэл Якубовіч з сынам Леўкам и с помочниками своими жыдами и татарами менскими.

Гэтаксама ад раптоўных пажараў цярпелі ўсе насельнікі горада. Вядома, што кароль Уладыслаў IV Ваза выдаў у 40-х гадах XVII стагодздзя глейтавы (ахоўны) ліст жыдам Марку Яхімовічу і Лазару Маркавічу на вызваленне на 3 гады ад выплаты крэдыторам у сувязі з пажарам, бо у их усе згарело, и пришли они да такого убоства праз менски пожар. Той самы Марк Яхімовіч трохі раней атрымаў дазвол ад кіеўскага і галіцкага мітрапаліта Іосіфа Руцкага на карыстанне нівай па дарозе на Лошыцу поводле вячыстай куплі ад мяшчанаў

Андрэя і Івана Маслянак, аднак жа з умовай штогадовай выплаты грашовага падатку на рускі шпіталь пры Саборнай царкве ў Менску.

Дарэчы, справа з нямігскімі жыдамі, слугамі Льва Сапегі, на тым не скончылася, а мела даволі тыповы працяг. Неўзабаве пасля першага здарэння абодва былі абвінавачаныя тым самым Янам Трацэўскім, які ўсё яшчэ не пакінуў горад, а стаяў гасподаю ў мешчаніна Васіля Чаргановіча на Нямізе, у спробе рытуальнага забойства хлопчыка на той жа вуліцы, ды яшчэ паклікаўшы на помоч многа жыдов. Калі талеранцыя была ўласцівая шляхетнаму Льву Сапегу, то шляхціц Ян Трацэўскі свята верыў у поганство народу жыдовского, которы непрыятелем есть народу хрестиянскому. Менскі суд апраўдаў жыдоў і забараніў Яну Трацэўскаму звяртацца з апеляцыяй да Галоўнага Трыбунала.

У судовых канцылярыях жыды, падаючы скаргі ці апеляцыі, пісалі писмом жыдовским, а ўжо пісар выкладал подпис обрейски на мову звыклую, пры гэтым рука ягоная часам мімавольна крэсліла на паперы кірылічныя ці лацінскія літары на жыдоўскі ўзор.

Татары

З даўніх часоў жылі ў Менску і татары, засяліўшы і засвоіўшы прыбалоткі і балотныя мясціны за Замкам. Але ж татары «добрыя гаспадары», і ўраджаі ў іхных садах і агародах былі на здзіўленне і зайздрасць тутэйшаму люду. Водгалас гэтага давялося пачуць ад карэннага жыхара, стоячы разам з ім у самым сэрцы колішняга старога Замка ў канцы ХХ стагоддзя. Дзядзька апавядаў пра ўспаміны сваіх дзядоў, што жылі тут, і пра іхную нелюбоў да татараў толькі з тае нагоды, што цыбуля на татарскіх агародах была ўдвая-ўтрая буйнейшай за іхную. Татары асвоіліся ў новай дзяржаве, падпарадкоўваліся яе правілам, служылі ў яе войску, карысталіся яе мовай, але мелі і свой закон татарски, гэтаксама як і свае імёны Ждан, Айдар, Ахмет, Мустафа, Абдула, Куромша, Зюгра, Гірка, Шчасны, Шынка, Фатма, Гамза, Салтана, Селенбек, Мамай, Давыд, Зелюха Тутэйшая кабета, пабраўшыся шлюбам з татарынам, змяняла сваё імя. Так, Югашка зрабілася Нетай. А моллу з мячэці Абрагіма Юсуфавіча тутэйшы люд называў попом духовным татарским. Іншымі былі назвы адзення і хатняга начыння. А сярод звыклых упрыгожванняў жабинца, туркуса, рубіна дый дыямента сустрэлася апісанне пярсцёнка-обручки в середине баволий рог, які належаў татарыну.

На разбор судовай справы, якая паўставала паміж татарамі, возны браў з сабой сторону шляхту, паходжаннем менавіта з татараўпры которой справе на тот час маючы я, возный, стороною людей добрых шляхтичов двух в том князстве великом оселых, кн. Ахмета Шабановича, а другога также татарына кн. Куромшу Адамовича

На разбор судовай справы, якая паўставала паміж татарамі, возны браў з сабой сторону шляхту, паходжаннем менавіта з татараўпры которой справе на тот час маючы я, возный, стороною людей добрых шляхтичов двух в том князстве великом оселых, кн. Ахмета Шабановича, а другога также татарына кн. Куромшу Адамовича

Зразумела, што татары таксама рабіліся «героямі» розных здарэнняў, нароўні з іншымі месцічамі і прыбылымі сюды з іншых краёў. Так, менскія жыхары Ісуп Палелеевіч з сынам Раманам пакрыўдзілі не каго-небудзь, а саму бурмістравую з другой белой головой Настассяй Лахаўнай, калі тыя вярталіся до домов своих ад приятеля. Было яшчэ толькі за гадину перед вечером, і, напэўна, галава круцілася ад водару травеньскіх садоў, а сэрца было перапоўненае водгукамі сяброўскай размовы, калі знянацку з тылу да іх падскочыў тыранска, здрадецким способом малады татарын Раман бесурманин, ды добывшы шаблю, параніў адну з кабетаў у руку. Пра татарскі нораў было вядома са словаў саміх татараў, калі, махаючы са свістам шабляй, тыя выкрыквалі пагрозы: забью, буду мордовать и на крыж разбивать!

Татары называлі сябе князямі і шляхціцамі пачцівымі, служылі магнатам і заможнай шляхце, але і самі мелі (у абыход закону) на службе шляхту, а таксама зваяваных способом жовнерским чужаземнікаў. У рэестры зрабаванай у татараў маёмасці была запісаная чалядніца-маскоўка Феня Пекла.

Замак

Спусціўшыся з Новага рынку на Нізкі на вуліцу Нямігу ці да ракі Нямігі, немажліва было не заўважыць брацкую царкву Святых апосталаў Пятра і Паўла, дзе на той час служыў святар Васіль Манеўскі, а на цвінтары спачывалі месцічы. Вядома, прынамсі, з тэстамента жонкі Мацея Завішы князеўны Паланэі Пашкоўскай пра жаданне быць пахаванай у гэтай царкве. Праўда, у пачатку ХVII стагоддзя не было спакойна пад дахам бажніцы. Яе неаднойчы рабавалі да голых сценаў, цягнучы царкоўнае начынне па мастках праз Нямігу, апанаваныя сваёй праўдай гарадскія мужы (сярод рабаўнікоў значыліся і чальцы менскага магістрата). Захаваліся імёны дзвюх чарніц жаночага манастыра пры Петрапаўлаўскай царкве ігуменняў Аўгінні Шэмбелоўны і Ульяны Нямцовічаўны, што жылі там ў 1640-х гадах.

Ад царквы рукой падаць да пляцу, на якім месціўся Стары рынак, да крамак, да замкавых маста і брамы, праз якія можна было трапіць да самога Замка. Рынак месца звыклое ў горадзе. Тут таўклася штодня бальшыня месцічаў і сялянаў з блізкіх вёсак ды фальваркаў. Тут можна было злавіць падданага-ўцекача, тут апроч куплі-продажы «купляліся» і «прадаваліся» гарачыя навіны і абвяшчаліся людям многим каралеўскія граматы. Месцы, куды возны прыбіваў копіі каралеўскіх граматаў ці баніцыйных лістоў, былі тыя, якія найчасцей наведвалі месцічы: ля варот крамных на рынку, на браме менскага Замка, у ратушы, у касцёле, у зборы евангелісцкім. Паступова Стары рынак саступіў свой статус Новаму рынку, але яшчэ доўга быў месцам зносінаў, пакуль не здрабнеў і не быў занядбаны сам Замак. Але пакуль тое здарылася, Замак заставаўся цэнтральнай часткай горада, у якой размяшчаліся замкавы суд і храмы, вязніца, дамы ваяводы і старосты, а таксама падданых, мяшчанаў і рамеснікаў. У архіве канцылярыі гродскага суда ў вялікіх дубовых скрынях пад адмысловымі ключамі захоўваліся кнігі і справы Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага. Менавіта сюды, у замкавую канцылярыю, беглі са сваімі скаргамі пакрыўджаныя зямяне ды мяшчане, адносілі рэляцыі возныя, прамаўлялі прысягі сведкі. Тут чакалі сваіх пазыкантаў для разліку, і пісар рыпеў пяром, перапісваючы ў актавыя кнігі квіты і цэдулы, тэстаменты і лісты, выдаючы выпіскі на рукі ўдзельнікам судовых працэсаў. Пісары былі найбольш адукаванымі людзьмі ў судзе ў адрозненьне, напрыклад, ад возных, некаторыя з якіх маглі дазволіць сабе заставацца непісьменнымі. Менскімі судовымі пісарамі былі ў гэты час Стэфан Гладкі, што жыў на вул. Зборавай, Станіслаў Унучка, Геліяш Гурын, Іван Драбышэўскі, а таксама пісар менскай каморы Васіль Масленка. (Хочацца прыгадаць, але не ў зьвязку з Менскам, пісара Рэчыцкага гродскага суда, што жыў на мяжы ХVIХVII стагоддзяў, Фурсіяна Скарыну).

Замак быў аточаны з усіх бакоў земляным валам і апаясаны ровам з вадой, і каб трапіць за яго сцены, трэба было прайсці замкавы мост і ўвайсці ў браму, дзе на варце мусіў знаходзіцца замковый стораж. Па гэтай дарозе з места Нового до Замку і наадварот, з Замку до места, пратупала безліч ног, сціраючы лапцямі, ботамі дый тревиками драўляны насціл Замкавай вуліцы. Пабываў тут у кастрычніку 1616 года і сын вядомага асветніка Васіля Цяпінскага Тобіяш, каб заключыць пагадненне і падпісаць ліст-угоду з зямяніным Юрыеям Драбышэўскім, якая тычылася ягонага сына, а значыць, унука Васіля Цяпінскага Яна. Колькі разоў сцены канцылярыі і вушы прысутных чулі словы прысягі, прамоўленыя перад судовым урадам рознымі асобамі: Я, Стефан Лойка, возны, прысегаю пану Богу всемогущому, в Тройцы единому. На чым, если справедливе присегаю, пане Боже мне помажы, а если несправедливе прысегаю, Боже мене забий.

Назад Дальше