На крок назад, на дзень наперад (зборнік) - Сяргей Календа 3 стр.


І калі паўстаў ва ўсёй прыгажосьці перад дырэктарам школы, падобны да закатаванага дзіцёнка валасы плешшу, і ў розныя бакі высоўваюцца даўгія пасмы, дык мяне й прасіць ня сталі нешта там палічыць альбо адгадаць загадку, было вырашана чакаць наступнага года й майго сёмага лета.

З гэтым не зьмірыліся бацькі, бо, як зразумела, я ж такі разумнічак, самы лепшы ў сьвеце, і мяне было наканавана аддаць на іспыты ў мастацкую школу, там, як сказала маці, мяне ўсе зразумеюць.

І сапраўды, людзі там не зьвярталі на мяне ўвагі, я са сваімі валасамі быў проста ніхто, бо дзеці, якія прыйшлі здаваць свой першы ў жыцьці іспыт, былі ня толькі са сваімі самастойнымі фрызурамі, але і адзеньне на іх было нейкім мастацкім. Карацей, мяне чакала сапраўднае выпрабаваньне.

У той час наша сямʼя шчыльна сябравала зь сямʼёй мастакоў, нельга сказаць, што тое былі кепскія альбо выдатныя мастакі, проста мастакі, і зь іхным сынам я хадзіў у мастацкі гурток, і мы былі аднаго ўзросту. Менавіта гэтая сямʼя мастакоў параіла аддаць мяне ў неардынарную школу.

Надышоў час, нам раздалі паперу фармату А4 і папрасілі ўсіх намаляваць што-небудзь з "Казкі пра курачку Рабу".

Я сядзеў разам з Валодзем, так звалі таго хлопца, я паглядзеў на яго, а ён хуценька ўжо нешта вымалёўваў. У мяне быў толькі аловак і акварэль, і я памятаў, што мне раіла настаўніца спачатку намаляваць усё алоўкам, бо гэта я здолею, а потым, як маляванку, размаляваць.

Я пабудаваў геамэтрычныя прамыя, так бы мовіць, зрабіў плян, каб маляваць трохмерна, што ўжо адразу давала мне форы, бо такое ва ўзросьце шасьці гадоў мала хто выкарыстоўваў. Дзед, баба, курачка, хатка, яйка на падлозе пабітае сюжэт быў нескладаны, я вытрымаў усе правілы пабудовы фігур. Я быў задаволены і яшчэ больш узрадаваўся, калі пабачыў, што мой супернік, Валодзька, сынок мастакоў, такую халеру намаляваў, што нават з павелічальным шклом не разгледзіш, хто і што там у велічэзным будынку, які нагадвае хатку, а яйка наадварот было завялікім, большым за чалавечыя фігуры

На наступны дзень нам патэлефанавалі й паведамілі, што сын, гэта значыцца я, не прыняты.

А Валодзька пасьпяхова прайшоў іспыт, і мама мне аднойчы сказала, калі я сумна сядзеў у пакоі й разважаў над тым, што ўжо ў шэсьць гадоў "праляцеў", як дэбіл, празь дзьве школы гэта ў такім малым узросьце й адразу празь дзьве школы!.. Яна сказала, што тая сямʼя сябруе з дырэктарам мастацкай школы, а ў мяне быў сапраўды найлепшы малюнак.

Мастацкі гурток я больш не наведваў, але празь пяць год выпадкова апынуўся ў сьценах таго будынка, дзе ён знаходзіўся. Я тады па дарозе забег у прыбіральню, бо сьпяшаўся ў музычную школу, да якой было далёка. І як толькі я апынуўся ў знаёмым калідоры, раптам заўважыў, што на сьценах пад шклом вісяць тры мае графічныя малюнкі.

Я зазірнуў у прыбіральню й зьнік, больш ніколі не зьяўляўся ў тым будынку, але ў сэрцы заўсёды трымцела жаданьне зноў паглядзець на свае дзіцячыя малюнкі, гэта ўсё-ткі была мая першая і адзіная выстава, прычым доўгатэрміновая.

5

Клярнэт гэта катастрофа, гэта штодзённае забойства часу. Гэтая эбанітавая трубка, зусім непрыгожая й непрыкметная, выклікае тужлівы настрой, як толькі яе ўбачыш! І яшчэ выгляд майго клярнэта сапсаваны шасьцю вялікімі лічбамі на баку, намаляванымі фарбай для падлогі. Такімі лічбамі пазначаюць школьную ўласнасьць, гэта значыць, што клярнэт належыць ня мне.

Праз два тыдні вакацыі ў абедзьвюх школах, і ў музычнай, і ў агульнаадукацыйнай. Трэба здаць іспыты па сальфэджыа і па клярнэце і я вольны. А да верасьня яшчэ тры месяцы

У верасьні чацьвёртая кляса ў школе й другая ў «музыкалцы». Не люблю я настаўніка па музыцы, ён надта малады, і ў яго вялізная ніжняя губа брыдкага ружовага колеру, гэта ад таго, што ён штодзень трымае ў роце муштук клярнэта, і гэтая губа такая непрывабная, што я нават бачу яе ў жахлівых снах. Настаўнік па клярнэце зусім пануры

І такое даводзіцца трываць тройчы на тыдзень!

Мне завуч сказала, што ў верасьні будзе новы настаўнік. А мне ўсё роўна. Новы, стары аднолькава ня хочацца вучыцца граць на клярнэце.

Але не пасьпеў я нацешыцца адпачынкам улетку, як прыйшоў верасень, і я зноў стаяў з клярнэтам у руках і знаёміўся з новым настаўнікам, Акапджанянам Лявонам Рубэнавічам. Ён зь першых хвілін моцна ўразіў мяне: вялікі, сівы, пузаты, з чорнымі вачамі й шэрымі вачніцамі, ягоная ніжняя губа была цёмна-сіняга колеру, а верхнія разцы былі зусім сьцёртыя муштуком. Ён быў вельмі імпульсіўным мужчынам з бліскучай плешынай і нястрыжанымі на скронях і патыліцы валасамі. Лявон Рубэнавіч прадстаўляў сапраўдны армянскі тып мужчыны сталага веку. Я амаль адразу адчуў ягоны прафэсіяналізм, ягоную моц й энэргію.

І калі мінуў толькі першы месяц вучобы, я значна прасунуўся ў музычнай тэхніцы і быў вельмі шчасьлівы з гэтае нагоды. Я ўпершыню разумеў клярнэт, музыку, я пачынаў гэта любіць, нягледзячы на тое, што музычная школа палохала сваімі старымі й шэрымі клясамі, у якіх па ўсіх кутках чуліся дзіўныя шоргаты й іншыя гукі, ад чаго бегалі мурашкі па сьпіне. Час ад часу я нават бачыў пацукоў ці мышэй, ня ведаю: кожны раз было цяжка вызначыць праз эканомна-змрочныя саракаваткі, самотна разьмешчаныя на кожных дзесяці мэтрах доўгіх калідораў. Я бачыў іх толькі мімаходзь

Год вучобы праляцеў непрыкметна, у актыўных трэніроўках па некалькі гадзінаў на дзень. Гэты пажылы армянін абудзіў ува мне жаданьне пісаць музыку. Я з задавальненьнем слухаў яго пахвальбу на мой адрас, у яго былі пляны наконт мяне. Ён разгледзеў ува мне талент. Дома я ствараў маленькія пʼескі й потым запісваў іх на касэту.

Аднойчы ўвесну, калі я ўжо трэці год займаўся музыкай, здарылася адна падзея

У вокны клясы ярка сьвяціла сонца, ад ягонага цяпла я зусім разамлеў і не хацеў граць, а Лявон Рубэнавіч, пасмоктваючы валідол пасьля пяціхвіліннага крыку й шпурляньня алоўкаў і асадак у розныя бакі, супакоіўся ад стрэсу й задрамаў. Я думаў, што мне далей рабіць: чакаць, калі ён прачнецца, ці сыходзіць дадому. І раптам Акапджанян расплюшчыў вочы й сказаў:

 Хлопчык мой, Гераньчык, я цябе на каленях прашу, ня горбся й не разьдзімай шчокі, і не запінайся, грай, добра грай!  яго голас гучаў спакойна.  Ідзі, калі ласка, да шафы, стань да яе сьпінаю, зрабі сьпінку роўнай-роўнай і грай!  голас трохі раздражняўся, яго відавочна дастала, што я ня мог сабрацца й добра адыграць пʼесу Шумана "Мроі".

І я пачаў граць усё, што ведаў, нават усе існыя гамы, сьпіна была ідэальная, шчокі не разьдзімаліся, але здрадліва пачалі падступаць сьлёзы. І мне стала так крыўдна! Так крыўдна, невыносна крыўдна! І сьлёзы, нарэшце, пацяклі самі сабою, яны струменіліся па шчаках і капалі на вопратку, а я ўсё граў і граў, зь неверагоднай злосьцю й так віртуозна, як ніколі ў жыцьці

 О-о-о! Так! Гэта зусім іншая справа, гэта вельмі добра, хлопчык мой, гэта шык, кляс! Паміж небам і зямлёю!  настаўнік ад задавальненьня мружыў вочы й падскокваў у такт на крэсьле ад захапленьня.

І тут нечакана пачуўся стук у дзьверы. Настаўнік спытаў хто і запрасіў заходзіць. На парозе стаяла сьціплая жанчына зь дзіцем. Яна прыйшла пабыць на ўроку й паказаць сыну, каб зацікавіць яго музыкай.

 Мадам, паглядзіце на гэтага вучня,  зьвярнуўся да яе Лявон Рубэнавіч й паказаў пальцам у мой бок дыямант! Плача, але грае! Талент!

У хлопчыка і ў ягонай маці вочы сталі квадратныя ад аднаго майго выгляду ў сьлязах. Яны самі прынялі неверагодна жаласны выгляд і быццам уціснуліся ў дзьверы, намагаючыся выйсьці.

Пазьней, у наступным навучальным годзе, я гэтага хлопчыка бачыў каля кабінэту цымбал. Мяне расьсьмяшыла, што ён абраў цымбалы. І я падумаў, які ж ён дурны губляць настаўніка, які быў сябрам Шастаковіча й Хачатурана.

 Мне Шастаковіч прысьвяціў музычнае сачыненьне з партыяй клярнэта, я першы гэта сыграў! Там так й напісана: "Лявону, які першым сыграў! " У мяне гэты рукапіс дома ляжыць!  і вочы яго вільгатнелі. А цяпер, цяпер я ў задрыпанай музычнай школе нумар 1897665789, і гэта справядліва?!  «задрыпаны» было ягонае ўлюбёнае слова, настаўнік з кожным днём станавіўся ўсё больш мітычным й загадкавым.

 Не, несправядліва,  адказваў я.

 Але галоўнае, што ёсьць ты, будучы вялікі музыка! Ты будзеш вучыцца ў кансэрваторыі!

Часта ён зьнянацку пачынаў распавядаць, як абедаў з Хачатуранам, і, гледзячы яму ў вочы, я бачыў свайго настаўніка маладым, гарачым душою чалавекам, які быў шалёна ўлюбёны ў музыку

Лявон Рубэнавіч трапіў у Беларусь у савецкія часы, тады ён быў на вышыні папулярнасьці, граў на самых вядомых сцэнах сьвету ў ГДР, Парыжы, Армэніі, СССР, яго запрасілі ў аркестар БССР, ён пагадзіўся, потым краіна распалася, і на яго ўсе забыліся, кожны стаў яму ворагам, беларускія "музыкі" й дырыжоры ня бралі яго нікуды, не выпісвалі "заслужанага дзеяча", каб ён атрымліваў нармалёвую пэнсію, бо аднойчы ён меў нахабства параіць савецкаму беларускаму дырыжору, як трэба дырыжыраваць, а потым яшчэ дадаў, што любы аркестар абыдзецца без дырыжора, але без таленавітага музыкі ні ў якім выпадку Савецкі дырыжор потым заняў высокую пасаду пры ўладзе й закруціў усе шрубы вакол Акапджаняна, і той захрас напаўбедны на беларускай зямлі Лепей, як ён часта казаў, каб ён у савецкія часы зьбег у аркестар ФРГ, які яго не аднойчы запрашаў да сябе

Назад Дальше