«Нас падзялілі»
І тады Колас напісаў гэтыя геніяльныя радкі:
Нас падзялілі. Хто? Чужаніцы. Цёмных дарог махляры.
К чорту іх межы! К дяблу граніцы! Нашы тут гоні, бары!
Гэта самая высокая праява грамадзянска-патрыятычнага духу ў творчасці Я. Коласа. Самае адкрытае, самае мужнае слова ў абарону цэласнасці роднай зямлі, самы рашучы адпор «ворагам беларушчыны» ўжо ў новых не царскіх, а бальшавіцкіх кіпцюрах. Самы шчыры, непрытворны крык працятага болем сэрца. Самае мудрае асэнсаванне падзеі паэтам-палітыкам і мысляром, які зыходзіў з глыбокага разумення, што значыць для лёсу народа, лёсу краіны такі разбой, такі гвалт, як рассячэнне напалам роднай зямлі, а значыць рассячэнне напалам этнічна цэласнага арганізма народа, мовы і культуры яго, а сказаць дакладней сэрца яго, душы яго Колас, паўтараю, успрыняў гэта не толькі на ўзроўні эмоцый, але і на ўзроўні дзяржаўнай мудрасці.
Дзіўлюся, што пра гэты трагічны для лёсу Беларусі падзел сёння зноў стараюцца не ўспамінаць.
2000Справа годнасці і гонару
Самае горшае будзе, калі моладзь пойдзе за дэмагогамі і цынікамі, за іх хлуснёй. Дэмагогі крычаць пра патрыятызм, імянуюць сябе вялікімі патрыётамі. Прабачце, патрыётамі якой краіны, якой зямлі? Зямлі Купалы, Коласа, Багдановіча, Гарэцкага, Чорнага, Геніюш, Караткевіча? Зямлі Буйніцкага, Галубка, Драздовіча, Сергіевіча, Забэйды-Суміцкага, Шырмы? Ці патрыётамі «Отечества»? Заўважце, як гэтыя патрыёты любяць слова «Отечество». Не сумнявайцеся, што яны маюць на ўвазе не Беларусь, о не!
Таму і кажу маладым: толькі не паддайцеся на хлусню! Адзін раз не вытрымаеце і цяжка будзе ўтрымацца, цяжка. Ні ў якім разе не памыліцеся і не клюньце на ільсцівую прыманку! Яна атрутная. Калі своечасова не спахапіцца, не адрынуць гэта кончыцца маральнай смерцю.
Сёння ўсё ясна: вы за свабодную, незалежную, беларускую Беларусь ці за «Отечество»? Так, усё ясна. Справа годнасці і гонару у гэтай яснасці не заблудзіцца.
2001Аказалася
Задрамаў каля прыёмнічка, пад лёгкую музыку; прахапіўся і чую: як прыгожа якоесь малое дзеўчанятка шчабеча па-англійску! Ніколі не чуў, каб англійская гучала так прыгожа, так міла для майго слыху. Па шчырасці кажучы, мне англійская мова не здавалася прыгожай ад пачатку знаёмства з ёю. Разумею, што так думаць несправядліва, бо непрыгожых моў у свеце няма. І аднак жа што праўда, тое праўда. А тут раптам Што такое? Што такое? Аказалася: гэта малая беларусачка гаворыць! Гэта англійская мова ў яе беларускім выкананні! Гэта ў яе беларускім горлачку яна так папрыгажэла! Стала такой мяккай, пяшчотнай, мілай
2002Руйнаванне нашай гісторыі
Гісторыя кожнага народа у назвах яго населеных пунктаў і ў назвах вуліц. Перайменаванне неапраўданае, неабгрунтаванае і старажытных паселішчаў, і вуліц наносіць шкоду гістарычнай памяці народа, разбурае абектыўна абумоўленую цэласнасць бачання мінулага, пазбаўляе гэтае бачанне яркіх каштоўных момантаў. Сціраецца і бяднее гісторыя краіны бяднее аўтарытэт нацыі ў вачах свету. Вось прыклад, як гэта рабілася ў нас.
Паводле Паўла Шпілеўскага, да захопу Беларусі царыстамі, у Менску былі вуліцы: Францішканская, Зборавая, Валоцкая, Зыбіцкая, Дамініканская, Койданаўская, Феліцыянаўская, Бернардынская Царысты замянілі гэтыя назвы на: Губернаторская, Крещенская, Преображенская, Торговая, Петропавловская, Богадельная, Маломонастырская Пасля ўвесь Менск (і ўсе іншыя нашы гарады!) спрэс запаланілі назвы ў гонар вялікіх сыноў і дачок Беларусі: Маркса, Энгельса, Леніна, Лібкнехта, Люксембург, Свярдлова, Урыцкага, Валадарскага, Сталіна, Дзяржынскага, Калініна, Фрунзе, Кірава, Куйбышава, Арджанікідзе, Мяснікова, Варашылава, Будзённага, Чкалава і многіх іншых; а яшчэ такія каларытныя беларускія назвы, як Рэвалюцыйная, Інтэрнацыянальная, Савецкая, Мопраўская, Першамайская Гэтая нялюдская, прадыктаваная невуцтвам і маральным убоствам практыка працягвалася да нядаўняга часу. Ад старажытных пазнак Мінска амаль ні следу не засталося На пачатку 90-х некалькі назваў вярнулі: Раманаўская Слабада, Залатая горка, Гарадскі вал, Кальварыйская Якія цудоўныя назвы!.. Але ў 1994-м гэтая мудрая ініцыятыва воляй вялікіх «патрыётаў» спынена.
2002Хто зацікаўлены?
Хто зацікаўлены?
Гэта ж трэба ўмець выгнаць з Беларусі самага выдатнага эстраднага спевака апошняга часу Яраслава Еўдакімава! Выдатнага па прыгажосці голасу, па непаўторнасці тэмбру, па ўзроўні майстэрства І хто ж гэта зрабіў? Хто пастараўся? Хто быў зацікаўлены, каб пазбавіць Беларусь, беларускіх аматараў песні такога яркага, рэдкай таленавітасці, рэдкай абаяльнасці спевака? Хто?
Маўчанне. Поўнае маўчанне. Як бы нічога не здарылася. Ну не стала і што? У нас такіх хоць гаць гаці. Вось, калі ласка: Адам Скрыгітайла, Мікола Сіпайла, Антось Заікайла, Алесь Хрыпач
Дзесяць гадоў таму прымусілі паехаць за акіян Валянціну Пархоменка рэдкага прыроднага дару спявачку, выканаўцу беларускіх народных песень. Ну і кім жа замянілі? Ах, замянілі? Ну так! На яе месца прыйшлі: Дуся Піскляўка, Люся Гугняўка, Муся Гундоска
З чыёй жа «ласкі», з чыёй волі, з чыйго загаду пакідаюць Беларусь лепшыя з лепшых? Каму на карысць-выгаду?
Маўчанне. Поўнае маўчанне.
10. XI.2002Павіншуймася, браткі!
«Галоўная пастаўшчыца прастытутак для Еўропы Беларусь. На першым месцы!»
Ну вось, выйшлі нарэшце на першае месца і мы. Ёсць галіна, у якой беларусы апярэдзілі ўсіх астатніх.
І самыя танныя прастытуткі ў свеце ад нас, нашы. І самыя паслухмяныя, пакорныя, «безропотные».
Іншыя хоць куды горшыя целам дык вунь колькі грошай патрабуюць за сеанс, а беларускія прыгажуні Ды ім жа цаны няма! Ды яны ж і тут як цноткі, як петнастоўкі, такія сарамлівыя, як першы раз, а аддаюцца за паўцаны і нават за трэць цаны.
Ну і якое ж гора іх прымусіла? І хто ж гэта іх так выхаваў? Чаму ж гэта ніхто ў свой час ім не растлумачыў, як трэба трымацца жанчыне такой прыгажосці! І наогул як трэба трымацца жанчыне!..
Дык павіншуймася, браткі! На першае месца выйшлі!..
14. XII.2002Свята Перамогі
Па тэлевізары паказалі шэсце герояў Перамогі. Некалькі чалавек старых і зусім састарэлых удзельнікаў ВАВ. А ўсе астатнія ветэраны Савецкай Арміі: дзябёлыя, здаровыя, бравыя генералы і палкоўнікі, якім ледзь пераваліла за шэсцьдзясят, або толькі падбіраецца пад шэсцьдзясят. Гэта значыць, нарадзіліся або ў 1941-м, або ў 19451946-м, пасля Перамогі. Пра Вялікую Айчынную ведаюць па кнігах і кінафільмах. Ды па песнях той пары.
Дарэчы аб песнях. За ўсю перадачу пра свята прагучалі толькі дзве песні і абедзве не беларускія. Ну хоць бы адна з дзвюх беларуская! Браткі беларусы, ці чуеце? Ну хоць адна песня, хоць паўпесні, хоць чвэрць песні можа быць беларускай? У Беларусі. У вашай Беларусі. Дзе вы нарадзіліся і пражылі жыццё. Дзе змагаліся супраць чужынцаў-ворагаў Як жа гэта здарылася, браточкі і сястрыцы?
2005У эпоху сурагатаў
Ідзе звыродны працэс прафанізацыі і люмпенізацыі нацыянальнай літаратуры, музыкі, мастацтва. Сапраўдны клопат аб духоўнай культуры падмяняецца паказухай, мімікрыяй клопату, прычым усё гэта дзеецца на нейкім плебейскажабрацкім узроўні. У такіх умовах і плодзяцца няшчасныя «тоже писатели», графаманы набываюць прызнанне, аграбаюць прэміі, пралазяць у кіраўнічыя органы творчых саюзаў, у розныя журы і камітэты. Усё гэта мітусня, за якою хаваецца творчая пустата, «адсутнасць прысутнасці». Падобна, што крытэрыі мастацкасці скора будуць зведзены на нішто. Ідзе масавая фабрыкацыя «мастацтва», напрыклад, эстрадных песень. Нейкая суцэльная самадзейнасць. І ўсё гэта прымаецца за норму. Бяда! Вялікая бяда, браточкі!..
2009Што з намі?
Так, гэта быў звышпадхалімаж з аднаго боку і агідны старэчы маразм з другога. Членскі білет 1 Саюза пісьменнікаў СССР і Ленінскую прэмію па літаратуры ўручылі Брэжневу. І ён прыняў! Як належнае! Як заслужанае! Якой жа маральнай пачварай трэба быць, каб пайсці на такое?!
І ніхто з пісьменнікаў не абразіўся, ніхто не выйшаў у знак абразы з СП! Што з намі? Быць у СП, дзе галоўным пісьменнікам Л. І. Брэжнеў?
1981Гэта вырашыў сам Бог
Калі ласка, таварышок: будзем тут жыць на роўных. Толькі не дыктуй мне. Бо ты прыехаў сюды колькі гадоў назад і заўтра можаш паехаць адсюль (ці мала прычын для гэтага, ну, скажам, недзе людзі жывуць лепш), а я тут жыву паўтараю: а я тут жыву ўжо тысячу, а можа, і больш за тысячу гадоў і нікуды адсюль паехаць не змагу ніколі! Паміраць буду ад голаду, ад пакут, ад роспачы, але не паеду, бо калі паеду, зеду, уцяку я тады канец, бо павінен быць хоць адзін, хто не ўцячэ каб усе іншыя нашы суродзічы паверылі ў нашу праўду, усе, што жывуць тут, на роднай зямлі, таксама тысячу гадоў. І не ў тым рэч, што мне адведзеная нейкая асобая місія, зусім не ў тым. Я, можа, самы звычайны, самы шараговы жыхар краіны, але я той, што не зедзе адсюль ніколі, той, што будзе жыць і працаваць, колькі Бог дасць здароўя, тут і толькі тут! Чаму? Не ведаю? Гэта не мне рашаць, гэта вырашана для мяне. Гэта вырашыў за ўсіх нас Бог калі займаўся рассяленнем людзей на зямлі і даваў запавет, каб не дурнелі і не ператвараліся ў быдла мы.