Удзельніца паўстання Марыя Цымэр тыя пошукі апісала гэтак: Маскоўскія карнікі шныпарылі па вёсках і вышуквалі цнатлівае паненкі. Не знаючы іхных намераў, усе адказвалі адмоўна. Тады яны сталі папросту хапаць і пакрываць няславаю ўсіх дзяўчын ад 12 да 20 гадоў. У такі шатанскі спосаб задаволілі свой інтарэс. Шукаючы адну, зганьбілі колькідзясят сумленных паненак. Пад пагрозаю смерці была ўзятая сямнаццатка Віялета Трэмбачэўская і заведзеная ў мясціну, дзе бачылі аднарога. Рукі, ногі панны Віялеты былі крэпка звязаны, піша Цымэр. Яна, сплаканая, сядзела пад векавым дубам і чакала на немавед што, бо так загадалі карнікі. Польчонка всё время хныкала и пыталась убежать. Однако наши благостные пожелания возымели должный эффект, и она преспокойно села под противною кривою литовскою сосной, адзначана у Шырвіндта. Салдаты стаіліся ў схове. Звер не змусіў сябе чакаць: Раптоўна з лесу паказаўся аднарог. Прыгожы і зіхатлівы белы звер крочыў цвёрда і годна, хоць адчувалася, што ён гатовы скарыцца лёсу і Віялеце. Аднарог наблізіўся да паненкі і стаў перад ёю на калені. Тут яго маскоўчыкі і злавілі. Признаться, нам было немного стыдно, у сваёй манеры цвердзіць царскі афіцэр, худая сивая кляча с рогом во лбу появилась из перелеска, еле двигая ногами, а перед самой сосной споткнулась и упала наземь, едва не покалечив своим рогом польчонку.
У палоне аднарог пратрываў нядоўга, а паміраючы, гучна заспяваў чалавечым голасам. Песня была на западнорусском диалекте и многие обстоятельства содержания оной оказались тяжкими к уразумению, но в общем кляча пела о двух типах музыки увеселительной и грустной, отдавая предпочтение последнему, пісаў Шырвіндт. Усе выдае на тое, што тая апошняя песня аднарога нам добра вядомая як Мая дудка Францішка Багушэвіча. Будучы паэт, паўстанец 1863-га, пераапрануты бязногім старцам, сачыў за перамяшчэннем расійскіх войскаў. Зацікаўлены рухам у лагеры Шырвіндта, ён папоўз туды і здолеў праціснуцца да самае загарадкі, у якой канаў на гнілой саломе апошні беларускі аднарог. Ягоны развітальны спеў яшчэ болей умацаваў нацыянальную свядомасць Багушэвіча. На адыход Францішак незаўважна падпаліў лагер з чатырох канцоў. Праз усе нягоды паўстання і доўгія гады выгнання пранёс Багушэвіч аднарогаву песню. Надрукаваўшы яе, ён выклікаў чарговую хвалю беларускага адраджэння з Беларускай Сацыялістычнай Грамадой, Нашай Нівай, Максімам Багдановічам
Сёння мы павінны належна ацаніць значнасць апошняга беларускага аднарога і назваць у ягоны гонар адну з цэнтральных вуліцаў, а лепш плошчаў сталіцы.
2002 г.Усё цвіце і цвіце тая кветка
Тэма папараць-кветкі доўгі час была для даследнікаў закрытай. Санкцыю адпаведных органаў на вывучэнне гэтага феномену мелі толькі фалькларысты. Ні гісторыкі, ні біёлагі не маглі даступіцца як да гістарычна зафіксаваных выпадкаў цвіцення некаторых разнавіднасцяў папарацяў, так і да фактаў уздзеяння кветкі на чалавека (адкрыццё энергетычных каналаў і паўстанне экстрасэнсорных здольнасцяў).
У дагістарычныя часы на нашай планеце раслі бяскрайнія папарацевыя лясы. Толькі цягам доўгай эвалюцыі папараці набылі сучасны выгляд штогадовай травяністай расліны даўжынёю 40120 см. Аднак у народнай свядомасці памяць пра папараць-дрэва захавалася. Беларускае апакрыфічнае паданне пра Адама і Еву (Дасюк ды Еўка) апавядае, што першая жанчына ўкусіла ягаду з дзерава папарацьняга. Сёння папарацевыя на абшарах Беларусі рэпрэзентаваныя колькімі дзясяткамі разнавідаў, якія стасуюцца да групаў папараць жаноцкая (Athyrium) і папараць мужчынская (Driopteris). Абедзве групы спараносяць у ліпені-верасні і, зразумела, не цвітуць. Але ці заўсёды так было?
У новаадкрытых урыўках з пратографу Аповесці мінулых гадоў хрэстаматыйнае апісанне жывёльных звычаяў радзімічаў, вяцічаў, крывічоў мае пэўныя нюансы, цікавыя нам: Схожахуся на игрища, на плясеньне и ту умыкаху жены сабе ходяху оу чащи мглисты, рваху цвет от папороти на чудесы влхвески. Тое самае знаходзім і ў паасобных архаічных былінах (асабліва Невельскага і Веліжскага цыклаў) пра Іллю Мурамца. Так, у быліне Ілля Мурамец і крывы змей сустракаем такое:
Отправлялся Илья Муромец в дороженьку,
Отправлялся богатырь святрусский в дальнюю.
В лес кривой вдоль гроба Рогволодова.
В лес густой, где папороть волшебная.
Тое, што гэта не стэрэатып суседзяў, а рэалія беларускага сярэднявечча, пацвярджае прыпіска ў т. зв. Гомельскім евангеллі ХІІІ ст.: Грешния вештия не бегаем, быстем бо доднесь радимици: жоны умыкаху, у лесех бываху, зелия чарадейски имать хощем и папаратцвет наигоре.
Тое, што гэта не стэрэатып суседзяў, а рэалія беларускага сярэднявечча, пацвярджае прыпіска ў т. зв. Гомельскім евангеллі ХІІІ ст.: Грешния вештия не бегаем, быстем бо доднесь радимици: жоны умыкаху, у лесех бываху, зелия чарадейски имать хощем и папаратцвет наигоре.
Паводле народных паданняў, сарваўшы ў купальскую ноч папараць-кветку, чалавек становіцца празорлівым, пачынае разумець гаворку дрэваў, траваў, звяроў і птушак, яму адкрываюцца заклятыя скарбы ў зямлі. Але лічылася, што чароўны эфект быў кароткатэрміновым. К суетнаму липнете, ибо по цвете овым, яко навие ходите: хто малый час, а некие и суток три, гудите о грядущем и злато в земли. Но обрящете ль вы что-любь, кром греху? звяртаўся да простой чади невядомы полацкі царкоўнік XIII ст.
Рэлігійныя ўлады з недаверам, а часцей зусім адмоўна ставіліся да пошукаў папараць-кветкі. Знаны царкоўны дзеяч ВКЛ Рыгор Цамблак пісаў: Цвет-папорот шукати неба не видати. Нечыстому послуга. Гэткае стаўленне выпрацавалася ў працэсе змагання з язычніцтвам. Акурат паганскія святары былі да пашырэння хрысціянства карыстальнікамі з уласцівасцяў чароўнае кветкі. І толькі з занядбаннем паганства ў лес рынуліся і простыя чадзі, і збройныя пашыральнікі новае веры іллі мурамцы.
Той, хто не знаходзіў кветкі, прынамсі, пераконваўся ў цудоўным глістагонным эфекце ад ужывання каранёў папараці жаноцкай. Між гэткіх эмпірыкаў быў і далёкі продак Гаўрылы Дрыстуна, згаданага ў Баркулабаўскай кроніцы пад пачаткам XVI ст.
Тым не менш, да папараць-кветкі дабіраліся многія мужы смелыя. Сярод такіх быў і верны слуга вялікага князя Вітаўта Грышко Спявач. Выяўлены ў Ханты-Мансійску фрагмент чарнавых накідаў Кронікі Яна Длугаша сведчыць, што ў 1410 г. пахолак прынцыпса Вітальда ў ноч на святога Яна рушыў у пушчу, абы здабыць лясную ружу, каторай папараць красуе. Здабыўшы, гаспадару літванскаму прынёс. Здавалася, вынік Грунвальдскае бітвы, якая адбылася неўзабаве, мусіў быць прадвызначаным. Аднак папараці хапіла толькі на тое, каб някепска ацаніць стратэгію бітвы агулам. Вітаўт не здолеў прадбачыць гібелі часткі войскаў ВКЛ у воўчых ямах пастках, выкапаных немцамі. Ёсць звесткі, што відзежу Вітаўта карэктавалі энергетычным полем дарадцы магістра Ульрыха фон Юнгінгена з ліку сукрытых тампліераў.
Купальскія выправы былі не вельмі бяспечнымі. Народная фантазія малявала розных пачвараў і страшыдлаў, што нібыта ахоўваюць папараць-кветку. Насамрэч справа была больш празаічнай. Так, у Супрасльскім паменніку (XVI ст.) успамінаецца нехта Сава Здрок, які загінуў улетку 1507 г., бо поишол до леса, легкости а чуда меж папаратников знайдовати хотя, але в болото глыбокае трафил.
13 ліпеня 1519 г. у Слонімскім судзе разглядалася скарга поплавничего слонимского Севрука да паны Микель Фалковский и Богдан Костевич, дей тыя делом шкодным одебрали у яго папартквет, каторый ото сам у гаю на Ивана сорвал. Нападнікі-экспрапрыятары без кождаго права збили а злаяли аж до матки няшчаснага Сеўрука. Калі суддзя папытаўся ў паплаўнічага, нашто папорт дер, той пачаў хітраваць, сказаўшы: Дей был у тот час на робоки хвор и брал папорт на лек. Паны ж Мікель і Багдан увогуле нічога патлумачыць не схацелі. А як што кветку тую повтратили гдесь, суддзя пастанавіў улагодзіць пацярпелага дванадцатми золотыми черлеными а зэкгарам вельким, як репа.
Аднак гэтак шчасна сканчаўся не кожны падобны інцыдэнт. Рамдрак Дзямфіровіч, каторы займеў папараць-цвяток і мог глядаці ў зямлю, відзячы злота і срэбра, так жадаў яго паняць, жэ не мысліў нават абычаем празерліўскім пабачыці ў прэйшласьць, жэбы не загінуць намарне. І от быў он у лесе, мысьлячы, жэ відзіць упрэймы скарбы падземныя, леч то былі джыны лукавыя, ані жэ удушылі яго, цвердзіць прыпіска 1565 г. на палёх аднаго з Аль-Кітабаў. Відаць, небарака, шукаючы скарбаў, трапіў у падземны ход з высокай канцэнтрацыяй вуглякіслага газу і задыхнуўся.
У часе войнаў, што пракаціліся па Беларусі ў ХVII ст. папараць-кветка адыгрывала немалую ролю ў баявых дзеяннях атрадаў шышоў старабеларускіх партызанаў. Адзін з царскіх служэбнікаў Іван Лабанаў-Растоцкі паведамляў у Маскву пра стан рэчаў на Мазыршчыне ў 1660 г.: Каждый день растет недовольство средь братьев наших меньших белорусцев, коих некто по-иезуитски наущает отказывать нам во вспомоществовании. Споспешествуют сему возникшие внезапно воровские отряды белорусских чаровников, пользующих бесовскую силу волшебного зелья, рекомого папоротник-цветочек. Потери наши малы, однако ж ощутимы.