Я не сцвярджаю, што шмат пра тое ведаю, але мне здаецца, усім гэтым аматарам рэлігіі не зашкодзіла б прачытаць кніжку, у якой сказана: Пакінь мёртвым хаваць сваіх памерлых.
Вось толькі, на жаль, усё менавіта так, як і выглядае, з уздыхам сказала яго жонка. Як нейкая жудасная гісторыя пра мерцвяка, што зноў і зноў бясконца хавае іншага такога ж, як ён.
Бура нас абышла, сказаў Рамэйн з даволі загадкавай усмешкай. Усё ж не давядзецца вам наведваць гэты негасцінны дом.
Жанчына раптам скаланулася.
О, гэтага мне больш не трэба! усклікнула яна.
Мэлаў пільна паглядзеў на яе.
Больш? А вы ўжо спрабавалі? спытаў ён.
Ну, аднойчы, сказала яна з лёгкасцю, але не без ценю гонару. Не варта нам пра гэта ўспамінаць. Дождж скончыўся, і здаецца, нам лепш вяртацца да аўто.
Яны рушылі гужам, які замыкалі Мэлаў і генерал, і апошні раптам сказаў, сцішыўшы голас:
Не хачу, каб гэты дробны хам Кокспэр чуў, але раз вы пыталі, то лепш вам ведаць. Гэтага я Марну не дарую, хоць і думаю, што гэта манахі яго падвучылі. Мая жонка, якая была яму ў Амерыцы найлепшым сябрам, і праўда хадзіла ў той дом. Ён у той час шпацыраваў па садзе. Ён глядзеў сабе пад ногі, як манах, схаваўшыся пад чорным капюшонам. Смяхотны, быццам у масцы. Яна перадала ў дом візітоўку, а сама стаяла і чакала проста на яго дарозе. І ён прайшоў міма яе ні слова, ні позірку, быццам яна камень. Гэта быў не чалавек, а нейкая жахлівая машына. Яна магла прыняць яго за труп.
Усё гэта вельмі дзіўна, няўпэўнена сказаў хлопец. Гэта ўсё не тое не тое, чаго можна было б чакаць.
Пасля гэтага даволі сумнага пікніка малады містэр Мэлаў з сурёзнымі думкамі заняўся пошукамі аднаго свайго сябра. Ён не знаў ніводнага манаха, але сярод яго знаёмых быў святар, якога ён вельмі захацеў азадачыць цікавым адкрыццём, што сёння зрабіў. Ён адчуваў, што таму было б вельмі цікава разабрацца ў нядобрых прымхах, якія сабраліся над домам Марнаў чорнай хмарай, як тая, што праплыла над асабняком у той дзень на яго вачах.
Некалькі разоў яго адпраўлялі то ў аднаго месца, то ў другое, і ўрэшце ён асачыў айца Браўна ў доме іншага свайго сябра, рыма-каталіка з вялікай сямёй. Ён уляцеў у пакой і ўбачыў, як айцец Браўн сядзіць з сурёзным тварам на падлозе і намагаецца прышпіліць рабаваты капялюш ад васковай лялькі на галаву плюшаваму мядзведзіку.
Мэлаў адчуў лёгкі дысананс, але быў занадта заклапочаны ўласнай праблемай, каб адкладаць размову. Ён не мог цвёрда стаяць на нагах ад расчаравання, што стала вынікам доўгага падсвядомага працэсу. Ён вываліў трагедыю роду Марнаў ад пачатку і да канца ў тым выглядзе, у якім пачуў яе ад жонкі генерала, а таксама пераказаў большасць каментароў самога генерала і газетнага магната. Калі прагучала імя Кокспэра, канцэнтрацыя ўвагі ў пакоі неяк павысілася.
Айцец Браўн не ўсведамляў, што яго паводзіны могуць выглядаць камічна, дый не надаваў гэтаму значэння. Ён па-ранейшаму сядзеў на падлозе і са сваёй вялікай галавой і кароткімі нагамі дужа нагадваў малога, што гуляецца з цацкамі. Але яго вялізныя шэрыя вочы набылі выраз, які можна было ўбачыць у вачах многіх людзей за дзевятнаццаць стагоддзяў гісторыі. Што праўда, зазвычай тыя людзі сядзелі не на падлозе, а пры стале на нарадзе, ці ў крэсле на сходзе, або на епіскапскім ці кардынальскім троне. Скіраваны ўдалечыню, пільны позірк, цяжкі ад пакоры перад завялікай для чалавека адказнасцю. Такі трывожны позірк некуды за далягляд можна ўбачыць у маракоў ды яшчэ ў тых, хто прайшоў праз шмат штормаў на караблі святога Пятра.
Як добра, што вы мне пра гэта расказалі, сказаў ён. Праўда, я страшна ўдзячны, бо з гэтым нам, відаць, нешта давядзецца рабіць. Калі б гаворка была толькі пра такіх людзей, як вы з генералам, то ўсё магло б застацца справай прыватнай, але паколькі сэр Джон Кокспэр збіраецца ўзняць гвалт у сваіх газетах анягож, ён жа аранжыст з Таронта, дык і нам не выпадае заставацца ўбаку.
Але што вы на гэта ўсё скажаце? узрушана спытаў Мэлаў.
Перш за ўсё я на гэта скажу, прамовіў айцец Браўн, што тое, як вы гэта падаяце, да праўды не падобнае. Дапусцім выключна дзеля дыскусіі, што мы і праўда ўсе змрочныя крывасмокі і дарэшты разбураем людское шчасце. Дапусцім, я змрочны крывасмок, ён пачухаў нос мядзведзікам, але пачаў усведамляць недарэчнасць сваіх паводзінаў і адклаў яго. Дапусцім, мы разбураем усе асабістыя і сямейныя повязі. Навошта нам ізноў распальваць у чалавеку старую сямейную прыхільнасць у той момант, калі ён пачынае паказваць прыкметы выбаўлення ад яе? Вядома ж, не зусім справядліва адначасова абвінавачваць нас у тым, што мы разбураем повязі і тут жа тыя самыя захапленні заахвочваем. Не разумею, адкуль нават рэлігійны маньяк мог бы мець такую манію, а таксама як рэлігія можа гэтую манію павялічыць, за выключэннем таго, каб асвятліць яе промнем надзеі.
І пасля паўзы ён дадаў:
Я б хацеў пагутарыць з гэтым вашым генералам.
Гэта яго жонка расказала, сказаў Мэлаў.
Так, быў адказ, але мне больш цікава, пра што змаўчаў ён, а не што расказала яна.
Вы мяркуеце, што ён ведае больш за яе?
Мяркую, яму вядома больш, чым яна расказала, адказаў айцец Браўн. Вы кажаце, ён абмовіўся, што дараваў бы ўсё, толькі не грубасць да яго жонкі. Зрэшты, а што яму яшчэ дараваць?
Айцец Браўн устаў, абтрос сваю бясформенную вопратку і так і стаяў ды глядзеў на хлопца напружаным, злёгку збянтэжаным позіркам. Праз момант ён павярнуўся, узяў свой не менш бясформенны парасон і вялікі пацёрты капялюш і патупаў па вуліцы.
Ён мінуў не адну шырокую вуліцу і плошчу, пакуль не прыйшоў да прыгожага старасвецкага дому ў Вест-Эндзе, дзе спытаў слугу, ці можна пабачыцца з генералам Аўтрэмам. Кароткая дзяжурная размова і яго ўрэшце правялі ў кабінет, дзе кнігі саступалі па колькасці мапам і глобусам. У ім сядзеў лысы англа-індыец з чорнымі бакенбардамі, курыў доўгую тонкую цыгару і гуляўся са шпількамі на мапе.
Даруйце, што ўрываюся, сказаў святар, асабліва таму, што маё ўварванне мяжуе з умяшаннем у ваш занятак. Я хачу абмеркаваць з вамі прыватную справу, але выключна ў спадзяванні, што яна і застанецца прыватнай. На жаль, здаецца, ёсць людзі, якія хочуць зрабіць яе публічнай. Генерал, мяркую, вы ведаеце сэра Джона Кокспэра.
Маса з чорных вусаў і бакаў старога генерала служыла ніжняй частцы яго твару як бы маскай. Ніколі нельга было разгледзець, ці не ўсміхаецца ён, але ў яго карых вачах часта загараўся агеньчык.
Я думаю, яго ведаюць усе, сказаў ён. Я не надта добра з ім знаёмы.
Але ж вам вядома, што калі ён нешта ведае, то пра гэта дазнаюцца ўсе, з усмешкай сказаў айцец Браўн, калі ён лічыць, што тое выгадна надрукаваць. І са словаў свайго сябра, містэра Мэлаў, якога, думаю, вы таксама ведаеце, я дазнаўся, што сэр Джон збіраецца надрукаваць некалькі гарачых антыклерыкальных артыкулаў, заснаваных на Таямніцы Марнаў, як ён гэта называе. Манахі даводзяць маркіза да варяцтва і гэтак далей.
Калі друкаваць іх будзе ён, адказаў генерал, дык не разумею, нашто вы з гэтай праблемай прыйшлі да мяне. Мушу вас папярэдзіць, я заўзяты пратэстант.
Я вельмі прыхільна стаўлюся да заўзятых пратэстантаў, сказаў айцец Браўн. Я прыйшоў да вас, бо быў упэўнены, што вы раскажаце мне праўду. Спадзяюся, з майго боку не будзе празмернай жорсткасцю сказаць, што я не настолькі ўпэўнены ў сэру Джону Кокспэру.
Карыя вочы яшчэ раз міргнулі, але генерал нічога не адказаў.
Генерал, сказаў айцец Браўн, уявіце, што Кокспэр ці нехта да яго падобны збіраецца раззваніць на ўвесь белы свет абразлівыя байкі пра вашую краіну і ваш сцяг. Уявіце, што ён сказаў, што ваш полк уцёк з поля бою або што ваш штаб прадаўся ворагу. Ці дапусцілі б вы, каб нешта стала паміж вамі і фактамі, здольнымі яго абвергнуць? Хіба ж вы не знайшлі б праўду любой цаной? Дык вось, у мяне ёсць полк, і я належу да арміі. Іх дыскрэдытуюць гісторыяй, якая, я перакананы, ёсць хлуснёй, але як усё было насамрэч, мне невядома. Ці папракняце вы мяне за тое, што я намагаюся ў гэтым разабрацца?
Вайсковец маўчаў, і святар працягваў:
Я чуў гісторыю, якую ўчора расказалі Мэлаў: як Марн з разбітым сэрцам аддаліўся ад свету пасля смерці таго, хто быў яму бліжэйшы за брата. Я ўпэўнены, што гэта не ўсё. Я прыйшоў спытаць вас, ці вядома вам што-небудзь яшчэ.
Не, каротка сказаў генерал. Больш я вам расказаць не магу.
Генерал, сказаў айцец Браўн з шырокай усмешкай, калі б я паспрабаваў адказаць гэтак двухсэнсоўна, вы б назвалі мяне езуітам.
Ваяка хрыпла засмяяўся, а пасля рыкнуў нашмат больш варожа:
Што ж, тады проста не раскажу. Што вы скажаце на гэта?
Скажу, мякка адказаў святар, што ў такім разе мне давядзецца расказаць вам.
Карыя вочы ўтаропіліся ў яго, але цяпер у іх не было агеньчыка. Айцец Браўн працягваў:
Вы прымушаеце мяне тлумачыць бадай не так спагадліва, як маглі б, чаму ў мяне няма сумневаў, што за гэтай гісторыяй хаваецца нешта яшчэ. Я цалкам упэўнены, што ў маркіза ёсць больш значная прычына паглыбіцца ў сябе і схавацца ад людзей, чым проста страта старога сябра. І я сумняюся, што святары маюць да яе дачыненне. Я не ведаю нават, навярнуўся ён у каталіцызм або проста суцяшае сумленне міласцінай, але я пэўны, што гэта не проста жалоба. Паколькі вы настойваеце, я назаву вам некалькі прычын, што прымушаюць мяне так думаць. Па-першае, сцвярджалася, што Джэймс Мэйр быў заручаны, але чамусь разышоўся з нявестай пасля смерці Морыса Мэйра. Нашто прыстойнаму чалавеку разрываць заручыны, калі ён проста смуткуе пра смерць некага іншага? Значна больш натуральна было б звярнуцца па суцяшэнне да нявесты, але ў любым разе правілы прыстойнасці абавязвалі яго прайсці праз усё з годнасцю.