Ян. Ладна, уласна кажучы, хопіць з гэтай кнігай
Ян кідае на стол кнігу, за якую ён дамовіўся адказваць Кніга была ў мяккім пераплёце, сэрыі покет-букаў, яна адразу разгарнулася недзе на пачатку рамана й так і засталася ляжаць самотніцаю сярод кілішкаў, кубкаў і талерак
Інэса. Я заўважыла, што стала шмат кніг, дзе апавядаецца вайна вачыма дзяцей. Гэтая тэма балюча бе нават тых, хто не занадта сэнтымэнтальны. Два хатнія хлопчыкіблізьнюкі прыяжджаюць да бабулі, якую раней ніколі ня бачылі, каб удалечыні ад вялікага горада перажыць вайну. Дакладней, іх прывозіць і пакідае маці. Нялёгка прыходзіцца дзецям ва ўмовах жорсткасьці і татальнай антыгігіены. Але пра што тут я?! Вайна, глыбінка Хлопчыкі ня проста хлопчыкі, яны вельмі разумныя, таму трэніруюць цела й душу, каб навучыцца перажываць усе нягоды. Толькі вось да чаго прывядуць гэтыя практыкаваньні? Кніга сапраўды ад першых старонак зьдзіўляе сваёй шчырасьцю й праўдзівасьцю. Мова лёгкая, крыху нібыта дзіцячая, што дапамагае чытачу канчаткова паверыць у рэальнасьць існаваньня дзёньніка блізьнят. Спачатку ўсё даволі бяскрыўдна й нават на дзіва добра. Але паступова ўсё заблытваецца ў жахліва дарослым і дрэнным сьвеце, дзе даводзіцца выжываць гэтым дзецям, іх зусім не шкада, вусьцішна, што вайна робіць іх такімі. Мне толькі падалася некалькі залішняю наяўнасьць столькіх сэксуальных сцэн.
Нават ня ведаю, што лепш: каб гэта была толькі фантазія аўтара ці каб гэта была рэчаіснасьць. Вось чытаеш сучасную літаратуру і ствараецца ўражаньне, што маньякі ўсюды і ў залішняй колькасьці! Так, стыль, манера пісьма крыху адстароненая, безэмацыйная, але пранізьлівая дашчэнту Непрывабны побыт і чалавечыя адносіны, якія цягнуць вас на дно, брыдка й прыгожа, часам усё выклікае нейкую гідлівасьць, а часам эратычнае ўзбуджэньне, часам пачуцьцё глыбокай тугі і, адначасова, для мяне гэтая кніга сталася новым узроўнем разуменьня свайго жыцьця!
Ян. Сапраўды, новае разуменьне Я люблю менавіта такія кнігі, якія ствараюць новае для цябе асабіста, кнігі, празь якія вучысься ня толькі жыцьцю, але й пісьму! Калі я быў малым, недзе так чатырнаццацігадовым, я вельмі любіў гэтую кнігу, нават марыў нарадзіцца з такім жа братам-блізьнюком, і каб яго звалі Лукас, а мяне Клаўс, і мы былі б неверагодна бліскучымі садыстамі, мне моцна падабалася гэтая кніга, але, здаецца, на той час я яе ня надта добра разумеў, альбо наадварот, бачыў празь яе сьвет інакш Не істотна! Мне ў кніжцы заўсёды падабаліся гэтыя пераходы калі апошняя фраза папярэдняй часткі суадносіцца з першай фразай наступнай. Гэта ўсяго адна фраза, але кожны раз яна вельмі выразна дае зразумець, што цяпер будзе інакш колькі будзе герояў, хто будзе галоўным, і чаго чакаць у бліжэйшай будучыні, але акрамя таго, што гэтая кніга неверагодна прыгожая сваімі рэзкімі разваротамі сюжэту, мне яна заўсёды падабалася яшчэ й як проста тэкст, чысты, празрысты тэкст. Тое, як гэты небагаты сінтаксіс дае фантастычны эфэкт м-м-м Смаката! Гэта выдатна! Але самае цудоўнае, дык гэта тое, што як толькі ты пачынаеш верыць у тое, што распавёў аўтар, разумець, асуджаць, шкадаваць раз, і пачынаецца новая частка кнігі, якая пераварочвае ўсё з ног на галаву. І так некалькі разоў, да тых часоў, пакуль ты не пачынаеш блытаць праўду з выдумкай. А пад канец, калі адрозьніць блізьнюкоў адзін ад аднаго практычна немагчыма, аўтар нарэшце спускаецца да чытача й расквітваецца зь ім, як забойца, як садыст, ён адразу пераразае ўсе ніткі апавяданьня, пакідаючы цябе паміраць
Гэня. Годная кніга, здаецца лепшай па выкананьні за папярэднюю Рэалістычная, жорсткая, гідкая, злосная, але ж неверагодна мяккая, спакойная й родная, танюткая й бязважкая побач з гэтай кнігай не стаялі ані Голдынг, ані Сэлінджэр. Гэтыя дзеці чымсьці нагадваюць Оскара, чымсьці знакамітага Курдупеля Цахеса. Як на мяне, мова скупая, пазбаўленая мэтафар, параўнаньняў, мастацкіх апісаньняў, але ў наш час гэта часта лічыцца плюсам, прыкметай мадэрновасьці ці чагосьці такога кшталту, калі тэкст ёсьць інфармацыяй, ня болей. Які час, такая і мова. Кніга складаецца з трох твораў, кожны твор перакульвае зьмест папярэдняга, як бы перакрэслівае некаторыя падзеі, зьмяняе іх сэнс і зьмест. Жорсткі стыль, шмат гвалту, сэксу, злосьці чалавечай, вельмі мала любові, але менавіта чалавечнасьць у гэтай кнізе вымалявана найбольш яскрава, у кантэксьце вайны, таталітарызму, усеагульнай недаверлівасьці й зласьлівасьці. Дзеці выдумляюць сабе жыцьці, яны проста выжываюць, у адрозьненьне ад падобных герояў у таго ж Коба Абэ, Макса Фрыша альбо Ўільяма Голдынга І яшчэ мне, хм, падабаецца, што тут не да канца зразумела, што да чаго з гэтымі блізьнятамі а пэрсанажы якія ў рамане(!): бабуля, Заечая Губа, кюрэ, Лукас, Клаўс, Маціяс Калі праглядзець зрэз апошніх раманаў пра дзяцей, можна ўбачыць, што героі становяцца больш гострымі, не такімі гладкімі, як каменьчыкі, якія кінуў і яны запляскалі жабкамі па паверхні тэкста, весела, бесклапотна Мы можам бачыць, што дзеці робяцца складанымі, злымі, шалёнымі, і нашая сучаснасьць да канца яшчэ не спарадзіла таго апошняга, галоўнага літаратурнага дзіцёнка, які, стаўшы правадыром усёй гэтай недарослай зграі жудасных стварэньняў, павядзе іх вайною на нашых будучых дзяцей і зьнішчыць іх. Як бы мы ні імкнуліся забараняць гэтыя кнігі, кляйміць іх чорнымі сьпісамі, для нас, як вядома: Рукапісы не гараць!, спадарства. Амэн.
Ян. Усе, хто чытаў кнігу, зразумеюць мяне, што напісаць альбо патлумачыць, выказаць нешта пасьля яе прачытаньня досыць складана. Ты як быццам апынаесься ў вакууме. Складана апісаць свае адчуваньні. Я зразумеў, што сьмерць у кнізе набывае зусім іншы кантэкст, яна пададзеная як выратаваньне, і мне гэта даспадобы У кнізе няма месца слабасьцям. Канец кнігі сьцвярджае ісьціну пра тое, што калі ты застаесься адзін, то ты прайграў у гэтым жыцьці. Амэн. І так, пасьля гэтага раману я доўгі час баяўся пісаць сваю прозу, бо баяўся сутыкнуцца з тым недарослым пісьмом, з сорамам.
Вітаўт. Ня ведаю, мяне прасьцей было б прымусіць паесьці гаўна, чым дазволіць апынуцца ў гэтых жудасных вычварэнскіх падзеях між нейкімі дзецьмі. Я не дачытаў, але стараўся, вельмі, паверце! Гэтая жорсткасьць, ваенны цынізм, брудныя людзі і такія ж словы, гутаркі, падзеі, учынкі Я скочваўся да шызафрэніі Было адчуваньне, быццам бы з кожнай старонкаю мяне па патыліцы білі нейкім ваенным рэменем Немагчыма было чытаць гісторыі, у якіх прысутнічала Заечая губа! Я прайшоў свайго кшталту літаратурную лябатамію
Вераніка. Я не чытала гэтую кнігу, і мне гэта неяк фіялетава!
Вітаўт. А цябе ніхто не пытаў!
Вечар падыходзіў да свайго дзівоснага мэдыюму, ежа была ўжо не цікавая, гутаркі ліліся хутка, спрэчкі ня надта выходзілі, сёньня Гэня й Ян былі на дзіва лагодныя і спакойныя, і ўсе ведалі, што калі так, то ніхто асабліва спрачацца ня будзе. Усе ведалі, што калі ёсьць пэўная колькасьць вадкасьці, гэта выратуе сітуацыю, выратуе вечар, надасьць яму рахманасьці але гэта мусіць быць сапраўды пэўная колькасьць, адмераная грамамі, міліграмамі, адмераная самім жыцьцём, страўнікам, крывацёкам, дбайным падыходам да справы, няўлоўнымі рухамі, вачыма ў цёмных вачніцах, дрыготкімі вуснамі, белымі павекамі.