1-га верасьня. Стаю я ў сінім гарнітуры, трымаю ў руцэ чырвоныя гвазьдзікі (ненавіджу гвазьдзікі кветка савецкага застою), школа беларускамоўная, старшаклясьнікі падыходзяць да нас, падшыванцаў, дораць кнігі, ціснуць рукі, віншуюць з пачаткам, а мы ў адказ дорым ім гвазьдзікі І мне, вядома, пашчасьціла, мне падарылі кнігу Мікалая Чаргінца "Приказ 1" Я гляджу на вокладцы ваенныя, партызаны, дадому яе прынёс, на форзацы яшчэ было напісана нейкім адзінаццаціклясьнікам пошлае рымаванае чатырохрадкоўе пра тое, што вучоба робіць з нас людзей, дата й подпіс Калі я быў ужо ў дзявятай клясе, гэтая кніга пайшла ў сьметнік, дакладней у агонь разам з астатняй макулятурай Мой бацька тады знайшоў усе лісты да маці, што напісаў за тры гады вайсковай службы ў Разані, дадаў да іх колькі кепскіх кніг і вырашыў "пачысьціць" кладоўку Полымя забаўляла ўвесь двор ажно да позьняй ночы Спалілі кіляграмы непатрэбшчыны ў закінутай пясочніцы.
Зь першага верасьня пачаліся мае пакутлівыя вечары, калі я сядзеў за пісьмовым сталом і спрабаваў пісаць пропісі: вузельчыкі, кручочкі, шляпкі грыбкоў Перада мною стаяў стары касэтны магнітафон з адламанай кнопкай перамоткі наперад, на талерцы у найлепшым выпадку халва, альбо печыва, альбо кавалачак белага хлеба з варэньнем, малако, зэдлік пада мною, скрыпучы, з адной разбаўтанай ножкаю. Звычайна я нагою боўтаў і час ад часу трапляў па адным з тамоў Карла Маркса "Капітал", якія выконвалі ролю апоры для аднаго боку стала, бо той быў стары й кожную хвіліну пагражаў разваліцца. Пісаць вельмі не хацелася, і я часта аддаляўся ў свае мары й думкі, утаропіўшыся ў жоўтае сьвятло лямпачкі таршэра, аздобленага парваным абажурам. Мама сядзела на сваім ложку сьпінаю да сьцяны, на якой вісеў чырвоны дыван; яна альбо вязала, альбо чытала, тата спаў альбо чытаў газэту, лежачы побач з мамаю. Зь левага боку ад мяне стаяў наш з братам двухпавярховы ложак, унізе спаў брат, а я сядзеў гадзінамі і ўсё ніяк ня мог скончыць са сваімі пропісямі.
Першая суседка па парце, якая кожны дзень паказвала мне, як рыбка заплывае ў пячорку (указальным пальцам тыкала ў кулак, пахабна так, з намёкам) Я чырванеў, але ня надта каб саромеўся Звалі яе Наста, а прозьвішча ў яе было дзіўнае Маргалік, калі чытаць яго з канца, атрымлівалася "кілаграм". Яна й выглядала на кіляграм, худзенькая, сьветлавалосая Мне зь ёю падабалася сядзець, нават была нейкая дзіцячая сымпатыя да яе, нягледзячы на тое, што я ўжо быў закаханы ў Вольгу Белую, страйнюткую высокую дзяўчынку з блакітнымі вачыма
Першы квадратны заплечнік са штучнай скуры, які моцна ціснуў на плечы скрозь чорнае футра, дакладней, чорны кажух, якога я жах як саромеўся Кажух калоўся й не даваў волі рухам, быў стары й падраны, месцамі перашыты й паедзены мольлю.
Першы сіні гарнітур і калготы, якія бацькі прымушалі апранаць узімку Пакуты працягваліся на фізкультуры ў распранальні: здымаеш сінія штаны, а там калготы Рогат мусіў стаяць па ўсім пакоі, але усе здымалі штаны й стаялі ў калготах з каго тут сьмяяцца.
Я ненавідзеў фізкультуру за тое, што мы гулялі ў "Фігура замры", гаўняную гульню, якая пачыналася са словаў: "Море волнуется раз, море волнуется два, море волнуется три, морская фигура замри". Я, ляць яго, ніколі не пасьпяваў «застыць», як належыць, і кожны раз прайграваў у самым пачатку Лепей бы ўжо давалі гуляць у футбол альбо баскетбол Трэ' адзначыць, што ў "Фігура замры" кожны раз перамагала Вольга, і гэта мяне яшчэ больш злавала.
Таксама я, як і большасьць дзяцей, марыў быць акторам, здымацца ў кіно, граць у тэатры Таму, калі на калядным ранішніку адзін з удзельнікаў прадстаўленьня для бацькоў захварэў, я, нават не разважаючы, пагадзіўся заняць яго месца, ня ведаючы да апошняга, што трэба будзе рабіць Так я апынуўся сракаю каня Разьвітальная песьня "Дадому, дахаты" мусіла выконвацца пад выдатны танец каня, які складаўся з двух дзяцей, накрытых карычневым пледам, мой аднаклясьнік быў перадам, трымаў галаву каня на палцы й вырабляў штукі пярэднімі "капытамі", я, у сваю чаргу, трымаючыся за талію хлопца, упёршыся галавою яму ў азадак і сагнуўшыся долу, ледзь пасьпяваў перасоўваць ногі На наступны дзень я адмовіўся быць акторам і па традыцыі, заведзенай з часоў Гагарына, пачаў марыць пра касманаўтыку, якая, я быў упэўнены, ніколі б не прымусіла мяне быць сракаю каня.
У другой клясе мы ўсе ўжо вызначыліся зь сябрамі, я зблізіўся з Вовам, Ільлём, Сашам і Косьцем. Мы ўтварылі нешта накшталт маленькай банды, старэйшыя нас не чапалі, а я пасьпяваў ганяць кепскага аднаклясьніка Рыгора.
У другой клясе мы ўсе ўжо вызначыліся зь сябрамі, я зблізіўся з Вовам, Ільлём, Сашам і Косьцем. Мы ўтварылі нешта накшталт маленькай банды, старэйшыя нас не чапалі, а я пасьпяваў ганяць кепскага аднаклясьніка Рыгора.
У нашым асяродзьдзі нават зьявілася першая багатая дзяўчынка, яна распавядала, як езьдзіла ў Баўгарыю. Гэта для нас было такім далёкім і неверагодным такім жаданым і незразумелым ажно захоплівала дыханьне. Баўгарыя на той "фанцікаўскі" час была Мэккаю для заможных беларусаў Ганна сябравала са мною, бо я ганяў Рыгора, які зьдзекаваўся зь яе, маляваў карыкатуры, падкрэсьліваючы ейную паўнату Ганна мне шмат чаго распавядала й давала гуляць пасьля ўрокаў зь "вясёлкай"
Спружынка «вясёлка», альбо "сьлінка" (ад ангельскага Slinky), была маім першым вялікім захапленьнем, вядома, пасьля электроннай гульні "Ну, погоди", дзе воўк зьбірае яйкі, а заяц яму перашкаджае Гэтыя спружынкі, мэталічныя й непафарбаваныя, зьявіліся ў Амэрыцы яшчэ ў саракавых гадах і выкарыстоўваліся як псыхатэрапэўтычны сродак, у дзевяностых ужо кітайцы пачалі выпускаць "сьлінкі", каляровыя й плястыкавыя, розных формаў і памераў. Мы любілі клясыку круглую форму, бо яна так ладна магла хадзіць па прыступках На доўгіх перапынках мы толькі й назіралі, як Ганна спускала зь лесьвіцы замежную "сьлінку", а потым гэта рабіў я, няўклюдна, але ж.
Праз колькі месяцаў "вясёлкі" ўжо прадавалі паўсюль: у крамах, шапіках, разам з плястыкавым штучным гаўном, зь вішнёвымі й чакаляднымі цыгарэтамі Кэптан Блэк, доўгімі цыгарэтамі Мор, але гэтыя забаўкі, як і "чарніла", прыйшлі да нас у шостай клясе. А так была другая кляса, прамакаткі зьніклі разам з атрамантавымі пёрамі, толькі настаўніцы яшчэ выводзілі адзнакі ў журнале, падкладаючы пад руку прамакатку, якая цяпер хутчэй нагадала б аркушык туалетнай паперы
У трэцяй клясе я пачаў спаўзаць на тройкі, мяне не цікавіла вучоба, я рос і паступова ператвараўся ў боўдзілу Я пасьпеў зламаць аб парту пярэдні зуб, ён так і застаўся тырчэць у дрэве Цяпер, калі ўсьміхаўся, я нагадваў нейкага сьветлага бяззубага цыганёнка-байструка. Але паламаны зуб дазволіў мне аглушальна сьвістаць. Пазьней неяк на перапынку я бегаў па вуліцы за дзяўчатамі й расьсёк калена пяць швоў. Я пачаў кульгаць і сьвістаць. Маю беларускамоўную клясу расфарміроўвалі, набліжаўся грэбаны «новы» час для краіны Я мусіў зь верасьня вучыцца ў іншай школе, якая месьцілася непадалёк ад майго дому. Чаму я адразу туды не пайшоў?.. Па-першае, менавіта ў той школе я ўпершыню стаяў перад дырэктарам з падстрыжанымі пасьля плястыліну валасамі й спрабаваў палічыць да ста й па-другое, мы імкнуліся вучыцца па-беларуску і новыя пакуты, самыя значныя для мяне, гэта магічным чынам хутка перайсьці зь беларускай тэрміналёгіі на расейскую, але як у матэматыцы для мяне былі свае назвы, так яны і засталіся па сёньняшні дзень. А пра гісторыю Беларусі я проста прамаўчу.
Трэцяя кляса асабліва адзначылася асэнсаваным праглядам фільма «Экзарцыст» У дзяцінстве мне надарылася пабачыць колькі кадраў з гэтага эпахальнага кіно: калі я выпадкова прачнуўся ноччу, бацькі якраз глядзелі той эпізод, калі ў дзяўчынкі-сатаны пачала круціцца вакол восі галава Я ледзь не набрудзіў у ложак! Асэнсаваны прагляд у трэцяй клясе зьдзейсьніўся такім чынам: агульная заля, менская трохпакаёўка, бабуля жагнаецца, ускрыквае й заплюшчвае вочы, прыгаворваючы: "Божачкі, спасі, Божа, сахрані", бацька нэрвуецца й выганяе яе з пакоя, каб не перашкаджала глядзець, маці прыкрыквае на бацьку, каб маўчаў Я нібыта гуляюся ў калідоры й адмаўляюся йсьці спаць, а сам падглядаю Што сказаць, гэта быў мой першы фільм жахаў, ад якога мяне й да гэтага часу кідае ў сутаргі. Потым адзін за адным зьявіліся іншыя жахі другая частка "Паўсталых зь пекла" й першая частка "Жаху на вуліцы Вязаў" З "Паўсталымі" ў мяне да гэтага часу свае рахункі, без алькаголю гэты фільм не ўспрымаецца як мае быць
Потым надышло дзіўнае, чароўнае лета, калі я цэлы месяц правёў у Шатляндыі Паездка была арганізаваная з дапамогай пратэстанцкай царквы, бацька мой тады нават быў ня проста шчырым вернікам, але й час ад часу прапаведаваў маці прыгожа сьпявала гімны У Шатляндыі я быў настолькі ўражаны іншым укладам жыцьця, што па вяртаньні праплакаў зь пераменным посьпехам зь месяц А то ж параўнаць было з чым вялікія дамы, катэджы й культура, "Fish & Chips" на кожным рагу, Хайлэндз і Лоўлэндз, горы й узгоркі, Паўночны Ледавіты акіян, кілты ў кубікі, дуды й горцы, гучаньне іншай мовы, двухпавярховыя аўтобусы бяз дахаў, палацы, вежы, зайцы па пагорках скачуць Дома ж карціна не абнадзейвала крызіс, бедната, шэрыя блёчныя шматпавярховікі, Біл Клінтан прыязджаў на плошчу Перамогі Мая сямʼя яшчэ год наведвала царкву, пакуль брат ня зьезьдзіў у Лёндан па той жа праграме царкоўная дапамога дзецям, якія нарадзіліся пасьля Чарнобыльскай аварыі. А потым бацькі пасварыліся з галоўным пастарам, бо ён адмовіўся прывезьці зь Нямеччыны лекі для мяне. Бацька, які працаваў на заводзе, пачаў шмат піць Грошай катастрафічна не хапала, маці пяцьсот разоў цыравала свае адзіныя калготы й перашывала спадніцу.