На імгненне святло той жа срэбнай веліччу агарнула прынамсі адну з постацяў, нерухомую, як і вежы асабняка. Гэта была фігура высокага мужчыны, які стаяў на ўзгорку і такім чынам узвышаўся над іншымі, большасць з якіх сядзела на траве або збірала, схіліўшыся, посуд у кошык. На ім быў маляўнічы кароткі плашч ці накідка на срэбнай шпільцы з ланцужком, якая зоркай загарэлася, калі яе крануў сполах. У яго нерухомай фігуры было нешта металічнае, і гэтае ўражанне ўзмацнялася колерам дробных кудзерак на галаве бліскуча-жоўтым, можна сказаць, залатым. Здавалася, што аблічча яго старыць, бо пад яркім святлом, па-арлінаму прыгожае, яно выглядала злёгку зморшчаным і ссохлым. Магчыма, давала пра сябе знаць частае нанясенне грыму, бо Хюга Рамэйн быў найвялікшым акторам свайго часу. У момант сполаху залатыя кудзеры, бледная маска і срэбны арнамент заблішчэлі, як даспехі, а ўжо праз імгненне яго постаць стала цёмным, ці нават чорным, сілуэтам на фоне хваравіта-шэрага дажджлівага вечаровага неба.
Нерухомы, як статуя, ён меў у сабе нешта такое, што вылучала яго з групы, якая размясцілася вакол месца, дзе ён стаяў. Пры нечаканым пробліску святла ўсе астатнія постаці міжволі скалануліся, як звычайна бывае з людзьмі, бо, хоць неба і было зацягнутае, да гэтага часу навальніцы не было. Адзіная прысутная жанчына, якая відавочна ганарылася сваёй элегантнай сівізной і выдавала такім чынам сябе як сапраўдную амерыканскую гаспадыню, мімаволі заплюшчыла вочы і рэзка ўскрыкнула. Яе муж, генерал Аўтрэм, вельмі флегматычны англа-індыец, лысы, з чорнымі вусамі і старасвецкімі бакенбардамі, кінуў стрыманы позірк угору і стаў прыбірацца далей. Хлопец па імені Мэлаў, вялізны, сарамлівы, з карымі, як у сабакі, вачыма, упусціў кубак і нехлямяжа папрасіў прабачэння. Трэцяй асобай, значна больш франтаватай, з напорыстым тварам, што нагадваў морду пранырлівага тэрера, і старанна зачасанымі назад сівымі валасамі, быў не хто іншы, як газетны магнат сэр Джон Кокспэр. Ён бессаромна вылаяўся, хоць ужыў і не брытанскі выраз дый меў заўважны акцэнт, бо сам прыехаў з Таронта. Высокі ж мужчына ў кароткім плашчы стаяў у паўзмроку, зусім як статуя. Яго ярка асветлены арліны твар быў як бюст рымскага імператара, а высечаныя ў камні павекі не зварухнуліся.
Праз момант цёмны купал неба раскалоўся громам, і статуя няйначай ажыла. Чалавек зірнуў праз плячо і між іншым заўважыў:
Хвіліны паўтары паміж сполахам і громам, але навальніца, здаецца, набліжаецца. Дрэва не надта добрае сховішча ад маланкі, а месца, дзе можна схавацца, нам хутка спатрэбіцца, калі будзе дождж. Думаю, будзе зліва.
Хлопец трохі трывожна зірнуў на лэдзі і спытаў:
Няўжо няма дзе схавацца? Вунь там, здаецца, дом.
Там сапраўды дом, змрочна адрэагаваў генерал, ды толькі не надта гасцінны.
Цікава ж выйшла, сумна адказала яго жонка, што мы трапілі пад навальніцу, і адзіны ў наваколлі дом гэты.
Нешта ў яе тоне быццам выпрабоўвала хлопца, у якім спалучалася чуллівасць і здольнасць разумець, але спадара з Таронта тое зусім не бянтэжыла.
Што з ім не так? спытаў ён. На выгляд амаль руіны.
Гэты асабняк, суха адказаў генерал, належыць маркізу Марну.
Ого! сказаў сэр Джон Кокспэр. Я чуў пра гэтага фрукта не раз, той яшчэ дзівак. Летась прысвяціў ягонай гісторыі першую паласу ў Комет. Нікому не вядомы маркіз.
Але, я таксама пра яго чуў, напаўголасу сказаў малады Мэлаў. Якіх толькі баек не расказваюць пра тое, чаму ён так хаваецца. Я чуў, што ён носіць маску, бо шалудзівы. А нехта казаў мне, што на яго сямі ляжыць праклён, дзіця нарадзілася з нейкай страшэннай выродлівасцю, і яго хаваюць у цёмным пакоі.
У маркіза Марна тры галавы, на поўным сурёзе заўважыў Рамэйн. Раз на тры стагоддзі іх генеалагічнае дрэва аздабляе трохгаловы маркіз. Ніхто не насмельваецца набліжацца да праклятага дома, акрамя маўклівай чарады шапавалаў, якіх пасылаюць, каб забяспечыць сямю неверагоднай колькасцю капелюшоў. Але, і яго інтанацыя зрабіла адзін з тых глыбокіх і страшных паваротаў, што выклікалі такое захапленне ў тэатры, сябры мае, людзі капелюшоў такой формы не носяць.
Амерыканка пахмура паглядзела на яго з лёгкім ценем недаверу, быццам той фокус з голасам мімаволі ўзрушыў яе.
Мне не даспадобы вашыя агідныя жарты. сказала яна, У любым разе, я б папрасіла вас больш так не жартаваць.
Слухаю і падпарадкоўваюся, адказаў актор, але ці забаронена мне, як Лёгкай брыгадзе ў вершы Алфрэда Тэнісана, нават пацікавіцца, у чым прычына?
Амерыканка пахмура паглядзела на яго з лёгкім ценем недаверу, быццам той фокус з голасам мімаволі ўзрушыў яе.
Мне не даспадобы вашыя агідныя жарты. сказала яна, У любым разе, я б папрасіла вас больш так не жартаваць.
Слухаю і падпарадкоўваюся, адказаў актор, але ці забаронена мне, як Лёгкай брыгадзе ў вершы Алфрэда Тэнісана, нават пацікавіцца, у чым прычына?
Прычына, адказала яна, у тым, што ён не нікому не вядомы маркіз. Я сама знаю яго, ці, прынамсі, была з ім вельмі добра знаёмая трыццаць гадоў таму, калі мы ўсе былі яшчэ маладымі, а ён служыў аташэ ў Вашынгтоне. І ён не насіў маскі, прынамсі, не пры мне. Ён не быў шалудзівым, хоць, можа, і быў нагэтулькі ж самотным. Ён меў толькі адну галаву і ўсяго адно сэрца, і яно было разбітае.
Ну вядома ж, няшчаснае каханне, сказаў Кокспэр. Я б такое надрукаваў у Комет.
Напэўна, для нас гэта мусіць быць кампліментам, задуменна адказала яна, калі вы думаеце, што разбітае мужчынскае сэрца заўсёды справа рук жанчыны. Але любоў і смутак бываюць рознымі. Вы ніколі не чыталі In Memoriam Тэнісана? Ніколі не чулі пра Давіда і Іянафана? Гаротнага Марна зламала смерць брата. Папраўдзе, той быў яму стрыечны брат, але яны выхоўваліся разам, як родныя, і былі адзін аднаму бліжэйшымі за многіх родных. Джэймс Мэйр, як звалі маркіза, калі мы былі знаёмыя, быў з іх старэйшы, але ён заўсёды абагаўляў Морыса Мэйра. І калі верыць яго расказам, Морыс Мэйр сапраўды быў цудам. Джэймс быў зусім не дурань і меў вельмі добрыя поспехі ў сваёй галіне палітыцы, але Морыс, здаецца, мог займацца і гэтай, і любой іншай справай: ён быў бліскучым мастаком, акторам-аматарам, музыкам чаго ён толькі не рабіў. Сам Джэймс быў вельмі прыгожы высокі, дужы і энергічны, прамы грэцкі нос Але мне здаецца, маладыя людзі маглі б палічыць, што з гэтай барадой, якая па-віктарыянску раздзялялася на кашлатыя бакенбарды, ён выглядае занадта эксцэнтрычна. А вось Морыс галіўся гладка і, мяркуючы па партрэтах, якія мне паказвалі, выглядаў проста чароўна, хоць і быў занадта падобны да опернага тэнара, што не ўпрыгожвае джэнтльмена. Джэймс зноў і зноў прасіў, каб я адказала, ці не цуд яго сябар, ці ж не любая жанчына закахаецца ў яго і гэтак далей, пакуль ад гэтага не пачало ўжо нудзіць, ды толькі занадта хутка ўсё абярнулася трагедыяй. Было ўражанне, што гэтая манія запоўніла ўсё яго жыццё, і вось аднойчы ідал упаў і разбіўся, як фарфоравая лялька. Прастыў на моры і канец.
І пасля гэтага, спытаў хлопец, ён так ад усіх адгарадзіўся?
Спачатку ён паехаў за мяжу, адказала жанчына, пабываў у Азіі, на Канібалавых астравах і Бог ведае дзе. Розныя людзі па-рознаму пераносяць такія цяжкія ўдары. Для яго гэта вылілася ў адасабленне і разрыў з усім, нават са звычкамі і, наколькі гэта магчыма, з успамінамі. Ён не мог трываць напамінаў пра сваю старую прыхільнасць партрэтаў, гісторый і нават асацыяцый. Не вытрываў і арганізацыі вялікага публічнага пахавання. Яго цягнула прэч. Ён не вяртаўся дзесяць гадоў. Я чула, што пад канец свайго выгнання ён пачаў быў патроху папраўляцца, але варта было вярнуцца дадому, як адбыўся моцны рэцыдыў. Яго ахапіла рэлігійная хандра, а гэта ўжо практычна варяцтва.
Кажуць, трапіў у лапы папа́м, прабурчаў стары генерал. Ведаю, што ён тысячы аддаў, каб фундаваць манастыр, і сам жыве амаль як манах ці прынамсі самотнік. Не разумею, які яны ў гэтым бачаць сэнс.
Чортавы забабоны ўсё, фыркнуў Кокспэр, пра такое трэба пісаць. Вось чалавек, які мог прынесці карысць Імперыі і ўсяму свету, а гэтыя крывасмокі ўхапіліся і ўсе сокі з яго цягнуць. Іду ў заклад, яны са сваімі расказамі пра той свет нават ажаніцца яму не даюць.
Вашая праўда, ён так ніколі і не ажаніўся, сказала лэдзі. Шчыра кажучы, у час нашага знаёмства ён быў заручаны, але не думаю, што гэта хоць калі мела для яго вялікае значэнне, і ён забыўся пра нявесту, як і пра ўсіх іншых. Як у Гамлета і Афеліі ён не хоча любіць, бо не хоча жыць. Але я знала тую дзяўчыну, папраўдзе, знаю яе і цяпер. Між намі кажучы, гэта была Віёла Грэйсан, дачка старога адмірала. Яна таксама дагэтуль не выйшла замуж.
Вось жа паскудства! Чорт ведае што! усклікнуў сэр Джон, ускочыўшы. Гэта не проста трагедыя, гэта злачынства. Я маю абавязак перад грамадствам, і я хачу на ўласныя вочы ўбачыць увесь гэты абсурдны кашмар. У дваццатым стагоддзі Ён ледзь не задыхаўся ад абурэння. Памаўчаўшы, стары ваяка дадаў: