У часе войнаў, што пракаціліся па Беларусі ў ХVII ст. папараць-кветка адыгрывала немалую ролю ў баявых дзеяннях атрадаў шышоў старабеларускіх партызанаў. Адзін з царскіх служэбнікаў Іван Лабанаў-Растоцкі паведамляў у Маскву пра стан рэчаў на Мазыршчыне ў 1660 г.: Каждый день растет недовольство средь братьев наших меньших белорусцев, коих некто по-иезуитски наущает отказывать нам во вспомоществовании. Споспешествуют сему возникшие внезапно воровские отряды белорусских чаровников, пользующих бесовскую силу волшебного зелья, рекомого папоротник-цветочек. Потери наши малы, однако ж ощутимы.
Кажучы аб папараць-кветцы ў беларускай гісторыі, асобна трэба спыніцца на персоне Міхала Вастрабрамскага. Уздзеянне напою з пялёсткаў папараць-кветкі было непрацяглым. Але ж здараліся і выняткі, калі чалавек рабіўся празарлівым на ўсё жыццё. У раннім дзяцінстве Міхал трапіў у купальскі лес і заблукаў. Некалькі дзён ён сілкаваўся ягадамі і піў расу з нязнаных яму кветак (ведама ж папарацевых). Ужо на трэцюю ноч малец уцяміў, што бачыць будучыню. Згледзеў ён, між іншага, што смерць ягоная будзе звязаная са Статутам. Урэшце Міхалку знайшоў і адвёз у Вільню саноўнік з велікакняжацкага двара, які і даў малому прозвішча Вастрабрамскі. Міхал служыў пажам пры Жыгімонту Казіміравічу, старанна хаваючы свае дзіўныя здольнасці. Калі пры двары шторазу часцей пачалі згадваць пра Статут, паж вырашыў уцякаць з краіны. Акурат выпраўляліся паслы ў далёкую Італію сватаць для Жыгімонта Бону Сфорцу. Разам з пасольствам малады правідца рушыў у дарогу.
Ля гораду Бэргаму на пасольскі абоз напалі разбойнікі, і хлопец, карыстаючыся з замятні, уцёк. За нейкі час ён пешкі дайшоў да мястэчка Сэн-Рэмі на поўдні Францыі. Нейкая кабета, згледзеўшы дзецюка, спытала, хто ён такі. Міхал адказаў па-старафранцуску: Мішэль дэ Вастрабрам. Кабеціна, не дачуўшы, зразумела прамоўленае як Мішэль дэ Настрадам. Яна ведала, што ўжо колькі месяцаў, як прапаў сын нядбалых бацькоў Настрадамаў. Міхал ясна бачыў, што бедака таго прадалі ў Стамбуле на рынку рабоў. Здольнасць маладога літвіна і пэўнае падабенства з Мішэлем Настрадамам ні бацька, ні маці пра яго не клапаціліся, спіхнуўшы выхаванне на сляпога дзеда дазволілі паспяхова папнуцца ў французы. Міхал знемагаў ад любові да Вялікага Княства, куды не мог вярнуцца, баючыся таямнічага Статуту. Так і памёр Міхал Настрадамусам у 1566 г. годзе выдання другога Статуту ВКЛ. Звесткі пра сваё жыццё ён зашыфраваў у т. зв. Пасланнях да Генрыха Другога/Іншага (15571558), ключ для прачытання якіх адшукаў жлобінскі руплівец Андрэй Гмыза (Гмыза А. Был ли Ноcтрадамус белорусам? // Жлобінская праўда. 2001. 29 лістапада).
Злоўжыванне пошукамі папараць-кветкі, асабліва ў часы шляхецкае анархіі, прывяло да згубных наступстваў: папараць перастала цвісці. Да катастрофы спрычынілася і пашырэнне ў Беларусі бульбы. Пылок бульбяных кветак ці то з ветрам, ці то з жамярой трапляў на папараць, змяняючы яе біягенетычную структуру. Калі верыць Генрыку Ходзьку, апошні раз беларуская папараць цвіла ў 1794 г. Праз якія чатыры месяцы пасля гэтага адбыўся трэці падзел Рэчы Паспалітай, а кветка засталася толькі ў легендах і казках народу, натхняючы прадстаўнікоў новай беларускай літаратуры. Для XIXXX ст. вобраз папараць-кветкі ў беларускай літаратуры супастаўны па колькасці прыгадак хіба толькі з гістарычным сімвалам нашага краю рыцарам збройным на коне з мечем.
2002 г.Мой родны кіт
Многім з нас даводзілася чуць у маленстве чарадзейныя казкі, дзе між іншых сюжэтных хадоў выплывала чудо-юдо рыба-кит і паглынала якога-кольвек святорусского богатыря зазвычай галоўнага героя ўсяго апавядання. На першых часах апошняга мы вельмі а вельмі шкадавалі. Але разам са сталеннем і навяртаннем у беларушчыну кожны з нас адзначыў нечаканы парадокс: літасці і шкадавання да богатыря станавілася вобмаль, а вось чуласці і прыязнасці да таямнічай істоты рыбы-кит станавілася шторазу болей. Прычыну гэтага можна растлумачыць адно звярнуўшыся да феномену рыбы-кіт у беларускім гістарычным кантэксце.
Наяўныя гістарычныя матэрыялы, на жаль, не даюць магчымасці сцвердзіць пэўна, які ж разнавід іхтыяфаўны хаваецца пад эпічным псеўданімам рыба-кіт. Рэшткаў гэтай рыбы археолагі ніяк не могуць выявіць, што і не дзіўна, калі зірнуць на народную традыцыю: беларускі народ цягам доўгіх вякоў шанаваў рыбу-кіт, а ловы яе былі стродка забароненыя. Таму кіт-рыбы жылі і паміралі ў сваіх вірах па рэках і азёрах зямлі беларускай, дзе і спачываюць іх практычна няўлоўныя для пераважна сухапутных даследнікаў парэшткі.
Пры канцы 1980-х гг. у рэчышчы Сажа ля вусця ярыны Кіеўскі спуск, што падзяляе розныя часткі даўняга Гомія (ХІІ-ХІІІ стст.), вяліся работы па паглыбленні дна ракі. Поруч з тэхнічным грунтам на паверхню былі ўзнятыя шматлікія рэчы часоў Сярэднявечча. Пясок вывозіўся ў зону будоўлі ва ўрочышча Мельнікаў Луг, скуль паспалітыя, незаангажаваныя ў археалагічную навуку, месцічы расцёглі па хатах на сувеніры найцікавейшыя прадметы. З апісанняў тых знаходак вядомыя і тоўстыя рыбіны косткі да 23 метраў у даўжыню. Відавочна, што ідзецца тутака пра парэшткі кит-рыбы грозной, якая колькі стагоддзяў запар бараніла ад вайсковых экспедыцыяў рачны шлях да Гомія. Як сведчыць пратограф Повести временных лет, кіеўскі князь Алег у сярэдзіне 80-х гг. ІХ ст. адправіў водным шляхам у зямлю радзімічаў войска на чале з ваяводам Свенельдам Рыбіным Пузыром.
На баявых ладдзях воі паплылі ўверх па Дняпры, а потым завярнулі ў Сож. Блізу таго месца, дзе ў Сож уліваецца рачулка Церуха кіеўскіх ваякаў прыпаткала неспадзеўка. Но внезапу с реки Турухань выпливше кит-рыба грозна и поглатише сейчас же всю рать, не оставише ни весла, ни чресла, халаднакроўна паведаміў летапісец. Гэты выпадак надоўга адпудзіў кіеўскіх агрэсараў ад спробаў заваяваць радзімічаў. Таму нават праз стагоддзе пасля гэтага інцыдэнту новая вайсковая выправа была зладжаная сухапутна. У паўзабытай сёння рытарычнай паэме Слово о плъку Хвоста Влъчего (ХІ ст.) падкрэсліваецца зматываванасць менавіта пешага паходу, убо у радимецей на реце Серюкан кит-рыба злом булькает.
Рыба-кіт вялася ў водах па ўсёй Беларусі, і часцяком уяўлялася іншаземцамі за ліха. Нездарма ладны адцінак часу кіеўскім і наўгародскім хрысціянскім прапаведнікам місія ў беларускія землі ўяўлялася немагчымай, ці прынамсі занадта небяспечнай для здароўя. У адным з кіеўскіх Изборников (ХІІ ст.) захавалася наступная даволі злосная рэмарка нейкага Лявона Келара з гэтай нагоды: Народ их хотя крещен бысть, но опять, аки псы живяху. Кромь же обиташе в водех их пакость непреходящя, а кит-рыба наипаче в сим, ибо благостников приходящих емлет зело. Страх той быў зусім небеспадстаўным.
На пачатку ХІХ ст. у глухой безназоўнай палескай вёсачцы, жыхары якой палічылі збіральніка фальклору Антона Надзеждзіна за лазутчика князей киевских, быў занатаваны дужа архаічны верш (песня), што імаверна сягае яшчэ ятвяжскіх часоў. У вершы апавядаецца пра бэсстужу дэтыну Міну, які пагарджаў паганскімі звычаямі, асабліва не шанаваўшы вадаёмы. Універсальны для еўрапейскіх народаў кастрацыйны сюжэт набыў тут нечаканае зместавае ўвасабленне:
Міна в езеро сюсяты взявся,
Враз в водэ колэмут начався
Княжэ Кіт-рыба рaка послав,
Кеб ен в того Міны сюсель отняв
Магчыма, што гэткія выпадкі не былі адзінкавымі, і прыхадні (а напару і тутэйшыя здраднікі), ахопленыя гарачкай кастрацыйнага комплексу, набылі сталую фобію да беларускае кіт-рыбы.
Рыба-кіт пастаянна супрацьстаяла агрэсіўным праявам. Царкоўны дзеяч ВКЛ Рыгор Цамблак (ХІV ст.) падкрэсліваў гэтую асаблівасць: Кит-рыбе не токма Землю тримати, а и зломыслячих всих велми вряжати. На жаль гістарычныя крыніцы данеслі да нас толькі невялічкую частку звестак пра гэткія вразы зламыснікам з боку валадара беларускіх вод.
У 1433 г. канкурэнты князя Свідрыгайлы ў чародны раз паспрабавалі прыбраць яго з палітычнае арэны. Найманыя забойцы рушылі ў лагер няўгоднага палітыка, які месціўся блізу сутокаў Бярэзіны і Ольсы. Свідрыгайла па сваёй даўняй завядзёнцы начаваў у намёце, каторы ладзіўся пасярод ракі на адмысловым плыце з прыспушчаным у ваду цяжарам (каб не сплысці!). Найміты чорнымі ценямі неўпрыкмет абмінулі ахову на беразе і плыўмака рушылі да княскага намёта. A byla u kniazia Szwitrygajly kit-ryba, w kotoroj welmi sia kochal, гаворыцца ў т. зв. Кроніцы Бышыка, a onaja barzo pilnowala bezpeczenstwo jeho, i hetych zbrodnew dwoch prokoltnula w czrewo swoje, aby za kawednosc skarac strogo.
Значную ролю рыба-кіт адыграла і ў знакамітай бітве на рацэ Крапіўне 1514 г. між войскамі ВКЛ і Масковіі. У летапіснай Аповесці пра Канстанціна Астрожскага, не прымяншаючы вайсковага генія гетмана Вялікай Літвы, аддаецца належнае і кіт-рыбе. И як пришел славный а великий гетман к реке Днепр, под Оршу город каменный, и обачил, иж нелегко будеть переити путь водный Крапивну-речку, паведамляе летапісец, то як муж богобоязныйся примчал до церкви и, опавши на колени, молитву Богу вчинил. А прислал Бог на знак зычливости ку Ойчине нашей рыбу-кит великую (была бо симболем Христа), и загатила она речулку тую телом своим, по нему вои юж яко по броде переишли. И так спешливо на поли великим оршанским противко московитов сшиковалися.