Першае забойства, а не няшчасны выпадак, як спачатку наўмысна яго класіфікавалі ва Упраўленні, адбылося каля двух тыдняў назад. Забіты старэйшына шматлікай мясцовай цёмнаскурай групоўкі Іларыён быў даволі багатым чалавекам і меў уплывовых сваякоў у Мегаполісе, якія адразу пачалі патрабаваць вышуку. Старэйшына, а паводле іх звычаяў купацца ў вадзе было забаронена, вырашыў паплаваць па возеры ў спецыяльна прыстасаванай для яго надзіманай гумавай камерылодцы без суправаджэння целаахоўніка. Камеру к вечару знайшлі, але пустую. Ларыён, як тут яго звалі, знік. Слядак ведаў, што дыягностыка смерці ад утаплення часта бывае цяжкай, толькі комплекс прыкмет і выкарыстанне лабараторных метадаў даследавання дазваляюць правільна ўстанаўліваць прычыну. Тым не менш пасля таго, як труп з утварэннем гніласных газаў усплыў а тады, як і цяпер, было вельмі спякотна, прыбылы судмедэксперт, якога за вялікія грошы, агледзеў яго, узяў на пробу для аналізу літр вады з вадаёма і зрабіў заключэнне. Слядак памятаў некаторыя самыя істотныя яго часткі. Паколькі нябожчык пры жыцці не пакутаваў ад ішэміі ці гіпертаніі, раптоўнасць смерці ад інфаркту ці інсульту амаль выключалася. Тып утаплення быў нехарактэрны. Пры сапраўдным утапленні ўзнікае тыповая асфіксія: спачатку рэфлекторная затрымка дыхання, якая працягваецца да хвіліны, потым вада трапляе ў лёгкія. Настае стойкае спыненне ў выніку паралічу дыхальнага цэнтра, а праз пяцьдзесяць хвілін і спыненне сэрца. Тут жа быў іншы выпадак.
Нябожчыку быццам не было нагоды скакаць у ваду з камеры плаваць ён не ўмеў. А вось на яго чэрапе былі выяўленыя яўныя механічныя пашкоджанні касцей, да таго ж адно вока было выбіта. Пашкоджанні былі, як адзначыў медэксперт, прыжыццёвага характару, гэта значыць атрыманыя да раптоўнага ўтаплення.
Другая заўчасная смерць таксама ў межах возера напаткала ўладальніка мясцовага спіртавога завода Зураба. Зураб, як ведаў Слядак, таксама быў у гэтых мясцінах з прышлых людзей. Выхадзец з Каўказа, ён пачынаў тут з малога, быў да Катастрофы спачатку простым рамеснікам, але неўзабаве «падняўся» на гандлі спіртным, заснаваў заводзік, дзе ў яго працавалі каля ста трыццаці наймітаў з мясцовых, пасля чаго прывёз сюды жонку на імя Зарэ, якую тут звалі Зара, і трох дзяцей.
Зара выконвала на заводзіку абавязкі бухгалтара і эканаміста. I яна, і Зураб адразу вызначыліся нечалавечай лютасцю і пагардай да сваіх падняволеных рабочых, усяляк аблічваючы іх у грошах і зневажаючы пры гэтым годнасць мясцовых.
Зураб, у адрозненне ад большасці сваіх супляменнікаў, не цураўся вады, лічыў сябе выдатным плыўцом і не раз заплываў у возеры на кіламетр і нават далей. Але праз тыдзень пасля нечаканай гібелі Ларыёна амаль тое ж самае здарылася і з ім. Акрамя характэрнай эмфіземы лёгкіх і пены вакол дыхальных адтулін носа і рота, эксперт адзначыў усё тыя ж механічныя пашкоджанні ў выглядзе неглыбокіх ран на чэрапе, быццам ад удараў вострым прадметам, і выбітыя і ад таго выцеклыя абодва вокі.
Паколькі Зураб дагэтуль нямала аддаваў, ці, як тут казалі, «скідваў», у Мегаполіс, дзе ў яго даўно з'явілася і акуратна збірала даніну «крыша», то яго смерць таксама непрыемна закранула чыёсьці інтарэсы. Слядак добра разумеў, чаму ён павінен тут асцярожна вышукваць матэрыял, рабіць свае высновы. Усё гэта не вельмі задавальняла яго самалюбства, бо ён лічыў сябе вартым і на большае.
«Скажыце, праз паўзу спытаў ён Шэрыфа, нябожчыкі маглі стаць ахвярамі сваёй жорсткасці, падману, махлярства ці яшчэ якіх негатыўных дзеянняў у адносінах да мясцовых?»
«Сумніўна, адказаў Шэрыф. Яны, мясцовыя, тут усе, так бы мовіць, «празрыстыя». Хоць я не выключаю і такой версіі. Урэшце, вам і мне, невуку, разбірацца».
Слядак прапусціў апошнюю яго заўвагу між вушэй. Яны ўжо ішлі завулкам, і ён марыў пра адзінае: як ён хутчэй кіне сваю сумку на які ложак у прыбудове незнаёмага яму Крэза і пойдзе на возера. У спецакадэміі ён нейкі час быў чэмпіёнам па плаванні вольным стылем і цяпер хацеў паплюхацца ў вадзе, скінуць стому пасля дарогі, а потым перакусіць у яго было з сабой некалькі бутэрбродаў і, магчыма, заняцца справамі.
Між тым прыкметы заняпаду і галечы ўсё часцей траплялі ім на вочы. Некалькі нямоглых старых сядзелі на лаўках ля сваіх брамак, панура праводзячы іх вачыма. Тут больш было белых, і нешматлікія дзеці, а нараджальнасць сярод тутэйшых, як ён ведаў, амаль што перапынілася, зацята пазіралі на прышэльцаў. Усё гэта моўчкі, і Слядак міжволі адчуў вусціш. Там-сям ён прыкмеціў пад нагамі выкарыстаныя трубачкі шпрыцаў. Групка п'яных мужчын і жанчын рознага колеру скуры насцярожана сцішылася пры іх набліжэнні.
«Вы тут быццам ва аўтарытэце», сумна пажартаваў Слядак, звяртаючыся да Шэрыфа.
Той, пэўна, гумару не зразумеў, бо ў адказ паляпаў па кабуры, з якой паблісквала металам дзяржанне пісталета, і грубавата сказаў: «Права на зброю. Тут паважаюць толькі яе і сілу, а калі раптам заўважаць за табой якую слабіну, то адразу цябе ж і на конус. Ха-ха»
«Так», згадзіўся з шэрыфавай банальнасцю Слядак. На самай справе, як ён ведаў, бо штодня сачыў за аператыўнай інфармацыяй, становішча было яшчэ больш складанае. Самымі небяспечнымі ўзброенымі бандамі былі не тыя, якія падламвалі крамы, каб спехам нахапаць там гарэлкі, кансерваў і дэфіцытнай электронікі, а наркаманы, што не маглі прабіцца да дылераў, бязлітасна паменшала ў сувязі з разбурэннем многіх хімічных прадпрыемстваў і выраджэннем натуральных месцаў вырошчвання опіумных культур. Магчыма, нават верагодна, звязаў ён у думках, і Ларыён быў адным з такіх дылераў. Цяпер жа большая частка наркатычнай плыні, якая так расквітнела дзесяцігоддзі назад у час так званай першай сексуальнай рэвалюцыі і славутай еўрапейскай дэмакратыі, якая пакутавала ад самаедства, аказалася амаль абязводжанай. Дылераў меншала. Наркаманы збіваліся ў групоўкі, узбройваліся і нападалі на бальніцы, аптэкі, склады хімпрэпаратаў, шпіталі, а калі ім не ўдавалася набыць тое, што іх цікавіла, упадалі ў агрэсіўную дэпрэсію і станавіліся неадекватным!.
Іх бандфармаванні тым не менш схематычна напаміналі армейскія падраздзяленні: брыгада (пяць дзесяць баевікоў), звяно (ад дзвюх да пяці брыгад), група (два ці пяць звенняў), супольнасць (некалькі груп). Многія чальцы бандаў, наадварот, самі не ўжывалі наркотыкаў, але, здабыўшы іх, паспяхова гандлявалі ці здавалі ўсё адразу аптавікам.
Яны прайшлі яшчэ колькі шляху, прамінулі разбураную царкву, напаўгнілыя аднапавярховыя і двухпавярховыя будынкі, ля ўвахода ў адзін з іх ляжала напаўаголеная ці то п'яная, ці то пад уздзеяннем наркотыкаў жанчына, ад якой шаснулі ўбок нейкія цені, Шэрыф толькі плюнуў і ўрэшце апынуліся перад даволі высокай агароджай з радам іржавага калючага дроту паверх яе. За агароджай былі відаць бляшаны дах, вокны, спавітыя раслінамі, і верхаліна пладовага дрэва.
Шэрыф спыніўся.
«Мы прыйшлі, сказаў ён. Мяркую, ён дома, бо рэдка калі адлучаецца».
«Дамасед?» з цікавасцю аглядваючыся навокал, спытаў Слядак.
«Не зусім. Яго тут не раз пагражалі спаліць і, пэўна, спалілі б, каб ён, па-першае, не быў «закручаны», а па-другое, жыў дзесьці ў канцы Паселішча ці ўвогуле на водшыбе. А так пабойваюцца, што вецер можа змяніцца і згараць іх жа дамы».
«Што так? выказаў здзіўленне Слядак. Просты ж народ памяркоўны да беднякоў, юродаў»
«Таму што ён разумны юрод. У яго дзіўныя думкі, ён дэманстратыўна пагарджае некаторымі людзьмі за іх недахопы, рабскую пакорлівасць, напрыклад, як ён лічыць, а ім гэта не падабаецца. Урэшце, самі пабачыце, вядома, калі ён дазволіць вам пажыць колькі дзён. Я мог бы націснуць на яго, але гэта на крайні выпадак. На жаль, у нас тут няма не толькі гатэля, а нават і якой занядбанай начлежкі, а то б вы цяпер не хадзілі са мной па завуголлях».
«Перадусім, як мы пагрукаем у дзверы, давядзіце мне адну з яго так званых дзіўных думак, нечакана папрасіў Слядак. Галоўную ён, пэўна, ужо не раз выказваў?»
«Самі даведаецеся, паціснуў плячыма Шэрыф. Урэшце, калі ў двух словах Ён неяк сцвярджаў, што наш Сусвет Сімуляцыя, створаны штучна і не што іншае, як інфармацыя. За гэта трызненне яго, пэўна, калісьці і скіравалі на нары». «I гэта ўсё?»
«Яшчэ ён гаварыў, што чалавецтва з часам ператворыцца ў малпаў».
«Ён гэта вам паведаміў ці яшчэ каму?» спытаў Слядак.
«Не толькі мне, вядома, а шмат каму. Першым мне пра гэта далажыў Штучнік».
«Штучнік гэта ваш інфарматар?» прафесійна здагадаўся Слядак.
«Ну, які ён інфарматар, пакрывіўся Шэрыф. Так, ад выпадку да выпадку. Дурагон. Адным словам штучнік. Я яму і псеўда адпаведнае прыстасаваў».
Шэрыф паляпаў далонню па кішэні, выцягнуў плоскі кітайскі партсігар, вылавіў з яго губамі цыгарэту і пстрыкнуў запальнічкай, што была ўманціравана ў яго ж. Дым ад таннага тытуню паплыў, раствараючыся ў паветры. Слядак паморшчыўся, бо не паліў.
«Раней, да Катастрофы, за такія думкі адразу зачышчалі, дадаў участковы. Цяпер усім на ўсё пляваць».
Шэрыф выцер твар і шыю ад поту насоўкай і, падыміўшы хвіліну, далікатна затаптаў недапалак.