Зямля пад крыламі Фенікса (зборнік) - Сяргей Балахонаў 4 стр.


Варыянт знанай народнай песні пацвярджае звесткі летапісца: масква, уцякаючы, праклінае Крапіўну:

Бадай ты рэчка сто лет высыхала,
Як нашу славу кіт-рыба скусала

Маскавітам неаднакроць даводзілася трываць падобныя напады падчас чарговых войнаў з ВКЛ.

У вусны мужнай беларускай жанчыны з т. зв. Размовы літвінкі а маскаля (1589 г.) невядомы аўтар уклаў катэгарычныя словы: Не при, москале, яко жаба на корч, до нас, а погатовю до вод наших, бо вынерне кит, то ест велерыб великий а страшный, на згубу твою, губою шевелячы. Між тым з маскоўскімі гасцямі здараліся і троху неардынарныя выпадкі, як прыкладам 11 верасня 1655 г. пад Слуцкам. Як паведамляе расійскі ваявода Аляксей Трубяцкой, адзін з маскоўскіх воінаў поглощен был неведомой рыбищей литовской, коя исчезла неизловимо в водах премутных, а чрез осьм годин виленских (!?  С.Б.) возвернулась на гладь водную и мерзопакастно изрыгнула оного Ивашку на твердь брежную. И преобразился сей весьма нежданно, ибо, сабель бросил оземь да принял, не мешкая, предательскую веру унитскую, облачился в литовский жупан бесовский да стал белорусския похабныя словесы глаголить: «Я нарядился тут, чтоб вас москалей руками голыми душити».

Не ўсе, аднак, іншаземцы наракалі на рыбу-кіт. Прыкладам, немец Эрнст Вільгельм Тэадор фон Катцэнямэр, які вандраваў па Беларусі ў 1596 г. апісаў наступны казус: 28-га ліпеня выехалі з Мастоў; паўз Нёман рушылі; ад спёкі ў вадзе ратаваўся, не здымаючы вопраткі; талер цэлы згубіў, дык мусіў потым галяком ныраць пад смех, што дзеўкі ў полі пачалі. Праважатыя літвіны моўчкі сядзелі на конях нерухома ў сваіх гэтых жупанах і футравых шапках, якія носяць ад світання да змяркання круглы год. Я нырцаваў аж покуль ня згледзілася мне ў вадзе морда вялікая лыпатая. Ледзьве не захлынуўся. На бераг уцёк. А была то кіт-рыба, якая вярнула мне талер мой у пенязі літоўскія разменены.

Як ужо згадвалася вышэй, паспаліты люд забараняў сабе лавецтва кіт-рыбы. Шляхта ж, а асабліва магнаты, наагул пагардліва ставіліся да рыбалкі як да нізкага занятку і аддавалі перавагу паляванню. У часы ж позняга барока, калі магнатэрыя стала навыперадкі міжсобку пахваляцца цікавосткамі сваіх палацаў, рыба-кіт сталася абектам іхных хцівых інтарэсаў.

Князь Міхал Мацкевіч, пераймаючы Караля Радзівіла ўсталяваў у адной з залаў свайго палаца (на Полаччыне) замест звыклай усім столі акварыумы, куды між іншым памясціў і паланёную рыбу-кіт. Як апавядае ў сваім Аксамітным дыярыюшы нехта Стэфан Спелаборак, 22 чэрвеня 1771 г. падчас рэдуты (баль-маскарад) выдарылася трагедыя: Маючы кансаляцыю ў танцах і гульнях, ніхто не меў прэтэкстаў да апрахензіі. Таму жадны чалавек не звізыяваў, што столя дэтэрмінаваныя трэшчыны трыбутавала, а после саўсім дэструктуравалася. Аскалепкі і рыбная жыўнасць з magna aqua хлынулі на галовы ўсяе рэдуты. Мо абышлося б малым неўкантэнтаваннем, каб не велярыб, які многіх вагою цела спрэсаваў, а шчэ слізгацеў у агульным тумульце ды хапаў зяпай кажнага, не знаючы дыфэрэнцыі. Спэктаваць гэтую карціну дызграцыі і крывавага рэсантымэнту не можна было без авэрсіі і ўвадначас кумпасіі да бедных афяраў.

Васямнаццатае стагоддзе для Беларусі сканчалася драматычна даўнія супастаты па кавалачку далучалі беларускія землі да сваёй імперыі. Ішло паўстанне пад зверхнасцю Тадэя Касцюшкі. Расійскія войскі, наступаючы паўстанцам на пяты, элементарна помсцілі за ўсе свае старыя крыўды, атрыманыя ў нашай краіне. Французская газета Le Grande Bleu ад 25 жніўня 1794 г. распавядала сваім чытачом пра падзеі лета таго ж года на Беларусі: Расійскія барбары працягваюць уціхамірваць прасветленых літоўскіх дзікуноў. Ля мястэчка Смаргоні адбыўся жахлівы, як для здаровага еўрапейскага глузду, інцыдэнт. Расійскія жаўнеры перакрылі рэчку Вілія грубымі сеткамі, каб вылавіць у такі спосаб нейкую тутэйшую агромністую рыбу, якой яшчэ даўнейшыя літоўскія паганцы пакланяліся і за святарную шанавалі. Рыба была жорстка сеткаю спутаная. Цэлы гарнізон вывалак яе на ўзбярэжжа, дзе без прамаруды быў зачытаны смяротны прысуд, і рыбу расстралялі за пасабленне мяцежнікам.

Імаверна, што падобныя дзеі адбываліся па ўсёй Беларусі, бо згадак пра рыбу-кіт у ХІХ ст. мы спатыкаем усяго з жабіны прыгаршчы. Як і раней кіт-рыбы дапамагалі свайму народу. У чэраве кіт-рыбы на Беларусь дастаўляліся забароненыя ўрадам Расійскай імперыі выданні твораў нашага слыннага земляка Адама Міцкевіча. У чарнавых накідах паэта да верша Exegi munimentum пра гэта ёсць непасрэдная згадка:

Імаверна, што падобныя дзеі адбываліся па ўсёй Беларусі, бо згадак пра рыбу-кіт у ХІХ ст. мы спатыкаем усяго з жабіны прыгаршчы. Як і раней кіт-рыбы дапамагалі свайму народу. У чэраве кіт-рыбы на Беларусь дастаўляліся забароненыя ўрадам Расійскай імперыі выданні твораў нашага слыннага земляка Адама Міцкевіча. У чарнавых накідах паэта да верша Exegi munimentum пра гэта ёсць непасрэдная згадка:

mimo carskich gróźb, na złość strażnikom ceł,
Przemyca w Litwę kit tomiki moich dzieł.

Цікава, што замест польскага wieloryb Міцкевіч свядома ўжыў беларускае слова kit.

Паводле досыць няпэўных звестак (згадка у паперах Вацлава Ластоўскага успамінаў паўстанца Якуба Мікалаёнка) у чэраве нёманскай кіт-рыбы беларускія рэвалюцыйныя дэмакраты на чале з Канстанцінам Каліноўскім таілі нелегальную друкарню, сіламі каторай выдавалася Mużyckaja Prauda (18621863 гг.). Гэтыя факты не маглі застацца нязнанымі для расійскіх уладаў. Пасля задушэння паўстання 18631864 гг. было вырашана дашчэнту зніштожыць валадара беларускіх рэк і азёр, карыстаючы з варункаў ваеннага становішча. Усе тутэйшыя губернатары атрымалі адпаведнага кшталту цыркулярныя рэскрыпты. Аднак, баючыся народных хваляванняў з тае нагоды, расійскія ўлады маскіравалі акцыі знішчэння пад дрэнажныя работы, выдаленне каменных парогаў і г.д. і да т. п.

Відавочна, што на пачатак ХХ ст. усе кіт-рыбы Беларусі былі зніштожаныя. Прынамсі пэўных звестак пра тое мы сёння не маем. У рукапісе альбомнага верша з аўтабіяграфічнымі элементамі, які належыць аўтарству Францішка Багушэвіча, расказваецца пра рачную прагулку 20 ліпеня 1897 г. з Вільні ў Коўню і між іншага адзначаецца:

Сабраўшыся на тры чоўна,
Веславалі мы да Коўна,
Праз тры дні і праз тры ночы
Дождж мачыў, а вецер ў вочы!
Кіта-рыбу не чапалі
Звычай даўні паважалі

Гэта ці не апошняя пісьмовая прыгадка пра валадара беларускіх водаў. Відавочна, мы не маем тут справу адно з паэтычным прыёмам. Хутчэй за ўсё Ф. Багушэвіч традыцыйным для сваёй творчасці спосабам, намякаючы, прыбівае іржавымі цвікамі да ганебнае дошкі праваднікоў імперскае палітыкі ў Беларусі.

2003 г.

Язык да ківі дапытае

У часе братавага вяселля мне адкрылася вялікая таямніца. На кухні бацькоў толькі-толькі выкупленай нявесты за пару хвілін да адезду ў ЗАГС давялося прапусціць па чароднай (ці не пятай ад рання) маленечкай ды ўлупіць пару лусцікаў. Сярод апошніх прыкметным быў і гастранамічны шык кулінарнае моды апошніх гадоў: батон з маслам і скрылёчкамі ківі. Дружка маладога зацеміў: Старажытная беларуская страва. Усе толькі пасмяяліся і шчасліва забыліся на гэты, нібыта, жарт. Я ж дастаў сабе з таго новы адлом мазгоў, як на тутэйшым слэнгу называюць стан блізкі да кагнітыўнага дысанансу, і пастанавіў ўсурёз заняцца высвятленнем старажытнасці традыцыі ківі ў гісторыі нашай Бацькаўшчыны.

Ужо ў рэштках зарубінецкай керамікі IVV стст. сярод засохлых зернейкаў злакавых выяўляліся і драбнюткія бубкі прадстаўніка роду актынідыя ківі. У пластах банцараўскай археалагічнай культуры гэтыя знаходкі яшчэ больш частыя. Падобныя факты ніколі не афішаваліся, бо падрывалі міфы бальшавіцкіх ідэолагаў пра спрадвечную беднасць беларускага краю. Чыста палітычнаю крамолаю магло стаць прызнанне таго, што ў дафеадальным 7 ст. жыхары Беларусі ўжывалі ківі, тады, як грамадзяне слаўнай БССР не маглі пабачыць у свабодным продажы хаця б апельсінаў ці бананаў. Нават класавы падыход не даваў камуністам помачы. Нельга было прыпісаць ужыванне ківі адно вышэйшым пластам зарубінецка-банцараўскага грамадства, бо давялося б карэктаваць усю савецкую гістарычную навуку аб тых часах.

Галоўным апірышчам гістпартаўскіх поглядаў пра той перыяд было паведамленне Пракопа Кесарыйскага (IV ст.), з якога вынікала, што тагачасныя славяне (балта-славяне?) не кіраваліся адным чалавекам, але спакон вякоў трывалі ў народапраўстве. Гэта, аднак, не перашкодзіла кампетэнтным органам адчыкрыжыць у таго ж Пракопа надта важкі момант (аднаўляем у квадратных дужках): Яны (нашы прашчуры С.Б.) ушаноўваюць і рэкі, і німфаў, і ўсялякіх дэманаў, прыносяць ім усім ахвяры і з дапамогаю гэных ахвяраў варожаць, [а самі ж вараць сабе сочыва з ківі і ядуць проста з гаршчкоў]. У поўным Стратэгіконе Псэўдамаўрыкія (VІ ст.) чытаем пра славян верхняга Барысфена, то бок Дняпра: У іх мноства размаітай жывёлы і зерня, якое складаецца ў скірды, а злашча проса і полба. Ядуць, бывае, і ківі. Адкуль бяруць розуму не дабяру.

Назад Дальше