Кожнаму на левым баку курткі напісалі нумар. Нават дзецям. У мяне ён быў 000333, у малодшых іншыя. Справа прышылі сіні кавалак матэрыі з літарамі OST. Як патлумачылі дасведчаныя, гэта азначала: бальшавіцкі чалавек, другога гатунку. А проста так нас называлі остарбайтарамі. Насіць знакі трэба было на любым адзенні і абавязкова. Адразу ж загадалі напісаць лісты сваім родным, знаёмым, сябрам і распавесці, як шыкоўна жывецца перавезеным з Беларусі ў непераможным трэцім рэйху, як гасцінна ставяцца да іх гаспадары.
Перш чым адправіць на працу, нейкае высокае начальства прачытала нам кучу розных папярэджанняў, інструкцый, забаронаў, правілаў. Мы зразумелі, што ўсё далейшае наша жыццё будзе пазначана выключна словам «Не!». А парадкі тыя зводзіліся да аднаго кшталту дзеясловаў: забаронена, караецца, не дапускаецца І толькі адзін назоўнік быў: за парушэнне смерць. Дазвалялася адно: працаваць, працаваць, працаваць Да знямогі, да той жа смерці. То невядома, з чаго было выбіраць.
Найбольш палохала, а каго і смяшыла забарона кахацца. Сурёзна і строга загадалі: не цалавацца, не абдымацца, не дапускаць ніякіх іншых вольнасцяў. Асабліва суровая кара чакала таго, хто насмеліцца на полавыя стасункі. Як ні было страшна, а калі перакладчык прамовіў гэтыя словы, шмат хто пырснуў смехам. Гэткіх слоў мы і дома не вымаўлялі. Калі нам было думаць пра тое полавае каханне, мы ж проста жылі. А тут? Хіба нехта будзе кахацца з ворагам?
Папярэдзілі, каб не спакушалі мы тутэйшых жыхароў. Калі ж што якое, то мужчын належала аддаць на спецыяльную апрацоўку (таксама ж слова выдумалі), а жанчын выслаць у канцлагер. Жорстка каралі і немцаў, якія мелі б той акт учыніць. Бо любая сувязь (нават танцы, проста размовы, прыязныя пагляды і г. д.) з грамадзянінам (так і сказалі, быццам бы з павагай да нас) варожай дзяржавы, які сам па сабе ўжо зяўляўся ворагам усяго тутэйшага, лічылася злачыннай. Разбурала, значыцца, чысціню нямецкай расы, рабіла шкоду вялікай Германіі.
За любую правіну экзекуцыя. А што гэта так, пераканаліся мы вельмі хутка.
Не паспелі агоўтацца на новым месцы «свабоднай працы», як пагналі ўсіх да лесу. Спыніліся на невялікім поплаве, каля старога галінастага дрэва. Неўзабаве да яго прывезлі схуднелага, моцна збітага савецкага ваеннапалоннага. Невысокі, худы, дзіця дзіцём. Нават мы былі дужэйшыя. Вочы завязаны, рукі скручаны калючым дротам за спінай. Казалі, працаваў разносчыкам насіў па дамах немцаў вугаль, бульбу, іншыя прадукты і рэчы. Відаць, напаткаў нейкае спагадлівае нямецкае дзяўчо. Не ўтрымаўся і парушыў забарону пра той кляты акт. Ці яны толькі цалаваліся, ці на што іншае наважыліся, то хто ж яго ведае. Адно вядома: арыштавалі абаіх. Ведама, каханне паміж чужаземцам і немкай злачынствам лічылася
Нашага салдаціка пра нешта спыталі. Як мог, ён, гаротнік, выгукнуў: «Хай жыве Савецкі Саюз!» Кат у белых пальчатках і ў чорнай масцы падышоў да палоннага. Начапіў на шыю вяроўку. Адапхнуў стол, на якім стаяў салдацік, і тройчы моцна тузануў за ногі. Відаць, баяўся, што таму не хопіць вагі, каб засіліцца.
Мяне пачало ванітаваць, здавалася, вантробы вываляцца праз рот. Хацелася хутчэй у свой хлеў, каб выплакаць увесь жаль, страх і абурэнне. Але нас прымусілі прайсці каля павешанага і на ўсе вочы пазіраць на яго. Хто не мог ці не хацеў, жорстка збівалі, а ўсіх зноў вялі каля цела няшчаснага.
Працавалі мы ва ўдавы Лёвер. Яе муж загінуў на ўсходнім фронце. У яе было два сыны, адзін малы яшчэ Роберт. Другі, Альберт, мой равеснік. А мне тады шаснаццаць было. Ён любіў пацвельвацца з мяне. Калі ўбачыліся першы раз, спытаў, як завуць. Па-свойму спытаў, рукамі дапамагаючы. Але я зразумела.
Лёня, адказала я.
Лёня? перапытаў ён і паўтарыў: Лёня
Так, патлумачыла я. Я сапраўды льняная, і паказала на свае доўгія светлыя валасы.
Не ведаю, ці зразумеў ён што, але перапытаў:
Як, як? і пакратаў свае таксама светлыя валасы. Пасля ён часта казаў: «Лёня, Лёня Давай, работа Работа», а сам смяяўся, але не злосна, і пазіраў так хітра і ласа. Я пачала баяцца такіх спатканняў, апускала вочы і хуценька праходзіла міма. Ён жа бы знарок шукаў любую зачэпку, усё больш пільна ўзіраўся ў мяне, рабіў розныя знакі ўвагі. Асмялеўшы, я заўважыла, што ён прыгожы, вочы блакітныя і добрыя, а твар усмешлівы. Паступова сыходзіў мой недавер, а ягоная прыязнасць перадалася і мне. Я ўжо не апускала галавы, нашыя вочы магнітна сустракаліся. Але я як «Ойча наш» помніла пра строгія забароны. Акрамя таго баялася за сваіх сясцёр, за маці.
Ведала, што іх чакае, калі ў нечым западозраць мяне.
І тут загаварыла мая галава:
«Адумайся! Што ты робіш? Ён жа вораг»
«Але тут вакол ворагі», адказвала маё сэрца.
«Пагатоў. Ведаеш пра забароны і кару?»
«Але ж ты маладая», нашэптвала сэрца.
«Не рабі глупства, цвердзіла галава. Будзе балюча не толькі табе»
«А так хіба не балюча?»
«Як вернешся дадому? Як жыць будзеш?»
«А ці вярнуся? Ці буду наогул жыць?!»
«Яго бацька забіваў нашых людзей»
«А мой і дагэтуль забівае немцаў Але ж ні я, ні Альберт нікога не забіваем»
Спрэчку выйграла сэрца. Адбылося тое, што павінна было адбыцца паміж маладымі людзьмі, якія неабыякавыя адно аднаму.
Аднойчы Альберт паклікаў мяне у пакой, дзе стаяў прыгожы стол і печка з узорыстай кафлі. Я так спалохалася сваіх брудных босых ног, што ажно баялася ступаць па бліскучай падлозе. Ён зразумеў, паклікаў мяне ў невялічкі пакойчык відаць, ваннай лічыўся, узяў вялікі жалезны збан з ручкай, паліваў мне, а я ажно гарэла і ад сораму, і ад такой увагі: дзе гэта бачна, каб гаспадар мыў ногі рабыні.
Пасля пасадзіў на нязвыкла мяккае крэсла з высокай выгнутай спінкай і пачаў нешта горача гаварыць. Я, вядома, амаль нічога не разумела. Але ягоныя даверлівы тон і ласкавасць у голасе пераконвалі ў добрых намерах. З усяго шматслоўя разабрала толькі два словы: «лебэн» і «лібэн». Я ж была вельмі маладая, мне хацелася і жыць, і кахаць. Але я толькі плечукамі паціскала: маўляў, не разумею. Аднак галавою адмоўна не круціла, каб ён часам не падумаў, што ад нечага адмаўляюся. Ён як бы засердаваў і адпусціў мяне.
Пасля была другая сустрэча сам-насам, трэцяя. Ён заўсёды смачна частаваў, гаварыў, відаць, прыемныя словы. Я не стрымалася Мы абдымаліся, цалаваліся, гладзілі адно аднаго. Знясілена падалі на шарсцяны коц, колькі хвілін спачывалі, пазіраючы ў вочы, якія гаварылі больш, чым нашыя бязмоўныя языкі. Праўда, неўзабаве языкі навучыліся размаўляць без слоў і лепей за нас. Тады усё пачыналася зноў. Я была так захоплена Альбертам, што мяне ўжо нічога не палохала. Мы баяліся толькі аказацца адно без аднаго. Хай даруе мне Бог, але я гатова была адмовіцца ад вяртання дамоў, нават коштам жыцця родных гатова была абараняць сваё нечаканае і нялюдскае каханне. Хай пасля будзе што будзе, а сёння, цяпер і тут нам было хораша, добра і прыемна, калі можна назваць прыемнасцю кароткія і таемныя спатканні, похапкавае каханне пасля цяжкай працы на мяккай пасцелі ў чыстай Альбертавай спальні, калі ў доме не было ягонай маці.
Я нават жартавала, называла яго на наш манер Алікам:
Ты, Алік, нашый знак OST. А нумар мы які-небудзь прыдумаем. І тады ніхто нас не адрозніць.
Ты памыляешся, майн лібэр Лёня, казаў ён. Кахацца остарбайтарам забаронена. Нават між сабой. Калі ж даведаюцца, што гаспадар любіць савецкую, то цябе забяруць ад мяне і ад тваёй маці. Абстрыгуць твае лёняныя валасы. За наша любіць цябе могуць аддаць у публічны дом, а мяне ў канцлагер
Лепей бы ён не казаў гэтага, бо я ўсё адно не ўсё зразумела, але што нас чакацьме, ведала. Алік жа нібыта паддаваў страху. Расказаў яшчэ, што існуе ўказанне іхняй нацыянал-сацыялістычнай партыі аб стварэнні спецыяльных бардэляў для прывезеных рабочых іншых нацыянальнасцяў. Каб захаваць чысціню нямецкай расы. І калі я траплю туды, то мне будзе зусім кепска, а ён без мяне не захоча жыць.
Неўзабаве мае сваякі пачалі заўважаць, што я нейкая не такая, як была раней і як яны ўсе. Больш жыццярадасная, нават пажартаваць любіла, старання, аднак, у працы асаблівага не праяўляла: спаць хацелася. Тым не менш гаспадыня часам таемна падкідвала нам лішні кавалачак хлеба альбо бутэрброд, хоць гэта строга забаронена і магло каштаваць ёй жыцця ці высылкі ў канцлагер, што адно і тое ж.
Маці неаднойчы казала, каб я асцерагалася, бо зайздросных вушэй і вачэй надта шмат, а вяровак у немцаў хапае. Я ад усяго адмаўлялася. Ды хіба матчына сэрца падманеш. Адчувала яна, што са мной адбываецца насамрэч. Але не адгаворвала, не ўшчувала, не кляла. Хоць, што праўда, і не ўхваляла.
А нам з Альбертам было хораша. Мы ўжо добра разумеліся. Нашыя пачуцці не прыцьмяваліся. Небяспека і экстрэмальныя ўмовы толькі дадавалі сустрэчам рамантычнасці. Аднойчы ён падараваў мне тоненькі залаты пярсцёнак. Я спалохана адмаўлялася, адпіхвала яго, але Алік настойваў: на памяць пра нашае любіць, казаў. Я схавала пярсцёнак на грудзях, у самым таемным месцы. З ім і дамоў пасля вярнулася. Праўда, давялося прадаць, калі сына Юрку лячыць трэба было: падарваўся на міне ў лесе.