Пацалунак на фоне гор (зборнік) - Анатоль І. Бутэвіч 9 стр.


А нам з Альбертам было хораша. Мы ўжо добра разумеліся. Нашыя пачуцці не прыцьмяваліся. Небяспека і экстрэмальныя ўмовы толькі дадавалі сустрэчам рамантычнасці. Аднойчы ён падараваў мне тоненькі залаты пярсцёнак. Я спалохана адмаўлялася, адпіхвала яго, але Алік настойваў: на памяць пра нашае любіць, казаў. Я схавала пярсцёнак на грудзях, у самым таемным месцы. З ім і дамоў пасля вярнулася. Праўда, давялося прадаць, калі сына Юрку лячыць трэба было: падарваўся на міне ў лесе.

Ды, на жаль, усё добрае мае здольнасць заканчвацца нечакана. Нечая зайздрасць не перанесла чужога шчасця.

Я моцна здзівілася, калі замест Аліка ва ўмоўленае месца прыйшоў Роберт. Як мог патлумачыў, што Альберта арыштавалі, падазраюць у зносінах з савецка-рускай рабочай сілай жаночага полу. Той адмаўляецца, але як яно далей будзе, невядома. Калі не шыбеніца, то канцлагер гарантаваны. А мне ён раіў уцякаць. Бо тое ж чакацьме і мяне.

Лёгка сказаць: уцякай. Але куды, калі на сотні кіламетраў адны ворагі. А сямя? Як пакінуць маці, сясцёр? Калі ўсё ж наважылася прызнацца маці, тая не здзівілася, адказала, што пра ўсё ведае і таксама настойвала на маіх уцёках. Перахаваешся дзе-небудзь у лесе, кажа, а там і нашых сустрэнеш. Ішоў сорак пяты год. Вайна грукатала на нямецкай зямлі.

Пакуль я вагалася, наваліліся іншыя беды. Ад галоднага тыфу памерла мая меншая сястра Гэля. Не драмаў і невядомы зайздроснік. Нас арыштавалі. Павесіць не павесілі, казалі, гаспадыня заступілася як за дбайных і працавітых. Але яе пераканання і сувязяў у вышэйшых уладных эшалонах муж калісьці быў высокім ваенным чынам хапіла толькі на канцлагер для нас. Не ўратавала ад яго і Альберта. Я ж была радая, што высылаюць не ў бардэль.

Жахі канцлагера Равенсбрук немагчыма было параўнаць нават з халодным баўэрскім падполлем. Але найгорай тое, што я страціла Альберта, сваё каханне, ягонае «люблю».

Першае, між іншым, і ўзаемнае каханне. Ды лёс, аказалася, высыпаў са свайго мяха яшчэ не ўсе выпрабаванні. Так сталася, што ў гэтым жа канцлагеры апынуўся і Альберт. Я ўбачыла яго на нямецкай палавіне, дзе германцы трымалі сваіх. Ад нечаканасці ледзь не закрычала, але спахапілася і схавалася за худыя спіны іншых. Спалохалася, што Альберт убачыць мяне безвалосай, без маёй ільняной касы, і невядома што падумае. Ды чалавек заўсёды на нешта спадзяецца, нават у благім шукае лепшае. Спадзявалася і я.

Нечакана для сябе ўпотайкі ад іншых упала вечарам на калені і пачала маліцца. Ніколі раней я не рабіла гэтага. А тут імпэтна прасіла ў найвышэйшага Бога даравання жыцця найперш яму, майму Альберту, а пасля і мне. Так малілася, што, здавалася, Бог пачуе мяне і паспрыяе

Ды, відаць, не пачуў майго шаптання. Неяк пахмурным ранкам на пляцы перад нямецкімі баракамі паставілі колькі шыбеніц. Сэрца маё зайшлося ў прадчуванні нядобрага. Так і сталася. Сярод тых, каго падвялі да тых страхалюдзін, быў і Альберт. Тут я ўжо не вытрымала, схапілася за галаву і закрычала: «А-а-алі-і-ік!» Нехта ў адчаі закрыў мне рот рукой, суседзі затулілі сваімі спінамі і зашыкалі, каб змоўкла. Я ж апантана гукала, а пасля проста шаптала: «А-а-алік! А-а-а-алі-і-ік!.. Аль-берт»

Не ведаю, ці пачуў мяне Альберт. Але ён падняў галаву, зірнуў у нахмаранае неба, пасля спыніў позірк на нашым баку і, здалося, прыязна ўсміхнуўся. На ўсё жыццё засела ў маёй памяці, дагэтуль стаіць перад вачыма гэтая ўсмешка чалавека, які праз хвіліну мусіць памерці.

Я сцялася. А кат узяўся за сваё звыклае рамяство. Альберту не завязвалі вачэй, у ката не было белых пальчатак і маскі.

Я праплакала цэлыя суткі. Мне ўсё стала абыякава, я нічога не баялася і нічога не хацела. Адно дастала Алікаў пярсцёнак і надзела на правую руку. Не паслухалася пагрозаў і не здымала яго цэлы тыдзень. Шчыра шкадавала, што нашае каханне не завяршылася новым жыццём ува мне А начамі мяне палохала Алікава ўсмешка.

Неўзабаве нас вызвалілі саюзнікі. Агітавалі застацца ў Нямеччыне альбо зехаць у Амерыку. Але дзе там нас чакала роднае поле. Не прычакала.

Са слязамі адязджалі некалі з роднай вёскі, са слязамі ступілі цяпер на бацькоўскую зямлю, са слязамі ж адправіліся неўзабаве ў лагер для перасыльных.

Сэрца маёй маці не вытрымала, адляцела пакутніца на неба. А я знайшла ў лагеры такога ж бедака, як сама. Таксама ў нямецкага баўэра практыку праходзіў. Пабраліся. Вярнуліся ў вёску. У нашай хаціне жылі іншыя. Сяк-так агоралі новую. Але муж мой падарваўся, памёр. Адна падымала і хату, і калгас, і нашага Юрачку. Так у беспрасветнай працы і прайшло жыццё.

Адно светлае імгненне было некалі, і тое слязамі сплыло

 Маці, маці, ты, гэтаво, аглухла ад радасці? ужо колькі разоў гукаў Юрак. Ведама, добры жмут марак павінны даць. Гэтаво, давай, збірайся. Пойдзем у сельсавет.

Яна схамянулася, нібыта з зачараванага сну выбавілася. На твары яшчэ блукалі рэшткі нейкай нетутэйшай усмешкі, вочы святлелі нязвыклай глыбінёй, а на твар насоўвалася рашучасць.

 Нікуды я не пайду, прамовіла так ціха, што і сама сабе здзівілася.

 Што? спытаў Юрак. І было не зразумець, ці ён не пачуў, ці не мог пачутаму паверыць.

 Нікуды я не пайду, сынок, прамовіла гучней і з цвёрдай рашучасцю ў голасе. Не, не пайду А ты Ты як сабе хочаш

 Дак хто ж мне дасць, гэтаво? роспачна выгукнуў сын.

 Не дадуць, то й не трэба. Не збяднеем больш, чым ёсць. Коўдру залатаю, ты сяннік свежай саломай напхаеш.

З мяне хопіць, сказала, і рашучая складка легла на лоб. Пачала скідваць коўдру, апранацца.

Юрак не пярэчыў, ведаў: калі сціснула вусны, то ўсё, кранты, ніхто яе не пераканае, не змусіць памяняць свайго рашэння. Ён скрушліва скрыгатнуў зубамі і выкуліўся за дзверы.

Ледзь не згубіўся

У бацькі прапаў сын. У жонкі муж. У дачкі і сына бацька. У бабулі унук. Не, не тое, каб зусім прапаў. Знік. Бо калі знік, то ёсць надзея, што знойдзецца. Так суцяшаў сябе бацька. А калі прапаў І слова страшнейшае, і сэнс яго цьмяны. А яшчэ лепш згубіўся. Трапіў у вялікі горад і згубіўся, сярод мноства людскога заблукаў. Але хіба ад гэтага лягчэй? Прапаў, знік, згубіўся Усё адно няма дома. А гэта бяда.

Паехаў у нядзелю ў сталіцу СНД на сустрэчу з сябрамі (традыцыйная адгаворка для многіх мужчын, але тут была чыстая праўда), некаторыя зявіліся нават з Масквы, і не вярнуўся, не прыехаў начаваць. Не так далёка той Мінск ад Пухавіч. А на вуліцы вадохрышчанскія маразы, якіх падобнай парой ужо даўно не было.

Першай адчула нязвыкласць у доме іхняя трохгадовая дачка. Як толькі Надзейка адплюшчыла вочкі, адразу паклікала: «Тата тата» Пасля пачала гучней і больш працягла, як бы прасіла і адначасна жалілася: «Та-а-атка та-а-а-атка-а-а» Але бацька не падыходзіў. Затое прыскочыла з кухні, дзе гатавала сняданак, мама, падняла дачушку на рукі. Аднак на яе пытанне: «А дзе тата?» не магла не толькі ёй адказаць, але і сама адчула нечакана вострую трывогу.

І праўда, гэта ж няма яго. Не начаваў Не прыходзіў Не прыходзіў ці не прыйшоў? Але якая розніца ў словах? Бо яго ж усё адно няма. Во, во, вось тое галоўнае слова, якое мае сэнс менавіта цяпер: «Няма». Дачцы, вядома, мусіла салгаць:

 Пабег на працу ўжо

 А хто мяне ў садок павядз-е-е? закапрызіла тая. У словах малой быў пэўны сэнс. Нават не проста пэўны, а сурова-праўдзівы. Так, Надзейку трэба весці ў садок. Але ж на руках маленькі Сяргейка. З ім? У такі мароз? Тут і дачку, на добры лад, не варта было б адпраўляць. Аднак жа не закрывалі групы, значыць, не бачаць выхавацелькі небяспекі. А мо гэта і лепш? Не трэба весці дачку ў садок, усе разам пабудуць дома. А хіба ж усе? Бацькі акурат і няма. Ды ёй і самой трэба пад абед падскочыць на працу: там якраз тавар новы прывезлі, апрыходаваць трэба. Сяргейку меркавала адвезці да бабулі, сваёй маці, якая якраз на пенсію нядаўна выйшла і пакутуе, як сама кажа, ад «бяздзелля». Дык мо і Надзейку ёй падкінуць? Але ж выхавацелька сварыцца, што такімі перапынкамі дзіця толькі псуецца, адвыкае ад гурта, ды і заняткам, што пачалі праводзіць з кнігай, гэта замінае.

Развагі перапыніў плаксівы голас сына з калыскі. Яна кінулася туды, а наўздагон пачула працяжны голас Надзейкі:

 Хачу-у да та-аты-ы-ы-ы. Дзе мой та-ата? Скажы, настойвала дзяўчынка, скажы, дзе?

Назад Дальше