На вуліцы Зборавай жыў земскі пісар Стэфан Гладкі. На Зборавым пляцы, відаць, побач з самім зборам, зборавы падданы Федар Паповіч. Камяніцу ў Менску меў зямянін Яраш Ваўчок, які, ідучы на жовнерство супроць Масковіі, пакінуў яе ў апеку сястры Гэстэр і швагру Яну Кемешу.
Дамы, у якіх жылі месцічы, складаліся з некалькіх жылых памяшканняў святліцаў, а таксама з каморы і клеці. Святліца на першым паверсе низкая, великая, на другім светлица на горе, а таксама святліца сталовая, пакаёвая, ды алькер бакавы пакой. У сенях магла захоўвацца зброя, а ў свірне вопратка, посуд і часам кнігі. У святліцах стаялі кафляныя печы, сталы, шафы, лавы, ложкі сталярскай работы, шкатулы акаваныя са шматлікімі рэчамі, накшталт куфара.
У 1600 годзе на Траецкай гары меў жытло лентвойт, а пазней бурмістр Андрэй Масленка, вядомы ў Менску тым, што ў ягонай гасподзе быў забіты ў тым жа годзе вазніца шляхціца Эпімаха Бухавецкага, а таксама тым, што меў права, як купец, вывозіць попел са Свіслацкай пушчы да прыстані Мікалаеўшчына. Іншы Масленка Даніэль, райца і таксама пасля бурмістр, у дом якога князеўна Эва Саламярэцкая мусіла в день Громниц, свята рымского, адвезці сваю рыкаючую, сыпучую ды салодкую пазыку мёд (20 каменев) вагі менскае, а таксама кароў, вепраў, жыта, пшаніцу, ячмень ды авёс. Яшчэ адзін Масленка Васіль служыў у 1600 годзе ў менскага мытнага дазорцы Аляксандра Каленскага ды збіраў у Менску старую мыту ад купецкіх тавараў. Менавіта гэты Васіль Масленка не пажадаў падпарадкавацца загаду канцлера Льва Сапегі ды вярнуць мытную пячатку, скрынку з грашыма і статут, калі той вырашыў замяніць адных каморнікаў на іншых. Пасада была, відаць, хлебная, бо Масленка ўпарціўся доўга, пярэчачы ў такі спосаб: я пану канцлеру не служу и листу его не слухаю, на ваш арест не дбаю и того арешту вашего не прыймую.
Тут жа на Траецкай гары, тылам да Свіслачы, стаялі два дамы князя Аляксандра Крошынскага побач з халупамі ягоных падданых рамеснікаўмяшчанаў, якім князь забараняў плаціць падаткі на карысць горада, выклікаючы абурэнне магістрата. Непадалёк дзве мяшчанкі Зафея і Ганна трымалі арэндаю дом у пана Станіслава Ляшчынскага ды здавалі ў ім пакоі на паўгода. Пастаяльцы кабетам трапляліся розныя. Служэбніка Яраша Рэзана дзве гаспадыні напэўна запомнілі надоўга. Жывучы ў гасподзе пэўны тэрмін, новы жыхар еў, піў піва і мед кислы, прымаў у гасподзе гостей розных особ, але браў усё пераважна боргом (у пазыку), а пасля, не заплаціўшы, цішком зехаў у іншую гасподу, у дом плябанскага войта Марціна. Апроч таго, па начох меў нахабства вяртацца да былых гаспадыняў дый страляць з ручніц, выстрашваючы з дому зляканых кабетаў.
На Траецкай гары месціліся хрысціянскія святыні, у тым ліку першы менскі касцёл з плябаніяй ды ставам побач. Менскі касцёл апроч іншага згадваецца ў судовых кнігах у звязку з гісторыяй забойства кн. Люмпарта Аўлачымскага. Менавіта каля касцёла слуга зямянаў Менскага ваяв. Станіслава Жука і Мікалая Ваўчка Станіслаў Богуш павінен быў почавшы от дня недельного Троецы Светое пры костеле менском католицком стоячы у каптуре з голою бронею учынок свои, то ест, забите на смерть небощыка Люмпарта Овлочымского невинное, перед кождымчоловеком, хто бы его о то спытал, вызнавати словы и явне почавшы от недели дня Светое Тройцы до шести недельных дней.
Сярод іншых бажніц паненскі кляштар пры царкве св. Тройцы канвенту св. Базыля, а таксама
Увазнясенскі манастыр, сядзібы якога месціліся наводдаль ад дамоў і халупаў, якіх багата было на Траецкай гары. У канцы ХVI стагодздзя з Увазнясенскім манастыром было звязанае імя продка Фёдара Дастаеўскага Стэфана, які пэўны час быў ягоным арандатарам. Жыццё манастыра павольна рухалася ў рытме свайго часу, супадаючы з рытмамі самога места. Так, у прытворы царквы Увазнясеньня Хрыстова трымалі прысягу манастырскія падданыя Якуб Раціборскі, Даніла Марціновіч і Амбражэй Кажамяка ў адказ на абвінавачванне іх у рабаванні цівуна князя Крыштафа Радзівіла Івана Татурчыча. Нібыта рабунак адбыўся на вуліцы Манастырскай, непадалёк царквы, і пацярпелы страціў грошы і адзенне сваё і чужое, якое пазычыў у пісара. Пасля прысягі княскі цівун забраў назад свае абвінавачванні ды прыгадаў, што быў у той вечар опилы, і тыя падданыя айца Пайсея не былі причынцами ягоных шкодаў.
Сярод іншых бажніц паненскі кляштар пры царкве св. Тройцы канвенту св. Базыля, а таксама
Увазнясенскі манастыр, сядзібы якога месціліся наводдаль ад дамоў і халупаў, якіх багата было на Траецкай гары. У канцы ХVI стагодздзя з Увазнясенскім манастыром было звязанае імя продка Фёдара Дастаеўскага Стэфана, які пэўны час быў ягоным арандатарам. Жыццё манастыра павольна рухалася ў рытме свайго часу, супадаючы з рытмамі самога места. Так, у прытворы царквы Увазнясеньня Хрыстова трымалі прысягу манастырскія падданыя Якуб Раціборскі, Даніла Марціновіч і Амбражэй Кажамяка ў адказ на абвінавачванне іх у рабаванні цівуна князя Крыштафа Радзівіла Івана Татурчыча. Нібыта рабунак адбыўся на вуліцы Манастырскай, непадалёк царквы, і пацярпелы страціў грошы і адзенне сваё і чужое, якое пазычыў у пісара. Пасля прысягі княскі цівун забраў назад свае абвінавачванні ды прыгадаў, што быў у той вечар опилы, і тыя падданыя айца Пайсея не былі причынцами ягоных шкодаў.
Гэтая падзея адбылася ў самым пачатку ХVII стагодздзя, а крыху пазней манастыр ізноў стаўся месцам няшчаснага выпадку. Манастырскаму ўрадніку Стэфану Пятроўскаму прыйшлося разбірацца з сынам менскага кушнера Васілём Яўхімовічам, які стрэліў ды пацэліў у дзвюх кабылаў прылепскіх падданых, якія на загад айца мітрапаліта Руцкага прыехалі да Увазнясенскага манастыра. Сам Васіль не стаў чакаць пакарання, а збег з манастыра в поле до лесу.
Гасцяваў аднойчы на Траецкай гары ў доме Шчаснага Арэшкаўскага менскі кравец Федар Гурчын. Быў на той час сакавік, гадина, або две в ноч і вяртанне дамоў. Кравец крочыў па вуліцы Вялікай, калі быў спынены насупраць дома каваля Яна Пячонкі невядомымі, што ехалі на санях з Траецкае гары. Пасля высветлілася, што ў санях ехаў з бяседы пахолак пана Самуэля Салагуба з сябрамі. На Траецкай гары, відаць, былі цэхі краўцоў і шабельнікаў, бо раз-пораз здараліся бойкі ці то краўца з краўцом, ці то краўца з шабельнікам, а то і шабельніка з кавалём. Аднаго разу на мосце ля Траецкай гары шабельнік Ян Дындзюк збіў вучня шабельніка Якуба Ясіловіча, маладога Войтка Брэскага, высвятляючы, напэўна, такім чынам свае прафесійныя праблемы.
Трэба сказаць, што дзякуючы актавым дакументам, збіраючы інфармацыю па крупінках, мажліва аднавіць тапаграфію старога Менска. Прынамсі, вядома, што менавіта раён Траецкай гары ў дакументах 1600 г. мае назву Старога места, у процівагу месту Новаму, дзе якраз у гэты час і была адбудаваная менская ратуша. Згадка ў дакуменце пра Старое места паўстала праз інфармацыю пра ўцёкі лёзных людзей, якія ўсчыналі дэбошы ў Менску і, каб пазбегнуць пагоні і затрымання, кінуліся ў раку Свіслач з места Нового на место Старое в реку вскочывшы, переплынути на гору Троецкую хотели Ці не сведчаць гэтыя звесткі пра вызначэнне самай старажытнай тэрыторыі на мапе Менска?
Жыды
На Нямізе жылі жыды Унізе, на Нямізе. Імя аднаго з іх, Езафа Давыдавіча Гафтара, стала вядомым дзякуючы таму, што быў ён слугой канцлера Льва Сапегі і меў уласны дом на Нямізе, а таксама прымаў у сябе другога слугу канцлера, пераеждчего жыда з Магілёва, Самуэля Іляшэвіча. У час, калі ў Менску адбываліся чарговыя рочкі і горад запруджвалі гости, на дом жыда Гафтара напалі слугі аднаго з такіх прыбылых пана Яна Трацэўскага. Жыды кінуліся ўцякаць да Замка, што быў непадалёк, але на мосце перад брамай былі спыненыя і пабітыя. У выніку з дому гаспадара зніклі два срэбныя кубкі, которые важили чатыры гривны серабра, а ў госця скралі фасцыкул справаў і лістоў пана Льва Сапегі, а таксама шаблю, ладовницу и пишталет. Дарэчы, на магілёўскім госцю быў надзеты жоўты каўпак, падшыты лісой, які знік таксама.
Падобныя гісторыі здараліся найчасцей менавіта тады, калі ў Менску адбываліся судовыя рокі і рочкі, і горад перапаўняўся чужакамі, бальшыня з якіх не зважала на гарадскія законы і скарыстоўвала час для свавольстваў і гультайства. Увогуле, Менску рэдка калі даводзілася заставацца сам-насам, спакойна жыць сваім нутраным жыццём. Тры разы на год па чатыры тыдні адбываліся паседжанні земскага суда: у студзені, пасля Вадохрышча, якое ў каталікоў называецца святам Трох Каралёў; летам, пасля Сёмухі; у верасні, пасля свята Міхала. Паседжанні гродскага суда пачыналіся з першага дня кожнага месяца і працягваліся два тыдні, доўга цягнуліся таксама і кадэнцыі Галоўнага Літоўскага Трыбунала, на якія з усіх ваяводстваў зязджалася безліч людзей. Шматлікія пасольствы бясконца калясілі з Варшавы ў Маскву і наадварот, спыняючыся ў Менску, а таксама госці-купцы і што значна горш лесные люди жаўнеры, якія бязмэтна швэндаліся па наваколлі пасля якой-колечы шумнай вайсковай кампаніі. Вось чаму гасподы ў менскіх дварах заўсёды былі заселеныя, і мелася патрэба ў новых.