Кожнае каханне па-свойму трагічнае і цудоўнае. У ім усё: радасць чакання, шчасце сустрэч, боль расстанняў. І неразуменне адно аднаго. І безвыходнасць. І фатальнасць, калі доля быццам гуляе ў хованкі з тваім шчасцем
Для ўкраінкі Марусі Чурай яе каханне закончылася найтрагічней, найстрашней здрадай самага жаданага чалавека, яго смерцю, абвінавачваннем у гэтым яе, турмой, судом, яе смерцю Грыц стаяў абедзвюма нагамі на зямлі і не мог зразумець Марусю, якая лятала ў сваім небе, жыла ў свеце свайго кахання і творчасці. Кахаць яе было, пэўна, няпроста. Яна была для яго як нерасшыфраваныя пісьмёны. Дзяўчына, якая нарадзілася для песні, жыла з вялікай прагай да жыцця і творчасці, так і засталася самотнай сярод іншых і без таго, каго кахала Нават тады, у далёкім XVII стагоддзі, здрада каханай была звыклай, прыроднай, зразумелай справай для ўсіх. Яна, як і ў нашы часы, не асуджаецца амаль нікім. Гэта ж здрада не краіне, а каханай!.. Прыкра, шкада і няправільна
І табе няважна, ці сапраўды яна жыла там, у той часавай прасторы, ці рэальная яна гістарычная асоба, ці проста дзяўчына з легенды Сугалоссе часоў і доляў людскіх, пазачасавасць вечных каштоўнасцей. Такіх як годнасць, любоў, уваскрэсенне душ, збавенне ад зямнога тлену і ўменне жыць сярод зорак. Але там, у гэтай сумнай аповесці, быў яшчэ адзін мужчына. Не Грыц, а Іван Іскра. Які абараняў яе і ратаваў. Двое блізкіх па сваёй сутнасці людзей, народжаных адзін для адно, фатальна раздзелены, і ім ніколі не суджана быць шчаслівымі ўдваіх
Філасофія сутнасці жаночага і мужчынскага пачаткаў быць разам. І, мабыць, толькі дзякуючы гэтаму можна выбрацца з лабірынта бясколернасці і манатоннасці жыцця, і менавіта любоў пазбавіць, уратуе ад сіроцтва і бяздомнасці сэрца.
І пры гэтым моцнае каханне часцей за ўсё застаецца непадзеленым і прыводзіць да балючага канца.
Але ж ні адно з іх, па вялікім рахунку, не безнадзейнае, яно заўсёды дабро і шчасце Мужчын таксама трэба паважаць, а не толькі любіць. Яны таксама жывыя і больш непрадбачлівыя, загадкавыя і чуйныя істоты, чым нам здаецца.
І ці патрэбна ім наша ахвярнасць? Мужчына ж не храм і не алтар. Лепей даць яму мажлівасць жыць і дыхаць. І самой жыць поруч, калі ён хоча гэтага. І каб абдымкі твае не душылі яго. І не прэтэндаваць на галоўную ролю ў яго жыцці. Трэба, мабыць, змірыцца з тым, што ты будзеш на чацвёртым месцы пасля справы, футбола, сяброў. Што ж, месца даволі пачэснае. І не трэба рабіць з адносін карыду. Мабыць, у кожнага павінна быць свая запаведная тэрыторыя і яшчэ адна агульная. Калі ты пераносіш усе свае жыццёвыя інтарэсы ў яго (бо па-іншаму проста не можаш), ён пачынае палохацца. Ён пачынае стамляцца ад гэтага. Для жанчыны ў каханні няма межаў, для яго ёсць.
Можа, лягчэй ставіцца да ўсяго? Як да самай азартнай, захапляючай гульні?..
Ты ляжыш, ты не спіш, ты перагортваеш старонкі сваёй долі, якая так падобна да долі кожнай Ты пішаш начную аповесць свайго кахання, якое нясеш столькі гадоў, знаходзіш яго і страчваеш А потым зноў пачынаеш верыць у яго і чакаць І яно заўсёды зноў прыходзіць нечакана
Вялікае варяцтва сэрца пачынаецца нечакана. Раптам ты разумееш, што ён гэта ён. А ўсе іншыя чужыя. Увесь свет звужаецца ў нейкі асляпляльны бялюсенькі пучок праменняў, і ў ім яго імя, жыццё і словы. З гэтага часу ён абрэвіятура Сусвету. Ты пачынаеш разумець: няма іншага твару, вачэй, якія мелі б такую магічную ўладу над табой і ўсім, што ты робіш. Кожны твой жэст і ўздых цяпер яму. Сэрца варяцее, ты дастаеш яго, кладзеш на далонь, працягваеш: «Бяры яно тваё. Не трэба абяцаць, што будзеш кахаць мяне вечна. Кахай цяпер. Я ведаю: ты загубіш мяне, а я цябе. Але гэта будзе потым. А цяпер, зараз мяне захліснула хваля пяшчоты, і яна з мяне перацякае ў цябе. Ёсць толькі воблака жадання, і хочацца музыкі дотыкаў».
Табе ўжо сорак пяць. І ты зноў трапіла ў гэтую пастку.
«звычайны вечар на раздарожжы калі сустрэчу вясна варожа і абяцае ўсім каханне і нават каву ўсю ноч да рання анёл русявы пастукаў у дзверы мне на забаву а мо для веры».
Ён і праўда Анёл. Таварыш акцёр год таму запрасіў яго ў тэатр (лішнія грошы ніколі не зашкодзяць) у масоўку. Для спектакля патрэбна было шмат анёлаў: рэжысёр ставіў нейкую «Нябоскую камедыю». Тэксту усяго тры словы. Трэба было рабіць дзве рэчы: лапатаць крыламі і быць прыгожым. Ён быў «пятым анёлам злева» хуліганам, змоўшчыкам і мілым інтрыганам.
Ружова-блакітныя пушынкі бутафорскіх крылаў лезлі яму ў рот, давялося шмат лазіць па нейкіх лесвіцах, лятаць у паветры і «страляць» з аўтамата Калашнікава. Той, хто можа рабіць усё гэта амаль штовечар падчас цэлага тэатральнага сезона за мізэрную плату, сапраўдны Анёл
Ружова-блакітныя пушынкі бутафорскіх крылаў лезлі яму ў рот, давялося шмат лазіць па нейкіх лесвіцах, лятаць у паветры і «страляць» з аўтамата Калашнікава. Той, хто можа рабіць усё гэта амаль штовечар падчас цэлага тэатральнага сезона за мізэрную плату, сапраўдны Анёл
Ты зноў трапіла ў пастку, зноў ашукалася і пагналася за чарговым, мабыць, міражом. Ну і што з гэтага? Ты ж шчаслівая. Цяпер і сёння. I love you, Анёле!
У сорак пяць ты пачала жыць з водарам авантурызму, забегла ў чужое юнацтва ён маладзейшы за цябе на дзесяць гадоў і на столькі ж старэйшы за твайго сына. «Оля-ля, што ты робіш?» гаворыць табе тваё «дзённае» сэрца. А «начное»: «Усё нармальна». «Дзённае»: «Табе не сорамна?» «Начное» ў адказ: «Ніколечкі! Адчапіся!»
Рацыянальны, прагматычны сын неяк мякка заўважыў: «Ты ж ведаеш, ма, што такія раманы, такія шлюбы недаўгавечныя. Я не хачу, каб табе зноў было балюча». Пра шлюб і гаворкі няма. Ты ўжо была там, і табе не вельмі спадабалася. А пачуцці не лічбы, не падручнік па матэматыцы. І не трэба думаць пра дрэннае: усе думкі матэрыялізуюцца. Ды і да здрад мне не прывыкаць. Не хвалюйся, сынок! Усё будзе нармальна! Проста так сталася. Узрост ніколі не абараняе нас ад кахання, але каханне абараняе нас ад узросту. Усё, што будзе, будзе потым. Усё калісь выплачацца, выкрычыццаЯ ўсё ведаю.
«ой сцеражыся я ж не анёлка ў зжаўцелым жыце я перапёлка ой мама мама я зваряцела хіба наслана сама ж хацела бяду такую ды ад кахання Анёл цалуе ўсю ноч да рання напэўна трэба такая згуба лятаць у небе з Анёлам любым»
Але ж ты ты не хапаешся за яго, як за ратавальную саломінку, не спрабуеш выглядаць маладзейшай, чым ёсць. Ну, калі шчыра, спачатку гэта трошкі было Твой распарадак дня быў падобны да распарадку якой-небудзь кіназоркі.
7.00 подзвіг (пад подзвігам меліся на ўвазе зарадка і водныя працэдуры халодны душ і ўсё такое іншае).
16.1 зайсці ў «Імідж» да Ірыны і зрабіць стыльную прычоску.
Пасля 18.00 не есці (у цябе на кухні нават вісеў лозунг вялікімі літарамі «Не смей есці!»).
Ты пажыла так з тыдзень, а потым закінула гэты распарадак у вядро для смецця
Можа, ты выпакутавала пад вечар сваёй долі такое каханне
Хто ведае Можа, Бог нарэшце злітаваўся і даў табе менавіта яго, такога няспынна-вясёлага, шчырага, нечакана-здзіўляючага, непаседлівага, з дзіцячай усмешкай, з доўгімі залаціста-попельнымі валасамі, якія рассыпаюцца па падушцы, разліваюцца, як адтопленае малако. Табе, нарэшце, падаравалі трошкі харошага (бо дрэннага было значна больш перад гэтым).
Табе хораша слухаць дождж, плакаць разам з ім светлымі слязьмі і чакаць Анёла. Бо ён заўжды прыходзіць, быццам з нябеснай брамы, ды яшчэ з апельсінам
Бессаромнасць неабмежаваных жаданняў і цнатлівыя дотыкі (і бабка-варожка не адшэпча ад іх, ад яго). Зачыніўшы ўсе дзверы і адключыўшы тэлефон, вы лятаеце ўдваіх над грэшнай зямлёй. Такі сабе хатні «Дэкамерон». Гіпсавая ружа расцвітае на сцяне і яшчэ больш ружавее ад вашых абдымкаў Бо ты ж жывая, а не статуя святой з белага мармуру Вочкі галандскага маленькага кактуса падміргваюць (на тваіх падваконнях жывуць менавіта яны, а не герані брэнд самотнай старэнькай жанчыны, але ж калісь дажывеш і да герані).
Калі вы стоміцеся жыць у сваім «Дэкамероне», у сваёй шкатулцы шэптаў і дотыкаў, вы ідзяце да людзей «у народ». Ён возіць цябе па ўсіх іпадромах, якія толькі ёсць у рэгіёне, бо лічыць каня найпрыгажэйшай істотай на зямлі
У дзень твайго нараджэння пад тваім балконам спявалі Перо і Каламбіна ў карункавых каўнярах. З клетак выляталі галубы. Вось ён твой пясочны гадзіннік. Усё проста!
Ты ўжо збілася з ног у пошуку свайго сапраўднага, адзінага, сваёй палавінкі (як і кожная), і раптам ён зявіўся! Можа, ты зноў памыляешся, як і раней
Але ж размова пакуль не пра гэта. Так, можа калісь вы разлучыцеся Але ж зноў! размова пакуль не пра гэта. Яшчэ рана. Яшчэ не час. Пакуль вы ўдваіх ты і ён шчаслівыя І вам не стае часу для размовы, для жартаў, для пацалункаў Цэйтнот.
Так, калісь, напэўна, ён вырашыць нарэшце ажаніцца з маладой і прыгожай, якой не патрэбны агурковыя маскі і плакаты «Не смей есці!». І яна народзіць яму сына або дачку. І ўсё будзе добра. Усё пакоціцца па сваіх рэйках. Яму зноў быць шчаслівым толькі з іншай. Табе успамінаць Але ж гэта будзе потым, пазней. Яшчэ не час. І гэта ўсё выкрычыш Хіба ж ты першая, што рвала маліну ў чужым маладым садзе?