Уладальнiк Віктар Шніп
Калі цвіла чаромха
© Шніп В. А, укладанне, 2014
© УП «Мастацкая літаратура», 2014
© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016
Алесь Аляшкевіч
Вядзьмарка
Атрад ліцвінскіх вояў маўкліва скакаў па вузкай лясной дарозе, якая вужакай віляла сярод высокіх стройных соснаў. На чале вершнікаў ехаў у серабрыстых латах статны русавалосы князь Светавар. Па-леткаваму загарэлы мужны твар знатнага ваяра быў, нягледзячы на светлы сонечны дзень, панурым і задуменным. Колькі тыдняў таму ён са сваёй харугвай здзейсніў вылазку з Літвы ў землі Лівонскага ордэна ў адказ на леташні напад крыжакоў на Трокі радавое гняздо князя. Ліцвіны абклалі крыжацкі бург у Куроніі, але неўзабаве на дапамогу варожаму гарнізону падышоў са сцягамі сам лівонскі магістр. Пасля жорсткага няроўнага бою князь Светавар вымушаны быў адступіць ад сцен варожай цытадэлі. З рэшткамі дружыны ён пятляў па лясных дарогах і сцяжынах. За імі неадступна ішлі па пятах крыжакі. Перакрываючы ліцвінам зваротную дарогу на радзіму, яны прыціскалі дзёрзкіх вояў да неспакойных прахалодных водаў Варажскага мора, маючы намер давяршыць на ягоных стромкіх берагах іх канчатковы разгром.
Сонца ўжо схілілася да заходняга небасхілу, калі спацелыя ад летняй спякоты вершнікі нарэшце вырваліся з лясной засені на шырокі дол і іх зроку раптам адкрылася незвычайнае відовішча: доўгая блакітная паласа мора і перад ім на высокім пакатым пагорку, нібы тая скала, вялікае пасяленне, абгароджанае шчыльным завостраным частаколам. Гэта было паселішча жамойтаў даўніх хаўруснікаў Літвы, якія, нягледзячы на тое, што на іх землях цяпер уладарылі крыжакі, захоўвалі ўсё ж свае ўласныя звычкі і здабыткі. Дзесьці там за высокай сцяной частаколу і россыпам драўляных жылых забудоваў таіўся велічны паганскі храм багіні Аўштры ранішняй зары, жонкі наймагутнага Перуна. Само ж капішча нябеснага бога грому знаходзілася зараз у Троках, якімі валадарыў князь Светавар, і жыхары якога яшчэ зяўляліся напалову хрысціянамі і паганцамі.
Варта, што стаяла пры браме, яшчэ здалёк змеціла ліцвінскіх вершнікаў. Таму пры іх набліжэнні хутка расчыніла тоўстыя дубовыя створцы. І атрад паволі ўехаў ў пасяленне. Дапытлівыя жыхары ад малога да вялікага павалілі з прыземістых хат гурмой на вуліцу, узнёсла віталі гасцей на мясцовай мове:
Lietuviai! Draugai!.. Sveiki, drąsūs kariai! Sveiki, draugai!..[1]
Вершнікі неўзабаве прыпыніліся ля вялікага драўлянага дома, што стаяў у цэнтры жамойцкага пасялення. З яго да іх выйшаў у светлых строях пажылы сівы старэйшына. Спешыўшыся, князь Светавар зычліва павітаўся з мясцовым правадыром:
Labas diena![2] Рады вітаць цябе, мудры Кушніс, у тваім прыгожым паселішчы і бачыць цябе ў добрым гуморы і здароўі!
Su atvykstant![3] І я рады бачыць цябе, слаўны кунігас Трокаў! гучна мовіў у адказ пажылы жамойцкі ўладар на мове ліцвінаў. Якія-такія ветры занеслі цябе ў наш далёкі глухі закутак?
Ды ў паходзе я быў з харугвай у Куроніі, мудры Кушніс, хутка адказаў Светавар. Цяжкі бой выдарыўся. Ідуць зараз па нашых слядах крыжакі. Прашу на колькі дзён прытулку для сябе і вояў сваіх верных. Стаміліся мы моцна ў дарозе. Перадыхнуць і падсілкавацца б крыху воям і коням, набрацца сілы.
Сябрам мы заўжды радыя! прамовіў ветліва жамойцкі правадыр. Уладкуем тваіх вояў па дварах. Цябе ж, мужны кунігас, запрашаю прыпыніцца ў маім доме, адвячэраць і выпіць гарачага траўнага напою! Да таго ж у добры дзень завітаў ты да нас. Сёння ўвечары свята ў гонар нашай слаўнай нябеснай заступніцы Аўштры! Будзе высокае вогнішча!
Абавязкова наведаем капішча і ўскладзём да ног найсвятлейшай багіні свае шчырыя падарункі! гучна мовіў князь Светавар і, ступіўшы да старэйшыны, шчыра абняўся з ім, бо ведаў Кушніса яшчэ з тых часоў, калі той служыў сотнікам у бацькавай дружыне адсюль і ягоныя добрыя веды мовы хаўруснікаў.
Ліцвінскіх вершнікаў, якія спешыліся, пачалі разбіраць і разводзіць па дварах жыхары. Князь Светавар жа, даверыўшы баявога каня маладому слузе, прайшоў разам з Кушнісам у ягоны прасторны дом.
Вячэра ў старэйшыны зацягнулася да заходу сонца. Да капішча Аўштры, што знаходзілася непадалёк ад мора на ўскраіне сасновага бору, правадыры рушылі ўжо ў прыцемках ад пасялення да яго вяла ўтаптаная сярод прыбярэжных скал сцяжына. Гэта была велічная без страхі прамавугольная забудова з тоўстых бярвенняў, мо сто аршынаў у шырыню. Апынуўшыся ў храме, князь Светавар агледзеўся. Мясцовыя жыхары паступова напаўнялі шырокі ягоны ўнутраны двор, пакорна выстройваліся ўздоўж сцен. Пасярэдзіне ж капішча рос магутны разгалісты дуб. Прама перад ім узвышаўся велічны, ростам у тры чалавекі, ідал Аўштры. У руках багіня трымала бліскучую зорку. Перад ідалам месціўся нешырокі алтар, да якога вялі каменныя ступені. На ім ва ўнутраным паглыбленні сцяны палала вечнае непагаснае полымя, якое разам з факеламі на сценах асвятляла капішча. Натоўп па загадзе старэйшыны расступіўся, і неўзабаве на ўзвышшы перад алтаром зявіліся маладыя жрыцы-вайдэлоткі у белых палатняных кашулях і з кветкавымі вянкамі на галовах. Яны распачалі павольныя рытмічныя рытуальныя рухі пад нягучны спеў. Старая жрыца ў шэрым доўгім сарафане наблізілася да агню са збанам, падліла ў яго масляную вадкасць. Полымя тут жа заварушылася, сіганула яскравым стаўпом у неба. І раптам у ягоных залацістых промнях паўстала маладая статная вайдэлотка, у белых строях з распушчанымі густымі попельнымі валасамі, якая грацыёзна ўзышла па прыступках да статуя Аўштры. Князь Светавар міжволі пашырыў вочы. Ён упершыню назіраў такую непаўторную дзявочую прыгажосць. Стан маладой жрыцы быў настолькі гнуткі і рухі дасканалымі, ейны ж чысты беласнежны твар з выразнымі светлымі поўнямі праменіў такім непадкупным натхненнем і святлом, што здавалася гэта сама зорная багіня сышла з нябёс і ўвасобілася ў дзіўную вайдэлотку.
Жрыца, прыпыніўшыся ля ідала, азірнулася на натоўп, які схіліў свае галовы перад нябеснай апякункай ў пакоры. Позірк ейных вялікіх воч на імгненне з цікаўнасцю затрымаўся на знатным госці, што стаяў поруч са старэйшынам. Потым яна павярнулася да статуя, паволі апусцілася на калені і працягнула ўгору свае тонкія рукі.
Oі, didelis šlovingą deivė ryto Aušra! Mergelė žvaigždžių mūsų! паляцелі, бы песня, у неба шчырыя дзявочыя словы. Vietoje šito savo gailestingumą. Ne palikti vaikus tavo ištikimų vienus bėdoje ir vienatvėje. Nu jiems šviesa ir šiluma! Tegul užpildyti savo namuose duona ir meile!..[4]
Пранізлівыя ўзнёслыя прызывы жрыцы суправаджаліся рытмічнымі рухамі белых вайдэлотак і іх працяжнымі воклічамі: «Oі, didžioji ryto Aušra![5]»
Oі, didžioji ryto Aušra! гучна азываўся натоўп у капішчы.
Служэнне багіні доўжылася да першых яскравых зорак на пачарнелым нябесным прасцірадле. Па вяртанні ў дом старэйшыны князь Светавар доўга не мог змружыць павекі. Перад ягонымі вачыма стаялі выразныя віры вайдэлоткі, бы тыя празрыстыя веснавыя крыніцы, з якіх піў бы, здавалася, вечна. Яны прымушалі сэрца мужнага ваяра пачашчона біцца
Раніцой князь з тузінам узброенных вершнікаў скіраваўся ў лясны гушчар на паляванне, каб папоўніць для далёкай зваротнай дарогі дамоў прыпасы. Ім пашанцавала да поўдня адсачыць і забіць чатырох дзікоў. З багатай здабычай ён адаслаў вояў у пасяленне. Сам жа павярнуў каня ў бок капішча, што стаяла на ўскраіне бору. Дзесьці непадалёк ад яго месцілася жыллё вайдэлотак, і ў сэрцы князя варушылася тайная надзея сустрэцца з дзіўнай маладой жрыцай, якая так уразіла яго мінулым вечарам.
Гурт прыземістых драўляных хат, агароджаных частаколам, ён адшукаў сярод маладога густога зарасніку, што прымыкаў да бору. Ля іх бачыўся няспешны гаспадарчы рух прыслугі. Саміх вайдэлотак на падворку не было відаць. Колькі часу паназіраўшы яшчэ па-за частаколам за прыслугай, малады ваяр падаўся да мора, каб крыху асвяжыцца ў ягоных чыстых прахалодных водах ад душнай сонечнай спякоты, што стаяла на двары. Пакінуўшы каня ў зацені прыбярэжных скалаў, князь ступіў да падсвечанага промнямі спакойнага воднага блакіту і, узняўшы вочы, збянтэжыўся, міжволі замёр на месцы, бы той статуй. Крыху збоку ад яго ў моры пляскаліся маладыя жамойткі-вайдэлоткі голыя, з распушчанымі мокрымі валасамі. Забачыўшы няпрошанага госця, яны з крыкам пужліва выскачылі з вады на жоўтую пляму берага і, ухапіўшы адзенне, пабеглі да недалёкіх скалаў. У вадзе засталася толькі іхняя маладая правадырка-жрыца, якая па шыю адступіла ў водны блакіт і адтуль пазірала на знатнага ваяра сваімі смелымі марскімі бурштынамі.
Можа, высакародны кунігас нарэшце адвернецца, дазволіць беднай дзяўчыне выйсці на бераг і апрануцца? раптам з мяккім дакорам у голасе загаварыла да ваяра вайдэлотка на ягонай мове.
Светавар хітком галавы скінуў з сябе аняменне ад надзвычай прыгожага дзявочага цела, што зараз назіраў, і вытанчанасць форм якога празрыстая водная коўдра хутчэй нават падкрэслівала, чым утойвала, віноўна вымавіў:
Прабач, чароўная вяшчунка. Я не ведаў, што ты тут са сваімі сяброўкамі. Проста хацеў выкупацца.
І адвярнуўся да скалаў. За спінай данесліся лёгкія ўсплёскі вады, і неўзабаве з берага пачуўся спакойны голас вайдэлоткі:
Усё. Слаўны кунігас можа паказаць мне свой мужны твар! Светавар павярнуўся. Вайдэлотка стаяла перад ім ужо ў лёгкім светла-шэрым сарафане, статная, бы сасна, з распушчанымі валасамі, якія мокрымі іскрыстымі хвалямі спадалі на тонкія плечы. Вялікія дзявочыя віры пазіралі на яго задзірліва і крыху звысоку.
Бачу, кунігаса крыху здзіўляе, адкуль я так добра ведаю мову яго слаўнага народа? Бліснулі ў вачах вайдэлоткі задорныя іскрынкі.
У Светавара на нейкі час адняло мову, але тут жа ён згодна хітнуў галавой.
Ды ўсё проста. Маці мая з радзімы кунігаса. Бацька некалі быў адважным воем. Хадзіў з Літвой у паходы на ворагаў. Бліз Трокаў і сустрэў аднойчы маці і закахаўся, патлумачыла дзяўчына.
Зразумела, нарэшце, набраўшыся сілы, здолеў вымавіць Светавар. І дзе ж зараз твае бацькі, прыгожая вяшчунка?
Бацька загінуў у баі з крыжакамі. Маці ж колькі летаў таму памерла, не перанесла страты мужа, сумна прамовіла вайдэлотка і прапанавала знатнаму ваяру Пройдземся па бары. Хай падсохнуць крыху валасы, злёгку паварушыла яна сваімі мокрымі хвалямі.
Пройдземся, пагадзіўся Светавар і кіўнуў галавой у бок недалёкіх скал, за якімі схаваліся нядаўна голыя вайдэлоткі. А як жа сяброўкі?..